
Усяго за месяц прэзідэнства Дональда Трампа амерыканцы пачалі гандлёвую вайну супраць Кітая, Канады і Мексікі. Калі меркаваць з рыторыкі трампаўскай адміністрацыі, то пошліны могуць увесці нават супраць еўрапейскіх краін.
У амерыканскай гісторыі гэта не першы раз, калі прэзідэнт вырашае «выратаваць» дзяржаўную эканоміку падобнымі мерамі. Асабліва вылучаўся сярод амерыканскіх лідараў Уільям Маккінлі (дарэчы, любімы прэзідэнт Трампа), але ёсць бліжэйшыя прыклады гандлёвых войнаў. Ці паспяхова яны заканчваюцца для ЗША? А для астатняга свету?
PALATNO расказвае, як амерыканцы праводзілі гандлёвыя войны ў мінулым стагоддзі і як яны ўплывалі на ўсіх.
Палітыка амерыканскага пратэкцыянізму
У мінулым стагоддзі ЗША некалькі разоў удзельнічалі ў гандлёвых войнах — звычайна яны іх і пачыналі. Ад вайны з танкамі, артылерыяй, самалётамі і тысячамі вайскоўцаў з вінтоўкамі гандлёвая вайна адрозніваецца тым, што дзяржавы замест забойстваў людзей уводзяць квоты і санкцыі, павышаюць пошліны на тавары.
Гандлёвыя войны ў амерыканскай гісторыі адбываліся і раней. Адным з першых і гучных прыкладаў была гандлёвая вайна паміж ЗША і Канадай пасля Грамадзянскай вайны: тады краіны пачалі ўводзіць мацнейшыя пошліны. У 1879 годзе сітуацыя дайшла да такой ступені, што канадскі ўрад увёў настолькі высокія мытныя пошліны, што шэраг буйных амерыканскіх кампаній перанеслі вытворчасць у Канаду, каб абыходзіць іх. У той жа час у такім жа становішчы аказаліся еўрапейскія краіны, але пазбягалі канфрантацыі з амерыканцамі. У 1880-я гады Германія і Францыя забаранілі імпарт свініны са Злучаных Штатаў, амерыканскі ўрад толькі пачаў пагражаць мерамі ў адказ — еўрапейскія партнёры здаліся.
Аднак ужо пад канец XIX стагоддзя ЗША сталі моцным гульцом у сусветнай эканоміцы, таму за дзеяннямі амерыканскага ўраду пры ўвядзенні любых пошлін пільна назіралі. У той жа час амерыканская эканоміка церпіць ад канкурэнцыі з боку еўрапейскіх вытворцаў, у Штатах адбываецца Паніка-1893 года, пасля якой павялічваюцца пратэкцыянісцкія погляды.

У 1890-я гады Рэспубліканская партыя падтрымлівае палітыку пратэкцыянізму і разам з гэтым высокія мытныя пошліны. Адным з ключавых прыхільнікаў высокіх тарыфаў быў рэспубліканец Уільям Маккінлі, які двойчы выйграе прэзідэнцкія выбары. Яшчэ да свайго прэзідэнцтва Маккінлі ініцыяваў увядзенне закону, які падняў сярэднюю мытную стаўку амаль да 50%.
На той час дзяржаўны бюджет ЗША атрымліваў найбольшы адсотак даходу менавіта з-за пошлін. Да таго ж рэспубліканцы імкнуліся падтрымаць амерыканскіх прамыслоўцаў і стварыць больш працоўных месцаў пасля рэцэсіі, выкліканай Панікай-1893 года.
У 1897 годзе Маккінлі заняў прэзідэнцкую пасаду і паспрыяў прыняццю закона з яшчэ больш высокімі пошлінамі. Паводле розных ацэнак, гэты закон прывёў да росту коштаў на спажывецкія тавары ў ЗША амаль на 25% за дзесяць гадоў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯЧШЭ: Прэзідэнт Маккінлі — любімы прэзідэнт Дональда Трампа. Стоп, а хто такі Маккінлі?

У кароткатэрміновай перспектыве палітыка Маккінлі мела змяшаны эфект. З аднаго боку, некаторыя галіны амерыканскай прамысловасці раслі, а канкурэнцыя з боку замежных кампаній зніжалася, у той жа час з-за пошлін рос дзяржаўны бюджет краіны. З іншага боку, адбылося рэзкае падаражанне тавараў, пацярпелі сельскагаспадарчыя экспарцёры, бо замежныя рынкі закрываліся ў адказ.
Для іншых дзяржаў таксама былі наступствы. Канада страціла доступ да амерыканскага рынку, арыентавалася на ўласны рынак і сувязі з Брытанскай імперыяй. Еўрапейскія краіны шукалі кампраміс ці ўзмацнялі ўласную пратэкцыянісцкую палітыку.
У ЗША сам факт высокіх пошлін стаў важнай палітычнай тэмай. Дэмакратычная партыя патрабавала іх змякчэння і называла пратэкцыянізм прычынай манаполій і высокіх цэн. Сам Уільям Маккінлі пад канец жыцця перагледзеў уласнае стаўленне да такой палітыкі: за дзень да сваёй смерці ён выступіў за ўзаемныя гандлёвыя дамовы з іншымі краінамі, што азначала падтрымку больш свабоднага гандлю замест ізаляцыі.
Вялікая дэпрэсія і новыя гандлёвыя войны
У канцы 1920-х гадоў ЗША пасля некалькі дзесяцігоддзяў свабоднага гандлю вярнуліся да жорсткага пратэкцыянізму. У 1929 годзе пачалася Вялікая дэпрэсія: амерыканскія фермеры і прамыслоўцы сутыкнуліся з рэзкім падзеннем цэн і прыбыткаў. Асабліва моцна пацярпела сельская гаспадарка, калі абваліліся цэны на амерыканскае збожжа.
Усё гэта прывяло да патрабаванняў абараніць унутраны рынак ад замежнай канкурэнцыі. У 1928 годзе Герберт Гувер падчас выбарчай кампаніі абяцаў падняць пошліны, каб дапамагчы фермерам. Спачатку меркавалася, што пошліны абмяжуюцца сельскагаспадарчымі таварамі, але пад ціскам розных галін прамысловасці і лабістаў павысілі пошліны па ўсіх сектарах эканомікі.
У 1930 годзе быў прыняты Акт аб тарыфах Смута-Хоўлі. Закон значна павысіў амерыканскія пошліны, а стаўкі на сотні пазіцый тавараў дасягнулі рэкордных узроўняў.
Рэакцыя амерыканскіх партнёраў была хуткай і сіметрычнай: дзясяткі краін на працягу двух гадоў павышалі пошліны ці ўводзілі абмежаванні на амерыканскія тавары. У хуткім часе экспарт амерыканскіх тавараў у еўрапейскія краіны і Канаду скараціўся на 40%.

У пачатку 1930-х гадоў свет пагрузіўся ў сапраўдную гандлёвую вайну, дзе ўсе былі супраць усіх. Кожная краіна імкнулася пераламіць крызіс на сваю карысць за кошт суседзяў. Вынікі аказаліся разбуральнымі для ўсіх бакоў: міжнародны гандаль скараціўся — сусветны экспарт і імпарт паміж 1929 і 1934 гадамі абваліўся прыкладна на 65%. У самой Амерыцы замест абяцанага аздараўлення эканомікі наступіў шок.
Для ЗША гісторыя з Актам аб тарыфах Смута-Хоўлі стала вялікім урокам. Фактычна ён і завяршыў эпоху палітыкі вялікіх пошлін у ЗША. Адміністрацыя Франкліна Рузвельта прыняла новы курс і прызнала, што далейшая падтрымка гандлёвай вайны толькі перашкаджае выхаду з Вялікай дэпрэсіі. Амерыканцы сталі прасоўваць палітыку пошуку кампрамісаў і кааперацыі ў гандлі, а не канфрантацыі праз пошліны. Але так было нядоўга.
Бананавыя, курыныя войны і канфлікт з японцамі
Пасля Другой сусветнай вайны сусветная эканоміка ўвайшла ў перыяд лібералізацыі гандлю: шматбаковыя пагадненні зніжалі пошліны, гандлёвыя войны станавіліся ўсё больш радзейшымі. Аднак час ад часу амерыканскі ўрад уступаў у лакальныя гандлёвыя спрэчкі. Такія канфлікты былі менш маштабнымі і вырашаліся хутчэй, чым у папярэднія гады.
«Курыная вайна»
У 1960-я гады паміж ЗША і Еўропай адбылася «курыная вайна». Да пачатку 1960-х амерыканская птушкагадоўчая прамысловасць рэзка нарошчвала вытворчасць. Таннае курынае мяса хлынула на рынкі Заходняй Еўропы і пачала канкураваць з мясцовай прадукцыяй. Еўрапейскія краіны ўбачылі ў гэтым пагрозу, таму еўрапейцы (Францыя і Заходняя Германія) увялі пошліны на імпарт амерыканскай курыцы. Амерыканскія экспарцёры страцілі значную частку рынку. Амерыканскі ўрад абвясціў пакет адпаведных пошлін. Галоўны ўдар быў накіраваны па аўтамабільную прамысловасць Еўропы, пад санкцыі трапілі і некаторыя іншыя тавары. Еўрапейскія краіны, якія аказаліся пад ударам, адмовіліся ад далейшай эскалацыі, а амерыканцы адмянілі частку пошлін, таму гэтая вайна не вельмі моцна паўплывала на сусветны гандаль.
Гандлёвая вайна з японцамі
У 1980-я гады амерыканская эканоміка сутыкнулася з феноменам вялізнага гандлёвага дэфіцыту адносна Японіі. Амерыканскія ўлады абвінавачвалі Японію ў недобрасумленнай канкурэнцыі: лічылася, што японцы трымалі ўнутраны рынак закрытым для замежных тавараў і дэмпінгавалі цэны. Адміністрацыя Рональда Рэйгана абрала тактыку ціску і прымусіла Токіё пагадзіцца на шэраг дамоваў, якія фактычна абмежавалі японскі экспарт. Адносіны Японіі і ЗША былі такімі напружанымі, што яны заключылі паміж сабой больш за сто гандлёвых пагадненняў і мемарандумаў за некалькі гадоў. А пазней месца асноўнага азіяцкага канкурэнта для амерыканцаў заняў Кітай.
«Бананавая вайна»
У 1990-я гады новым прадметам для гандлёвай спрэчкі паміж ЗША і Еўропай стаў, на першы погляд, нязначны прадукт — банан. На той час еўрапейскія краіны ўжо ўтварылі Еўрасаюз, стварылі адзіны рынак і ўвялі спецыяльны рэжым імпарту бананаў. Спецыяльны рэжым даваў перавагу імпарту бананаў з былых калоній еўрапейскіх дзяржаў у Карыбскім басейне, Афрыцы і ціхаакіянскім рэгіёне.
Бананы з Лацінскай Амерыкі, дзе працавалі буйныя амерыканскія кампаніі, абкладаліся высокімі пошлінамі, што абмяжоўвала іх долю на еўрапейскім рынку. Як дзяржава Злучаныя Штаты не экспартавалі бананы, але выступілі ў абарону інтарэсаў транснацыянальных кампаній і лацінаамерыканскіх партнёраў. Амерыканскі ўрад лічыў, што палітыка Еўрасаюза парушае прынцып свабоднага гандлю, таму была падрыхтаваная позва ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Праз некалькі гадоў пасля разбіральніцтваў СГА вынесла рашэнне на карысць ЗША і абавязала Еўрасаюза прывесці палітыку ў адпаведнасць з правіламі свабоднага гандлю. Спачатку еўрапейскія краіны адмаўляліся выконваць гэта рашэнне, але пасля пагрозаў амерыканцаў увесці 100%-ыя пошліны адразу ж пагадзіліся. Аднак канчаткова канфлікт зацягнуўся амаль на 20 гадоў, пагадненне паміж ЗША і Еўрасаюзам заключылі ў 2012 годзе.
А калі шчыра: ці працуюць гандлёвыя войны?
Досвед мінулага стагоддзя яскрава дэманструе, што гандлёвыя войны часта лёгка пачынаюцца, але прыводзяць да цяжкіх наступстваў для ініцыятараў і іх партнёраў. Злучаныя Штаты прайшлі праз некалькі хваляў гандлёвых канфліктаў, а чаму яны іх пачыналі?
Па-першае, асноўнымі прычынамі гандлёвых канфліктаў ЗША былі унутраныя праблемы: эканамічныя крызісы (Паніка 1893 года ці Вялікая дэпрэсія), ціск прамысловага ці аграрнага лобі, палітычныя ідэалогіі (пратэкцыянісцкая дактрына рэспубліканцаў). Гандлёвыя войны часцяком узнікалі як рэакцыя на беспрацоўе і эканамічныя цяжкасці — урад ЗША спадзяваўся праз абарону рынку вырашыць гэтыя праблемы.
Амерыканцы найчасцей павышалі тарыфы, як гэта адбылося пры Маккінлі і Гуверы. Акрамя гэтага выкарыстоўваліся санкцыі і квоты: ад адрасных пошлін на канкрэтныя тавары да прымусу і абмежаванняў экспарту.
Рэакцыя іншых краін на амерыканскія дзеянні — то бок, увядзенне тарыфаў — была сіметрычнай ці адаптыўнай. У адказ на павышэнне пошлін яны таксама падымалі тарыфы або нават цалкам спынялі імпарт некаторых тавараў ЗША. Нярэдка ўтвараліся альтэрнатыўныя гандлёвыя блокі: Вялікабрытанія і яе калоніі, напрыклад, згуртаваліся падчас Вялікай дэпрэсіі, каб менш залежыць ад ЗША. Іншы тып рэакцыі — перамовы і кампраміс: краіны са слабейшымі эканомікамі, напрыклад Японія ў 1980-я гады, часцей ішлі на ўмовы амерыканцаў, каб пазбегнуць пагаршэння канфлікту.
Эканамічныя і палітычныя наступствы гандлёвых войнаў аказваюцца пераважна негатыўнымі.
Эканамічна: падчас буйных канфліктаў тармазіцца рост, рэзка скарачаецца сусветны гандаль і пакутуюць усе ўдзельнікі. Нават моцная эканоміка ЗША можа панесці страты, бо экспартныя галіны будуць у заняпадзе, спажыўцы будуць плаціць больш, меры ў бок замежнікаў наадварот наносілі шкоду амерыканскім фермерам і вытворцам.
У палітычным плане гандлёвыя войны прыводзяць да пагаршэння адносін паміж краінамі, росту нацыяналізму і недаверу. Пратэкцыянісцкая палітыка 1930-х гадоў паказала, што без супрацоўніцтва эканамічныя праблемы толькі пагаршаюцца, а палітычныя канфлікты абвастраюцца.