Ён выжыў пасля кулі ў твар падчас Паўстання супраць Расійскай імперыі, пачаў новае жыццё ў Амерыцы, але зноў вярнуўся на вайну — ужо за Саюз у Грамадзянскай вайне ЗША. У сваім першым і апошнім баі на беразе Місісіпі павёў за сабой салдат са сцягам у руках. А яго нашчадкі сталі выбітнымі амерыканцамі і дзеячамі.
PALATNO расказвае пра Аляксандра Бяляскага.
Змест
Паўстанне, эміграцыя ў Францыю і ЗША
Аляксандр Бяляскі нарадзіўся ў 1811 годзе ў Мінскай губерні. Пра яго ранняе жыццё звестак не захавалася. Вядома, што ён атрымаў адукацыю інжынера і вучыўся ў Санкт-Пецярбурзе.
У 1830 годзе пачалося Паўстанне, у якім удзельнічаў і Бяляскі. Ён служыў пад камандаваннем Генрыка Дэмбінскага. У адным з баёў супраць расійскіх войск Бяляскага цяжка паранілі куляй у твар: ён выжыў, але доўга аднаўляўся. Пасля паражэння Паўстання ён пераехаў у Парыж.
У Парыжы прабыў каля года, пасля чаго вырашыў эміграваць у Злучаныя Штаты Амерыкі. Бяляскі не размаўляў па-англійску, але з часам вывучыў мову. У Амерыцы асеў у Портлендзе, уладкаваўся на працу на чыгунку. У 1835 годзе Бяляскі перабраўся на амерыканскі поўдзень, пражыў у Флорыдзе некалькі гадоў. Затым перабраўся ў Ілінойс, дзе пасябраваў з Аўраамам Лінкальнам.
У 1841 годзе Бяляскі атрымаў амерыканскае грамадзянства. У пачатку 1840-х гадоў абзавёўся сям’ёй, пабраўся шлюбам з амерыканкай. На гэтым вандроўкі Бяляскага не скончыліся. Разам з жонкай пераехаў на паўтара года ў Мексіку, там працаваў інжынерам на чыгунцы. Там жа прапанавалі мексіканскае грамадзянства, але ён адмовіўся і вярнуўся ў Злучаныя Штаты.
У 1850-я гады Бяляскі атрымаў пасаду ў Генеральным зямельным упраўленні ЗША. Вярнуцца на армейскую службу Бяляскага прымусіў пачатак Грамадзянскай вайны. Асабіста Лінкальн прапанаваў Бяляскаму афіцэрскае званне, але той доўгі час адмаўляўся з-за сям’і. Аўраам Лінкальн змог пераканаць Бяляскага далучыцца да арміі Саюза. Бяляскі стаў ад’ютантам генерала Джона Макклернанда.
Што Бяляскі рабіў падчас Грамадзянскай вайны
У 1861 годзе ў ЗША пачалася Грамадзянская вайна. Паўночныя штаты, або Саюз, хацелі захаваць краіну адзінай. Паўднёвыя штаты, або Канфедэрацыя, аддзяляліся ад ЗША і стварылі сваю дзяржаву. Адной з галоўных прычын канфлікту было рабства: Поўдзень хацеў захаваць рабства і палітычную самастойнасць, а Поўнач не хацела дапусціць распаду краіны.
Адным з важнейшых месцаў Грамадзянскай вайны была рака Місісіпі, якая праходзіць праз цэнтр Злучаных Штатаў. Той, хто кантраляваў Місісіпі, мог перавозіць войскі, зброю, харчаванне, а таксама разразаць тэрыторыю праціўніка на часткі. Таму Саюз і Канфедэрацыя змагаліся за гарады і ўмацаванні ўздоўж Місісіпі.
На пачатку Грамадзянскай вайны канфедэраты кантралявалі два важныя пункты на Місісіпі: Каламбус у штаце Кентукі і Белмант у штаце Місуры. Яны знаходзіліся на супрацьлеглых берагах ракі. Каламбус лічыўся мацнейшай пазіцыяй канфедэратаў. Абодва пункты дапамаглі Поўдню кантраляваць рух па рацэ.
Войскі Саюза хацелі захапіць Каламбус і Белмант. Аперацыяй кіраваў брыгадны генерал Уліс Грант. Тады ён яшчэ не быў знакамітым ваенным начальнікам, якім стане пазней. Грант даведаўся, што войскі Поўдня могуць рыхтаваць наступ, таму вырашыў ударыць першым і атакаваць лагер канфедэратаў ля Белманта. Пад кіраўніцтвам Гранта быў той самы Джон Макклернанд, які камандаваў часткай салдат, што ўдзельнічалі ў нападзе на Белмант. План Гранта быў адносна просты: пераправіць салдат на суднах да Белманта і разбіць лагер канфедэратаў. Прадугледжваўся ўдар, які сарваў бы планы Поўдня і аслабіў бы іх пазіцыі, захопліваць і ўтрымліваць тэрыторыю ніхто не збіраўся.

Падчас бою большасць войскаў Гранта рушыла наўпрост на войскі генерала канфедэратаў Гідыёна Пілоў. У той жа час Макклернанд адправіў асобны атрад у абыход: яна павінны былі прайсці з флангу асноўных войск і заняць больш выгадную пазіцыю. Падчас аперацыі атрад вырашыў зайсці ў тыл, каб ударыць па канфедэратах ззаду. У гэтым жа атрадзе знаходзіўся Аляксандр Бяляскі пад кіраўніцтвам палкоўніка Напалеона Б’юфарда. Разам з Б’юфардам яны пракладалі шлях да лагера праціўніка.
Калі паўночны атрад дабраўся да пазіцый канфедэратаў, атака пахіснулася. Тады Бяляскі пачаў збіраць людзей назад і асабіста далучыўся да атакі. Падчас бою яго паранілі ў руку, а потым яму давялося злезці з параненага каня. Бяляскі падабраў мушкет, пачаў страляць у праціўнікаў, пасля ўзяў баявы сцяг і павёў салдат у атаку. Бяляскі загінуў са сцягам у баі: па адных сведчаннях, яго забілі куляй у галаву, а па іншых — расстралялі з гармат.
Спачатку салдаты Гранта здолелі захапіць лагер канфедэратаў у Белманце, але поспех быў кароткатэрміновым, бо генерал Пілаў атрымаў падмацаванне з Каламбуса. Бітва пры Белманце была ранняй і вельмі крывавай спробай Поўначы праверыць свае сілы на Місісіпі. Для Бяляскага яна стала першай і апошняй бітвай у Грамадзянскай вайне.
Аляксандр Бяляскі загінуў 7 лістапада 1861 года.
Нашчадкі Бяляскага сталі выбітнымі амерыканцамі
У шлюбе з Мары Эн Кэры ў Аляксандра Бяляскага нарадзілася шмат дзяцей.
Адным з самых вядомых стаў Оскар Бяляскі. Ён гуляў у бейсбол і лічыцца першым амерыканцам польскага паходжання, які гуляў у Галоўнай лізе бейсбола ЗША. У 2005 годзе Оскара Бяляскага ўключылі ў Нацыянальны Польска-Амерыканскі спартыўны Зал Славы.
Унук Аляксандр Брус Бяляскі быў юрыстам і другім дырэктарам Бюро расследаванняў (цяпер — Федэральнае бюро расследаванняў) у 1912-1919 гады. У 1920-я гады яго выкралі ў Мексіцы невядомыя, але ён змог уцячы — мексіканскія ўлады сцвярджалі, што выкрадання не было ўвогуле, а Бяляскі схлусіў пра гэта, каб стаць вядомым. Пазней працаваў агентам пад прыкрыццём і змагаўся з бутлегерамі ў Нью-Ёрку.

Унучка Рут Бяляскі Шыплі была кіраўніцай пашпартнага аддзела Дзярждэпартамента ЗША — яна была першай жанчынай на гэтай пасадзе. На той час аддзел пад кіраўніцтвам Рут Бяляскі кантраляваў магчымасць амерыканцаў выязджаць за мяжу: без яе рашэння грамадзянін Злучаных Штатаў не мог атрымаць пашпарт.
Рут Бяляскі была не проста бюракраткай, якая выконвала чужыя загады, бо яна ўплывала на самі правілы. Напрыклад, яна змяніла практыку выдачы пашпартоў замужнім жанчынам: жанчыны змаглі атрымліваць пашпарт толькі на сваё дзявочае прозвішча без пазнакі «жонка [імя і прозвішча мужа]». Яна тлумачыла, што ў пашпартах мужчын не пісалі падобнага, таму і жанчын не трэба было дадаткова вызначаць праз шлюб. Аднак нягледзячы на прагрэсіўныя крокі рэпутацыя Рут была супярэчлівай. Для адных яна была моцнай чыноўніцай, а для іншых — сімвалам свавольства і недэмакратычнай улады.
