Сотні беларусаў атрымлівалі званне Героя СССР за подзвігі на фронце, аднак ёсць і тыя, каго гэтага звання пазбаўлялі. Пасля Другой сусветнай вайны яны былі асуджаныя за цяжкія злачынствы.
PALATNO расказвае, за што беларусаў пазбаўлялі геройскіх званняў.
Змест
Забіў аднавяскоўца ў бойцы
Васіль Аніковіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Сяльцы на Віцебшчыне. Пасля заканчэння школы працаваў у калгасе, а перад пачаткам Другой сусветнай вайны перабраўся на працу ў Маскву.
На вайну Аніковіч пайшоў у лістападзе 1941 года. За ваенны час быў двойчы паранены і адзін раз кантужаны.
У сакавіку 1945 года стаў лейтэнантам, а ў красавіку атрымаў званне Героя СССР. Пасля вайны застаўся ў арміі, служыў у Германіі. У 1946 годзе Аніковіча звольнілі ў запас. Пасля звальнення жыў ў Беларусі ў Талачынскім раёне.

У 1949 годзе Васіля Аніковіча асудзілі на шэсць гадоў зняволення за забойства аднавяскоўца падчас сваркі. Яшчэ праз год мужчыну пазбавілі ўсіх узнагарод і звання Героя СССР.
Калі Аніковіч вызваліўся з турмы, то застаўся жыць на Віцебшчыне. Памёр у 1993 годзе.
Забіў пяцігадовага сына і падпаліў дом
Анатоль Моцны нарадзіўся ў 1922 годзе ў Шклове. Адвучыўся ў школе і жыў да вайны на Магілёўшчыне. У лютым 1941 года яго прызвалі ў армію, падчас вайны вучыўся ў аўтабранетанкавым вучылішчы. А затым яго накіравалі на фронт.
За часы баявых дзеянняў быў неаднаразова паранены, але вяртаўся на фронт. У баях у 1945 годзе быў цяжка паранены і страціў левае вока. Пасля заканчэння вайны заставаўся ў войску, аднак з-за вялікай колькасці раненняў яго прызналі нягодным да службы і звольнілі ў запас.
Моцны вярнуўся ў Шклоў і заняў пасаду старшыні камітэта фізкультуры і спорта ў мясцовым райвыканкаме. У той час пабраўся шлюбам з медсястрой, з якой пазнаёміўся ў часы вайны. Жыццё з жонкай не атрымалася, таму ён выгнаў цяжарную жанчыну з дому, а сам з’ехаў у Кіеў. У Кіеве Анатоль Моцны пабраўся шлюбам з іншай жанчынай (у яго быў іншы пашпарт), але яго не судзілі за дваяжэнства, бо той быў Героем СССР.

Праз некалькі гадоў, у 1952-м, калі Моцны вярнуўся да сябе на радзіму, адбыліся больш жудасныя падзеі. Аднойчы маці Анатоля вярнулася з працы дадому і ўбачыла, што ў хаце пажар, а яе ўнук — забіты. У хуткім часе быў знойдзены Анатоль Моцны, які хаваўся ў прыбіральні. У тым жа годзе Моцнага асудзілі на 25 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў, аднак пасля прысуд змянілі на 10 гадоў зняволення. У 1958-м Моцнага вызвалілі датэрмінова, ён вярнуўся ў Шклоў.
Аднак ўзнагарод мужчыну пазбавілі толькі ў 1959-м за «дзеянні, не сумесныя са статусам ардэнаносца». Анатоль Моцны памёр у 1960 годзе.
Забіў таксіста ў Венгрыі і ўгнаў аўто
Іван Міраненка нарадзіўся ў 1925 годзе на Віцебшчыне. Вучыўся ў школе, а ў 1942 годзе пайшоў на службу ў армію. Падчас баявых дзеянняў яго двойчы цяжка паранілі.
У 1944 годзе атрымаў званне Героя СССР за ўдзел у аперацыі падчас фарсіравання Днястра: ён самастойна знішчыў чатыры кулямётныя кропкі, падбіў бронетранспарцёр і забіў некалькі дзясяткаў праціўнікаў.
Пасля заканчэння вайны Міраненка заставаўся на службе ў савецкім войску. Некалькі гадоў служыў на тэрыторыі Венгрыі.
У 1947 годзе Міраненка разам з яшчэ чатырма салдатамі ўцяклі з вайсковай часткі. Паблізу ад часткі яны забілі таксіста і паехалі на аўто ў Будапешт, каб там прадаць машыну, аднак іх затрымалі. Праз некалькі месяцаў пасля інцыдэнту Міраненку асудзілі на 10 гадоў зняволення. У 1949-м яго пазбавілі звання Героя СССР і ўзнагарод.
Пасля інфармацыі пра далейшы лёс Івана Міраненкі няма.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Бліцкрыг, масавыя забойствы, СССР разам з Рэйхам. Якімі былі першыя тыдні Другой сусветнай вайны?
У жніўні 1941-га Гітлер і Мусаліні прыехалі ў Брэст. Што яны там рабілі?
