З Наваградка ў Кліўленд і Нью-Ёрк. Гісторыя Роўз, якая стала феміністкай

эліс айлэнд, выспа эліс, іміграцыя ў зша, іміграцыя ў амерыку, гісторыя іміграцыі ў зша, праект зямля свабоды

Вітаем, гэта PALATNO! Больш за сто гадоў таму з беларускіх зямель па лепшае жыццё ў Амерыку плылі тысячы чалавек. Ва ўсіх былі розныя лёсы, розныя гісторыі. Але ва ўсіх іх засталіся каштоўныя ўспаміны пра Беларусь.

У серыі падкастаў «Зямля свабоды» мы раскажам асабістыя гісторыі дзясяткаў людзей, якія пакідалі родныя мясціны, родных людзей і ўспаміны, што працягнулі жыць у іх сэрцах праз шмат гадоў пасля.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку

Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана

Гісторыя Молі, якая з’ехала з двума доларамі з Пінска ў Амерыку

Са Слуцка ў Філадэльфію за тры месяцы. Гісторыя Луіса, які шукаў лепшае жыццё

Гісторыя Эдны, якая пераехала з Петрыкава ў Нью-Ёрк

З Клецка ў Нью-Ёрк — і назад. Гісторыя Пола, які прыехаў на радзіму чужынцам

Жыццё пры цары і камуністах

Роўз нарадзілася ў Карэлічах, пасля яе нараджэння сям’я пераехала ў большы горад — Наваградак. Бацьку Роўз звалі Ісідор, маці — Сара. Дзявоцкае прозвішча маці было Турэцкая. У Ісідора і Сары пазней нарадзіўся сын, але памёр у малым узросце, таму Роўз заставалася іх адзіным дзіцем.

У Наваградку сям’я маці займалася фарбаваннем вопраткі і добра зарабляла. Бацька Роўз быў настаўнікам. Калі дзяўчынцы было чатыры гады, ён паехаў на заробкі ў Амерыку. Маці з Роўз павінна была паехаць за бацькам праз некаторы час, але пачалася Першая сусветная вайна. Паездка ў Амерыку адкладвалася: Сары і Роўз давялося перажыць чатыры гады вайны. Бацька Роўз паходзіў з Украіны, таму падчас баявых дзеянняў дзяўчынка разам з маці перабралася на бацькаву радзіму. Яны жылі ў мясцовасці непадалёк ад Гомеля, маці працавала бухгалтарам.

У 1917 годзе да ўлады прыйшлі камуністы.

— У царскай Расіі былі законы, якія не дазвалялі яўрэям жыць у адпаведных месцах. Я не ведаю, што яны чакалі — дзе мы будзем жыць? А калі камуністы прыйшлі да ўлады, то мы сапраўды святкавалі. Гэта было свята! Я запыталася ў маці, ці гэта свята толькі для яўрэяў, а яна адказала, што гэта свята для ўсіх. Сказала, што яўрэям нарэшце дазволілі жыць там, дзе яны хочуць. Я пыталася ў маці, а чаму ж яўрэі не святкуюць. Ведаеце, смешна гэта ўспамінаць праз столькі гадоў.

Па ўспамінах Роўз, жыццё ў камуністычнай Расіі ўсё ж не стала прасцейшым, чым было ў царскай Расіі. У тыя часы ў сям’і здарылася трагедыя. Брат бацькі набываў сукенкі, а потым перапрадаваў — быў заможным чалавекам, і ўсяляк гэта паказваў. Аднойчы ў дарозе па сукенкі брата забілі, бо ён быў добра апрануты. Бандыты падумалі, што ў яго з сабой маглі быць грошы.

Маці Роўз прадавала прадукты на рынку — з ёй таксама здарылася адна непрыемная сітуацыя. Сара рабіла сабе гарсэты з пакетаў з цукрам, каб было зручней насіць яго на продаж у Гомель. Аднойчы яна ўзяла з сабой Роўз, якой дала мех бульбы таксама на продаж. Яны разам ехалі цягніком да горада, калі ў вагоне пайшлі размовы, што на вакзале дзяжураць вайскоўцы. Перад вакзалам маці саскочыла з цягніка, а Роўз засталася з мехам бульбы.

— Маці моцна хвалявалася, што яе могуць схапіць і арыштаваць салдаты на вакзале. Мы павінны былі сустрэцца ў яе сяброўкі, але спачатку я павінна была выйсці на вакзале. Салдаты не чапалі, прапусцілі. На вакзале маці, канешне ж не было, тады я расплакалася. Нейкі чалавек падышоў да мяне і запытаўся, чаму плачу. Не ведаю чаму, але даверылася яму, а ён адвёз да маці сяброўкі. Там мамы не было. Высветлілася, што яе ўсё-такі арыштавалі і не адпускалі, пакуль не атрымалі выкуп.

Роўз паспела павучыцца ў школе пры савецкім рэжыме. У школе казалі пісаць сваякам, якія былі за мяжой, каб тыя вярталіся, бо ў камуністычнай краіне цудоўна жыць, паўсюль свабода.

— Я была дастаткова разумная, каб зразумець, што гэта няпраўда, і разумець, што гэтага не трэба казаць.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Роўз і Сара заставаліся ў Беларусі, а бацька працягваў працаваць у Злучаных Штатах. Роўз кажа, што пра бацьку за час вайны нічога не чулі.

— Нарэшце мы атрымалі паштоўку ад яго: пісаў, што ўсё яшчэ ў Амерыцы і чакае нас. А мы не маглі проста так з’ехаць з Расіі. Пазней высветлілася, што можна паехаць за мяжу, калі ты раней жыў у Польшчы — мы там і жылі. Сабралі рэчы і паехалі ў родны горад.

Трапіць у Амерыку — сапраўдны квэст

Так за год да пераезду ў Амерыку Роўз і Сара аселі ў Наваградку. У той час амерыканскі ўрад прыняў законы, якія абмяжоўвалі ўезд яўрэям у краіну: адзіным варыянтам, каб выехаць з Наваградка ў Нью-Ёрк, было атрыманне бацькам амерыканскага грамадзянства. А на гэта спатрэбіўся яшчэ час. У Наваградку яны пражылі каля года. Там Роўз хадзіла ўжо ў польскую школу.

— Гэта была наша мара — трапіць у Злучаныя Штаты. Мы кожны дзень сядзелі і чакалі візы. Памятаю, як набліжаўся Новы год, і мы святкавалі Ём Кіпур — гэта святы дзень, калі не павінны есці, трэба ўвесь час маліцца. Мне было ўжо 12 гадоў, і я малілася, каб мы хутчэй з’ехалі ў Амерыку.

Вандроўка ў Амерыку ў іх пачалася ў 1922 годзе. Роўз памятае, як яны з маці збіралі рэчы.

— Самае смешнае, што маці сказала: “У Злучаных Штатах няма пёраў”. Мы ж тады спалі на падушках, якія былі набітыя пёрамі. Так што з сабой узялі і падушкі. Маці палічыла, раз бацька не дасылаў грошы, то мы павінны ўзяць усё, што можам. У нас не было чамаданаў, мы ўсё складвалі ў вялікія мяхі.

З Наваградка яны дабраліся ў Шэрбур. На караблі плылі трэцім класам — самы танны варыянт, якім маглі трапіць у Штаты. У Амерыку плылі каля тыдня. З выспы Эліс Сару і Роўз забраў брат бацькі, які жыў у Нью-Ёрку. Ён пасадзіў іх на нью-ёркскім вакзале на цягнік да Кліўленда, дзе жыў Ісідор, бацька дзяўчынкі.

Жыццё ў Кліўлендзе і Нью-Ёрку

Ісідор паспеў за гэты час купіць дом у Кліўлендзе. Працягваў працаваць настаўнікам у яўрэйскай школе, а Роўз пайшла ў звычайную амерыканскую школу. З цягам часу Ісідор і Сара развяліся — Роўз кажа, што гэта праз доўгую разлуку і вялікую розніцу ва ўзросце між імі. Дзяўчына разам з маці пераехала ў Нью-Ёрк.

— Маці хацела быць незалежнай, бо пасля разводу бацька больш не ўтрымліваў. Працавала ў краме. Потым бацьку я бачыла толькі адзін раз, калі прыязджала да сяброў у Кліўленд, ён другі раз ажаніўся.

Пасля школы Роўз паступіла ў каледж, затым працавала бухгалтарам. Па яе словах, яны з маці змаглі дастаткова хутка амерыканізавацца, а паміж сабой пачалі размаўляць па-англійску. Маці Роўз памерла ў 95 гадоў — на той час яны перабраліся ў Ізраіль.

— Усе цяпер гавораць пра фемінізм, але мы з маці былі феміністкамі яшчэ тады. Мы самі змаглі ўладкаваць сваё жыццё, стаць незалежнымі.

Роўз успамінае, што жыццё ў Расіі і Польшчы было небяспечнымі і пры цары, і пасля прыходу камуністаў.

— Пры цары былі бандыты, напады на яўрэяў, шмат антысемітызму. Нам пашанцавала, што мы засталіся жывымі. Увесь час жылі ў страху. Пераезд у Амерыку быў сапраўднай палёгкай. Мы не жылі ў раскошы, бо бацька не так шмат зарабляў. Жыццё там, у “старой” краіне, увогуле не было жыццём.

* * *

У наступнай гісторыі пра пасажыраў, што прыехалі ў Амерыку з беларускіх зямель у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў PALATNO раскажа пра Абрама, які змог пасля пераезду рэалізавацца як мастак.

Вярнуцца ўгару