Веды

«Цярпі, Грышка, карчма блізка»: беларускія выразы, якія натхняюць не здавацца


«Цярпі, Грышка, карчма блізка»: беларускія выразы, якія натхняюць не здавацца

Жыццё беларусаў рэдка было лёгкім, таму да цяжкасцяў у нас здаўна ставіліся з асаблівым гумарам. Калі бяды не пазбегнуць, то з яе можна хаця б пасмяяцца.

PALATNO расказвае пра цікавыя жартаўлівыя беларускія выразы.

Абы ўмеў танчыць, а гараваць гора наўчыць

Так гаворыцца жартоўна пра неабходнасць умець танцаваць як нібыта самае галоўнае параўнальна з усім астатнім, чаму навучыць само жыццё.

«Выехалі з лесу — дзядуля дадаў незразумелае тады мне і нечаканае, як загадку: “Абы ўмеў танчыць, а гараваць, хлопча, гора наўчыць”.  Думаў я: што гэта? Дзядуля хвілінкі-часінкі не мог пасядзець рукі склаўшы ці пастаяць рукавы звесіўшы. А сказаў – як найпершае – абы ўмеў танчыць?» (Ф. Янкоўскі, «З нялёгкіх дарог»)

А калі што якое, дык і што тут такое

Так гаворыцца ў выпадку, калі няма прычын непакоіцца. Часцяком так жартаўліва адказваюць на папрок.

«[Моцкін:] Калі б я што-небудзь якое, дык я ж ніколі нічога ніякага. А калі што якое, дык што тут такое? Квітанцыі я не выдаваў, распіскі не даваў, на старшынь не націскаў і па радыё таксама не выступаў» (А. Макаёнак, «Выбачайце, калі ласка»)

Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца

Гэты выраз ужываецца, часцей жартаўліва, як станоўчая ацэнка жыццёвасці небагатага чалавека.

«[Дзядзька:] Не бойцеся беднасці, бо бедны любіць чалавека, а багаты — багацце. Нічога, што багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца. Па гэтым людзі жылі і жыць будуць» (У. Дамашэвіч, «Дзявочая клятва»)

Блін не блін, пуза не расколе

Жартаўлівае запрашэнне каго-небудзь з’есці што-небудзь смачнае.

«Распытвалі [родзічы] пра вучобу і частавалі магазіннымі прысмакамі, якія былі для мяне нейкім казачным дзівам. Ты падмігнуў мне: «Не саромейся есці. Блін — не блін, пуза не расколе» (У. Ліпскі, «Бацька»)

Госцю двойчы рады: калі ён прыязджае і калі ён ад’язджае

Часцей выкарыстоўваюць як жартаўлівую ацэнку гасціннасці.

«— А што ні кажы, Яначка, госцю двойчы рады: калі ён прыязджае і калі ён ад’язджае. Ну то я і паеду. Далібог, ісцінная праўда!..» (А. Лойка, «Як агонь, як вада»)

Дай божа нашаму цяляці ваўка спаймаці

Гаворыцца, часам жартаўліва ці з недаверам, як пажаданне поспеху ў якой-небудзь справе.

«[Надзя:] Абрыдлі мне гэтыя чарапы. На завод пайду. [Антаніна Пятроўна:] Славы захацела? Можа, стаханаўкай думаеш быць [Надзя:] А чаму б і не? Што я — горшая за людзей? [Антаніна Пятроўна:] Не з тваім, мусіць, спрытам… Ну што ж, дай божа нашаму цяляці ваўка спаймаці» (Кандрат Крапіва, «Зацікаўленая асоба»)

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Хочаце пажартаваць па-беларуску? Дапамогуць жарты, анекдоты, гумарэскі

 

Пра яўрэяў, жонак і алкаголь. Найлепшыя беларускія жарты стогадовай даўніны

 

Дзесяць чыста беларускіх анекдотаў пра сям’ю


За кампанію і цыган павесіўся

Гаворыцца жартаўліва пра таго, хто гатоў рабіць што-небудзь заадно з іншымі толькі таму, што гэтае самае робяць і яны.

«Міхась таксама спачатку не згаджаўся гуляць [у карты]. І толькі тады, калі Васіль раззлаваўся і сказаў яму, каб не выломваўся, як тая паненка, ён узяў карты — за кампанію, маўляў, і цыган павесіўся» (Л. Гаўрылкін, «Сорак кіламетраў роздуму»)

На тым свеце не дадуць

Ужываецца з жартаўлівым адценнем пры запрашэнні выпіць ці дапіць, даесці што-небудзь.

«— Я заўсёды гатовы. На тым свеце не дадуць, — дзед зноў пачаў наліваць шклянкі. — Таварышы начальнікі, на дарожку…» (Л. Левановіч, «Паводка сярод зімы»)

Нашто богу маліцца — ён нас і так баіцца

Жартаўлівае апраўданне таго, хто не хочацца памаліцца.

«Калі часамі каму напамінаюць аб патрэбе памаліцца, дык ён жартаўліва адказвае: — На што богу маліцца, — ён нас і так баіцца» (Кандрат Крапіва, «Беларускія прыказкі»)

Панадзіўся журавель у зялёны канапель

Кажуць, часам іранічна ці жартаўліва, пра таго або таму, хто стаў часта хадзіць куды-небудзь альбо наведваць каго-небудзь.

«[Дарнілоўскі:] А добра тут у цябе. Зноў кажу, як добра… Пайду прайдуся на рэчку. Ты кладзіся, Бронік, змарыўся! [Бронік:] Панадзіўся журавель у зялёны канапель!..» (М. Грамыка, «Над Нёманам»)

Хай конь думае: у яго галава большая

Кажуць жартаўліва ці іранічна ў адказ таму, хто раіць падумаць пра што-небудзь.

«[Лабыш:] Я табе, Надзя, як і роднай дачцэ сваёй, ліха не жадаю, калі ты розум мець будзеш, дык ты за Толіка замуж пойдзеш. Прадумай толькі нашу размову з табой. [Надзя:] Хай конь думае: у яго галава большая — а я ўжо ўсё перадумала…» (І. Козел, «Папараць-кветка»)

Цярпі, Грышка, карчма блізка

Так кажуць чалавеку, каб той быў цярплівы, бо толькі ў гэтым выпадку можа дачакацца чагосьці, чаго хоча. Гэта жартаўлівы выраз, які часцей выкарыстоўвалі ў выпадках, калі хтосьці цярпеў ад болю ці якіх-небудзь цяжкасцяў.

«— Цягаемся невядома дзе, чаго, — скуголіў, спатыкаючыся на межах, Сымон Лапаткевіч. — І наогул уся гэта выдумка дабром не скончыцца. — Цярпі, Грышка, карчма блізка, — развясельваў яго Тукала. — І не люблю я ў такі вясёлы, радасны дзень, каб чалавек стагнаў, нібы ў яго нясцерпна баліць зуб» (Якуб Колас, «На ростанях»)

Чым рыжэй, тым даражэй

Гаворыцца як жартаўлівая ацэнка рыжага чалавека або рэакцыя такога чалавека на слова «рыжы», пачутае ад суразмоўцы.

«Бацька як радаваўся, што чурылаўцы адметныя, не падобныя на іншых. Яго можна зразумець. Рудыя любяць сваіх дзяцей за тое, што яны рудыя: чым рыжэй, тым даражэй» (В. Шырко, «Вунь чурылавец пайшоў»)