
Вітаем, гэта PALATNO! Больш за сто гадоў таму з беларускіх зямель па лепшае жыццё ў Амерыку плылі тысячы чалавек. Ва ўсіх былі розныя лёсы, розныя гісторыі. Але ва ўсіх іх засталіся каштоўныя ўспаміны пра Беларусь.
У серыі падкастаў «Зямля свабоды» мы раскажам асабістыя гісторыі дзясяткаў людзей, якія пакідалі родныя мясціны, родных людзей і ўспаміны, што працягнулі жыць у іх сэрцах праз шмат гадоў пасля.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Даплыць да «Свабоды». Гісторыя Разалін, якая капала тунэль у Амерыку
Слухаў прамовы Леніна і Троцкага — замест камунізму абраў Амерыку. Гісторыя Ірвінга Маркмана
Гісторыя Молі, якая з’ехала з двума доларамі з Пінска ў Амерыку
Са Слуцка ў Філадэльфію за тры месяцы. Гісторыя Луіса, які шукаў лепшае жыццё
Гісторыя Эдны, якая пераехала з Петрыкава ў Нью-Ёрк
З Клецка ў Нью-Ёрк — і назад. Гісторыя Пола, які прыехаў на радзіму чужынцам
З Наваградка ў Кліўленд і Нью-Ёрк. Гісторыя Роўз, якая стала феміністкай
Змест
Мара з’ехаць у іншае месца
Абрам Левіт нарадзіўся ў 1894 годзе ў Старадубе — маленькім мястэчку ў Беларусі.
— Я там нарадзіўся і жыў увесь час. Першае, пра што ўспамінаю, — суровыя зімы. Мы былі беднымі, было цяжка дзяцям гуляць па вуліцы з-за суровай зімы і не вельмі цёплага адзення. Але вясна была прыгожай: у нашай вёсцы было возера, мы там купаліся і лавілі рыбу.
Бацька Абрама, Хайман, рабіў фурманкі. Маці Абрама звалі Сэдзі. У Абрама былі браты і сёстры. Для бацькі шлюб з Сэдзі быў другім, агулам меў 14 дзяцей. Абрам дапамагаў бацьку рабіць фурманкі. Каб зрабіць адну, патрабавалася каля дзесяці месяцаў. Сям’я была вельмі рэлігійнай, дома размаўлялі на ідышы, часам — па-руску.
Абрама адправілі ў не яўрэйскую школу. У Старадубе жыло каля васьмі тысяч чалавек, яўрэі не жылі асобна, як гэта бывала ў іншых мястэчках. Па словах Абрама, усе былі перамешаныя. У іх сям’і быў свой дом і свой кавалачак зямлі. У базарныя дні маці прадавала на рынку цукеркі, тытунь. Абрам успамінае, што ўзімку маці брала з сабой на рынак гаршчок з распаленым вуголлем, каб грэцца.
— У дзяцінстве рабіў тое, што казаў бацька. Вельмі хацеў пісаць вершы, але даводзілася дапамагаць бацьку рабіць фурманкі. У яго было спецыяльнае месца, дзе займаўся працай. Браты таксама дапамагалі. Нашу сям’ю ведалі як “карэтнікаў”. Паважалі за тое, што мы робім. Але адзінае, што я хацеў, — з’ехаць адтуль. Старадуб быў маленькім мястэчкам для мяне.
У 14 гадоў Абрам упершыню ўцёк з дому. У яго не было грошай, каб аплаціць білет, таму спаў паміж лаўкамі ў цягніку, каб кандуктар не змог схапіць.
— Я змог пакатацца на цягніках. Потым напісала маці і казала, што гатовыя пераехаць у Амерыку. Мае браты загадзя пераехалі ў Штаты і змаглі назапасіць дастаткова грошай, каб дапамагчы даехаць туды нам.
Першыя ўражанні ад Амерыкі — захапленне і шчасце
На той час Абрам нічога не ведаў пра новую краіну. Пра Амерыку і амерыканцаў амаль нічога не пісалі ў газетах, якія так любіў чытаць хлопец. Для яго Штаты былі нечым далёкім і невядомым.
Перад пераездам бацькі прадалі дом. Да порта, які знаходзіўся ў Латвіі, дабіраліся некалькі дзён. Там Абрам упершыню пабачыў мора. Пераезд у Амерыку адбыўся ў 1911 годзе, калі хлопцу было 17 гадоў.
— Маёй марай было пераехаць у іншую краіну з вялікімі магчымасцямі. Нарэшце можна было пазнаёміцца з новымі людзьмі, якія не ставіліся да яўрэяў перадузята. Ведаеце, я паходзіў адтуль, дзе яўрэяў сапраўды дыскрымінавалі. Нават у гімназію пры цары пры вялікім жаданні было трапіць складана.
Абрам памятае, як карабель падплыў да нью-ёркскай бухты. Там ён упершыню пабачыў Статую Свабоды. Замест маленькіх аднапавярховых дамоў пабачыў хмарачосы. Не мог паверыць вачам і пераварыць убачанае. Хлопец быў у захапленні і вельмі шчаслівы.
На выспе Эліс доўга праходзілі медыцынскі агляд, але медыкі не знайшлі ніякіх хвароб у сям’і Абрама, таму ўсіх хутка адпусцілі з іміграцыйнага цэнтра.
— На той час брат ужо нас чакаў. Мне не спадабаўся адзіны момант. Брат хадзіў туды-сюды ў чаканні. Можа быць, яму нельга было знаходзіцца там. Нейкі ахоўнік падбег да яго і ўдарыў па твары. Уявіце сітуацыю! Вось, прыязджаю ў Амерыку, тут — свабода і дэмакратыя, а майго брата лупяць.
У Амерыцы сям’я Абрама асела ў Нью-Ёрку. Там хлопец хадзіў у школу, хутка вывучыў англійскую мову. Імкнуўся трапіць у мастацкую школу, яму нават дазволілі наведваць яе бясплатна. Па словах Абрама, ён нават працягнуў пісаць вершы, цяпер некаторыя з іх захоўваюцца ў Смітсанаўскім інстытуце.
Як Абрам стаў мастаком дзякуючы пераезду ў Штаты
Дома ў Амерыцы размаўлялі па-руску ці на ідышы. Маці і бацька не працавалі. Падчас Першай сусветнай вайны Абрам пайшоў на флот, ён не ваяваў у Еўропе, знаходзіўся ў Штатах і дапамагаў рамантаваць лодкі. На флот Абрам пайшоў не з вялікага жадання. Яго брата хацелі забраць у армію, але хлопец папрасіў, каб замест яго ўзялі брата, бо сам працаваў і забяспечваў сям’ю. Абрам кажа, што армія і флот яго зусім не цікавілі, ён заўсёды лічыў іх інстытутамі забойстваў.
— Маці казала: “Ты ніколі не будзеш зарабляць на жыццё карцінамі. Табе трэба адкрыць краму, каб прадаваць абсталяванне, абутак, што заўгодна”. Я не паслухаў параду маці. Так, часамі быў вельмі галодны, бо не было ні грошай, ні ежы.
У 1920 годзе Абрам сышоў з бацькоўскага дома. У міжваенны час працягнуў маляваць, паспеў пабываць у Еўропе і павучыцца ў замежных мастакоў.
— Я вучыўся ў Роберта Генры, Ганса Гофмана і іншых. На час пераехаў у Парыж. Я захапляўся Робертам Генры, яго ведамі і глыбінёй. Ён быў прыемным, прыстойным чалавекам. Гофман быў іншым тыпам: немец, прыхільнік новага падыходу да жывапісу. Аднойчы прынёс Гофману карціну, а ён сказаў: “Ну і дылетант!”.
У Францыі Абрам пабываў у пячоры Ласка. Па яго словах, гэта вельмі ўразіла маладога мастака. Ён заняўся даследаваннем дагістарычнага мастацтва, потым выступаў з лекцыямі ў розных амерыканскіх універсітэтах.
Мастацтва стала асноўнай працай Абрама, хоць часова ён падпрацоўваў у розных канторах. Потым вярнуўся ў Злучаныя Штаты і пазнаёміўся з будучай жонкай на канцэрце ў Цэнтральным парку ў Нью-Ёрку. Жонку звалі Клэр, яна была юрысткай. З часам у маладым мастаку ўбачылі талент галерысты і прапаноўвалі выставы і продаж яго карцін.
— У мяне было імкненне стаць кімсьці, я хацеў аказацца на вышыні. Гэта была мая мэта. Я прыйшоў адтуль, дзе быў нікім. Нікім, акрамя яўрэя. Калі я прыехаў у Амерыку, то сказаў: “Я збіраюся стаць кімсьці і пакіну свой след у Нью-Ёрку”. У гэтым няма ніякіх сумневаў, што Амерыка паўплывала на мяне. Я не змог бы там, у Расіі, атрымаць тое, што атрымаў тут. Там цар пераціскаў горла, а тут я быў свабодным чалавекам. Я свядома ліквідаваў рускую частку сябе.
* * *
Дзякуй, што паслухалі гэту гісторыю з серыі падкастаў “Зямля Свабоды” пра ўраджэнцаў Беларусі, які ехалі па лепшае жыццё ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Наш першы сезон завершаны, у наступным мы раскажам яшчэ больш гісторый натхнення і ўспамінаў пра Беларусь.