Натхненне

Мінамёт, цяжкае раненне і страчанае пакаленне: як Страмінскі прайшоў праз Першую сусветную вайну?


Мінамёт, цяжкае раненне і страчанае пакаленне: як Страмінскі прайшоў праз Першую сусветную вайну?

Амаль усе, хто ведае пра Уладзіслава Страмінскага, ведаюць і пра жахлівае раненне будучага мастака падчас Першай сусветнай вайны. Аднак новыя факты дазваляюць па-іншаму паглядзець на гэту ключавую біяграфічную дэталь.

PALATNO працягвае расказваць пра цікавую біяграфію Уладзіслава Страмінскага.

Раненне не адбылося падчас службы ў Асаўцы?

У пачатку Першай сусветнай вайны Уладзіслаў Страмінскі знаходзіўся на службе ў Асавецкай крэпасці. За некалькі дзён да пачатку вайны Страмінскі толькі выпусціўся з Мікалаеўскай інжынернай школы. Ён быў маладым афіцэрам, які хутка заслужыў давер свайго камандавання, а затым неаднаразова быў адзначаны баявымі ўзнагародамі за мужнасць і прафесійнае майстэрства.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Асавец, першыя заданні і ўзнагароды: ці стварыла мастака Уладзіслава Страмінскага вайна?

крэпасць асавец, уладзіслаў страмінскі, служба страмінскага
Уладзіслаў Страмінскі служыў у Асавецкай крэпасці.

У сваіх успамінах дачка Страмінскага, Ніка, пісала, што цяжкае раненне бацька атрымаў у маі 1915 года, калі побач з ім выбухнала граната. Гэта гісторыя ўвайшла ў біяграфіі мастака амаль без зменаў. Яна выглядала настолькі лагічнай, што ні ў кога не ўзнікала патрэбы яе правяраць. Калі галоўная крыніца па жыцці Страмінскага сцвярджала, што ў маі ён быў паранены і выбыў са строю, то цяжка чакаць, што ў гэты час ён працягваў актыўную службу.

Архіўныя дакументы сведчаць пра іншае.

Журналы баявых дзеяннў Асавецкай крэпасці паказваюць, што ў другой палове мая 1915 года Страмінскі не знаходзіўся ў шпіталі і не быў адхілены ад службы. Ён працягваў працаваць на перадавых пазіцыях, выконваў інжынерныя задачы і займаўся распрацоўкай уласнага мінамётнага апарата. І гэта знаходка прымушае па-новаму прачытаць цэлы фрагмент жыцця чалавека.

Мінамёт Страмінскага

Страмінскі займаўся распрацоўкай ваенна-тэхнічнай прылады як прафесійны ваенны інжынер. Паводле дакументаў, сканструяваны ім мінамётны апарат быў прадстаўлены камандаванню, атрымаў ухвалу, пасля чаго яго вырабілі і выпрабавалі непасрэдна ў Асавецкай крэпасці.

25 мая 1915 года ўстаноўку размясцілі на Сасненскай пазіцыі каля двара Леанова — аднаго з найбольш адказных участкаў абароны. Запісы ў журналах баявых дзеянняў сведчаць, што новы сродак выкарыстоўваўся супраць нямецкіх разведвальных груп і паказаў сябе дастаткова эфектыўна.

У кантэксце біяграфіі Страмінскага гэты факт мае прынцыповае значэнне. Ён сведчыць пра тое, што вясной 1915 года ён быў не тым чалавекам, жыццё якога вызначыла трагедыя, а афіцэрам, які працягваў актыўна працаваць.

Расійскі мінамёт часоў Першай сусветнай вайны, крэпасць асавец, уладзіслаў страмінскі, служба страмінскага
Расійскі мінамёт часоў Першай сусветнай вайны.

Польскі даследчык гісторыі Асавецкай крэпасці Багуслаў Перык нават выказаў меркаванне, што распрацоўка Страмінскага магла стаць адным з прататыпаў пазнейшых серыйных мінамётных сістэм. Гэтая гіпотэза яшчэ патрабуе далейшага вывучэння, але ўжо сам факт яе ўзнікнення красамоўна сведчыць: гаворка ідзе не пра выпадковую тэхнічную імправізацыю, а пра працу чалавека, які мысліў як сапраўдны інжынер.

Дакументы, якія знайшлі даследчыцы Івона Люба і Эва Паліна Вавэр, паказваюць чалавека, які прывык мысліць праз задачу і яе рашэнне. Чалавека, для якога любая праблема патрабавала не прыгожага тлумачэння, а дакладнай канструкцыі. Ці паўплываў гэты спосаб мыслення на яго пазнейшыя мастацкія пошукі? Дакумент не можа адказаць на гэтае пытанне. Але ён дазваляе сцвярджаць іншае: Страмінскі прыйшоў у мастацтва не толькі з досведам вайны, але і з ужо сфармаванай інтэлектуальнай дысцыплінай інжынера. І, магчыма, гэта адкрыццё не менш важнае, чым удакладненне даты яго ранення.

Страчанае пакаленне

Чалавечае жыццё рэдка падзяляецца на акуратныя часткі. Мы любім думаць пра яго як пра паслядоўнасць выразных паваротаў: вось дзяцінства, вось юнацтва, вось момант, калі ўсё змянілася. Сапраўдная біяграфія амаль ніколі не падпарадкоўваецца такой драматургіі. Яна значна больш складаная, бо чалавек ніколі не пачынае жыццё нанова. Ён заўсёды прыносіць у наступны яго этап усё, што ўжо паспеў перажыць. Менавіта гэта, здаецца, і адбываецца са Страмінскім.

Доўгі час яго гісторыю расказвалі так, быццам цяжкае раненне аддзяліла адно жыццё ад другога непераадольнай мяжой. Да ранення Страмінскі ўжо быў цалкам сфармаванай асобай: ён меў прафесію, у якой паспеў рэалізавацца і атрымаць павагу калег з камандаваннем. У Страмінскага наперадзе была вялікая будучыня, якая аказалася разбураная вайной. Першая сусветная вайна пакінула пасля сябе цэлае пакаленне людзей, якім давялося вучыцца жыць нанова: адны не вярнуліся з фронту, іншыя вярнуліся, але не маглі працягваць ранейшае жыццё, яшчэ адны былі вымушаныя шукаць сябе ў зусім іншых прафесіях і культурных асяроддзях.

крэпасць асавец, уладзіслаў страмінскі, служба страмінскага
Уладзіслаў Страмінскі.

Уладзіслаў Страмінскі належаў да гэтага пакалення — Страчанага пакалення часоў Першай сусветнай вайны.

Магчыма, таму яго мастацтва так настойліва імкнецца да парадку. Чалавек, які бачыў, як за некалькі месяцаў можа разбурыцца свет, міжволі пачынае шукаць тое, што здольнае супрацьстаяць хаосу. Не выпадкова ў сваіх тэарэтычных працах Страмінскі так шмат гаворыць пра ўнутраную логіку твора, пра адзінства ўсіх яго элементаў, пра арганічную цэласнасць кампазіцыі. Гэта не абавязкова працяг яго вайсковага досведу, але гэта, безумоўна, працяг жыцця чалавека, які аднойчы вельмі рана зразумеў, наколькі крохкім можа быць чалавечы свет.

Даследчыцы Івона Люба і Эва Паліна Вавэр вярнулі ў біяграфію Страмінскага не новыя даты і ўзнагароды — хоць і гэта само па сабе вельмі важна. Яны вярнулі ў яе страчаную першую палову жыцця — тую, без якой другая палова выглядае незразумелай.