«Гісторыя — гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу. І нам, каб адбудаваць сваё жыцьцё, трэба пачаць з фундамэнту, каб будынак быў моцны».
Вацлаў Ластоўскі, з прадмовы да «Кароткай гісторыі Беларусі»
Акадэмік без адукацыі, прэм’ер-міністр без дзяржавы, аўтар першага падручніка па гісторыі Беларусі ад беларуса для беларусаў. Ён «прыдумаў» Кастуся Каліноўскага і знайшоў крыж Еўфрасінні Полацкай — усё гэта Вацлаў Ластоўскі.
PALATNO расказвае пра выбітнага беларускага дзеяча.
Прага да ведаў
Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся на Глыбоччыне ў 1883 годзе ў сям’і збяднелага беззямельнага шляхціца. У бацькоўскім доме ён атрымаў толькі пачатковую адукацыю, а далей усё жыццё займаўся самаадукацыяй.
Сям’я Вацлава Ластоўскага была занадта беднай, каб аплаціць сыну вучобу ва ўніверсітэце, але ён цягнуўся да ведаў. Не маючы магчымасці стаць студэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта, як гэта рабілі многія іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння, напрыклад, тыя ж браты Луцкевічы, Ластоўскі ў 1905 годзе ўладкоўваецца бібліятэкарам у студэнтскую бібліятэку ў Санкт-Пецярбурзе і адвольна «зайцам» наведвае лекцыі па гісторыі. Пазней займаецца самаадукацыяй у Рызе, дзе паспрабуе экстэрнам здаць экзамены на атэстат сталасці, то бок атэстат аб сярэдняй адукацыі, але ў яго не атрымалася — праз кепскую адзнаку па рускай мове.
У 1909 годзе Ластоўскі пераехаў ў Вільню і занурыўся ў вір беларускага нацыянальнага адраджэння. Пачынае пісаць для газеты «Наша ніва», потым працуе там тэхнічным супрацаўніком, а пасля фактычна ўзначальвае рэдакцыю. Менавіта на старонках «Нашай Нівы» 1 студзеня 1910 года ўпершыню стала выходзіць праца Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» — першы падручнік па гісторыі Беларусі, напісаны беларусам для беларусаў на беларускай мове.
Міф пра Кастуся Каліноўскага
Вацлаў Ластоўскі як, напэўна, ніхто ў тыя часы разумеў важнасць уласнага нацыянальнага погляду на сваё мінулае, важнасць нацыянальнага гістарычнага міфу. І менавіта гістарычны міф Ластоўскі і пачынае ствараць, і робіцца першым, хто наогул стаў займацца гэтай справай.
Ластоўскі першым стаў актуалізаваць постаць Кастуся Каліноўскага як фігуру, найважнейшую для фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці. І тут сапраўды не абышлося без гістарычнай містыфакацыі. Напрыклад, дзякуючы Ластоўскаму ў зварот стала ўваходзіць імя Кастусь. Хаця насамрэч пры жыцці Каліноўскі часта карыстаўся таксама сваім іншым імем Вінцэнт.
Ластоўскі імкнуўся стварыць з рэальнай гістарычнай асобы вобраз, на якім магла б будавацца нацыянальная свядомасць. І дзеля гэтага нават памяняў некаторыя словы ў «Лістах з-пад шыбеніцы». Напрыклад, з верша «Марыська, чарнаброва галубка мая», які з’яўляецца любоўнай паэзіяй, Ластоўскі робіць патрыятычную лірыку і замяняе «Марыська, чарнаброва» на «Беларуская зямелька, галубка мая».
Ён рабіў, што лічыў лепшым дзеля справы фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

Не Беларусь, а Крывія
Фармаванне постаці Каліноўскага як цэнтральнай фігуры для беларускай самасвядомасці гэта не адзіная справа, якую зрабіў Ластоўскі. І не адзіная з тых, якімі мы карыстаемся дагэтуль. Ластоўскі сярод тых, хто ў першай палове XX стагоддзя загаварыў пра XVI стагоддзе як «Залаты век» Беларусі і актуалізаваў постаці Францішка Скарыны і Мікалая Радзівіла Чорнага.
Шмат увагі надаваў Ластоўскі гісторыі Полацкага княства, да якога, здаецца, меў асаблівую цікаўнасць і любоў. Ён распрацаваў і прасоўваў канцэпцыю будавання беларускай ідэнтычнасці менавіта на падмурку гісторыі Полацкага княства. Полацкае княства, першая беларуская дзяржава, якую заклалі продкі беларусаў крывічы, і дагэтуль у беларусах жыве крывіцкі дух. Ластоўскі нават прапаноўваў перайменаваць Беларусь у Крывію, а беларусам называцца крывічамі. Канцэпцыя хоць і займела некаторую колькасць паслядоўнікаў, але масавай не стала.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Ад Рагвалода да нашчадкаў Альгерда: хто княжыў на Полацкай зямлі
Вацлаў Ластоўскі быў упарты ў гэтай сваёй крывіцкай ідэі і нават выносіў яе на вокладкі асноўных фундаментальных прац. Напрыклад, у 1924 годзе выходзіць у свет першы руска-беларускі слоўнік на 20 тысячаў слоў, які Ластоўскі назваў «Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік». А ў 1926 годзе Вацлаў выдае каштоўную для беларускай навукі працу «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», якая ўтрымлівае апісанні і цытаты з усіх беларускіх манускрыптаў і друкаваных кніг з канца XX па пачатак XIX стагоддзя. Як бачыце, «крывіцкі» і «беларускі» для Ластоўскага застаюцца сінонімамі.
Таксама пад уражаннем ад гісторыі Полацкага княства і ў захапленні ад крывіцкай ідэі, Ластоўскі піша першае беларускае фэнтэзі (хаця тады слова такога яшчэ не было) — містычную аповесць «Лабірынты». Паводле сюжэту аповесці, пад Полацкам ёсць таемны падземны лабірынт, сакрэтны ўваход у які хаваецца дзесьці ў Сафійскім саборы. Прайшоўшы гэты лабірынт, можна знайсці падземную цывілізацыю крывічоў, якая захавалася праз стагоддзі.
Ад 1923 да 1927 гады ў Коўна працуе рэдактарам часопісу «Крывіч». З закрыццём гэтага часопісу звязаная іншая частка жыцця Вацлава Ластоўскага — пераезд у БССР.
Прэм’ер-міністр без дзяржавы
Акрамя даследаванняў і навуковай дзейнасці Ластоўскі займаўся палітыкай. Ён прыклаў руку да абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў. У сакавіку 1918 года, як прадстаўнік Віленскіх грамадскіх і палітычных арганізацый, увайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Ластоўскі прыехаў з Вільні ў Мінск і прысутнічаў на гістарычным начным паседжанні з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Мінску, калі была прынятая Трэццяя Ўстаўная грамата.
З 1919 па 1923 год Ластоўскі быў прэм’ер-міністрам БНР, на гэтай пасадзе вёў актыўную дыпламатычную дзейнасць. Спрабаваў разам з беларускай дэлегацыяй далучыцца да мірных перамоваў у Рызе, дзе РСФСР і Польшча заключылі Рыжскую дамову па выніках савецка-польскай вайны.
У Ластоўскага не атрымалася: ні расейцы, ні палякі не дапусцілі беларусаў да вырашэння лёсу сваёй краіны і падзялілі Беларусь паміж сабой без удзела беларусаў. Пасля Ластоўскі, як глава ўраду БНР, быў у Германіі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Ватыкане — і ўсюды даводзіў еўрапейскім палітыкам пра незаконнасць Рыжскага падзелу і настойваў на праве беларусаў мець сваю ўласную дэмакратычную краіну.
Палітычная дзейнасць Ластоўскага скончылася скандалам. На адной з міжнародных канферэнцыяў у 1922 годзе ён ад імя беларускага народу «падарыў» Вільню літоўцам: заявіў, што Вільня — літоўскі горад. Такую яго заяву, мякка кажучы, не ацанілі ў беларускіх колах, пасля чаго Ластоўскі склаў з сябе паўнамоцтвы прэм’ер-міністра БНР і назаўсёды сышоў з палітыкі. Ён працягнуў займацца навуковай і даследчай дзейнасцю, пісаў працы па мовазнаўству і выпускаў часопіс «Крывіч».

Back to BSSR
Паваротным у лёсе Ластоўскага стаў 1926 год. У тым годзе ў Мінску прайшла Канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. Туды на запрашэнне Інбелкульту, будучай Акадэміі навук, прыехаў Вацлаў Ластоўскі. Ён застаецца моцна ўражаным жыццём Савецкай Беларусі і бачыць менавіта там вялікі патэнцыял для развіцця беларускай нацыі.
Пасля ўдзелу ў канферэнцыі Ластоўскі вяртаецца ў Коўна, дзе працягвае выдаваць часопіс «Крывіч». Але прыблізна праз год літоўскі ўрад спыняе фінансаванне «Крывіча» — Ластоўскі пакуе валізы і ў 1927 годзе пераязджае ў БССР, каб працягваць працаваць на справу беларушчыны ўжо там.
Спачатку ўсё было добра: Ластоўскі стаў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музею і займаўся фармаваннем фонду музею. Дзеля гэтага ён ездзіў у этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі, а падчас адной з іх знайшоў знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай, які быў згублены падчас бурлівых падзей 1917 года.
У 1928 годзе Вацлаў Ластоўскі стаў акадэмікам і сакратаром Беларускай Акадэміі Навук, узначальваў кафедру этнаграфіі. Цікава, што пры гэтым, нагадаем, фармальна ён меў толькі пачатковую адукацыю, а асноўныя веды набыў шляхам самаадукацыі.
Арышт, ізноў арышт
Плённая праца Вацлава Ластоўскага дзеля справы беларушчыны ў БССР доўжылася нядоўга — усяго тры гады. Арышт спаткаў яго нечакана – падчас экспедыцыі па Сібіры.
21 ліпеня 1930 года Ластоўскага затрымалі томскія чэкісты па справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Гэта была такая сфабрыкаваная, цалкам выдуманая крымінальная справа, якую прыдумалі АДПУ, каб стварыць нагоду для рэпрэсій беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Тады Ластоўскі быў пазбаўлены звання акадэміка і асуджаны на пяць гадоў высылкі ў Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ў бібліятэцы Саратаўскага ўніверсітэту. Як гэта нярэдка адбывалася з фігурантамі справы «Саюзу вызвалення Беларусі», пасля адбыцця пакарання Ластоўскі быў арыштаваны паўторна — у 1937 годзе. У 1938 годзе яго прысудзілі да расстрэлу як «агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі».
Вацлаў Ластоўскі быў рэабілітаваны па абедзвюм крымінальным справам у 1958 і 1988 гадах. А таксама адноўлены ў званні акадэміка ў 1990 годзе.
Памяць пра амбітнага, плённага, працавітага стваральніка беларускай нацыянальнай ідэі захоўваецца дагэтуль. У горадзе Глыбокае, на Радзіме дзеяча, у 2012 годзе быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага. А на месцы сталінскіх расстрэлаў у Курапатах пад Мінскам усталяваны драўляны крыж з выявай Вацлава Ластоўскага як памяць пра яго асобу і падзяка за ягоны невымяральны ўнёсак у развіццё беларускай нацыі.
