Натхненне

Кнігі на самакруткі і дзеці без дзяцінства. Як беларускія пісьменнікі расказвалі пра Першую сусветную вайну


Кнігі на самакруткі і дзеці без дзяцінства. Як беларускія пісьменнікі расказвалі пра Першую сусветную вайну

Настаўніка забралі на вайну, школа апусцела, шыбы павыбівалі, а кнігі разабралі на самакруткі. У будынку, дзе раней вучыліся, дзеці цяпер гуляюць у вайну. Такую сцэну апісаў Змітрок Бядуля — і ў ёй жыццё пасля Першай сусветнай. Беларускія пісьменнікі пакінулі цэлы свет гісторый пра людзей, якіх вайна вырвала з дому, змяніла і прымусіла вучыцца жыць наноў.

PALATNO расказвае, чаму гэтыя творы засталіся ў цені і што мы сёння зможам у іх адкрыць для сябе.

АДКУЛЬ МЫ ГЭТА ЎЗЯЛІ?
Артыкул з’явіўся дзякуючы даследаванню Зоі Траццяк. Цалкам даследаванне «Спецыфіка пазіцыявання тэмы Першай сусветнай вайны ў беларускай прозе 1920-1930-х гадоў» можна прачытаць — тут.

Як Першую сусветную засланілі іншыя падзеі

У 1926 годзе рэцэнзент часопіса «Маладняк», які падпісваўся як Аліг, сцвярджаў, што Першая сусветная слаба адбілася ў беларускай літаратуры. Нібыта, акрамя вершаў і некалькіх невялікіх апавяданняў, амаль нічога няма.

Такое ўяўлення аказалася жывучым. На гэтым фоне Максім Гарэцкі выглядаў ледзь не адзіным беларускім пісьменнікам, які грунтоўна расказаў пра вайну 1914-1918 гадоў. Аднак гэта не так. Гарэцкі быў не адзіным, хто спрабаваў зразумець гэту катастрофу. Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Кузьма Чорны, Платон Галавач, Алесь Гародня ды іншыя аўтары пісалі пра вайну з розных бакоў.

Частка праблемы хавалася ў тым, як чыталі і класіфікавалі творы. Калі ў рамане галоўнай лічылася гісторыя рэвалюцыі ці грамадскіх перамен, ваенны досвед герояў мог адыходзіць і часцей адыходзіў на другі план. Хоць для саміх персанажаў менавіта вайна разбурала ранейшы свет і вызначала далейшае жыццё.

У савецкай культурнай прасторы Першую сусветную засланялі рэвалюцыя і Грамадзянская вайна. Пазней цэнтральнае месца ўвогуле заняла Другая сусветная вайна.

Уплывала і ідэалагічная рамка: «імперыялістычная ванйа» павінна была выглядаць чужой, а яе падзеі весці да рэвалюцыйнага пералому. У саміх творах заставалася значна больш за гэту схему: там можна знайсці разгубленасць, адзіноту, страх за сям’ю і пытанні, на якія палітычныя лозунгі не давалі адказаў.

Чалавек, які ўжо не стане ранейшым

У франтавой прозе вайна часта пачынаецца з разбурэння чаканняў. Чалавек мог уяўляць сабе адвагу, подзвіг, узнагароду, аднак рэальнасць прапаноўвала яму доўга сядзець пад абстрэлам і чакаць, куды трапіць наступны снарад.

У рамане Платона Галавача «Праз гады» артылерыя паступова намацвае акопы: спачатку выбухі далёка, а потым усё бліжэй і бліжэй. Аскепкі пралятаюць над галовамі, зямля ўздымаецца сцяной. Салдаты могуць толькі назіраць, як небяспека набліжаецца. У такой вайне асабістая мужнасць не гарантуе выратавання, а смерць можа прыйсці раней, чым чалавек увогуле ўбачыць таго, хто ў яго страляе.

Максім Гарэцкі перадаваў наступствы гэтага досведу адной фразай: «Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма». Такая ўнутраная мяжа праходзіць праз многія творы пісьменнікаў, што апавядалі пра Першую сусветную вайну.

Беларускія пісьменнікі ўглядаліся ў чалавека, які спрабаваў вытрымаць гэты досвед і захаваць здольнасць спачуваць. Такімі паўставалі персанажы Лявона Задумы і Хомкі Шпака ў Гарэцкага, Янкі Пралескі ў апавяданні Янкі Ліманоўскага «Дзве пуціны». Вайна выпрабоўвала іх штодня і ставіла перад імі пытанне: ці можна заставацца самім сабой там, дзе чалавечае жыццё зрабілася такім танным?

Акрамя акопаў з салдатамі існавала іншая прастора — дом, які вайсковец бачыць праз лісты. У апавяданні Змітрака Бядулі «На стаянцы» сям’я паведамляе гаспадарку ў лісце на фронт: ураджай сабралі, суседзі абяцалі дапамагчы з малацьбой, будоўлю давялося пакінуць, бычка прадалі за пяць рублёў, а з іх два выдаткавалі на мыла і прадукты, астатнія трі адправілі бацьку.

У гэтым, падавалася б, звычайным пераліку дамашніх справаў расказваецца гісторыя пра лад жыцця без чалавека, на якім раней трымалася частка сямейнай працы. Сям’я дзеліцца грашыма, хоць сама жыве сціпла.

Лісты не заўсёды злучалі два света. Ім замінала ваенная цэнзура. А яшчэ і розніца паміж тым, што чалавек перажыў на фронце, і тым, што маглі ўявіць ягоныя блізкія. Салдат задумваўся пра тое, як расказаць пра ўбачанае і ці захочуць зразумець яго, яшчэ задоўга да дарогі дадому.

У бежанскіх гісторыях вайна вымяраецца адлегласцю ад дому, рэшткамі маёмасці і сіламі, якіх павінна хапіць да наступнага прыпынку. У «Бацькаўшчыне» Кузьмы Чорнага сем’і спыняюцца на ўзбочынах, каб пахаваць памерлых. Уздоўж дарогі застаюцца рэчы і магілы. Людзі, якіх нядаўна аплаквалі блізкага, праз нейкі час самі паміраюць на тым самым шляху.

Такі аповед дазваляе ўбачыць тое, што лёгка губляецца за агульным словам «бежанства»: кожная смерць адбываецца ў сям’і, якая яшчэ ўчора мела іншыя надзеі і планы.

У адным з эпізодаў у Максіма Гарэцкага стары ўцякач едзе на прыступцы перапоўненага цягніка. Удар аб прыдарожны слупок — і яго жыццё абрываецца. Персанажа, які згадвае гэты выпадак, жахае тое, як амаль незаўважна прайшла смерць чалавека, бо рух працягваецца і іншым людзям таксама трэба выжыць.

У бежанскіх творах застаецца жаданне вярнуцца. Дом становіцца месцам, да якога чалавек у думках звяртаецца зноў і зноў, нават калі не ведае, што ад яго захавалася.

Да некаторых герояў твораў беларускіх пісьменнікаў вайна спачатку прыходзіць здалёк — праз чуткі, газеты, лісты і аповеды параненых. Здаецца, што асноўныя падзеі яшчэ адбываюцца недзе за межамі іх жыцця. Аднак звыклі свет ужо разбураецца.

У аповесці Змітрака Бядулі «Набліжэнне» гэта асабліва выразна бачна на прыкладзе школы ў мястэчку Каганцы. Там настаўніка мабілізавалі, а будынак школы стаіць з вокнамі без шкла. Сяляне разабралі кнігі на самакруткі, а дзяўчаты забралі карты і выявы жывёл для ўпрыгожвання хат. У апусцелай школе дзеці гуляюцца ў вайну.

У іншых творах дзеці рана бяруцца за працу, ад якой залежыць жыццё сям’і. У «Пошуках будучыні» Кузьмы Чорнага дзесяцігадовыя дзяўчаткі жнуць жыта, дванаццацігадовыя хлопчыкі аруць, пятнаццацігадовыя самі вядуць гаспадарку.

Сталенне дзяцей мела высокую цану: абавязкі звальваюцца ім на галовы раней, чым чалавек паспявае да іх падрыхтавацца. І ўсё гэта ва ўмовах, калі бацькі могуць ужо ніколі не вярнуцца дадому.

Ад спачування да раздражнення

Яшчэ адной балючай тэмай у творах пра Першую сусветную вайну было стаўленне да параненых. У «Набліжэнні» Змітрака Бядулі іх з’яўленне спачатку выклікае ў людзей моцнае суперажыванне. Аднак вайна працягваецца, а пакалечаных большае: спачуванне не заўсёды вытрымлівае гэтае выправабанне. У «Соках цаліны» Цішкі Гартнага параненыя з абаронцаў паступова ператвараюцца ў людзей, якіх навакольныя пачынаюць успрымаць як цяжар.

Для ветэрана гэта яшчэ адна страта, бо ён павінен прыстасавацца да змененага цела, знайсці занятак, наноў выбудаваць адносіны з іншымі людзьмі. Пры гэтым грамадства, дзеля якога ён нібыта рызыкаваў жыццём, можа ўжо стаміцца ад такога напаміну пра вайну.

Цікава, што беларуская проза заўважае гэту няёмкую праўду і адкрыта кажа пра тое, што ўрачыстыя словы пра ахвярнасць не забяспечваюць чалавеку падтрымкі ў штодзённым жыцці.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: 

 

Асавец, першыя заданні і ўзнагароды: ці стварыла мастака Уладзіслава Страмінскага вайна?

 

З вайны — з ордэнамі, пасля вайны — у турму. За што беларусаў пазбаўлялі звання Героя СССР?

 

Паўстанец з Міншчыны, які загінуў у Грамадзянскай вайне ЗША. Гісторыя Аляксандра Бяляскага


У ворага таксама ёсць дом

Вобраз ворага ў творах змяняецца разам з досведам персанажаў. Спачатку гэта можа быць далёкі, амаль невядомы вораг, пра якога ходзяць страшныя аповеды, але асабістая сустрэча парушае простыя ўяўленні. У Гарэцкага персанаж прызнаецца, што чакаў убачыць немцаў грузнымі таўстабрухамі, а перад ім прыходзяць худыя, дробныя, сагнутыя людзі.

Яшчэ мацней збліжае ворагаў з розных бакоў туга па доме. Палонны немец ці аўстрыец чакае вестак ад родных і хоча вярнуцца да сваіх палёў — гэтак жа, як беларускі бежанец.

Алесь Гародна ў аповесці «Варта на Рэйне» ўвогуле робіць цэнтральным персанажам шараговага нямецкага салдата Альфрэда Кляйна. Беларуская літаратура спрабуе паглядзець на вайну з іншага боку фронту.

Дадому

Вяртанне ў родныя мясціны ў гэтых творах рэдка азначае вяртанне да ранейшага жыцця. У апавяданні Янкі Ліманоўскага «На разведцы» персанаж трапляе ў знаёмае мястэчка. На месцы дамоў — руіны, вуліцы зарастаюць, касцёл стаіць з прабітымі сценамі і пашкоджаным дахам. Пра прастору, дзе раней ішло штодзённае жыццё, леглі акопы. Чалавек пазнае месца і адначасова вымушаны знаёміцца з ім наноў.

У падручніку па гісторыі можна правесці мяжу паміж гістарычнымі перыядамі. У чалавечым жыцці яна значна менш выразная, бо адна страта накладаецца на другую, а часу аднавіцца паміж імі можа не быць. Таму вяртанне дадому пакідае герояў перад новым пытаннем: як жыць далей у свеце, дзе амаль усё знаёмае змянілася?

Беларускія пісьменнікі пакінулі шмат адказаў — няпэўных, балючых, часам супярэчлівых. Яны захавалі для нас чалавека ў акопе, сям’ю на бежанскай дарозе, параненага ў вагоне, дзіця ў пустой школе.