Апошнім часам усё часцей можна пачуць пра блізкасць беларусаў і рускіх. У савецкі час беларусаў і рускіх пачалі называць братам, а яшчэ раней, у часы Расійскай імперыі, калі царская ўлада тлумачыла сваё панаванне на беларускіх землях, формула «сяброўства» была нават больш радыкальнай. Беларусаў лічылі братнім рускім народам — такую ідэю прасоўваюць дагэтуль.
Хто гэта прыдумаў і навошта? Як гэта ідэя распаўсюдзілася і засталася жывой да нашага часу? PALATNO разбіраецца ў гэтых пытаннях.
Расія вяртае свае гістарычныя землі
У канцы XVIII стагоддзя былыя землі Рэчы Паспалітай былі падзеленыя, а тэрыторыя ўсёй сучаснай Беларусі стала часткай Расійскай імперыі. Аднак нават тады было мала толькі далучыць новую тэрыторыю, трэба было растлумачыць, чаму яна наогул павінна належаць Расіі.
Паступова імперская гістарычная канцэпцыя прапанавала вельмі зручны адказ. Ён палягаў у тым, што Расійская імперыія не захоплівала беларускія землі, а вярнула тое, што і так належала ёй гістарычна.
Логіка гэтай канцэпцыі была простай. Некалі існавала старажытная Русь, пазней яе заходнія землі аказаліся ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а затым пад моцным польскім і каталіцкім уплывам. Мясцовае насельніцтва нібыта было адарвана ад сваёй «рускай» асновы, а Расійская імперыя захопам толькі аднаўляла гістарычную справядлівасць.
Так, беларуская гісторыя ператварылася ў частку рускай гісторыі. Аднак у першыя дзесяцігоддзі пасля падзелаў тая канцэпцыя не была цалкам аформленая. У далейшым вялікую ролю ў падрыхтоўцы глебы для яе ўмацавання адыграла рэлігія.
Як Іосіф Сямашка кінуў уніяцтва і стаў праваслаўным ідэолагам
Іосіф Сямашка нарадзіўся ў 1798 годзе ў сям’і ўніцкага святара. Ён атрымаў уніяцкую духоўную адукацыю і зрабіў кар’еру ва ўніяцтве. Цікава, што менавіта Сямашка стаў адным з галоўных ініцыятараў ліквідацыі гэтай царквы.
У 1827 годзе Іосіф Сямашка прадставіў расійскаму ўраду нататку пра становішча Уніяцкай царквы і спосабы яе далучэння да праваслаўя. Праз дванаццаць гадоў, у 1839-м, на Полацкім саборы была прынята пастанова пра далучэнне ўніяцкіх епархій да Рускай праваслаўнай царквы. Сямашка быў галоўным арганізатарам гэтага працэсу.
Дзейнасць Сямашкі істотна ўплывала на фарміраванне самасвядомасці і нацыянальнай ідэнтычнасці яго паствы. Погляды святара на адукацыю былі непасрэдна звязаныя з уяўленным пра гістарычную еднасць літоўска-беларускіх губерняў з Расіяй. У 1840-1860-я гады ён актыўна ўдзельнічаў у перабудове народнай адукацыі, а пасля Паўстання Кастуся Каліноўскага прапанаваў яшчэ мацней аб’яднаць дзяржаўныя вучылішчы і праваслаўныя прыходскія школы.

Паступова праваслаўе пачалі падаваць як натуральную веру мясцовага насельніцтва. Разам з гэтым Расійская імперыя прадстаўлялася як палітычная і культурная прастора для гэтага насельніцтва. То бок, калі жыхары беларускіх земель — праваслаўныя, а праваслаўе звязваецца з рускай традыцыяй, то і самі гэтыя землі можна было паказваць як частку больш шырокага рускага свету, толькі на пэўны час адарваную ад яго польска-каталіцкім уплывам.
Іосіф Сямашка не сфармуляваў у завершаным выглядзе тэорыю пра беларусаў як частку «трыадзінага рускага народа». Яго дзейнасць істотна падрыхтавала глебу для такой інтэрпрэтацыі. Ліквідацыя Уніяцкай царквы, збліжэнне мясцовай рэлігійнай традыцыі з РПЦ і яго погляды на адукацыю дапамаглі замацоўваць сувязь паміж праваслаўем і «рускасцю».
Менавіта ў такім асяроддзі вырас Міхаіл Каяловіч.
Гісторык «Заходняй Русі»
Міхаіл Каяловіч нарадзіўся ў 1828 годзе ў Кузніцы ў Гродзенскай губерні — сёння гэта тэрыторыя Польшчы, непадалёк ад беларускай мяжы. Бацька Каяловіча быў уніяцкім святаром, які пасля рэформы 1839 года перайшоў у праваслаўную царкву. Сам Каяловіч вучыўся ў духоўных навучальных установах, а пасля скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Там жа застаўся выкладаць, стаў прафесарам гісторыі.
Каяловіч сам паходзіў з беларускіх зямель, пра якія ён пасля будзе неаднаразова пісаць і вывучаць. Хлопец рос у сям’і, якая перажывала пераход ад уніяцтва да праваслаўя, арганізаваны Сямашкам. Раннія навуковыя працы Каяловіча моцна былі звязанымі з царкоўная гісторыяй: ён даследаваў Брэсцкую ўнію, базыльянскі ордэн, гісторыю далучэння ўніятаў да праваслаўя.
З царкоўнай гісторыі Каяловіч паступова перайшоў да значна большага пытання: што ўвогуле такое Беларусь, Літва і Украіна ў адносінах да Расіі. Адказ, да якога ён прыйшоў, быў наступны — гэта «Заходняя Русь».

У 1864 годзе Каяловіч выдаў галоўную працу па гэтай тэме — «Лекции по истории Западной России». Праз год у свет выходзіць яшчэ адна праца, якая стала даследаваннем Каяловіча канфлікту паміж «рускай» асновай краю і польска-каталіцкім уплывам на яго. Паводле гісторыка, мясцовае насельніцтва першапачаткова належала да Русі, а потым аказалася ў ВКЛ, а пасля Крэўскай і Люблінскай уній на гэтых тэрыторыях пачалі ўзмацняцца польская культура і каталіцызм. У інтэрпрэтацыі Каяловіча — гэта было ненатуральнае развіццё краю, бо аддаліла мясцовае насельніцтва ад яго нібыта першапапчатковай рускай сутнасці. У такой канцэпцыі Расія, вядома, станавіла не захопнікам беларускіх зямель, а дзяржавай, якая вярнула іх назад.
А куды падзеліся беларусы?
Міхаіл Каяловіч не адмаўляў існавання беларусаў. Ён адрозніваў іх ад украінцаў (называў іх маларосамі) і рускіх (іх называлі велікаросамі). Прызнавалася гісторыкам і адметнасць гаворкі, і побыту, і рэгіянальных асаблівасцяў.
Як працаваў заходнерусізм? Не трэба было сцвярджаць, што беларусаў увогуле няма, каб адмаўляць асобную беларускую нацыю. Можна было сказаць: так, беларусы існуюць — толькі як адна з частак рускага народа. Менавіта так і працавала логіка Каяловіча. Для Міхаіла Каяловіча беларусы і рускія сталі фактычна адным народам з рэгіянальнымі адрозненнямі.
Трэба разумець, што канструкцыю заходнерусізму ствараў не адзін чалавек. Аднак менавіта Міхаіл Каяловіч стаў адным з тых, хто надаў ёй выгляд гістарычнай навукі. У гэтым заключаецца парадокс біяграфіі самога Каяловіча. Ён паходзіў з Гродзеншчыны, добра ведаў мясцовыя адметнасці і прызнаваў існаванне беларусаў, але прысвяціў значную частку жыцця, каб даказаць, што адметнасцяў недастаткова для прызнання беларусаў асобным народам.
Каяловічу трэба было адказаць на відавочную праблему: калі беларусы — рускія, чаму яны гавораць інакш? Вядома, зручны адказ быў таксама прыдуманы. Беларускую мову можна было прызнаць, але не мовай асобнага народа, а гаворкай або нарэччам унутры шырокай рускай моўнай прасторы. Магчыма, гэта адна з найбольш устойлівых спадчын заходнерусізму, якая дайшла і да нашага часу: беларускасць можна прызнаваць, пакуль яна не ператвараецца ў самастойную нацыянальную ідэнтычнасць.
Як у гэту ідэалогію ўпісалі Вялікае княства Літоўскае
Сур’ёзнай праблемай для ідэалогаў заходнерусізму, і Міхаіла Каяловіча ў прыватнасці, стала існаванне Вялікага княства Літоўскага. Калі Беларусь з’яўлецца часткай рускай гістарычнай прасторы, то як растлумачыць некалькі стагоддзяў яе жыцця ў дзяржаве, цэнтр якой знаходзіўся не ў Маскве?
Для Каяловіча ВКЛ было дзяржавай, у якой літоўская дынастыя атрымала ўладу над вялізнай колькасцю ўсходнеславянскіх зямель, але паступова трапіла пад моцны ўплыў мясцовага «рускага» насельніцтва. Гэту думку раней за Каяловіча выказаў гісторык Мікалай Устралаў, які прапанаваў разглядаць ВКЛ як частку агульнарускай гісторыі і сцвярджаў, што ў княстве, акрамя ўласна этнічнай Літвы, «усё было рускім» — мова, вера, прававыя нормы і значная частка палітычнай культуры.
Каяловіч не аспрэчваў факт існавання Вялікага княства Літоўскага, бо ён не перашкаджаў ідэі «адзінага рускага народа». Па заходнерусізму, славяне з Маскоўскай дзяржавы і славяне ВКЛ маглі знаходзіцца ў розных дзяржавах, але ўсё роўна заставаліся часткамі адной вялікай Русі.
Прынцыповым момантам стала збліжэнне ВКЛ і Польшчы. Каяловіч тлумачыў, што Крэўская і Люблінская ўніі, паланізацыя шляхты і Брэсцкая царкоўная ўнія прывялі да таго, што Заходняя Русь (тэрыторыі Беларусі і Украіны) губляла першапачатковую рускую і праваслаўную сутнасць пад польскім уплывам. «Дрэнны» польскі ўплыў, па Каяловічу, быў ліквідаваны пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі Расійская імперыя далучыла значныя часткі тэрыторый.
Як Саветы трансфарміравалі «адзіны народ» у «братоў»
Міхаіл Каяловіч не быў адзіным аўтарам ідэі пра «трыадзіны народ». Падобныя ідэі існавалі яшчэ да яго, а расійская дзяржава выкарыстоўвала (і выкарыстоўвае дагэтуль) аргумент пра «вяртанне» зямель на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Каяловіч зрабіў наступны крок, у якой зрабіў з ідэі гісторыю. Міхаіл Каяловіч ніколі не казаў, што беларусы і рускія — братнія народы. Для яго яны былі адзіным народам.
У XX стагоддзі гэта формула стала праблемнай для Савецкага Саюза, бо БССР існавала як саюзная рэспубліка з уласнай мовай і фармальнай дзяржаўнасцю. Старая імперская формула не адпавядала савецкай сістэме. Замест яе з’явілася больш мяккая: беларусы і рускія — розныя, але братнія народы. Пад соусам братэрства заставалася частка значна старэйшай гістарычнай канструкцыі, у якой жыло ўяўленні пра нейкую асаблівую, амаль натуральную еднасць беларусаў і рускіх.

За гады існавання Савецкага Саюза ідэя пра народы-браты таксама змянялася. Моцны паварот адбыўся пры кіраванні краінай Сталінам. Калі раней афіцыйная ідэалогія хаця б фармальна падкрэслівала роўнасць усіх народаў СССР, то пры Сталіне рускі народ атрымаў прывілеяваны статус. Падчас Другой сусветнай вайны і асабліва пасля яе ў дзяржаўнай рыторыцы замацоўваецца вобраз рускіх як народа, які адыгрывае вядучую ролю ў СССР. З часам беларусы сталі «малодшым братам» рускіх, а яны — «старэйшым братам».
Пасля распаду СССР формула пра «братэрства» беларусаў і рускіх нікуды не знікла. Наадварот, яна засталася адной з асноўных формул афіцыйных беларуска-расійскіх адносін. Частка аргументаў, якія больш за сто гадоў таму прапаноўвалі ідэалогі заходнерусізму, перажыла Расійскую імперыію і Савецкі Саюз. Напрыклад, ідэя пра тое, што беларуская ідэнтычнасць нібыта не можа існаваць самастойна ад рускай усё яшчэ жыве ў галавах некаторых палітыкаў.
