
Вітаем, гэта PALATNO! Больш за сто гадоў таму з беларускіх зямель па лепшае жыццё ў Амерыку плылі тысячы чалавек. Ва ўсіх былі розныя лёсы, розныя гісторыі. Але ва ўсіх іх засталіся каштоўныя ўспаміны пра Беларусь.
У серыі падкастаў «Зямля свабоды» мы раскажам асабістыя гісторыя дзясяткаў людзей, якія пакідалі родныя мясціны, родных людзей і ўспаміны, што працягнулі жыць у іх сэрцах праз шмат гадоў пасля.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку
Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана
Гісторыя Молі, якая з’ехала з двума доларамі з Пінска ў Амерыку
Са Слуцка ў Філадэльфію за тры месяцы. Гісторыя Луіса, які шукаў лепшае жыццё
Першы раз у Амерыцы ў пяць гадоў
Пол Дойч упершыню прыехаў у Амерыку, калі яму было пяць гадоў. Ён вярнуўся праз дзесяць гадоў, а затым — і ўжо канчаткова — пераехаў у Злучаныя Штаты ў 19 гадоў.
Пол нарадзіўся ў Клецку, у Мінскай губерні Расійскай імперыі. Упершыню ў Амерыку прыехаў у пяць год, бо яго бацька, Беньямін, уцякаў ад прызыву ў армію. Гэта быў час, калі Расійская імперыя ваявала з Японіяй. Да вайны бацька Пола ўжо служыў у царскай арміі, але ўдзельнічаць у вайне не хацеў. Тады ён забраў маці Пола Этэль, чатырох дзяцей і паехаў у Злучаныя Штаты.
— Бацька быў добрым чалавекам, усё жыццё працаваў. Я ведаю, што ён вучыўся ў Вільні на бляхара, рабіў усякія рэчы з металу. Пазней мяне навучыў гэтаму таксама. Дарэчы, бацька пазнаёміўся з маці ў Вільні. Бацька ніколі не расказваў, як яму было ў рускай арміі. Адзінае, што ведаю, ён хацеў адтуль збегчы.
Пол з сям’ёй жылі ў Нью-Ёрку. У ЗША ўжо тады жылі іх сваякі, у Нью-Ёрку — брат бацькі, ён быў “першым сярод яўрэяў у Амерыцы, які пачаў бізнес, звязаны з электрыкай”, быў вельмі заможным чалавекам. Бацька Пола працаваў на яго.
Вяртанне на радзіму
Маленькага Пола з часам аддалі ў школу. Аднак праз дзесяць гадоў сям’я вярнулася ў Расію.
— Маці хварэла, а дактары сказалі, што мясцовы клімат ёй не падыходзіць. У той час памерла бабуля, маці маёй маці, дзядуля застаўся адзін. Таму мы паехалі ў Расію, прыехалі туды перад пачаткам Першай сусветнай вайны. Маці сапраўды было лепш там.
Калі пачалася вайна, маці Пола моцна захварэла і памерла ў пачатку 1915 года. Пол успамінае, што яна памерла літаральна на яго руках. Маці хавалі не ў труне: цела паклалі на дошкі, потым на воз, выйшлі за горад і пахавалі ў лесе. А бацька Пола заставаўся ў Амерыцы і дасылаў грошы.
— Калі мы вярнуліся ў Расію, я размаўляў толькі па-англійску, ідыш не ведаў. Нічога не ведаў і не памятаў пра Расію, бо быў маленькім дзіцём, калі мы ехалі ў Нью-Ёрку. І вось я падлетак павінен быў навучыцца размаўляць хаця б на ідышы, і вельмі хутка забыўся на англійскую мову.
У Расіі Пол жыў у доме дзеда. Ён успамінае, што гэта быў стары дом без падлогі. У адным пакоі была вялікая печ, а ў другім пакоі была гасціная. У двары вырошчвалі розную гародніну. Пакуль маці Пола была жывая, яна пякла чорны смачны хлеб. Раніцай хадзілі ў сінагогу, а пасля працавалі: дзед Пола быў муляром, навучыў яго гэтай справе.
— Мы з дзядулям дапамагалі будаваць будынкі, падмуркі. Самі рабілі цэглу, самі будавалі. Дзед рабіў такое аздабленне для будынкаў, вельмі мудрагелістая справа. Гэта цяжкая праца для маладога чалавека, і гэтай працы было шмат, але я многаму навучыўся.
Потым адбыўся Кастрычніцкі пераварот, які мужчына добра памятае. Вайскоўцы хадзілі па дамах і не маглі паверыць, што ў агародзе яго дзядулі растуць памідоры. Пол кажа, што амаль усю ежу даводзілася аддаваць вайскоўцам, якія маглі збіваць і красці. Пасля перавароту дзядуля памёр, засталіся Пол і яго тры браты. Яны прадалі дом, атрымалі за яго шмат грошай. У той час бальшавікі ваявалі з палякамі, а Пол змог атрымаць польскі пашпарт.
— Пасярод ночы схапілі маладыя хлопцы, не далі абуцца, не далі ўзяць адзенне. Нас прыгналі ў вялікі хлеў, запіхнулі туды разам з сотнямі хлопцаў. Там мы павінны былі працаваць. І вось мой брат прынёс паесці, гаварыў са мной на ідышы, каб нас не зразумелі. Я ўзяў гаршчок з ежай і прайшоў міма салдат. Яны падумалі, што я — гэта мой брат. Таму змог уцячы адтуль пад выглядам брата і трапіць да дому. Дома ўзяў нейкую вопратку, наняў фурманку — і на чыгуначны вакзал.
Шлях у Амерыку. Зноў
Разам з ім паехалі і яго браты. Аднак на цягнік Пол не змог сесці, бо дазвалялі ехаць толькі вайскоўцам. Тады на фурманцы ён даехаў да Беластока, адтуль — у Варшаву.
У Варшаве Пол і браты прабылі месяц у чаканні амерыканскай візы. Потым паехалі ў Данцыг, адкуль маглі сесці на карабель, аднак хутка пераехалі яшчэ далей у Еўропу — у Антверпен, каб мець большыя шанцы хутчэй трапіць у Злучаныя Штаты. З Антверпена Пол і браты паехалі ў англійскі Дувр, з Дувра — у Саўтгемптан. Адтуль яны ўжо паплылі ў Нью-Ёрк. Дарога з Вялікабрытаніі ў Амерыку заняла два тыдні, Пол з братамі плылі ў труме.
На выспе Эліс сыноў чакаў бацька, але ў пашпартах было напісанае іншае прозвішча, таму яны не маглі знайсці бацьку тры дні. Увесь час іх трымалі ў іміграцыйным цэнтры. Да таго ж па дарозе малодшы брат Пола страціў пасведчанне аб нараджэнні ў ЗША, таму яго не хацелі пускаць без дакументаў. Аднак калі бацька знайшоўся, то ўсіх выпусцілі ў горад.
Бацька Пола ведаў, што яго жонка памерла, і ўжо збіраўся ажаніцца яшчэ раз. Аднак хацеў, каб да вяселля прыехалі яго сыны.
— Мне не падабалася тая жанчына. Яна не была маёй сапраўднай маці, яна не любіла нас, а мы не любілі яе. Я нават не еў у тым доме, не хацеў там есці.
У Амерыцы Пола ўзяў на працу брат бацькі, ён пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, малодшыя браты хадзілі ў звычайную школу. У канцы 1920-х гадоў Пол ажаніўся, з цяжкасцю перажыў Вялікую дэпрэсію, працаваў падчас Другой сусветнай вайны на карабельні.
— Амерыка і Расія адрознівалася, як дзень і ноч. Не хацеў вяртацца ў Расію, бо прайшоў праз многае. Жыццё ў Амерыцы было нашмат лепшым. [У Расіі] я бачыў, як расстрэльваюць людзей — у той час гэта ж была звычайная справа. Мы бачылі, як забіваюць людзей, як лятаюць самалёты. У адзін дзень у вас польскія грошы, на наступны — нямецкія. Салдаты — што польскія, што нямецкія, што рускія — былі ўсе непрыемнымі. Гэта вайна.
* * *
У наступнай гісторыі пра пасажыраў, што прыехалі ў Амерыку з беларускіх зямель у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў PALATNO раскажа пра Роўз, якая з маці стала феміністкамі яшчэ да таго, як гэта стала папулярным.