Чалавека, які не хацеў працаваць, у адной беларускай вёсцы маглі назваць лайдаком, у другой — лежабокам, а ў трэцяй для яго знаходзілі яшчэ больш адметнае слова. Асобныя назвы існавалі для крыкуноў, разявак, пляткароў і неахайных людзей.
PALATNO расказвае, як у розных кутках Беларусі называлі людзей і якія чалавечыя заганы заўважалі найчасцей.
Як называлі дурняў
Чалавек мог здавацца неразумным па розных прычынах Адзін павольна цяміў, другі не заўважаў таго, што адбывалася ў яго перад вачыма, трэці не ўмеў нічога зрабіць, а чацвёрты спачатку гаварыў і толькі потым думаў. Таму агульнага слова «дурань» беларусам было недастаткова
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Разумная галава, ды дурню дасталася». Якія беларускія прыказкі ёсць пра дурняў?
На Століншчыне зафіксавалі слова балда. На Гомельшчыне някемлівага чалавека маглі назваць агламозам, а ў гаворках Мёрскага і Лагойскага раёнаў — асталопам. Асталопам маглі назваць не толькі дурнога, але і няспрытнага чалавека.
У Лагойскім і Крупскім раёнах сустракалася слова абух — так маглі назваць чалавека непамятлівага, няздольнага або недагадлівага.
Для няўважлівага чалавека існавала асобная кампанія словаў: разява, разіна, ратазей. Разявай называлі таго, хто не заўважае відавочнага. У розных беларускіх гаворках сустракаліся таксама разявіла, разявіха, разявон, разявешнік.
А вось слова цапуха, запісанае ў Віцебскім раёне, магло абазначаць някемлівага, дурнаватага чалавека.
Што казалі пра тых, хто не працаваў
Асабліва шмат словаў маглі пачуць людзі, якія пазбягалі працы. У традыцыйнай вёсцы ад працы аднаго чалавека часта залежала ўся сям’я, таму лянота была не толькі асабістай заганай. Той, хто не выходзіў у поле, не даглядаў гаспадарку або жыў за чужы кошт, станавіўся праблемай для ўсіх.
Слова гультай або лайдак былі вядомыя ў многіх кутках Беларусі. Побач з імі ў гаворках сустракаліся лежань, лежабока, лында, абібок, дармаед, сядзень.
У Мсціслаўскай гаворцы зафіксавана слова бібік, якое азначае лайдака. У іншых мясцовасцях сустракаліся назвы заваліпеч, печкалюб, цёплапліж.
Як называлі людзей, якіх чуваць на ўсю вёску
Для таго, хто размаўляў занадта гучна, любіў спрачацца або пачынаў сварку, таксама існавалі дзясяткі назваў.
Самыя зразумелыя нам сёння — крыкун і крыкуха. У гаворках сустракаліся таксама крыклівец, крыкліўка, крыкса. Гырока былі вядомыя словы з коранем «горла»: гарлаты, гарлач, гарласты, гарлапан, гарладзёр. У Жыткавіцкім і Нараўлянскім раёнах зафіксавана цікавае слова — ратамыўка.
Аднак крыклівы чалавек не заўсёды азначаў сварлівага. Чалавек мог проста мець гучны голас. Для тых, хто свядома шукаў канфлікту, існавала асобная група назваў: сварлівец, сваруха, задзіра, забіяка.
Некаторыя словы апісвалі людзей, паводзіны якіх цяжка звесці да адной заганы. Шалапутам называлі легкадумнага, пустога чалавека, часам баламута або свавольніка. Слова было вядомае ў розных беларускіх гаворках — на Віцебшчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне. Шалапут мог быць не злым, але на яго было цяжка спадзявацца, бо ён рабіў неабдуманыя ўчынкі, меняў рашэнні.
Абразы для неахайных, прагных і тых, каго не любілі за жаданне вылучацца
Асабліва каларытна гучаць словы для людзей неахайных, нязграбных і няўмелых. У Мсціслаўскім раёне запісалі слова ахламонне. Тут жа сустракаліся тумбора, чэпула, шаламуш. На Зэльвеншчыне неахайнага чалавека маглі назваць бабухінам, у Докшыцкім — варэняй, у Глыбоцкім — лагізай, лахудрай, марзюхай. У Мёрскім раёне зафіксаваныя печкаль, плёха, плёхала. У Бярозаўскім і Драгічынскм раёнах сустракалася слова кейцала, на Бялыніччыне — кашапень.
Слова хапуга і хапун абазначалі прагнага да нажывы чалавека. Хапуга не быў ашчадным, бо імкнуўся схапіць, прысвоіць і атрымаць больш. Сустракаюцца падобныя блізкія словы: хапіла, хапала, хапунец.
Не ўсякая абраза была звязаная з працай або розумам. Падазрона маглі ставіцца і да таго, хто занадта старанна дэманстраваў сваю перавагу. Франтам называлі чалавека, які любіў модна прыбірацца: само слова не заўсёды было абразлівым, але ў пэўным кантэксце магло гучаць насмешліва. Больш адмоўнымі былі хвалько, хвальбіт.
