Натхненне

Мсціслаўе амаль знішчылі рускія войскі. А ў гербе горада дагэтуль ёсць элемент часоў Расійскай імперыі


Мсціслаўе амаль знішчылі рускія войскі. А ў гербе горада дагэтуль ёсць элемент часоў Расійскай імперыі

392 гады таму Мсціслаўе атрымала свой герб. На той час горад імкліва развіваўся і павялічваўся, аднак падчас чарговай вайны рускія войскі ўчынілі масавую разню і амаль знішчылі ўсё насельніцтва паселішча. У хуткасці адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, а горад стаў часткай Расійскай імперыі. Герб Мсціслаўя быў зменены двойчы, і сучасны застаецца падобным да таго, як зацвердзіла Кацярына II.

PALATNO расказвае пра мсціслаўскі герб.

Гістарычны герб Мсціслаўя называўся Малай пагоняй

Мсціслаўе ўпершыню згадваецца ў летапісах яшчэ ў сярэдзіне XII стагоддзя. Ужо ў XIV стагоддзі горад стаў часткай Вялікага княства Літоўскага, і з таго часу стаў імкліва развівацца.

У 1634 годзе польскі кароль і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ваза надаў гораду Магдэбургскае права. Разам з гэтым Мсціслаўе атрымала ўласны герб. Ён выглядаў як шчыт, дзе ў залатым полі знаходзілася збройная рука з мячом. Герб атрымаў назву «Малая Пагоня».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: У Віцебска было магдэбургскае права менш за 30 гадоў. Чаму горад яго пазбавілі?

герб мсціслаўя, гербы беларускіх гарадоў, беларускія гербы
Герб Мсціслаўя часоў Вялікага княства Літоўскага.

Трубяцкая разня

Мсціслаўе знаходзілася непадалёк ад межаў Маскоўскай дзяржавы, а затым Расійскай імперыі. Усё гэта прыводзіла да таго, што падчас шматлікіх войнаў Вялікага княтства Літоўскага супраць усходняга суседа горад неаднаразова цярпеў. Аднак найбольш крывавай старонкай лічацца падзеі сярэдзіны XVII стагоддзя — вайны Маскоўскай дзяржавы і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гадоў, якая атрымала назву Патоп. У пачатку вайны, улетку 1654 года, рускія войскі здолелі захапіць Мсціслаўе і амаль знішчыць горад. Па розных ацэнках, было забітае амаль усё мясцовае насельніцтва. Гэта падзея атрымала назву «Трубяцкая разня».

Рускімі войскамі камандаваў Аляксей Трубяцкі. Падчас вайны супраць Рэчы Паспалітай войскі Трубяцкога паводзілі сябе жорстка з мясцовым насельніцтвам: спальвалі паселішча і забіралі сялян, каб вывесці іх у Маскоўскую дзяржаву. Ён пражыў доўгае жыццё, аднак не пакінуў пасля сябе нашчадкаў.

«Трубяцкая разня» сур’ёзна паўплывала на далейшае развіццё Мсціслаўя. Некалі развіты і перспектыўны горад Вялікага княства Літоўскага так і не здолеў аднавіцца. Масавыя забойствы падчас разні значна паменшылі колькасць насельніцтва. Па дадзеных Маскоўскай дзяржавы, пры захопе Мсціслаўя было знішчана больш за 10 тысяч чалавек (па іншых — да 15 тысяч), а ў жывых засталося каля тысячы чалавек. Аднак і пасля разні большасць людзей, што засталася жывой, была гвалтоўна вывезеная ў Маскоўскую дзяржаву.

Беларускія гісторыкі даюць іншыя лічбы, якія таксама ўражваюць крыважэрнасцю захопніцкіх войскаў: гісторык Генадзь Сагановіч падлічыў, што з 33 тысяч жыхароў Мсціслаўя ў жывых засталося толькі каля трох тысяч.

Цікава, што ў далейшым падзеі, звязаныя з «Трубяцкой разнёй», замоўчваліся некаторымі гісторыкамі. Напрыклад, савецкі гісторык Лаўрэнцій Абецэдарскі (нарадзіўся ў Горках і скончыў БДУ) адмаўляў факт той падзеі, як і тое, што рускія войскі маглі ўчыніць такі гвалт. Абецэдарскі быў прыхільнікам Маскоўскай дзяржавы і ідэі таго, што ўсе ўсходнеславянскія землі імкнуліся аб’яднацца вакол Масквы.

Як рускія змянілі герб Мсціслаўя

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Мсціслаўе стала часткай Расійскай імперыі. У 1781 годзе новыя ўлады вырашылі змяніць герб горада, які на той час існаваў больш за 100 гадоў.

У ніжняй частцы герба размясцілі чырвоную лісіцу, бо менавіта гэтая жывёла была заўважаная на Мсціслаўшчыне. У верхняй частцы герба размясцілі частку герба Расійскай імперыі.

Амаль праз 20 гадоў, у 1797 годзе, Кацярына II вырашыла, што гербу патрабуюцца новыя змяненні. З яго прыбралі лісу і размясцілі чырвонага ваўка.

* * *

Сучасны герб горада з’яўляецца спалучэннем гербоў часоў Вялікага княства Літоўскага і Расійскай імперыі. У ім прысутнічае збройная рука з мячом і чырвоны воўк. Герб быў зацверджаны ў 2000 годзе, і з тых часоў не змяняўся.