Натхненне

Як хлопчык з Брэста стаў прэм’ер-міністрам Ізраіля і атрымаў Нобелеўскую прэмію


Як хлопчык з Брэста стаў прэм’ер-міністрам Ізраіля і атрымаў Нобелеўскую прэмію

Будучы прэм’ер-міністр Ізраіля, адзін з лідараў яўрэйскага падполля і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Менахем Бегін нарадзіўся ў Брэсце. У гэтым беларускім горадзе ён вырас, далучыўся да сіянісцкага руху і зрабіў першыя крокі ў палітыцы.

PALATNO расказвае пра Менахема Бегіна.

У Брэсце пачалася палітычная кар’ера будучага кіраўніка Ізраіля

Менахем Бегін нарадзіўся ў 1913 годзе ў Брэсце, які тады называўся Брэст-Літоўскам і знаходзіўся ў межах Расійскай імперыі. Менахем быў малодшым дзіцём у сям’і, у яго яшчэ былі сястра і брат. Бацька Менахема быў актыўным членам мясцовай яўрэйскай абшчыны і прыхільнікам сіянізму — ідэі стварэння яўрэйскай нацыянальнай дзяржавы.

Дзяцінства Менахема было неспакойным. Калі хлопцу было два гады, яго сям’я выехала з Брэста з-за Першай сусветнай вайны. Бегіны жылі спярша ў Драгічыне, а праз некаторы час спыніліся ў Кобрыне. Толькі ў 1919 годзе яны вярнуліся ў Брэст, калі той ўжо стаў часткай Польшчы.

Менахем вучыўся ў традыцыйнай яўрэйскай школе, пасля стаў вучнем рэлігійна-сіянісцкай школы «Тахкемоні». У 1931 годзе ён пераехаў у Варшаву, каб вучыць права. У 1935 годзе ён атрымаў дыплом юрыста, аднак яшчэ да варшаўскай старонкі жыцця ў яго з’явілася тое, што стала важнейшым за юрыспрудэнцыю — гэта была палітыка.

Менахем Бегін, беларускія яўрэі, яўрэі беларусь, кіраўнікі ізраіля з беларусі
Менахем Бегін (другі злева) з бацькамі ў Брэсце, 1932 год.

Яшчэ падлеткам Менахем уступіў у сіянісцкі рух: спачатку гэта быў «Ха-Шамер ха-Цаір», пазней — «Бейтар». Рух «Бейтар» быў створаны прыхільнікамі Уладзіміра Жабацінскага, выступ у Брэсце якога, паводле біяграфіі Менахема Бегіна, стаў вырашальным у жыцці юнака. Бегін стаў кіраваць брэсцкай ячэйкай «Бейтара», а яшчэ пазней стаў кіраўніком руху ў Брэсцкай акрузе.

У 1930-я гады Менахем Бегін працаваў на агульнапольскім узроўні, арганізоўваў акцыі і выступаў на канферэнцыях. У 1937 годзе за ўдзел у дэманстрацыі каля брытанскай амбасады ў Варшаве ён нават правёў некалькі тыдняў у зняволенні. Бегін належаў да радыкальнага крыла руху і лічыў, што ад палітычных заяў трэба пераходзіць да больш актыўнай барацьбы за стварэнне яўрэйскай дзяржавы.

У сакавіку 1939 года, калі Бегіну было ўсяго 25 гадоў, ён узначаліў «Бейтар» у Польшчы. Да вялікай палітычнай кар’еры Менахему заставаліся дзесяцігоддзі, а да катастрофы, якая цалкам зменіць жыццё, — некалькі месяцаў.

Чэкісты арыштоўваюць за сувязі з брытанцамі

Праз некалькі дзён пасля пачатку Другой сусветнай вайны Бегін разам з жонкай Алізай пакінуў Варшаву. Яна ўцяклі ў Львоў, а затым — у Вільню. У Вільні Менахем працягвае працаваць у «Бейтары», спрабуе арганізаваць выезд яго ўдзельнікаў у Палесціну.

У 1940 годзе Літву далучылі да СССР. Праз некалькі месяцаў да Менахема Бегіна прыйшлі супрацоўнікі НКУС. Яго арыштавалі, абвінавацілі ў працы на сіянісцкую аргіназацыю і ў сувязях з брытанцамі.

Праз паўгода, у сакавіку 1941 года, Бегіну прысудзілі восем гадоў лагераў. Яго адправілі ў сістэму Пячорлага, дзе працаваў на будаўніцтве дарог у паўночных, часам вельмі суровых умовах. Восем гадоў у лагерах Бегін так не адбыў.

Менахем Бегін, беларускія яўрэі, яўрэі беларусь, кіраўнікі ізраіля з беларусі, гулаг яўрэі
Бегін у Пячорлагу, 1940 год.

Пасля нападу Германіі на СССР Масква аднавіла адносіны з польскім урадам у выгнанні. Паводле дамоўленасцяў паміж Сталіным і польскім кіраўніцтвам, частка польскіх грамадзян атрымала магчымасць выйсці з савецкіх турмаў і лагераў. Такую магчымасць выкарыстаў Механем Бегін, і неўзабаве далучыўся да польскай арміі генерала Уладзіслава Андэрса.

Пакуль Бегін ваяваў, яго сям’ю забілі ў Брэсце

Страшная частка біяграфіі Менахема Бегіна адбывалася далёка ад яго. У чэрвені 1941 года нямецкія войскі занялі Брэст. Амаль уся сям’я Менахема, якая заставалася ў горадзе, загінула падчас Халакосту, выжыла толькі адна сястра.

Паводле дадзеных гісторыкаў, маці Менахема была на той час у бальніцы з пнеўманіяй — яе забілі разам з іншымі пацыентамі. Наконт смерці бацькі Менахема існуюць розныя версіі. Пазней Бегін расказваў гісторыю, што бацьку разам з іншымі брэсцкімі яўрэямі расстралялі на беразе Буга.

Менахем Бегін, беларускія яўрэі, яўрэі беларусь, кіраўнікі ізраіля з беларусі, незалежны ізраіль, армія андэрса
Менахем Бегін у Арміі Андэрса. На фотаздымку — у форме.

Менахем Бегін падчас гэтых падзей знаходзіўся з арміяй Андэрса. У 1942 годзе ён трапіў у Палесціну. Там яўрэйскія падпольныя арганізацыі рыхтаваліся да барацьбы за стварэнне ўласнай дзяржавы. Бегіну прапанавалі ўзначаліць «Іргун» — узброеную арганізацыю сіяністаў. Аднак Менахем не хацеў дэзерціраваць з польскай арміі, таму чакаў афіцыйнага вызвалення ад службы, і толькі ў 1943 годзе перайшоў у падполле.

У пачатку 1944 года «Іргун» пачаў барацьбу супраць брытанскага мандатнага кіравання ў Палесціне. Арганізацыя нападала на брытанскія дзяржаўныя і ваенныя аб’екты. Адной з найбольш вядомых і спрэчных акцый стаў выбух у іерусалімскім гатэлі «Цар Давід» у 1946 годзе — тады загінуў 91 чалавек.

Менахем Бегін доўгі час знаходзіўся ў вышуку, але брытанцы не змаглі яго схапіць. Ён жыў пад чужымі імёнамі, пераязджаў з месца на месца і выкарыстоўваў маскіроўкі.

Незалежны Ізраіль і месца Бегіна ў ім

У 1948 годзе была абвешчана Дзяржава Ізраіль. Падпольныя фарміраванні павінны былі ўвайсці ў новую нацыянальную армію, але амаль адразу ўзнік крызіс.

Карабель «Альталена», набыты «Іргунам», прывёз у Ізраіль зброю і байцоў. Кіраўніцтва арганізацыі планавала пакінуць частку ўзбраення сваім атрадам у Іерусаліме. Урад Давіда Бен-Гурыёна патрабаваў перадаць дзяржаве ўсю зброю. Супрацьстаянне перарасло ў страляніну: «Альталену» абстралялі, з абодвух бакоў загінулі людзі. Бегін заклікаў сваіх людзей не адказваць на гвалт і не ваяваць супраць ураду. Так, пасля той падзеі Менахем канчаткова перайшоў з падполля ў легальную палітыку.

Менахем Бегін, беларускія яўрэі, яўрэі беларусь, кіраўнікі ізраіля з беларусі, незалежны ізраіль
Падбіты карабель «Альталена».

У 1948 годзе Бегін стварыў партыю «Херут». У першым Кнесеце партыя атрымала 14 месцаў. Бен-Гурыён доўгі час адмаўляўся лічыць Бегіна часткай палітычнай сістэмы Ізраіля і не запрашаў у кааліцыю. З часам Менахем стаў адным з галоўных апанентаў ізраільскіх левых партый, якія дзесяцігоддзямі дамінавалі ў палітыцы.

Асабліва вострым быў канфлікт вакол рэпарацый ад Заходняй Германіі. У пачатку 1950-х гадоў Менахем Бегін катэгарычна выступіў супраць таго, каб Ізраіль прымаў нямецкія выплаты за злачынствы нацызму. Адбыліся масавыя пратэсты, якія прывялі да сутычак ля Кнесета, а самога Бегіна ўвогуле часова адхілілі ад парламенцкай працы.

У 1965 годзе «Херут» аб’ядналася з Ліберальнай партыяй, а ў 1973-м Бегін стаў лідарам новага правага блока пад назвай «Лікуд». У 1977 годзе «Лікуд» перамог на выбарах.

Упершыню ў гісторыі Ізраіля ўладу страцілі палітычныя сілы, звязаныя з левым рухам, які кіраваў краінай ад моманту яе стварэння. 63-гадовы Менахем Бегін стаў прэм’ер-міністрам.

Радыкальны нацыяналіст, які запомніўся дзякуючы мірнай дамове

Адна з галоўных іроній у біяграфіі Менахема Бегіна палягае ў тым, што чалавек з рэпутацыяй радыкальнага нацыяналіста і былога кіраўніка ўзброенага падполля ўвайшоў у гісторыю найперш таму, што заключыў мірны дагавор.

У 1977 годзе прэзідэнт Егіпта Анвар Садат зрабіў амаль неверагодны на той момант крок — прыляцеў у Ізраіль. Да гэтага Ізраіль і Егіпет некалькі разоў ваявалі адзін супраць аднаго. Перамовы пачаліся пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Джымі Картэра. У 1978 годзе Бегін і Садат дасягнулі Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў: Ізраіль пагадзіўся вярнуць Егіпту Сінайскі паўвостраў, захоплены падчас Шасцідзённай вайны 1967 года.

У 1979 годзе быў падпісаны мірны дагавор паміж дзяржавамі — першая такая дамова паміж Ізраілем і арабскай дзяржавай. За гэта Менахем Бегін і Анвар Садат атрымалі Нобелеўскую прэмію міру.

Падпісанне Кэмп-Дэвідскіх дамоўленасцяў, Менахем Бегін, беларускія яўрэі, яўрэі беларусь, кіраўнікі ізраіля з беларусі, джымі картэр
Падпісанне Кэмп-Дэвідскіх дамоўленасцяў. Злева направа: Анвар Садат, Джымі Картэр, Менахем Бегін.

Міратворцам у звыклым разуменні Бегін так і не стаў. Ён падтрымліваў пашырэнне яўрэйскіх паселішчаў, падтрымліваў дзеянні ізраільскай арміі ў суседніх дзяржавах. Аднак самым цяжкім выпрабаваннем апошніх гадоў для Бегіна стаў Ліван.

У 1982 годзе Ізраіль пачаў ваенную аперацыю «Мір для Галілеі», накіраваную супраць баз Арганізацыі вызвалення Палесціны ў Ліване. Аперацыя хутка перарасла ў поўнамаштабную вайну, ізраільскія войскі дайшлі да Бейрута. А затым адбылася разня ў палесцінскіх лагерах Сабра і Шаціла, якую здзейснілі ліванскія фарміраванні ў зоне, кантраляванай ізраільскай арміяй. У Ізраілі пачаліся масавыя пратэсты, а следчая камісія вывучала адказнасць ізраільскага кіраўніцтва.

Улетку 1983 года Менахем Бегін падаў у адстаўку. Пасля гэтага Бегін амаль цалкам знік з публічнага жыцця. Ён жыў замкнёна, сустракаўся пераважна з блізкімі.

Менахем Бегін памёр 9 сакавіка 1992 года.