PALATNO вывучае, каго беларусы раілі баяцца.
Бойся быка спераду, каня ззаду, а дурня — з усіх чатырох бакоў
Так гавораць пра неабходнасць быць вельмі абачлівым у адносінах з тупым, неразумным чалавекам.
«Новы прэзідэнт даверлівы, як дзіця. Наіўны. І таму небяспечны. Каровы бойся спераду, каня ззаду, а яго з усіх бакоў» (А. Макаёнак, «Кашмар»)
Бойся Усявышняга і не гавары лішняга
Ужываецца як перасцярога не гаварыць нічога лішняга.
«Андрэй і Янка.. напісалі Райскаму [адказ на яго пісьмо], шмат выказвалі радасці, надзей на шчаслівы канец і накідаліся на нікчэмства ўсяе чыноўніцкай тармасні вакол настаўніцкага сходу. І ўсё ж такі дадалі евангельскія словы, упэўненыя ў тым, што іх пісьмо чыноўніцкіх рук не міне: “Бойся ўсявышняга і не гавары лішняга”» (Якуб Колас, «На ростанях»)
Не бойся госця, які сядзіць, а бойся таго, што стаіць
Кажуць пра госця, які пасля застолля мае звычку гаварыць, а то і ўчыніць недарэчнасць.
«”Не бойся госця, які сядзіць, а бойся таго, што стаіць”, — гэтая прыказка колькі разоў прыходзіла ў галаву гаспадара, пакуль ён стаяў ля дзвярэй кватэры, праводзячы спазнелага госця. Ужо яны разы тры паручкаліся, а госць усё не мог скончыць думку…» (В. Быкаў, «Бедныя людзі»)
Не бойся крыклівага, а бойся маўклівага
Баяцца трэба не таго, хто хоць і крычыць, але праўдзівы, шчыры, а таго, хто няшмат гаворыць.
«— Маёй сяброўцы муж сказаў «кахаю» толькі на трэцім годзе сямейнага жыцця! — Не спадзявайся на гэта, — уздыхнула Маруся. — Калі чалавек маўчыць, значыць, яму ёсць чаго маўчаць. “Не бойся крыклівага, а бойся маўклівага”, — недарэмна так кажуць у народзе» (Л. Адамовіч, «Кветкі самотнай князёўны»)
Не бойся смерці, бойся старасці
Гаворыцца ў дачыненні да старога, слабага, хворага чалавека, які дажывае ў адзіноце, без догляду.
«У вёсцы яго недалюблівалі за брыдкае ўменне з рознай вады выходзіць сухім. Але ж і дажыванне ў яго было па прыказцы: не бойся смерці, бойся старасці. Даседжваў, далежваў на сваім хутары адзін, усімі пакінуты, нямыты, нястрыжаны, барада па калені. Ні накарміць, хоць раз на дзень, ужо толькі з лыжкі, ні памыць, хоць раз на месяц у цэбры якім ці балеі, не было каму» (Я. Брыль, «Парастак»)
Не бойся таго сабакі, што брэша, а бойся таго, што лашчыцца
Баяцца трэба не таго, хто праўдзівы, шчыры, а таго, хто ліслівы.
«— Яшчэ большая злосць яе [жонку] апанавала. Толькі выгляду не падае: хваліць дзяўчынку за работу, лёстачкі падпускае… — Не бойся таго сабакі, што брэша, а бойся таго, што лашчыцца, — устаўляе свае пяць капеек Волька» (В. Шырко, «Хай людзі бачаць»)
Не рабі благога і не бойся нікога
Гаворыцца як парада, настаўленне каму-небудзь.
«Яна ведае, пераканана, што не зробіць яе сын нікому ліхога, не на тое яна нарадзіла яго. Не такі ён, каб залезці на чужое седала. Сама не раз настаўляла: не рабі благога і не бойся нікога» (А. Бутэвіч, «Каралева не здраджвала каралю»)
Не чапай нічога і не бойся нікога
Гаворыцца як павучанне і як сцвярджэнне, што невінаватаму няма чаго баяцца.
«— Бываюць розныя людзі, што без дай прычыны прывяжуцца да цябе. І ўсё ж самае лепшае правіла: не чапай нічога і не бойся нікога. — А вось жа ты сядзеў ціха, нічога не чапаў, а прыстава збаяўся і задаў уцекача, — укалоў Лабановіч» (Якуб Колас, «На ростанях»)
