На яўрэйскіх могілках у Беластоку стаіць невялікі белы охель. Яго пабудавалі больш за сто гадоў таму на грошы беластоцкіх яўрэяў з Нью-Ёрка. Унутры ўжо няма арыгінальнага надмагілля, якое знаходзілася там доўгія дзесяцігоддзі. Гэты охель быў пабудаваны для чалавека, які доўгія часы вырашаў рэлігійныя спрэчкі беластоцкіх яўрэяў і які, паводле сучаснікаў, быў любімы простымі людзьмі. Яго звалі рабін Хаім Нафталі Герц Гейльперын.
PALATNO расказвае пра рабіна Хаіма Гейльпрына.
Месца нараджэння рабіна з’яўляецца спрэчным, але ёсць беларускі след
У большасці крыніц месцам нараджэння Хаіма Гейльперына пазначаецца Мінск, у некаторых можна знайсці іншае месца — Кедайняй у Літве. Аднак раннія крыніцы, у тым ліку біяграфічныя даведнікі пра рабінаў, не пацярджаюць ніводную з гэтых версій. У прыжыццёвым біяграфічным даведніку Бэн-Цыёна Айзенштата, выдадзеным у Вільні ў 1900 годзе, напісана толькі тое, што Хаім Гейльперын нарадзіўся ў сям’і рабіна Рафаэля Ём-Това Ліпмана.
Гейльперын нарадзіўся 18 студзеня 1841 года. Месца нараджэння не названа ні ў прыжыццёвай біяграфіі, ні ў эпітафіі. Вядома, што Хаім быў адзіным сынам сваіх бацькоў, Рафаэля і Міны Голды. Міна Голда была дачкой рабіна з Мінска. Магчыма, раннія гады яны пражылі ў Мінску, і, хутчэй за ўсё, там мог нарадзіцца Хаім.

Бацька Хаіма, Рафаэль Ём-Това Ліпман, быў вядомым рабінам на беларуска-польскім памежжы. Ён служыў кіраўніком рабінскага суда ў польскім горадзе Міжырэцы-Падляскім, а пасля пераехаў у Беласток. Бацька быў аўтарам вядомай рэлігійна-прававой працы «Оне Ём-Тоў», а Хаім стаў яго вучнем і прадаўжальнікам працы.
Хаім Гейльперын ажаніўся, калі яму споўнілася 18 гадоў. Пасля шлюбу малады Гейльперын тры гады жыў адасоблена і амаль цалкам прысвяціў сябе вывучэнню Талмуда і Галахі. Для таго часу гэта была звычайная мадэль падрыхтоўкі будучага рабіна: сям’я забяспечвала маладога чалавека, каб ён мог не працаваць і засяродзіцца на вучобе.
Амаль усё жыццё жыў і працаваў у Беластоку
Яшчэ пры жыцці бацькі Гейльперын стаў у Беластоку морэ гараа — рабінам, які даваў практычныя заключэнні ў пытаннях рэлігійнага права. Да яго звярталіся, калі трэба было вызначыць, ці адпавядае ежа рэлігійным нормам, як правільна аформіць шлюб або развод, як вырашыць сямейную ці маёмасную спрэчку.
У 1877-1878 гадах Гейльперына прызначылі кіраўніком беластоцкіх знаўцоў рэлігійнага права. Па некаторых дадзеных, гэта адбылося крыху пазней. У 1898 годзе, пасля смерці рабіна Шмуэля Магілевера, Хаім Гейльперын узначаліў рабінскі суд.
Сучаснікі Гейльперына апісвалі яго як спакойнага, сціплага і пабожнага чалавека. Адзначалася, што ён быў бліжэйшы да простых людзей, чым да замкнёнага кола яўрэяў-навукоўцаў.
Гейльперын зрабіў шмат для захавання спадчыны бацькі. У 1880 годзе ў Вільні быў апублікаваны зборнік рэлігійна-прававых адказаў Рафаэля Ём-Това Ліпмана «Онег Ём-Тоў». На тытульнай старонцы было пазначана, што кнігу перадаў у друк «яго сын і вучань». У 1905 годзе з’явілася яшчэ адна частка кнігі, у канцы якой з’явіліся і ўласныя тлумачэнні Хаіма Гейльперына.
Падчас Першай сусветнай вайны Гейльперын дазволіў ашкеназійскім яўрэям часова адступіць ад забароны на ўжыванне бабовых на Песах. Верагодна, гэта было звязана з недахопам харчавання ва ўмовах вайны.
Пасля сябе Гейльперын пакінуў рукапісную працу «Кір’ят Хана». Гэта быў зборнік рэлігійна-прававых адказаў і тлумачэнняў. Рукапіс доўгі час захоўваўся ў Беластоку ў яго сына Шломы, але быў страчаны падчас Другой сусветнай вайны.
Канфлікт Гейльперына з галоўным рабінам Беластока
Пасля смерці свайго бацькі Хаім Гейльперын пэўны час фактычна замяшчаў галоўнага рабіна Беластока. Калі грамада пачала шукаць пастаяннага кіраўніка, то разглядаліся тры кандыдаты. У кожнага кандыдата былі свае прыхільінкі, таму доўгі час не маглі дамовіцца. Вырашальны голас перадалі Гейльперыну — і ён выбраў Шмуэля Магілевера (нарадзіўся ў Глыбокім).
Калі Магілевер прыехаў у Беласток, то Гейльперын адразу ўвайшоў у склад яго рабінскага суда. Ён запатрабаваў, каб Магілевер прызначыў яго кіраўніком рабінскага суда — рош-бейт-дынам.

Магілевер адказаў, што пакуль ён новы чалавек у горадзе і не можа самастойна прыняць такое рашэнне, бо патрэбна згода кіраўнікоў яўрэйскай грамадаы. Магілевер перадаў ім просьбу Гейльперына, але яны катэгарычна адмоівілі па розных прычынах. Пасля гэтага Гейльперын пакінуў суд Магілевера і стаў дзейнічаць самастойна як морэ гараа. З таго часу ён быў «пасіўным праціўнікам» рабінства Магілевера, бо не прызнаваў яго судовую структуру цалкам, але і не спрабаваў адабраць у яго функцыі галоўнага рабіна.
Асобны эпізод канфлікту адбыўся падчас рэкруцкіх набораў у расійскую армію. Яўрэйская грамада Беластока павінна была выстаўляць належную колькасць рэкрутаў, некаторыя прызыўнікі хаваліся і патрабавалі ад грамады выплаты, перш чым пагадзіцца на службу.
Пакуль для людзей збіралі грошы, сваякі людзей, якія мелі вызваленне ад службы, перашкаджалі чытанню Торы ў малітоўных дамах і ладзілі скандалы. Яны баяліся, што ўлады забяруць іх родных замест тых, хто схаваўся. Аднойчы яны сарвалі службу перад Песахам, на якой чытаў пропаведзь Магілевер. У галоўнага рабіна патрабавалі прымусіць кіраўніцтва грамады скончыць рэкруцкі набор, а Магілевер спыніў свой выступ і пайшоў дадому.
Магілевер збіраўся пасля Песаха пакінуць Беласток, бо кіраўніцтва яўрэйскай грамады не слухала яго, а праблему з рэкрутамі ён не мог урэгуляваць. Яшчэ адной прычынай было прыніжэнні Магілевера, на яго думку, у пытанні сродкаў ад продажу хамэцу перад Песахам. У Беластоку хамэц сімвалічна прадавалі перад Песахам у памяшканні суда Магілевера і ў Гейльперына.
Сабраныя грошы належала перадаваць Магілеверу, які размяркоўваў іх пароўну паміж усімі рабінамі-правазнаўцамі. Сам Магілевер, паводле аўтара, не браў сабе нічога з даходаў рабінскага суда. Аднак у той год грошы, сабраныя ў раёне сінагогі, яму не перадалі. Магілевер ўспрыняў гэта як афіцыйнае прызнанне таго, што ў горадзе цяпер існуюць два незалежныя рабінскія суды, і з гэтым ён не мог пагадзіцца.
Канфлікт Магілевера і Гейльперына вырышыўся пасля ўмяшальніцтва мясцовых уплывовых яўрэяў, якія дапамаглі ўрэгуляваць праблему з рэкруцкім наборам і загадалі перадаць грошы ад продажу хамэцу Магілеверу. Гейльперын сам прыйшоў да Магілевера і прымірыўся з ім.
Смерць рабіна і яго охель
Хаім Гейльперын памёр 6 мая 1919 года. Ён быў пахваны на яўрэйскіх могілках у раёне Багнуўка, што ў Беластоку. На яго надмагіллі напісана: «Праведны і сціплы мудрэц, нашчадак славутага роду, вялікі знаўца рэлігійнага права, слава свайго пакалення, пячатка праўды, узор сціпласці і высакароднасці. Яго чыстае сэрца было крыніцай любові, міласэрнасці і дабрыні да свайго рода і да кожнага стварэння. Каля шасцідзесці гадоў ён спакойна і справядліва быў са сваёй грамадой, нібы анёл божы хадзіў сярод нас».
У 1922 годзе, праз тры гады пасля смерці рабіна, над яго магілай узвялі охель — невялікую пабудову, якая традыцыйна ставілі над пахаваннямі асабліва паважаных рабінаў. Будаўніцтва арганізавала нью-ёркская суполка выхадцаў з Беластока. На сцяне знаходзіўся надпіс на ідышы, што охель рабіна Хаіма Герца Гейльперына пабудаваны на сродкі Bialystoker Relief з Нью-Ёрка.
Ініцыятарам будаўніцтва охеля выступіў Морыс Фаншайн, які знайходзіўся ў 1921-м у Беластоку.

Фанштайн быў прадстаўніком Bialystoker Relief — аб’яднання беластоцкіх яўрэяў у Нью-Ёрку, — і выконваў там місію па размеркаванні сродкаў ад амерыканскіх сваякоў. У прыватнасці, у той час, Фанштайн знаходзіўся на могілках сваіх бацькоў у Багнуўцы. Там ён пабачыў, што магіла рабіна Хаіма Гейльперына стаіць без надмагілля. Пасля вяртання ў Нью-Ёрк ён прапанаваў мясцовай грамадзе сабраць сродкі для будаўніцтва охеля.
Беластоцкая яўрэйская супольнасць была моцна збяднелай пасля Першай сусветнай вайны, таму не магла сама належным чынам уладкаваць магілу. Охель быў пабудаваны ў 1922 годзе.




