
PALATNO расказвае, якой была знешняя палітыка Беларусі ў 2000-х гадах.
Змест
Як Беларусь збліжалася з Расіяй у пачатку 2000-х
Напрыканцы 1990-х гадоў Беларусь і Расія падпісалі шэраг дакументаў, якія прадугледжвалі збліжэнне абедзвюх краін.
У 2000 годзе была створана новая структура — Еўразійскі эканамічны саюз (ЕўрАзЭС). Беларусь стала адным з заснавальнікаў разам з Расіяй, Казахстанам, Кыргызстанам і Таджікістанам. Беларусь атрымала доступ да рынкаў збыту, танныя энергарэсурсы і палітычную падтрымку з Масквы. Аднак гэта яшчэ азначала наступнае: Беларусь страчвала частку эканамічнага суверэнітэту.
Для Аляксандра Лукашэнкі гэта быў палітычны манеўр з вялікай мэтай. У канцы 1990-х ён яшчэ меў амбіцыі стаць агульным лідарам Саюзнай дзяржавы, то бок прэзідэнтам не толькі Беларусі, але, магчыма, Расіі. Таму Мінск настойваў на роўных правах у кіраванні такім саюзам, але пасля прыходу Пуціна да ўлады ўсе надзеі Лукашэнкі зніклі.
Ад самога пачатку інтэграцыя з Расіяй мела на мэце адно — энергарэсурсы. Беларусь атрымлівала нафту і газ па льготных умовах, а потым перапрацоўвала і прадавала нафтапрадукты ў Еўропу. Гэта стала значнай крыніцай прыбытку для краіны. Без расійскіх субсідый беларуская мадэль, створаная Лукашэнкам, не змагла б існаваць.
Энергетычныя войны. Першая расколіна ў саюзе Лукашэнкі і Расіі
Канец 2002 года стаў першай вялікай пробай адносін Мінска і Масквы. «Газпрам» патрабаваў прыватызацыі «Белтрансгазу», каб атрымаць кантроль над транзітам газу ў Еўропу. Лукашэнка быў незадаволены сітуацыяй, таму адмовіўся гэта рабіць. Масква адказала на гэта скарачэннем паставак і запатрабавала ад Мінска плаціць за газ па сусветных коштах. Так пачалася «газавая вайна» паміж Беларуссю і Расіяй: некалькі дзён у 2003 годзе наша краіна жыла без паўнавартасных паставак газу. Унутры краіны гэта выклікала хвалю раздражнення.
У 2004 годзе Расія ўвяла экспартныя пошліны на нафту для Беларусі, што парушала ранейшыя саюзныя дамовы. Беларусь адказала падаткам на транзіт і іншымі абмежаваннямі. Спрэчка працягвалася да 2005 года і стала першым прыкладам таго, што так званы саюз Беларусі і Расіі не з’яўляецца сяброўствам, а проста ёсць гандаль уплывам.
У 2006 годзе з’явілася новая форма ціску з боку Расіі. Пасля пераабрання Лукашэнкі на сфальсіфікаваных ім жа выбарах, Расія пачала выкарыстоўваць гандаль у якасці рычага палітычнага ўплыву. «Рассельхознадзор» абвясціў, што беларуская малочная прадукцыя не адпавядае стандартам. Расія пачала масава блакаваць пастаўкі беларускага малака, масла і сыру, што стала моцным ударам па беларускіх вытворцах.
Навошта гэта ўсё было патрэбна Крэмлю? Масква спрабавала дамагчыся ад Мінска больш цеснай інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву. Аднак Лукашэнка ўсяляк выступаў супраць глыбейшага паглыблення інтэграцыі.
Паміж Расіяй і Еўропай. Як развівалася палітыка шматвектарнасці
Пасля пратэстаў у 2006 годзе, калі Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары, Беларусь аказалася ў ізаляцыі. Аднак у хуткім часе Еўропа зрабіла першыя крокі да паляпшэння адносін. У адказ Лукашэнка вызваліў палітвязняў, а ЕС зняла санкцыі.
Адначасова Беларусь не разрывала адносіны з Расіяй, а наадварот падпісвала новыя пагадненні ў межах ЕўраАзЭС і Саюзнай дзяржавы. Для Захаду Беларусь была ідэальным шчытом паміж еўрапейскімі краінамі і Расіяй.
Лукашэнка змог атрымліваць танныя энергарэсурсы і крэдыты ад Масквы, а ад Еўрасаюза атрымаў палітычнае прызнанне. З таго часу афіцыйны Мінск пазіцыянаваў сябе як пасярэдніка паміж Еўропай і Расіяй, асабліва на фоне расійска-грузінскай вайны ў 2008 годзе. Мінск дэманстратыўна не прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, чым выклікаў раздражненне ў Маскве, але сімпатыю ў Бруселі.
У 2009 годзе Беларусь далучылася да праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» разам з Украінай, Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам і Малдовай. Для Еўропы Беларусь усё яшчэ была праблемнай, але патрэбнай, таму супрацоўніцтва з Лукашэнкам працягвалася.