29 гадоў выйшаў першы эпізод анімацыйнага серыялу South Park. З таго часу пачалася гісторыя аднаго з самых доўгажывучых і скандальных мультсерыялаў на амерыканскім тэлебачанні. За амаль трыццаць гадоў стваральнікі мультыку паспелі пажартаваць з усяго: амерыканскіх прэзідэнтаў, войнаў, рэлігій, знакамітасцяў і шмат чаго іншага. У нейкі момант у гэты сусвет трапіла і Беларусь. Як так здарылася?
PALATNO расказвае пра тое, як у культавым мультсерыяле ўзгадалі Беларусь (і не ў ім адным).
Ісус едзе ратаваць беларускіх фермераў
У 2012 годзе ў South Park выходзіў ужо 16 сезон. Напрыканцы сезона ў эфір выйшла серыя пад назвай A Scause for Applause.
На першы погляд Беларусь узнікае ў серыі амаль выпадкова. Галоўным героем у серыі становіцца Стэн Марш, бацька аднаго з цэнтральных персанажаў мультсерыяла. Ён адмаўляецца здымаць папулярны бранзалет з надпісам «What Would Jesus Do?» пасля скандалу з Ісусам.
Стэн Марш стаў знакамітасцю за адмову здымаць бранзалет. З часам людзі пачынаюць яшчэ больш падтрымліваць Стэна і ператвараюць яго пазіцыю ў чарговую модную кампанію. Стэн і Ісус разумеюць, што пакуль усе абмяркоўваюць іх скандалы, то ў свеце адбываюцца больш сур’ёзныя праблемы. Так на экранах з’яўляецца Беларусь.
У мультфільме гаворыцца, што беларускія фермеры змагаюцца супраць урада, які хоча знішчыць іх гаспадаркі і забраць зямлю пад забудову. Стэн і Ісус вырашаюць зрабіць іх праблему вядомай ва ўсім свеце. Для падтрымкі беларусаў выпускаюць спецыяльныя аранжавыя бранзалеты, а Беларусь становіцца галоўнай справай, за якую перажывае Амерыка.
Чарговая модная тэма, якую хутка забываюць
Беларусь становіцца галоўнай тэмай для абмеркавання, але выкрываецца, што ў сусвеце South Park існуе спецыяльная фабрыка, якая вырабляе бранзалеты амаль для любой «добрай справы». Аўтары нават прыдумалі для апісання гэтага асобнае слова — scause (спалучэнне scam і cause), што можна перакласці як «махлярская грамадская кампанія».
Ідэя фабрыкі палягае ў тым, што сёння людзі падтрымліваюць адну праблему, а заўтра — другую. Для кожнай можна зрабіць свой колер бранзалета, надзець на руку і паказаць іншым людзям, што тым чалавек з правільнай грамадзянскай пазіцыяй. Вось так беларускія фермеры сталі чарговай моднай тэмай. Аранжавыя бранзалеты разыходзяцца сярод людзей, і падаецца, што цяпер пра беларусаў ведаюць усе. Толькі самім беларусам ад гэтага не становіцца лепш.
Адна з самых змрочных сцэн эпізоду адбываецца непасрэдна ў Беларусі. Ісус прыязджае да фермераў, каб прыцягнуць увагу да іх барацьбы. Ісус тлумачыць журналістам, чаму свет павінен дапамагчы гэтым людзям. Аднак журналіста значна больш цікавіць іншае пытанне: ці не выкарыстоўвае Ісус беларускую праблему толькі, каб прымусіць людзей забыцца пра яго ўласны скандал?

Пакуль журналісты спрачаюцца з Ісусам, на заднім плане пачынаецца расправа. Беларускім фермераў атакуюць вайскоўцы на танке і знішчаюць іх. Ісус настолькі заняты сваім медыйным вобразам, што не заўважае, што адбываецца за яго спінай.
У сусвеце South Park беларускія фермеры прайгралі беларускаму ўраду. І тут пачынаецца самая злая частка жарту стваральнікаў: у амерыканцаў хутка з’яўляецца новая актуальная тэма, а аранжавыя бранзалеты больш нікому не патрэбныя. У фінале зноў з’яўляецца Ісус, якія тлумачыць натоўпу, што важныя справы ўвогуле не трэба насіць на запясці, а на ім самім у гэтым момант майка з надпісам Free Pussy Riot.
Чаму стваральнікі серыяла абралі менавіта Беларусь
Стваральнікі мультсерыяла Трэй Паркер і Мэт Стоўн не тлумачылі публічна, чаму ў гэтым сюжэце выбралі менавіта Беларусь. Аднак кантэкст 2012 года робіць выбар краіны даволі зразумелым. На момант выхаду серыі Беларусь ужо мела вельмі выразны вобраз аўтарытарнай дзяржавы ў заходніх медыя. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе сілавікі разагналі масавы пратэсны мітынг у Мінску, сотні людзей былі затрыманыя і арыштаваныя, а актывісты і кандыдаты ў прэзідэнты трапілі ў турмы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Дзве Плошчы, выбары і рэферэндум. Як жыла Беларусь у 2000-х гадах?
Для амерыканскага гледача Беларусь магла парацаваць як хутка пазнавальны вобраз далёкай еўрапейскай краіны, у якой дзяржава пераследуе людзей, а Захад час ад часу выказвае заклапочанасць. У South Park гэту схему давялі да абсурду: людзей забіваюць, але за тысячы кіламетраў ад іх хтосьці задаволены тым, што купіў правільны бранзалет.
А што ў іншых мультфільмах?
Тэма Беларусі з’яўлялася ў падобным амерыканскіх мультфільмах неаднаразова.
У 2017 годзе ў мультсерыяле Family Guy выйшла серыя Nanny Goats, у якой сям’я Грыфінаў наняла няню Наталлю. Спачатку яна выглядае як амаль ідэальная памочніца, якая добра даглядае дзяцей. Потым высвятляецца, што Наталля — беларуска і прафесійны кілер. Больш за тое, у яе ёсць ворагі ў Беларусі, якія прыязджаюць з ёй разабрацца. Наталля разам з самым маленькім членам сям’і Сцюі забівае сваіх ворагаў і ўцякае на самалёце.
У The Simpsons Беларусь таксама прысутнічае, але ў больш мірным кантэксце. У серыі Lisa the Drama Queen у школе Спрынгфілда працуе мадэльны клуб ААН, у якім дзеці прадстаўляюць розныя дзяржавы. Сярод краін ёсць і Беларусь, там адзін з вучняў выступае яе прадстаўніком. Яшчэ раз Беларусь узгадваюць у серыі Boy Meets Curl, прысвечанай зімовай Алімпіядзе 2010 года ў Ванкуверы.
