Навошта ў труну клалі яйка, тытунь і замок? Чаму пасля смерці чалавека вылівалі ўсю ваду ў хаце, а зачыненую труну баяліся адкрываць па дарозе на могілкі? Адказы на гэтыя пытанні запісаў святар больш за сто гадоў таму, які напісаў вялікае даследаванне пра Піншчыну.
PALATNO расказвае, як пінчукі бачылі смерць.
Змест
Як рускі святар аказаўся ў Пінску і напісаў даследаванне пра пінчукоў
Напрыканцы XIX стагоддзя праваслаўны святар Дзмітрый Булгакоўскі пабываў на Піншчыне і напісаў адну з галоўных прац свайго жыцця — пра пінчукоў, іх быт і павер’і. Для Булгакоўскага, народжанага ў Арлоўскай губерні, Беларусь не была незнаёмым месцам. Пасля заўчаснай смерці бацькі ён жыў на Міншчыне, а пасля яшчэ і скончыў там рэлігійную адукацыю. Працяглы час святар служыў на тэрыторыі Мазыршчыны, Піншчыны, Гродзеншчыны.
У 1890-я гады Булгакоўскі служыў у розных гарадах Гродзенскай губерні. Акрамя рэлігійнай дзейнасці, займаўся яшчэ асветай і барацьбой за цвярозасць сярод простых людзей. Разам з гэтым Булгакоўскі займаўся даследаваннямі.
Адным з першых вялікіх даследаванняў ён правёў на Піншчыне, а затым выпусціў кнігу пра пінчукоў і іх звычаі. У выданні «Пінчукі. Этнаграфічны зборнік» апісваліся мясцовыя песні, загадкі, прымаўкі, абрады і павер’і.

Што пінчукі думалі пра смерць і як ад яе абараняліся
Рытуалы і абрады пачыналіся яшчэ да таго, як чалавек уласна памірае. Калі чалавек знаходзіўся пры смерці, то каля яго галавы запальвалі свечку, каб у яго была лёгкая смерць.
Пінчукі лічылі грахом трымаць доўгі час нябожчыка ў доме. Да таго ж лічылася, што нябожчык можа ўсё чуць, што каля яго гавораць, таму рэкамендавалася заспяваць — ужо тады можна было спакойна размаўляць. Верылі і ў тое, што калі чалавек памірае, то яго душа застаецца ў доме да таго часу, пакуль не памрэ хтосьці ў вёсцы.
Было важна адразу пасля смерці чалавека пайсці па вёсцы ці мястэчку, каб паклікаць суседзяў у дом. Гэту традыцыю звязвалі з тым, што менавіта так нябожчыка будуць клікаць у рай святыя.
Важна: пінчукі верылі, што нябожчык можа перавярнуцца ў русалку. Каб пазбегнуць такой сітуацыі, трэба абмываць нябожчыка — гэта рабілі сталыя жанчыны і абавязкова іх павінна быць цотная колькасць.
Людзей хавалі ў шапках. Пасля таго, як нябожчыка выносілі з дома, адна з жанчын абавязкова пасыпала жытам у розных кутках хаты. У час, калі капалася магіла, то зямля з могілкі насыпалася спецыяльна на лаўку, на якую клалі пасля труну.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Нябожчык, пахаванне і мерцвякі: як па-рознаму называюць іх у Беларусі
Як пахаваць і памянуць, калі ты беларус. Расказваем пра рытуалы і традыцыі
Ад «новай хаткі» да сімвала смерці. Расказваем пра труну ў беларускай міфалогіі
Калі нябожчыка везлі на могілкі, то ў хаце пакідалі аднаго чалавека, бо верылі, што так ніхто больш у сям’і не памрэ. Да таго ж верылі, што калі святар падчас развітанне агледзецца назад, то ў сям’і памерлага яшчэ хтосьці загіне. Труну да могілак заўсёды трымалі зачыненай, бо калі яе адкрыць, то можа загінуць увесь свет.
У труну да нябожчыка клалі яйка, бялізну, тытунь і люльку (у выпадку, калі нябожчык паліў), святую ваду, у некаторых мясцінах — грошы і гарэлку. Калі труну апускаюць, то сваякі памерлага абавязкова кідаюць у зямлю замок, каб ніхто больш у сям’і не памёр.
Пасля пахавання блізкія і суседзі ішлі на памінкі. У першую ноч пасля пахавання на стол ставяць ваду і хлеб, каб душа памерлага магла пачаставацца, калі прыйдзе ў госці. На 40-ы дзень на магілу памерлага клалі спецыяльна вырабленую калодку, бліны, арэхі, гарбузы і гарэлку.
Калі паміралі дзеці, то бабка, якая даглядала за дзецьмі, павінна замкнуць замок і пакласці яго ў труну да нябожчыка-дзіцяці, а ключ ад замка выкідвалі ў калодзеж.
Як пінчукі асабліва ўяўлялі Смерць і рай з пеклам
Пінчукі бачылі Смерць як незвычайнага чалавека, якога ніхто не бачыць акрамя чалавека, што памірае. Да смяротна хворага чалавека Смерць прыходзіць з касой, на канцы якой знаходзіцца кропля смерці. Калі хворы чалавек адкрываў рот, то Смерць станавілася ля яго галавы, а з касы ў рот падала тая самая смяротная кропля.
Пасля смерці чалавека яго душа пагружаецца ва ўсю ваду, якая знаходзіцца ў доме. Таму вада пасля смерці чалавека лічыцца апаганенай. Калі такую ваду выпіць, то можна ў хуткім часе памерці. Пінчукі верылі, што душа чалавека канчаткова пакідае цела толькі на дзевяты дзень пасля смерці.
На Піншчыне верылі, што ў смерці дзяцей амаль заўсёды будуць вінаватыя нядаўна памерлыя людзі. Ва ўяўленні тагачасных людзей нябожчыкі часцяком ходзяць па хатах жывых людзей, каб забраць іх з сабой. Супраць гэтага меліся свае контрмеры: у адзін з дзён у хаце збіраліся ўсе жанчыны з населеннага пункта, разам сядалі прасці палатно, праз якое пазней па тры разы пераносяць усіх дзяцей з паселішча. Лічылася, што пасля такога абраду нябожчыкі больш не хадзілі за жывымі, тым больш, дзецьмі.
Уяўленні рая і пекла ў пінчукоў былі досыць размежаванымі і зразумелымі для іх саміх. Рай лічыўся месцам для добрых людзей, пекла — для грэшнікаў. Памерлы чалавек, які трапляе ў рай, не будзе мець патрэбы ні ў чым. А вось злыя людзі будуць вечна жыць у агні і смале, якая кіпіць. Для пінчукоў геаграфічна рай знаходзіўся на небе, а пекла — пад зямлёй.

