Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш? Людзі пачынаюць шукаць адказ на гэтае пытанне яшчэ з дзіцячага садка, але сёння, калі штучны інтэлект і развіццё грамадства перапісваюць цэлыя галіны, рынак працы змяняецца хутчэй, чым падручнікі ў школах. Згодна з дакладам OECD апублікаваным ў 2025 годзе «Стан глабальнай падрыхтоўкі падлеткаў да прафесійнай кар’еры», прафесійныя чаканні практычна не змяніліся ад 2000 года і слаба суадносяцца з рэальным попытам на рынку працы. Іншымі словамі, моладзь па-ранейшаму марыць стаць настаўнікамі, дактарамі, юрыстамі, бо гэтыя прафесіі традыцыйна лічацца запатрабаванымі і высокааплатнымі. Але на практыцы гэты шлях даўно перастаў быць лінейным.
Пагаварылі з моладдзю, што цяпер жыве ў Беларусі і ў Еўросаюзе — тымі, хто толькі выбірае шлях або ўжо вучыцца, — каб зразумець, як яны думаюць пра будучыню, наколькі ўпэўненыя ў сваіх рашэннях і ці адпавядаюць вынікі даклада таму, што ёсць насамрэч.
«Я ведаю, чаго хачу»
На першых прыступках да прафесіі 13-гадовая Кіра (імёны героеў змененыя) з Германіі не вагаецца зусім. Яна абрала быць суддзёй і для гэтага паступіла ў школу з юрыдычным ухілам.
«Я баюся толькі таго, што прафесія акажацца для мяне непраходна складанай», — кажа дзяўчынка. Настаўнікі ў школе і маці даюць моцную падтрымку, таму будучыня не выглядае надта пагрозліва. У Германіі прафесійная арыентацыя можа пачацца значна раней, чым гэта звычайна адбываецца, напрыклад, у Беларусі.
Амаль не адрозніваецца матывацыя і ў тых, хто ўжо паступае.
«Для мяне цікавасць — галоўнае ў выбары прафесіі. Да таго ж дапамагае тое, што я люблю прадметы, якія зараз вучу для паступлення», — кажа 17-гадовы Іван, будучы хімік-тэхнолаг. Яго выбар выглядае празрыстым і стабільным. Будучыню ён бачыць на кіруючай пасадзе вялікага прадпрыемства, але будаваць планы больш чым на пяць гадоў не збіраецца: як адзначае Іван, гэта цяжка для маральнага стану і моцна нагружае.
Мікіта, выпускнік з Вільні, абраў прафесію кінарэжысёра, кіруючыся жаданнем уладкоўваць сваё жыццё так, каб у далейшым кайфаваць ад усіх яго аспектаў. Бо нават вялікія грошы не могуць даць яму той асалоды, якую дае творчая рэалізацыя. Юнак даволі цвяроза разважае і пра фінансавы бок: «Рэжысура, як і любая творчая прафесія, — гэта не пра грошы. Грошы — гэта апошняе, што будзе атрымліваць творчы чалавек», — падсумоўвае ён.
«Мае знаёмыя, гледзячы на тое, што адбываецца ў розныя гістарычныя моманты, хочуць зберагчыся ад усяго і выбіраюць ведаць шмат і быць дасведчанымі ва ўсім, а не ў чымсьці адным», — кажа студэнт першага курса аднаго з беларускіх універсітэтаў Юрась. Сам ён абраў іншую тактыку і вучыцца на правазнаўцу з акцэнтам на кітайскай мове. Калі ўлічваць, што на кітайскай размаўляе каля паўтара мільярда чалавек, такі выбар выглядае практычным.
Нягледзячы на розныя краіны, планы і ўзрост, у гэтых гісторыях ёсць агульная рыса: маладыя людзі даволі ўпэўнена фармулююць свой выбар і рэдка ставяць яго пад сумнеў. Яны гавораць пра цікавасць, пра «пошук свайго», пра задавальненне ад працэсу і значна радзей — пра рызыкі, зменлівасць рынку ці магчымыя сцэнарыі правалу. У гэтым сэнсе іх выбар выглядае як стратэгія без запасных варыянтаў. Гэта лёгка кладзецца на вынікі даследаванняў.
Сёння для моладзі аднымі з асноўных матываў становяцца задавальненне ад працы і пошук сябе. Гэтыя фактары і гармонія ад таго, чым яны займаюцца, выходзяць на першы план у адрозненні ад прыярытэтаў старэйшага пакалення, для якіх пытанне заробку было адным з найважнейшых, адзначае Дзмітрый Крук, эксперт, дырэктар школы бізнесу і эканомікі BISEB.
Ад уяўленняў да рэчаіснасці

Калі паглыбіцца, становіцца бачна, што чым далей ад школы, тым складаней становіцца адказ на пытанне «кім стаць». Тыя, хто вучыцца ў ВНУ або нядаўна скончыў, глядзяць на адукацыю інакш — без ілюзій, што дыплом нешта гарантуе.
Марыўсу — 23, ён з Літвы і жыве ў Вільнюсе, вучыцца ў магістратуры па інфармацыйным мадэляванні будынкаў і ўжо з другога курса працуе інжынерам. Яго шлях з боку выглядае амаль ідэальна. Але сам ён адразу разбурае гэтую карціну: «Дыплом з выдатнай адзнакай пагоды не робіць. Усіх цікавіць, што ты ўмееш рабіць. Ступень бакалаўра — гэта падмурак і хутчэй пацвярджэнне таго, што ты наогул нешта ведаеш і ўмееш вучыцца».
Марыўс сутыкаўся з адмовамі з-за недахопу досведу, а адзін з працадаўцаў проста падчас сумоўя даў тэст з дваццаці тэарытычных пытанняў па ўніверсітэцкай праграме.
Мікалаю — 19, беларускі студэнт BISEB у Вільнюсе. У адрозненні ад Марыўса, ён з самага пачатку выбраў не канкрэтную спецыялізацыю, а шырокую праграму: «Вельмі лёгка памыліцца, калі выбіраеш вузкую спецыялізацыю на ўзроўні бакалаўрыяту. Я да канца не ведаў, чым хачу займацца, таму і паступіў на “Бізнес-эканоміку”, дзе атрымліваю шырокі набор ведаў».
Яго шлях не выглядаў загадзя зададзеным. Мікалай са шматдзетнай сям’і, і фінансавых магчымасцяў для вучобы за мяжой не было. Ён прыйшоў да гэтага сам, нават пайшоўшы супраць меркавання бацькоў. Цяпер вучыцца і паралельна развівае адукацыйную платформу з 17 удзельнікамі ў камандзе, атрымаў стыпендыю ад інвестыцыйнага фонду, а яго адукацыйны праект сабраў удзельнікаў з 60 універсітэтаў і 30 краін Еўропы.
У адрозненні ад тых, хто толькі выбірае, гісторыі гэтых герояў значна больш жыццёвыя. Тут менш размоў пра тое, што падабаецца, і больш — пра досвед, рызыкі і рэальныя ўмовы рынку. Чым раней чалавек пачынае дзейнічаць па-за межамі вучобы — працаваць, шукаць магчымасці, браць адказнасць, — тым менш у яго ілюзій і тым больш кантролю над уласнай траекторыяй. Рэалізацыя сябе ў працы — гэта часта той фактар, які недаацэньваюць студэнты, у якіх няма прафесійнага досведу.
«Бывае так, што чалавек, адлічаны з дзённага аддзялення, які атрымаў прафесійны досвед, зноў паступае праз некаторы час і паказвае прынцыпова іншы падыход да вучобы», — расказвае Дзмітрый Крук.
Адзін з галоўных выклікаў для адукацыі цяпер і раней — гэта адсутнасць разрыву паміж акадэмічнымі ведамі і тым, што патрэбна працадаўцам. Гэта можна зрабіць толькі адышоўшы ад «казарменнага метаду», які дагэтуль распаўсюджаны ў беларускіх ВНУ, лічыць эксперт.
Недастаткова проста быць добрым спецыялістам

«У нас часта такое здараецца, што мінімальна кваліфікаваныя людзі чамусьці вылазяць на першыя палосы, і іх, на жаль, не збівае машына ў гэты момант», — іранізуе Марыя, студэнтка Віленскага ўніверсітэта факультэта медыя і камунікацыі. Яна адзначае, што цяпер існуе такая тэндэнцыя: каб дамагчыся поспеху ці папулярнасці, хард-скілоў ужо недастаткова, і калі ты з нейкай прычыны дастаткова сціплы, ціхі і не здольны да правакацый чалавек, то цябе лёгка могуць адсунуць больш актыўныя людзі.
Гэтую іронію падхоплівае і Алекса, якая завяршае магістратуру па сацыялогіі ў Польшчы. Яна разглядае гэтую тэндэнцыю як сітуацыю, дзе сацыяльныя медыя ствараюць ілюзію рэальнасці, у якой мяжа паміж праўдай і хлуснёй цалкам сцёртая. У гэтай прасторы поспех часта вымяраецца не рэальнымі ведамі, а здольнасцю ствараць «хайп» і яркую карцінку.
Гэтая сітуацыя стварае для маладых спецыялістаў дылему: альбо рабіць тое, што важна і адпавядае ўнутраным каштоўнасцям, альбо падпарадкоўвацца законам рынку, які патрабуе «таннага дафаміну» і забаўляльнага кантэнту. Так ці інакш, абедзве дзяўчыны, не ведаючы гэтага, пагаджаюцца паміж сабой у тым, што мала быць проста добрым спецыялістам: у сучасным свеце галоўным становіцца ўменне прадаць свае ідэі, захапіць і прапанаваць свету тое, за што людзі гатовыя плаціць.
Магчыма, менавіта таму амаль усе героі ў адказ на нашае пытанне «чаго яны баяцца больш за ўсё» адказалі, што страшна выдаткаваць усе свае сілы і час на тое, што акажацца непатрэбным.
«Сёння мы бачым, што межы прафесій размываюцца і цяпер проста хард-скілоў недастаткова. Марыя мае рацыю: быць проста сціплым прафесіяналам у “казарменнай” сістэме — гэта шлях у нікуды. Сучасная адукацыя павінна даваць не толькі вузкія веды, але і навыкі аналітычнага мыслення, якія дазваляюць чалавеку быць актарам і дзеячам, а не проста статыстам», — кажа Крук.
Што тычыцца «мінімальна адукаваных людзей», яго пазіцыя застаецца аптымістычнай: на доўгай дыстанцыі ў топы ўсё роўна выходзяць тыя, у каго ёсць моцная базавая адукацыя, а ўменне «прадаць ідэю» — гэта не замена ведам, а неабходная надбудова да іх. Задача адукацыі цяпер — навучыць студэнтаў не проста «быць добрымі», а быць канкурэнтаздольнымі ў свеце, дзе хайп часовы, а здольнасць вырашаць складаныя праблемы — вечная.
Як бачна, моладзь сапраўды абірае прафесію, кіруючыся ўласнымі цікавасцямі і ўяўленнямі пра «як трэба». Але цягам навучання погляды змяняюцца, і становіцца зразумела: да рэальнасці даводзіцца падстройвацца — і не адзін раз.
У выніку выбар прафесіі перастае быць лінейным сцэнарыем і становіцца працэсам, у якім галоўным навыкам становіцца здольнасць адаптавацца.
Канстанцыя Ляхновіч
