Веды

Сямейныя традыцыі: што ў Беларусі стогадовай даўніны варта ўзяць сёння?


Сямейныя традыцыі: што ў Беларусі стогадовай даўніны варта ўзяць сёння?

Уявіце сабе беларускую вёску сто гадоў таму. Бабуля з малодшым унукам чытае казку, дзядуля ў той жа час вучыць хлопцаў выразаць жалейку з падсохлай галінкі дрэўца. Ніякіх смартфонаў — толькі голас і водбліскі агню з печы. Безумоўна, што розныя лічбавыя тэхналогіі і існаванне інтэрнэту моцна аблегчыла штодзённы побыт, але існуе тое, што мы неўзабаве страцілі.

PALATNO падрыхтавала для Вас шэсць звычаяў, якія існавалі ў беларускіх сем’ях прыкладна яшчэ сто гадоў таму.

«У сваёй хатцы нечага баяцца»

Традыцыйны сямейны быт беларусаў фарміраваўся стагоддзямі. У канцы XIX стагоддзя маладыя людзі, узяўшыя шлюб, не жадалі доўга жыць у бацькоўскай сям’і, а стараліся як мага хутчэй аддзяліцца. Імкненне жыць малой сям’ёй лічылася для беларусаў амаль што этнічнай асаблівасцю: «Беларус не любіць трымацца вялікай сям’ёй, як рускі, ледзь вырас хлопец, ажаніўся, ён стараецца абзавесціся сваёй хатай і сваёй гаспадаркай».

«Усё яшчэ будзе!.. Пачакайце, прыйдзе час пабачыце, хто такі ён, Дзяцел Васіль! Пабачыце, усе пабачыце! Будзе гэта! Будзе яго пара!.. Ён узнімецца, пабачыце!.. Гумно снапамі наб’е! Кароў завядзе! Не адну — тры, пяць! Стаенніка завядзе! Такога, што Корч пазелянее ад злосці!..» (Іван Мележ, «Людзі на балоце»)

Працэс развіцця беларускай сям’і непасрэдна звязаны з яе ўнутраным жыццём, адносінамі паміж дарослымі членамі сям’і, размеркаваннем працы, кіраўніцтвам і г.д. У кожнай сям’і ўсе яе члены па магчымасці ўдзельнічалі ў пашырэнні і ўмацаванні яе эканомікі.

«Сядзем радком, пагаворым ладком»

Яшчэ ў мінулым стагоддзі нашы продкі штовечар збіраліся за сталом і размаўлялі пры лучыне аб жыцці, мінулым і марах на будучыню. Цяпер — кожны жыве ў сваім тэмпе: паеў — кожны па-асобку нярэдка. Смартфон у рукі — і ў свае пакоі.

беларускія традыцыі, беларуская культура, беларуская сям'я, беларускі фальклор
Выява створана штучным інтэлектам.

Ці ёсць час і жаданне цяпер збірацца і разам павячэраць і нешта абмеркаваць? Сёння TikTok замяніў бабулю, якая чытае казкі, а курс на YouTube можа навучыць, як нешта змайстраваць. І блакаванне інтэрнэту гэта не зменіць, бо толькі мы самі можам вярнуць традыцыю сямейных вечаровых размоў.

«Стары кажа на глум, а малады бярэ на вум»

Сямейныя вячэры сто гадоў таму пачыналіся з таго, што самы старэйшы ў сям’і першы смакаваў прыгатаваныя стравы. У паэме Якуба Коласа «Новая зямля» ёсць такія радкі, якія дасканала апісваюць вячэру ў тыповай вясковай сям’і:

«За стол, малы, за стол, старэчы! —
Гаворыць дзядзька, сам сядае
І стол абрусам засцілае.
Паміж дзвюх лаў пад абразамі
Туліўся стол з двума кастрамі
Аладак грэцкіх, як пампушак,
Ды хлеба з зайчыка краюшак.
Міхал з Антосем, як старыя,
Займалі месцы канцавыя
І іх трымаліся выключна,
Бо тут сядзець ім больш спадручна,
І ў кут старым трудней залезці,
А на пачэсным гэтым месцы
Садзіўся госць — і то не кожан»

Гонар і павага да старэйшых як носьбітаў мудрасці — неад’емная частка штодзённага побыту нашых продкаў.

«І няўмелька пяець, калі голасу стаець»

А ці спяваеце сваім дзецям цяпер калыханкі? Беларуская мова жыла і перадавалася менавіта праз утульныя, лірычныя і мудрыя песні. Сто гадоў таму дзіця засынала не пад гук смартфона, а пад рытмічнае гушканне маці:

«Піпа кашку варыла
На палічку станавіла,
Гэтаму давала…
А ты, пальчык-с-пальчык,
Твая кашка на палічкі.
Тут пень, тут калода,
Тут асінава ізгарода».

Пры тым песні тыпу забаўлянак добра спрыяюць развіццю малога дзіцяці, бо словы дзіцячых песенак лёгкія для ўспрымання і запамінання.

беларускія традыцыі, беларуская культура, беларуская сям'я, беларускі фальклор
Выява створана штучным інтэлектам.

«Святое Раство людзям прыгаство»

У беларускіх традыцыях стогадовай даўніны год пачынаўся з Каляд. Ментальна ўспрымаць Свята Божага Нараджэння як пачатак нечага новага моцная традыцыя.

Дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пятро Цалка адзначае, што Каляды лічыліся пачаткам нечага новага і ў той жа час працягам ужо пройдзенага шляху, працягам здабытай мудрасці.

Свята закладае імкненне да дабрабыту, веры і спрыяе ўзмацненню сямейнага выхавання. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў Новы год сталі святкаваць 1 студзеня. Хоць дасюль у многіх краінах такіх як Італія, Польшча, у скандынаўскіх краінах Каляды заставаліся галоўным сямейным святам.

«Добраму чалавечку добра і ў запечку, а якой благаце дрэнна і на куце»

Ці ёсць у вашым доме ці кватэры зараз покуць? Між тым і цяпер у многіх бабуль на вёсцы існуе такі кут, які беларусы называюць покуць. Гэта процілеглы ад уваходу кут у галоўным агульным пакоі.

Менавіта на покуці сядзеў і пачынаў вячэру старэйшы. На покуці садзілі маладую дзяўчыну, якую выдавалі замуж. Абавязкова ў покуці знаходзіліся абразы і рушнікі — і, безумоўна, покуць несла сакральную інфармацыю аб сям’і.

беларускія традыцыі, беларуская культура, беларуская сям'я, беларускі фальклор
Выява створана штучным інтэлектам.

«Сялянская хата ўяўляла сабой мадэль свету, дзе Покуць была яе галоўным “святлом”», — адзнаецца ў этнаграфічным праекце «Дзед Паляшук».

Сучасныя кватэры і дамы абсталяваны шматлікай тэхнікай, стылёвымі рэчамі, але хіба знойдзецца сярод іх кватэра, у якой існуе да нашых дзён чырвоны кут (покуць)?

А што з разводамі?

Аўтарытэт бацькоў у традыцыйнай беларускай сям’і не быў дэспатычны. Ад бацькоў у сям’і патрабаваўся прыклад ва ўсіх справах, найперш у працы. Выхаванне пачыналася з нараджэння дзіцяці. Жорсткае стаўленне да дзяцей у Беларусі — з’ява рэдкая, нават выключная. Адносіны бацькоў да малых звычайна былі мяккія, але патрабавальныя.

У XIX стагоддзі, як адзначаецца ў выданні Нацыянальнай акадэміі навук «Беларусы. Вытокі і этнічнае развіццё», беларускія сем’і вылучаліся значнай стабільнасцю — у 1867-1886 гады на 10 тысяч шлюбаў у Міншчыне прыпадала прыкладна сем разводаў. Лічбы за 2024 год сцвярджаюць, што ў цэлым па Беларусі на 46,2 тысячы шлюбаў прыпадае 39,9 тысяч разводаў.

 

Аўтар Ягор Паляшук