Веды

Як людзі засялялі Беларусь, чым займаліся і ў што верылі


Як людзі засялялі Беларусь, чым займаліся і ў што верылі

Яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч гадоў таму на тэрыторыі сучаснай Беларусі было не да адпачынку: тут то наступаў, то адступаў ледавік, а людзі прыходзілі сюды толькі ў перыяды пацяплення. Пазней яны навучыліся паляваць на мамантаў, рабіць прылады з крэменю, вырабляць кераміку, апрацоўваць зямлю і верыць у замагільнае жыццё.

Разбіраем, што трэба ведаць пра старажытных людзей на тэрыторыі Беларусі.

Калі першыя людзі прыйшлі на нашы землі

Спачатку тэрыторыя Беларусі была зусім не самым прыемным месцам для жыцця. З поўначы наступалі гіганцкія ледавікі. У перыяды пахаладанняў таўшчыня лёду тут магла дасягаць двух кіламетраў. Таму доўгі час людзі не маглі пастаянна жыць на гэтых землях. Клімат паступова мяняўся: ледавік адступаў, потым зноў наступаў. У перыяды часовага пацяплення на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалі з’яўляцца першыя людзі.

Магчыма, сюды траплялі неандэртальцы — выкапнёвы від чалавека, які пазней цалкам вымер. Але ўпэўнена казаць можна пра прыход краманьёнцаў — людзей сучаснага тыпу. У Еўропе яны з’явіліся прыкладна 35–40 тысяч гадоў таму.

З гэтым перыядам звязаныя дзве найстаражытнейшыя вядомыя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі. Першая знаходзіцца каля вёскі Юравічы ў сучасным Калінкавіцкім раёне. Людзі з’явіліся там у 24-м тысячагоддзі да нашай эры. Другая — каля вёскі Бердыж у Чачэрскім раёне, на рацэ Сож. Там людзі жылі ў 22–21-м тысячагоддзях да нашай эры.

Але гэтыя стаянкі яшчэ не азначаюць, што людзі ўжо пастаянна жылі на тэрыторыі Беларусі. Пасля канчатковага адыходу ледавіка пачалося шырокае рассяленне. Рэкі Дняпро, Прыпяць і Сож сталі своеасаблівымі шляхамі, па якіх людзі асвойвалі новыя тэрыторыі. Толькі пад канец мезаліту — сярэдняга каменнага веку — на тэрыторыі Беларусі склалася першае сталае, гэта значыць пастаяннае, насельніцтва.

Паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства

Як людзі выжывалі ў гэты час? Яны карысталіся прысвойвальнай, або спажывецкай, гаспадаркай: не вырошчвалі ежу, а бралі ад прыроды тое, што ўжо існавала. Асноўнымі заняткамі былі паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства.

Палявалі супольна, усёй радавой абшчынай. У старажытным каменным веку адной з галоўных здабыч былі маманты. Жывёлы важылі некалькі тон, таму паляванне на іх патрабавала сумесных дзеянняў. Маманты маглі трапляць у ямы-пасткі або іх гналі да крутых абрываў. Каля 10–12 тысяч гадоў таму маманты вымерлі. Людзям давялося прыстасоўвацца і пераходзіць на паляванне на больш дробных і хуткіх жывёл, у тым ліку паўночных аленяў.

Збіральніцтва было не менш важным. Людзі збіралі ягады, лясныя арэхі, грыбы, яйкі птушак, ядомыя карані і мёд дзікіх пчол.

Рыбу спачатку лавілі рукамі на плыткаводдзі, а пазней навучыліся выкарыстоўваць гарпуны, пасткі і касцяныя кручкі.

Крэмень, лук і першыя гаршкі

Для палявання і апрацоўкі здабычы патрэбныя былі прылады працы. Галоўным матэрыялам стаў крэмень — камень, які пры расколванні дае вельмі вострыя краі. З крэменю рабілі востраканечнікі для коп’яў, скрабкі для апрацоўкі скур і разцы для рэзання косці і дрэва.

З часам з’явіліся новыя вынаходствы. У мезаліце людзі стварылі лук і стрэлы. Гэта дазволіла паляваць на хуткую дзічыну на адлегласці. У неаліце — новым каменным веку — чалавек навучыўся свідраваць і шліфаваць камень. А пад канец пятага тысячагоддзя да нашай эры на поўдні Беларусі людзі навучыліся ляпіць і абпальваць гліняны посуд. Першыя гаршкі рабілі ўручную, часта з вострым або круглым дном. Посуд таксама ўпрыгожвалі арнаментам з кружкоў, крыжыкаў і ромбаў. Такія знакі маглі сімвалізаваць Сонца, урадлівасць, вечнасць прыроды і яе кругазварот.

Але найбольш важная гаспадарчая змена адбылася ў трэцім тысячагоддзі да нашай эры.

Ад прысвойвальнай да вытворчай гаспадаркі

На поўдні Беларусі пачаўся пераход да вытворчай гаспадаркі. Чалавек ужо не толькі браў гатовае ў прыроды, але сам пачаў вырабляць неабходную ежу. Так з’явіліся земляробства і жывёлагадоўля.

Самай першай прыручанай жывёлай стаў сабака. Ён дапамагаў чалавеку на паляванні і ахоўваў яго.

Зямлю спачатку апрацоўвалі матыкамі. А ў лясістай мясцовасці выкарыстоўвалі падсечна-агнявое земляробства: высякалі лес, спальвалі дрэвы, а попел выкарыстоўвалі як угнаенне. Пераход да земляробства змяніў не толькі гаспадарку, але і ўяўленні людзей пра свет.

Ад духаў да веры ў замагільнае жыццё

Жыццё першабытнага паляўнічага было небяспечным. Чалавек спрабаваў зразумець навакольны свет і неяк сябе абараніць. Так узнікалі першыя рэлігійныя ўяўленні. Людзі надзялялі душой усё жывое і нежывое вакол сябе. Такая вера называецца анімізмам. Яны выкарыстоўвалі і амулеты. На шыі або на адзенні насілі ўпрыгажэнні з зубоў дзікіх жывёл — ваўка, лісы ці мядзведзя — і верылі, што яны могуць абараніць чалавека ад небяспекі.

На стаянцы Асавец на Віцебшчыне археолагі знайшлі невялікія касцяныя і гліняныя фігуркі. Магчыма, яны ўвасаблялі духаў — ахоўнікаў і памочнікаў у паляванні.

З пераходам да земляробства больш важнымі сталі сілы прыроды, ад якіх залежаў ураджай, — Сонца і дождж.

У старажытных людзей існавала і вера ў замагільнае жыццё. Яны не лічылі смерць канчаткам і верылі, што жыццё працягваецца ў іншым свеце. З гэтай верай былі звязаныя пахавальныя абрады. На тэрыторыі Беларусі вядомыя два асноўныя спосабы пахавання: спальванне цела памерлага і закопванне яго ў зямлю. Лічылася, што агонь валодае ачышчальнай сілай, таму нябожчыка маглі спальваць. Разам з памерлым у магілу пакідалі рэчы, якімі ён карыстаўся пры жыцці: прылады працы, зброю, упрыгажэнні. Лічылася, што яны спатрэбяцца яму і ў іншым свеце. Над пахаваннем маглі насыпаць земляны насып — курган, або валатоўку. Такія курганы дагэтуль стаяць у беларускіх лясах і палях, нагадваючы пра людзей, якія жылі тут тысячы гадоў таму.