Якія сакрэты хавае вёска Ізабелін? Адкуль у бліжэйшым падлеску — надмагіллі з нямецкімі прозвішчамі? Ці заўжды каталіцкі касцёл быў касцёлам? Хто рабіў чырвоную дахоўку для ўсёй Ваўкавышчыны і чаму праца спынілася?
Адным з вынікаў вайсковых і геапалітычных катастроф ва Усходняй Еўропе ў ХХ стагоддзі стаў феномен «зніклых людзей». Этнічныя групы, якія насялялі гарады і мястэчкі, наўпрост знікалі па волі палітыкаў і вайскоўцаў. Найбольш вядомы — кейс Халакосту. Таксама — Галадамор ва Украіне, гвалтоўнае высяленне Сталіным крымскіх татараў, паволжскіх немцаў. Вынікам акцыі «Вісла» стала высяленне ўкраінцаў з Польшчы, а палякаў — з Украіны.
Вынік: той ці іншы рэгіён, горад ці вёску чакала замяшчэнне насельніцтва. Пра людзей, якія жылі тут раней, нагадваюць у лепшым выпадку могілкі ці архітэктурныя помнікі. Там гучыць ужо іншая мова, пануе іншая традыцыя. У Беларусі такіх прыкладаў дастаткова: колішнія яўрэйскія мястэчкі цалкам змянілі свой выгляд і напаўненне пасля Другой сусветнай. Але ці толькі яўрэйскія?
Загадкавы падлесак, дзе прырода перамагла смерць
Калі ехаць з Гродна на Брэст, за Ваўкавыскам праваруч будзе паварот на Ізабелін. Цяпер вёска, раней — мястэчка. Крама «Родны кут», касцёл, плебанія, сквер з помнікам чырвонаармейцам. Увагу прыцягвае дзіўная архітэктура касцёла: стрыманая, халодная. Шмат на якіх будынках захавалася чырвоная дахоўка, як у ваколіцах Калінінграда, у колішняй Усходняй Прусіі.
Калі праехаць Ізабелін наскрозь ды яшчэ трошкі па полю — трапляеш у дзіўны падлесак. З кустоўя выглядаюць камяні і крыжы. Бачна, што могілкі ніхто не даглядае: прырода перамагла памяць пра смерць. На помніках бачныя надпісы па-польску ды… па-нямецку. А часам — польскамоўныя магілы, але — нямецкія прозвішчы нябожчыкаў.
Гэта не магілы вайскоўцаў — звычайных людзей. Збольшага, памерлых у сярэдзіне ці канцы ХІХ стагоддзя. Ёсць нават магілы пратэстанцкіх пастараў. Некалькі год таму валанцёры ладзілі тут прыборкі, высякалі зарасці. Тым не менш, могілкі не ўключаныя ні ў якія спісы каштоўнасцяў: пакрысе разбураюцца.
Калі зайсці ў касцёл св. Пятра і Паўла, гісторыя стае яшчэ цікавейшай. Аказваецца, што ад пачатку будынак быў пратэстанцкім храмам. Кальвінскі збор тут паўстаў яшчэ ў 1778 годзе, а апошні кальвінскі біскуп памёр у міжваенны час, да 1939 году. Яшчэ тады будынак быў перададзены каталікам, бо кальвіністаў засталося занадта мала… Цяпер — няма зусім.
Ян Флемінг і нямецкія каланісты
У XVIII стагоддзі тутэйшыя землі належылі арыстакрату Яну Флемінгу, дзяржаўнаму дзеячу і феадалу нямецкага паходжання. Сам Флемінг тут не жыў, але даў новае імя колішняй вёсцы Петухова – Ізабелін (у гонар дачкі – Ізабэлы), і запрасіў сюды нямецкіх каланістаў.
На той час гэта была звычайная практыка: нямецкія землі Прусіі ці Саксоніі былі перанаселеныя, таму каланісты раз’язджаліся па ўсім свеце. У Расію, Амерыку, але таксама і ў Рэч Паспалітую. Паўсюдна іх былі радыя бачыць, як добрых рамеснікаў, дактароў, прамыслоўцаў ды вайскоўцаў. Немцы стараліся захоўваць сваю мову, будавалі храмы, побач — могілкі. З часам усё ж змешваліся з мясцовым людам, захоўваючы ў лепшым выпадку прозвішчы.
Вельмі падобна было ў выпадку Ізабеліна. Ужо ў ХІХ стагоддзі, як сведчаць надпісы на надмагіллях, польскай і нямецкай мовы было прыкладна пароўну. Далей нямецкая стала мовай богаслужэння, але ў мястэчку ўжо гаварылі на польскай ці ідыш. Цікава, што ў Ізабеліне была таксама вялікая яўрэйская грамада. Немцы, яўрэі, беларусы, палякі жылі тут мірна. Ажно да Другой сусветнай вайны.
Пра што раскажа чырвоная дахоўка
У часы вайны нацысты вынішчылі мясцовых яўрэяў: сёння пра іх сімвалічна нагадвае паўразбураная сінагога і зарослыя падлескам могілкі (акурат недалёка ад нямецкіх). Пасля адыходу нямецкіх войскаў у 1944-м прыйшлі саветы ды заняліся этнічнымі немцамі, якія жылі тут ужо 200 год. Шмат было саслана ў Сібір, але статыстыкі ніякай няма: архівы закрытыя. Галоўны храм мястэчка быў зачынены, і адрадзіўся як касцёл толькі ў 1990-х.
Сёння ў Ізабеліне фізічна захавалася з 2-3 сям’і, якія маюць нямецкія прозвішчы, накшталт Рунге ці Цапф. Зразумела, нямецкай мовы ўжо не ведаюць, а пра гісторыю казаць не любяць. Сябе лічаць беларусамі ці палякамі. Выпадак прозвішча Рунге ці не найбольш цікавы, бо гэта яшчэ і гісторыя колішняга бізнесу, ад якога не засталося бадай нічога.
Побач з Ізабелінам — указальнік на хутар Рунгі. Гэта з дзесятак рассеяных уздоўж дарогі старых акуратных дамкоў, прыкрытых чырвонай дахоўкай. Старая алея. Зарослыя стаўкі. Менавіта тут сям’я немцаў Рунге некалі рабіла чырвоную цэглу і дахоўку для ўсіх ваколіцаў, у тым ліку для касцёлаў.
Лагатып фірмы можна ўбачыць на захаванай дахоўцы: K.R.Isabelin («Карл Рунге Ізабелін»). Пазней бізнес забралі саветы і знішчылі. Некаторых з сям’і саслалі ў лагеры. Сёння гэта ўжо гісторыя з мінулага, а дахоўку новыя гаспадары здымаюць з дамкоў: на продаж.
Гісторыя этнічных меншасцяў: не толькі пра турызм ці дыпламатыю
У Заходняй Беларусі такіх «атлантыдаў», падобных на Ізабелін, безліч. У кожным горадзе ці сельсавеце. Месцы з зацёртай гістарычнай памяццю: дзе на мінулае забыліся, бо вельмі хацелі забыцца. Ці не было каму памятаць. Ці для новых насельнікаў памяць пра колішніх была нецікавай або невыгоднай. У сённяшняй Беларусі падобны утылітарны падыход да лакальнай гісторыі стаў пануючым.
Па-іншаму ў Еўропе. Тут спрабуюць працаваць з памяццю нават зніклых этнічных групаў. Бліжэйшы прыклад — у Беластоку. Тут таксама не засталося фізічна ані яўрэяў, ані немцаў. Але мы бачым інфармацыйныя стэнды і шыльды, прысвечаныя іх колішняй прысутнасці. А на месцы колішніх нямецкіх могілак – вялікі мемарыяльны комплекс, хоць аніводнага надмагілля тут не захавалася ў прынцыпе.
Так ці інакш, без памяці пра лакальную этнічную гісторыю ўсе афіцыёзныя размовы пра «шматнацыянальную гасцінную Беларусь» — пусты гук. Захаванне такой памяці — гэта не толькі пра турыстычныя цікавосткі ці дыпламатыю (памяць пра яўрэяў — стасункі з Ізраілем, пра немцаў — з ФРГ і г.д.).
Гэта таксама сімвалічная гарантыя для тых этнічных меншасцяў, якія жывуць у Беларусі сёння, што іх ніколі не напаткае лёс яўрэяў, немцаў ці палякаў Заходняй Беларусі, пра якіх пасля Другой сусветнай, нібыта, не засталося і следу. Гэта важная праца над памылкамі, якая, у выпадку Беларусі, яшчэ наперадзе.