У Беларусі дзяўчына магла «касу заплесці», «у дзеўках скешкацца» або пачуць, што хутка «ў пук пойдзе». Руплівую гаспадыню хвалілі за тое, што ў яе «рукі гараць», а гаваркую папракалі за тое, што «мянташыць языком як малатарня». У беларускіх гаворках захаваліся трапныя вобразы, з’едлівыя насмешкі і вялікія чаканні ад жанчын.
PALATNO разбіраецца, што гэтыя фразы азначалі і якія гісторыі хаваюцца за імі.
Касу заплесці — выйсці замуж
Калі сёння вы чуеце выраз «касу заплесці», то найперш прыходзіць думка пра прычоску. Аднак раней так казалі пра тых, хто выходзіў замуж.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Цярпі, Грышка, карчма блізка»: беларускія выразы, якія натхняюць не здавацца
Рыхтык у рыхтык, браць за шчэлепы, серада з-пад пятніцы вылазіць. Адкуль узяліся беларускія выразы?
Слова на літару F. Як з’явілася самае непрыстойнае слова ў англійскай мове?
У дзеўках скешкацца — калі замужжа ўсё не адбываецца
Пра незамужнюю жанчыну казалі: «у дзеўках сядзець», «у дзеўках застацца», «у дзеўках скешкацца». Значэнне гэтых фраз простае — не быць замужам.
У запісах, зафіксаваных у слоўніку, стаўленне да гэтага становішча падаецца рознае. У адным запісе гаворыцца з папрокам, бо дзяўчына перабірала жаніхоў (адзін быў непрыгожы, другі — бедны, трэці любіў выпіць), таму так і засталася з бацькамі. А ў іншым прыкладзе сама жанчына расказвала пра шлюб: па яе словах, калі б яна ведала пра жыццё пасля замужжа, то сядзела б у дзеўках.
Яшчэ больш з’едлівы выраз — «у пук пайсці». Асноўнае значэнне звязанае з раслінамі, і так пра іх кажуць, калі яны квітнеюць. А пераноснае і іранічнае значэнне, якое таксама пададзенае ў слоўніку, — зрабіцца перастаркам. Так маглі сказаць пра дзяўчат, якія застаюцца ў дзеўках.
Адмовіла жаніху? Аддай утратнае
Перад тым, як дзяўчаты і хлопцы жаніліся, важнае месца ў традыцыі займалі сваты. Сярод выразаў пра сватаўство ёсць фраза, якая патрабуе асобнага тлумачэння: «аддаць утратнае».
«Аддаць утратнае» — аплаціць кошт выпітага і з’едзенага падчас сватаўства, калі дзяўчына не хоча пабрацца шлюбам.
«Як кукамі збітая» — гэта пахвала
Некаторыя фразеалагізмы лёгка зразумець неправільна. Напрыклад, гэты — «як кукамі збітая». Можа падавацца, што гэта фраза расказвае штосьці пра фізічны гвалт, але насамрэч гэта з’яўляецца характарыстыкай жанчыны, якая добра выглядае. У прыкладзе з Ушацкага раёна адна жанчына расказвае, што бачыла іншую ў краме, а тая была «як кукамі збітая».
За працу хвалілі іншым выразам — «рукі гараць». Так гаварылі пра чалавека, які хоча і ўмее працаваць. Ёсць і адваротны бок гэтай руплівасці — «у дошку вырабіцца», што азначае пахудзець з-за цяжкай працы.
Для балбатні і плётак ёсць цэлы шэраг варыянтаў: «мянціць языком», «плесці языком», «трапаць языком». Гэткімі фразамі апісвалі пустаслоўе і размовы пра чужыя справы.
Ні да танца ні да ружанца
Калі хацелі папракнуць у няўмельстве, то маглі сказаць: «ні да танца ні да ружанца». Гэты выраз выкарыстоўвалі ў дачыненні да таго, хто нічога не ўмее і ні на што не здатны.
У слоўніку расказваюць пра дзяўчыну са Стаўбцоўскага раёна, якая не хацела вучыцца. Такі жорсткі выраз даваў даволі рэзкую ацэнку чалавека: калі чалавек пасля некалькіх пакінутых заняткаў не хоча нічога рабіць, то ён нібыта не здатны ні да чаго.
Закруціла хвастом — зрабіла па-свойму
Выраз «закруціць хвастом» мае асуджальнае адценне, бо так казалі пра дзяўчыну, якая пярэчыць, не згаджаецца або паводзіць сябе не так, як усе.
Пыхлівасць таксама не пакідалі без увагі. Пра жанчыну, якая разбагацела і перастала вітацца са знаёмымі, казалі «хадзіць кандзібоберам».
