
Вітаем, гэта PALATNO! Больш за сто гадоў таму з беларускіх зямель па лепшае жыццё ў Амерыку плылі тысячы чалавек. Ва ўсіх былі розныя лёсы, розныя гісторыі. Але ва ўсіх іх засталіся каштоўныя ўспаміны пра Беларусь.
У серыі падкастаў «Зямля свабоды» мы раскажам асабістыя гісторыя дзясяткаў людзей, якія пакідалі родныя мясціны, родных людзей і ўспаміны, што працягнулі жыць у іх сэрцах праз шмат гадоў пасля.
Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку
Жылі ў Пінску і мелі прозвішча Пінскнеры
Молі Столер нарадзілася ў Пінску напрыканцы XIX стагоддзя. Па яе ўспамінах, Пінск быў вельмі вялікім горадам. Там яна хадзіла ў школу, пакуль не пачалася Першая сусветная вайна. На той час ёй было дзесяць гадоў.
У Молі была вялікая сям’я. Яе бацьку звалі Майкл, маці — Роза. Яна называе амерыканізаваныя імёны, бо пасля пераезду ў Злучаныя Штаты большасць імігрантаў амерыканізавала і імёны, і прозвішчы для зручнасці. Молі была старэйшым дзіцем, у яе былі двое братоў, Джозэф і Бернард, сёстры — Ганна, Эта, Берніс, Дора і Лібі. Іх прозвішча было Пінскнер.
Да Першай сусветнай вайны сям’я Пінскнераў жыла ў вялікім старым доме. У ім былі тры пакоі.
«Калі пачалася вайна, то нас эвакуіравалі. Вывезлі ў іншы горад: рускія ўцякалі, а немцы падыходзілі. Я не вельмі добра памятаю саму вайну. Памятаю агонь, страляніну; памятаю, як людзі ратавалі сябе і сваю маёмасць».
Молі прыгадвае адну гісторыю, якая паказвае, што да іх у дом прыйшла вайна. Яна ляжала хворая на тыф у ложку, а пад яе падушкай маці схавала яйкі ад вайскоўцаў. Яйкі вайскоўцы, дарэчы, не знайшлі ў такой сакрэтнай схованцы.
Бацька Молі быў у Пінску цесляром. Яе маці не працавала, займалася домам і дзецьмі. Іх сям’ю падчас вайны вывезлі ў горад Янаў (цяпер — беларускі горад Іванава). Для пераезда з Пінска ў Янаў яны нанялі мясцовага мужчыну з возам, каб перавезці частку сваёй маёмасці, а для зручнасці рэчы перавязалі вяроўкай. Цікава, што пасля пераезду той мужчына захацеў забраць вяроўку сабе, а Молі ўхапілася за гэту вяроўку і сказала, што яна патрэбная сям’і — на ёй сушылі бялізну. Мужчына ўзяў сякеру і сказаў па-польску: «Я цябе заб’ю». Дзяўчынка, якой на той момант было 11 ці 12 гадоў, не спужалася — адштурхнула сякеру, забрала вяроўку і ўцякла: «Мы павінны былі змагацца, змагацца за ўсё».
«У Янаве мы жылі ў старым доме. Там былі зламаныя вокны, у нас не было гарачай вады, не было халоднай вады, вады не было ўвогуле. Ваду насілі ў дом самі. Той дом не ацяпляўся, было вельмі халодна».
Першая сусветная вайна: бруд, тыф і смерць
Падчас вайны ў Янаве бацька займаўся гандлем на чорным рынку. Аднойчы Молі прыйшла дадому і даведалася, што бацьку арыштавалі, бо знайшлі ў яго пшаніцу, якую ён хацеў прадаць. За кратамі ён правёў амаль месяц, а пасля расказваў, што ў турме не было ні туалету, ні вады. Затым бацьку нанялі немцы рамантаваць дарогі і масты.
У Янаве яны пражылі да канца вайны, у родны Пінск яны больш ніколі не вярталіся. Там жа, у Янаве, памёр бацька Молі ад тыфу — яму было 38 гадоў. Молі лічыць, што яны хварэлі на тыф з-за бруднай вады, з-за адсутнасці здаровай ежы.
«Паўсюль быў бруд, тыф быў не адзінай праблемай. У салдат, рускіх салдат, былі вошы, вялікіх памераў вошы. Часам салдаты начавалі ў нашым доме — мы баяліся рускіх салдат, бо людзі, якія ўцякалі ад вайны з усходу, казалі нам, што рускія забівалі іх знаёмых, а потым займалі іх дамы. Але ў нас яны проста час ад часу ночылі».
Маці засталася адзінай, хто мог пракарміць дзяцей. Яна купляла яйкі і розныя іншыя рэчы, а потым перапрадавала на рынку. Молі заставалася дома — ёй давялося кінуць школу — і клапацілася пра малодшых.
«Мае дзядзькі, браты майго таты, ужо даўно жылі ў Амерыцы. Яны даслалі грошы і білет для мяне, каб я таксама паехала ў Амерыку. Атрымліваецца, я была першай, хто з нашай сям’і пераехаў у Злучаныя Штаты».
Жаданне вырвацца ў лепшае жыццё
Пасля Першай сусветнай вайны Янаў адышоў да Польшчы. Молі ўспамінала, што фінансавае становішча было вельмі складаным. Хоць бацька і паспеў адрамантаваць трухлявы дом у Янаве, бо быў цесляром, гэта не надта дапамагло ў будучыні, таму што той будучыні ў польскай дзяржаве дзяўчына не бачыла.
Перад пераездам у Амерыку Молі зрабіла сабе пашпарт у бліжэйшым ад Янава горадзе, але чакаць дакумент давялося амаль год.
«Маці была рада, што я з’язджаю, бо яна ведала, што буду дапамагаць сям’і. У Амерыку я прыехала з двума доларамі, якія мне дала маці. У мяне быў маленькі чамадан, у ім ляжалі некалькі сукенак і світар, а туфлі ў мяне былі адны — у іх я і ехала».
Вандроўка ў Амерыку пачалася ў 1922 годзе, калі Молі было ўжо 19 гадоў. З Янава яна даехала цягнікамі да французскага Шэрбура. Перад гэтым у Варшаве забрала візу. У Шэрбуры давялося чакаць карабель: людзі жылі ў вялікім памяшканні, ім давалі ежу. Перад адпраўкай карабля правялі медыцынскі агляд: глядзелі вочы, вушы.
«На караблі мне стала дрэнна. Я ехала ў каюце, а не ў труме. Не ела пяць дзён, мяне выварачвала, ванітавала. Увесь час, што мы плылі ў Амерыку. Калі дабраліся да выспы Эліс, то я адразу сказала, што хварэю. Мне сказалі, што не аддадуць дзядзьку».
Два долары, якія маці дала Молі ў дарогу, тая адправіла ёй ужо з Нью-Ёрку
На выспе Эліс Молі правяла некалькі дзён, пакуль ёй не стала лепш. Падчас невялікага «каранціну» людзям давалі розную ежу: супы, сэндвічы, курыцу. Калі яна ўжо змагла есці, яе адпусцілі ў горад — у Нью-Ёрк.
«Як толькі я змагла выйсці ў горад, то адразу напісала ліст да маці і паклала ў канверт тыя два долары, што яна дала мне ў дарогу. І адправіла ёй».
Молі сустрэў брат бацькі. Па яе словах, гэта была цёплая сустрэча. Брат бацькі быў вельмі падобным да таты дзяўчыны, таму яна адразу пазнала яго. Дзяўчына жыла ў яго доме ў Брукліне, пакуль не выйшла замуж.
Пасля Молі з Янава з’ехалі дзве яе сястры. Яны пераехалі ў Лондан, дзе жылі сваякі маці. Браты Молі таксама выраслі, іх павінны былі забраць у польскае войска. Аднак хлопцы не хацелі служыць, таму таксама планавалі з’ехаць з краіны. Молі ўспамінае, што атрымала ліст ад маці, у якім яна прасіла трыста долараў на дарогу для братоў на Кубу: «У мяне было столькі грошай, бо амаль усё, што я зарабляла, і так адсылала маці. Таму ўзяла грошы ў пазыку, дзе працавала». Браты Молі пасля Кубы, дзе яны ажаніліся на такіх жа імігрантках, пераехалі ў Амерыку.
У Амерыцы Молі ўладкавалася на швейную фабрыку. З часам, праз сем год, яна змагла перавезці ў Злучаныя Штаты маці, а потым туды прыехалі ўсе браты і сёстры.
Молі выйшла замуж за румына, які таксама пераехаў у Амерыку. Яны пазнаёміліся ў клубе, куды хадзілі дзяўчаты і хлопцы танцаваць. Гэты клуб быў месцам знаёмстваў для розных людзей, у асноўным — з Польшчы і былой Расійскай імперыі.
«З тым хлопцам мы сустракаліся, у адзін дзень ён сказаў, што хоча на мне ажаніцца, але я сказала, што не магу выйсці замуж, пакуль уся мая сям’я не будзе ў Амерыцы».
Маці румынскага хлопца пераехала ў Амерыку амаль у той жа час, што і маці Молі. Яны моцна пасябравалі. Маці Молі працавала ў ЗША кухарам для равіна ў Брукліне. З часам маці выйшла замуж другі раз, за гаспадара прадуктовай крамы, разам з ім яны змаглі перавезці сясцёр Молі ў Амерыку.
Канчаткова ўся сям’я Пінскнераў пераехала ў Злучаныя Штаты толькі ў 1934 годзе, праз 12 гадоў пасля таго, як на выспу Эліс упершыню выйшла Молі.
Англійскую мову Молі вывучыла ў вячэрняй школе, куды хадзіла пасля працы. Румынскі муж Молі памёр у 1962 годзе, у іх засталіся двое дзяцей — дачка і сын. У 1975 годзе Молі зноў выйшла замуж.
«Я нічога не магу сказаць пра старую краіну, яе я забыла шмат гадоў таму. Нават не хачу ўспамінаць. У мяне было вельмі складанае жыццё пасля смерці бацькі. Ведаеце, урады ж змагаліся паміж сабой за ўладу. Ці было мне цяжэй ад таго, што я была яўрэйкай? Магу сказаць, што гэта дакладна не зрабіла маё жыццё лягчэйшым».
* * *
У наступнай гісторыі пра пасажыраў, што прыехалі ў Амерыку з беларускіх земляў у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў PALATNO раскажа гісторыю Луіса Буніна, які пераехаў у Штаты пасля Кастрычніцкага перавароту.