Now Reading
Ад Рагвалода да нашчадкаў Альгерда: хто княжыў на Полацкай зямлі

Ад Рагвалода да нашчадкаў Альгерда: хто княжыў на Полацкай зямлі

Полацкія князі, князі Полацкага княства, Усяслаў Чарадзей

Хто кіраваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі да з’яўлення Вялікага Княства Літоўскага? Хто гаспадарыў на беларускай зямлі да Вітаўта? Гісторыя Беларусі пачалася задоўга да Вялікай Айчынай вайны (насуперак меркаванню дзяржаўных ідэолагаў) і нават задоўга да Вялікага Княства Літоўскага — залатога перыяду нашай дзяржаўнасці. Як Усяслаў Чарадзей стаў адным з самых славутых князёў, нягледзячы на тое, што вельмі часта прайграваў бітвы?

PALATNO — пра калыску беларускай дзяржаўнасці і полацкіх князёў.

Рагвалод, Рагнеда і Ізяслаў. «Не хочю розути робичича, но Ярополка хочю»

Гісторыя беларускай дзяржаўнасці пачалася ў Полацку — і (па паданнях, што дайшлі да нашага часу) пачалася яна трагічна. У дзявятым стагоддзі Полацк актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё ўсходнеславянскіх плямёнаў. Па-першае, з-за геаграфіі — горад знаходзіўся на адным з адгалінаванняў шляху «з варагаў у грэкі». У дзявятым стагоддзі шлях «з варагаў у грэкі» становіцца вельмі буйной гандлёвай артэрыяй, што паўплывала на эканамічны росквіт Полацка і яго імкненне да незалежнага існавання ад улады Кіева, князі якога імкнуліся кантраляваць гандлёвы шлях.

У пісьмовых крыніцах Полацк упершыню згадваюць у 862 годзе, калі скандынаўскага князя Рурыка запрашаюць на княжанне ў Ноўгарад, а ён накіроўвае ў Полацк свайго падначаленага. Кім ён быў і як яго звалі, дагэтуль невядома. Прыкладна ў 970-я гады ў Полацку стаў княжыць Рагвалод. Рагвалод адзінаўладна кіраваў усёй Полацкай зямлёй, да саюзу з ім імкнуліся наўгародскі князь Уладзімір і кіеўскі князь Яраполк. Уладзімір хацеў заручыцца падтрымкай Рагвалода, таму пасватаўся да яго дачкі Рагнеды.

Рагнеда і Рагвалод на мініятуры Радзівілаўскага летапіса XV стагоддзя. Фота: See page for author, Public domain, via Wikimedia Commons

Рагнеда нібыта ведала пра тое, што Уладзімір з’явіўся на свет у выніку пазашлюбных адносін паміж яго бацькам, князем Святаславам, і ключніцай, а таму адмовіла яму: «Не хочю розути робичича, но Ярополка хочю». Гісторыкі лічаць, што гэтыя словы не належалі Рагнедзе, але яны сведчаць пра тое, што паміж Уладзімірам і Яраполкам Полацк абраў не бок Ноўгарада.

Тады Уладзімір з вялікім войскам захапіў Полацк. Рагвалод, яго жонка і сыны былі забіты, перад гэтым Уладзімір згвалціў Рагнеду на вачах яе бацькоў. Пасля таго, як Уладзімір стаў кіеўскім князем, Рагнеда спрабавала забіць яго. Ад смерці яго выратаваў сумесны з Уладзімірам сын Ізяслаў. Уладзімір саслаў іх у крэпасць Ізяслаў (цяперашняе Заслаўе). Палачане запрасілі Ізяслава на княжанне ў Полацк. Пра яго праўленне вядома няшмат, але са станоўчых згадак у летапісах вынікае, што князь спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на полацкіх землях. У 1001 годзе Ізяслаў памёр, у яго засталіся два сыны: Усяслаў і Брачыслаў. Аднак у 1003 годзе старэйшы Усяслаў памірае і адзіным нашчадкам княжацкай улады становіцца Брачыслаў.

Брачыслаў Ізяславіч, князь-ваўкалак Усяслаў Чарадзей. Узвышэнне Полацкага княства

У 1003 годзе, пасля смерці брата, Брачыслаў Ізяславіч становіцца полацкім князем. Магчыма, што да 1015 года Брачыслаў займаўся толькі вырашэннем унутрыпалітычных спраў. Пасля смерці кіеўскага князя Уладзіміра і міжусобіцы ў Брачыслава з’явіўся шанец захапіць уладу над адгалінаваннямі шляху «з варагаў у грэкі». У 1021 годзе Брачыслаў ідзе на Ноўгарад, захоплівае яго і рабуе. На шляху дадому яго сустракаюць войскі кіеўскага князя Яраслава і разбіваюць, таму Брачыслаў бяжыць дадому, у Полацк. Затым князі заключаюць перамір’е — Брачыславу адыходзяць Віцебск і Усвяты. Існуе версія, што Брачыслаў мог некаторы час кіраваць у Кіеве — яна не пацвярджаецца гісторыкамі, але і не адмаўляецца імі.

Верагодна, што Брачыслаў з’яўляецца заснавальнікам горада Браслава. Аднак з-за таго, што перыяд праўлення Брачыслава Ізяславіча можна назваць адным з самых недаследаваных у беларускай гісторыі, засталося многа белых плям. У часы княжання Брачыслава да Полацкага княства далучаецца Менская воласць. У 1044 годзе Брачыслаў памірае, а княжыць у Полацку пачынае Усяслаў Чарадзей.

Усяслаў Брачыславіч атрымаў мянушку Чарадзей у выніку міфалагізацыі сучаснікамі. Чарадзеем у часы Полацкага княства яго ніхто не называў. Усяслаў працягваў палітыку свайго бацькі, асабліва на заходнім кірунку: крэпасці Герцыке і Кукенойс дазволілі полацкім князям кантраляваць не толькі Ніжняе Падзвінне, але і рух па Балтыцы. Падчас кіравання князя ім падтрымліваўся мір з балцкімі плямёнамі.

У першыя дзесяцігоддзі свайго праўлення Усяслаў будаваў мірныя стасункі і з Кіеўскім княствам. Вядома, што ў 1060 годзе Усяслаў сумесна з князямі Яраславічамі выступіў у паход супраць торкаў. Даследчыкі не ведаюць, чаму полацкі князь пагадзіўся на сумесны паход. Але пасля яго адносіны з Яраславічамі сапсаваліся.

князі Полацкага княства, Усяслаў Брачыславіч Чарадзей
Выява Усяслава Чарадзея ў Радзівілаўскім летапісу XV стагоддзя. Фота: gedygold.livejournal.com, Public domain, via Wikimedia Commons

У 1065 годзе Усяслаў ідзе на Пскоў: яго матывы дагэтуль выклікаюць спрэчкі паміж гісторыкамі. Сяргей Тарасаў сцвярджаў, што Усяслаў заступіўся за князёў-сірот, якія былі абдзеленыя землямі Яраславічамі пры вырашэнні пытання аб спадчыннасці Смаленска. Юрый Заяц падкрэсліваў, што Усяслаў дзейнічаў у інтарэсах полацкіх купцоў і баяр, якія жадалі атрымаць землі на Дняпры.

Пскоў Усяслаў так і не ўзяў. А падчас яго адсутнасці на Полацкае княства напалі літоўскія князі Кернус і Гімбут. Праз год Усяслаў рашыўся на далейшую эскалацыю: пайшоў на Ноўгарад. Дарэчы, за паход на Пскоў ніякай помсты не было. Паходы Усяслава і на Пскоў, і на Ноўгарад абумоўлены тым, што праз іх ішлі асноўныя патокі заходнееўрапейскіх дынарыяў, гарады былі актыўнымі ўдзельнікамі гандлю з Заходняй Еўропай.

Паход на Ноўгарад для полацкага князя завяршыўся паспяхова: горад абрабавалі, узялі ў палон жанчын і дзяцей, знялі з Сафійскага сабора званы і панікадзілы. А потым — падпалілі. Такі ўчынак Усяславу дараваць не змаглі. Яраславічы збіраюць супраць яго кааліцыю, у якую ўвайшлі: кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч, чарнігаўскі князь Святаслаў Яраславіч і пераяслаўскі князь Усевалад Яраславіч. У 1066 годзе войскі кааліцыі захапілі і разрабавалі Менск. У 1067 годзе войскі трыумвірату Яраславічаў і войскі Усяслава сутыкнуліся ў бітве на Нямізе. Паўднёварускія князі не змаглі акружыць і знішчыць палачан, а Усяслаў уцёк з часткай войск. Праз паўгода пасля бітвы Яраславічы паклікалі Усяслава на мірныя перамовы. Полацкаму князю гарантавалі бяспеку і цалавалі крыж, але парушылі прысягу і схапілі Усяслава разам з сынамі, пасадзілі іх у поруб у Кіеве.

Чаму Яраславічы вырашылі паступіць з полацкім князем так? Акрамя полацкай пагрозы для паўднёварускіх князёў існавала іншая небяспека — полаўцы. Яраславічы ўцягваліся ў барацьбу з Усяславам і пакідалі прастор для рабавання для полаўцаў. Усяслаў знаходзіўся ў зняволенні больш за год, а потым яго вызвалілі кіяне. У 1068 годзе кіяне паўсталі супраць Яраславічаў: Ізяслаў не забяспечыў абарону ад полаўцаў, таму ўцёк ад паўстання з горада. Гараджане абвясцілі Усяслава новым кіеўскім князем, на гэтай пасадзе ён прабыў сем месяцаў. Пра перыяд яго кіеўскага праўлення засталося мала звестак, але падчас яго ўпершыню ў «Слове пра паход Ігаравы» гаворыцца, што Усяслаў нібыта пераварочваўся ў воўка.

князі Полацкага княства, бітва на Нямізе, Усяслаў Брачыславіч Чарадзей
Бітва на Нямізе, выява ў Радзівілаўскім летапісу. Фота: Unknown artistUnknown artistUnknown artistUnknown artist, Public domain, via Wikimedia Commons

Ізяслаў, які збег з Кіева, праз нейкі час сабраў войска і вырашаў вярнуць прастол. Усяслаў таксама сабраў войска, і ў 1069 годзе павінна была адбыцца вырашальная бітва. Аднак уначы перад бітвай ён нечакана ўцёк у Полацк. Гісторыкі тлумачаць гэта тым, што Усяслаў не быў упэўнены ў сілах свайго войска, сабранага з кіян, і думаў, што яно значна меншае, чым у Ізяслава. У Полацку Усяслаў не змог замацавацца князем: у той час там княжыў сын Ізяслава — Мсціслаў, а пасля яго смерці іншы сын — Святаполк.

Усяслаў не пачаў вайну за Полацк. Замест гэтага ён набраў войска з балцкага племені «водзь» і рушыў на Ноўгарад. Ноўгарадцы не толькі разграмілі, але і паланілі Усяслава. Князя хутка вызваляюць і, як лічаць гісторыкі, бяруць з яго абяцанне больш не нападаць на Ноўгарад. Сваё абяцанне Усяслаў стрымаў.

Пасля ноўгарадскага паходу Усяслаў знікае на два гады: невядома, дзе ён заходзіўся і чым займаўся. У 1071 годзе ён з’явіўся ў Полацку і выгнаў адтуль Святаполка. У канцы 1070-х і пачатку 1080-х адносіны паміж Усяславам і Усеваладам Яраславічам, які ўваходзіў у кааліцыю падчас бітвы на Нямізе, і яго сынам, пазней вядомым як Уладзімір Манамах, пагаршаюцца. Усяслаў змяняе знешнюю палітыку Полацкага княства, што не падабаецца кіеўскай уладзе. Уладзімір Манамах хадзіў на Полацк не меней за два разы, але так і не змог захапіць горад. У сваю чаргу, Усяслаў у 1078 годзе пайшоў на Смаленск і спаліў яго. У 1084 годзе Манамах захапіў Менск. Вядома, што Уладзімір Манамах ішоў на саюз з полаўцамі, каб змагацца з Усяславам. Паўднёварускія князі лічылі, што Полацк з’яўляецца для іх самым небяспечным ворагам.

У 1101 годзе Усяслаў памірае. Ён быў апошнім князем, які валодаў усёй Полацкай зямлёй. Пасля яго смерці пачалі вылучацца ўдзелы-воласці.

Любецкі з’езд князёў. Як драбілі Старажытную Русь і пры чым тут Полацк

У 1097 годзе шэсць найбольш уплывовых князёў Русі сабраліся разам, каб спыніць міжусобіцы і дамовіцца пра абарону ад полаўцаў. З’езд стаў паваротным пунктам у гісторыі ўсходняга славянства. Ён юрыдычна замацаваў раздрабленне старажытнарускай дзяржавы Рурыкавічаў. У 1101 годзе ў Віцічаве на Дняпры адбыўся другі з’езд, а ў 1103 годзе — трэці, на Далобскім возеры. Гэтыя з’езды не дапамаглі захаваць адзінства дзяржавы, але дапамаглі князям у барацьбе з качэўнікамі.

Полацкі князь Усяслаў не ўдзельнічаў у Любецкім з’ездзе, бо быў незалежным кіраўніком свайго княства. Паўднёварускія князі спрабавалі прымусіць Полацк і Менск падпарадкавацца, але гэтыя спробы прыводзілі толькі да часовага поспеху. Пасля смерці Мсціслава Уладзіміравіча, сына Уладзіміра Манамаха, Старажытная Русь раскалолася назаўсёды.

Падобныя падзеі адбываліся і ў Полацкім княстве. Пасля Усяслава там стаў княжыць Барыс (у некаторых крыніцах яго называюць Рагвалодам). Падчас яго княжання паўстаў Барысаў, пачалі будаваць каменныя цэрквы ў Полацку. У 1128 годзе па праве наступным спадкаемцам стаў Давыд, але яго ў той жа год выгналі палачане і замянілі маладым князем Рагвалодам-Барысам. Паміж князямі пачынаецца барацьба за ўладу, але ў яе ўмешваецца кіеўскі князь.

ДАВЕДКА. У апошнія дзесяцігоддзі кіравання Усяслава Полацкім княствам адбываецца часовае ўзвышэнне Менскага княства. У 1073 годзе менскі князь Глеб заручыўся з дачкой Яраполка Ізяславіча. У 1105 годзе на Менск напалі паўднёварускія князі, але яны так і не здолелі захапіць горад. Глеб планамерна пашыраў тэрыторыю Менскай зямлі, але часовае ўзвышэнне яго княства трывала нядоўга. У 1119 годзе Глеб разам з палачанамі пачаў вайну супраць Уладзіміра Манамаха, а той даручыў свайму сыну Мсціславу асадзіць Менск: горад разам з воласцю далучылі да кіеўскіх уладанняў.

У 1127 годзе Уладзімір Манамах памёр, а яго сын Мсціслаў распачаў буйны паход на Полацкае княства, калі за ўладу там паміж сабой змагаліся Барыс і Рагвалод-Барыс. Ён змог падпарадкаваць сабе полацкую зямлю, а полацкае веча паставіла на княжанне князя Рагвалода-Барыса, аднак ужо ў 1129-м той памірае.

Падпарадкаваныя полацкія князі адмаўляліся ад супрацоўніцтва з Мсціславам. Той задумаў здзейсніць паход на полаўцаў і паклікаў полацкіх князёў, але тыя адмовіліся. Князёў Давыда, Расціслава, Святаслава, двух сыноў Барыса вывезлі спачатку ў Кіеў, а пасля саслалі ў Канстанцінопаль. Мсціслаў жа атрымаў магчымасць кіраваць Полацкай зямлёй. Ён паставіў туды свайго сына Ізяслава.

князі Полацкай зямлі, Васілька
Палачане выганяюць Святаполка і саджаюць Васільку на полацкі сталец. Фота: Лицевой летописный свод, CC BY-SA 4.0, via Wikimedia Commons

Пасля смерці Мсціслава яго месца ў Кіеве заняў Яраполк. А ў Полацку паставілі княжыць Святаполка, якога палачане выгналі, і замест яго стаў княжыць Васілька Святаславіч. Пасля вяртання высланых у Канстанцінопаль князёў і пасля смерці Васількі Полацкім княствам пачынае кіраваць Рагвалод-Васіль Барысавіч. У 1151 годзе палачане паланілі Рагвалода-Васіля і перадалі яго менскім князям, якія пасадзілі таго ў турму. Новым полацкім князем аб’явілі Расціслава Глебавіча — ён быў сынам менскага князя Глеба. У 1159 годзе Рагвалод-Васіль вяртаецца на княжанне ў Полацк. Ад гэтага часу ў князя пачынаецца шэраг канфліктаў з Глебавічамі, а ў 1162 годзе ён цярпіць паражэнне. Пасля яго полацкім князем становіцца сын Васількі — Усяслаў Васількавіч. Усяслаў Васількавіч заключыў дамову са смаленскімі князямі і працягваў канфліктаваць з менскімі. У 1167 годзе полацкую княжацкую пасаду заняў менскі князь Валадар I, але на зусім кароткі час. Усяслаў зноў вярнуўся ў Полацк.

Пасля Усяслава пасаду полацкага князя заняў Барыс Давыдавіч, але пра яго вядома толькі па звестках Васіля Тацішчава, таму яго існаванне дыскусійнае.

У 1184 годзе полацкім князем становіцца Уладзімір. Хутчэй за ўсё, ён быў сынам менскага князя Валадара. Уладзімір, верагодна, браў удзел у літоўскай міжусобіцы, але пазней супрацоўнічаў з атрадамі літоўцаў. Напрыклад, Уладзімір разам з літоўцамі захапіў і спаліў Вялікія Лукі. З 1203 года ён ваяваў з немцамі ў Лівоніі.

Пасля смерці Уладзіміра полацкім князем становіцца Васілька Валадаравіч. А ў 1222 годзе Полацк захапілі смаленскія князі і ў Полацку паставілі княжыць Святаслава Мсціславіча.

Прыходзіць Літва. Як Полацк ужываўся з ёй у пачатку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага

У 1232 годзе пасля дзесяцігадовага смаленскага панавання полацкі трон заняў віцебскі князь Брачыслаў. Ён заключыў саюз з Літвой праз шлюб: аддаў сваю дачку літоўскаму князю Таўцівілу. Той прыйшоў да ўлады прыкладна ў 1250-я гады. Таўцівіл быў пляменнікам Міндоўга, але яго выгналі з Літвы. У летапісах адзначалася, што на княжанні ў Полацку Таўцівіл паказваў сябе станоўча. У 1263 годзе полацкі трон заняў Канстанцін, якога даследчыкі лічаць сынам Брачыслава. Справа ў тым, што Таўцівіл стаў полацкім князем у абыход прамых нашчадкаў. Канстанцін знаходзіўся на пасадзе менш за год.

князі полацкага княства, таўцівіл
Забойства Таўцівіла. Фота: Лицевой летописный свод, CC BY-SA 4.0, via Wikimedia Commons

Замест Канстанціна полацкім князем становіцца Ізяслаў. Гэта адбываецца, калі Вялікім Княствам Літоўскім кіраваў Войшалак. Канстанцін Бязрукі заняў полацкі трон пасля Ізяслава ў 1270-я гады. Сцвярджаецца, што ў тыя часы на троне знаходзіўся і князь Гердзень.

Далей гаворыцца, што ў Полацку ад 1270-х да 1320-х кіравалі полацкія епіскапы.

У 1330-я полацкім князем становіцца Воін. Невядома, чаму і як ён заняў трон. Як полацкі князь ён згадваецца ў 1326 годзе, калі паехаў разам з іншымі князямі ад імя Гедыміна заключаць мірнае пагадненне з Ноўгарадам і Лівонскім ордэнам. У той час крыжакі пастаянна нападалі на Полацк, таму княства ўсё больш збліжалася з іншымі беларускімі землямі.

У 1336 годзе Нарымонт-Глеб, другі сын Гедыміна, заняў польскі трон. Ён быў найбуйнейшым землеўладальнікам і адным з самых уплывовых князёў ВКЛ. Супраць Нарымонта і вялікага князя Яўнута выступілі Альгерд і Кейстут. Пасля таго, як Альгерд стаў вялікім князем літоўскім, то Нарымонт уцёк да хана Джанібека.

Пасля Нарымонта ў 1345 годзе полацкім князем становіцца Андрэй Альгердавіч. Ён быў старэйшым сынам Альгерда і яго першай жонкі Марыі. Першы раз ён кіраваў Полацкам да 1377 года. У 1377 годзе памірае Альгерд і вялікім князем літоўскім становіцца Ягайла. Андрэй абвясціў сябе вялікім князем полацкім, але з-за канфлікту з Ягайлам з’ехаў у Маскву. Яго пасаду ў Полацку заняў Скіргайла — другі сын Альгерда ад цвярской княжны Юльяны. У 1381 годзе Скіргайлу выганяюць палачане, што былі незадаволеныя паганствам князя. Пасля Скіргайла прыняў хрысціянства.

У гэты час Кейстут захапіў уладу ў Вільні, а полацкім князям зноў быў прызначаны Андрэй Альгердавіч. Тым часам Скіргайла далучыўся да войска Ягайлы, у Троках здолеў захапіць Кейстута і адвёз таго ў Крэўскі замак. Скіргайла паспеў на чале вялікалітоўскага пасольства дамовіцца пра шлюб Ягайлы з польскай каралевай Ядвігай. У 1387 годзе ўзяў Полацк і захапіў князя Андрэя Альгердавіча. Полацкім князем Скіргайла прабыў да 1392 года: у тым годзе, паводле некаторых звестак, яго атруцілі ў Кіеве.

Андрэй Альгердавіч трэці раз становіцца полацкім князем. Ён быў апошнім князем у Полацку, загінуў у бітве на Ворскле. У апошнія гады ваяваў разам з Вітаўтам і Скіргайлам. Пасля Полацкае княства пераўтвараецца ў ваяводства.

Ад незалежнага княства да любімага дома сыноў кіеўскага князя. А што адбывалася з Туравам

Акрамя славутага Полацкага княства на беларускіх землях было яшчэ і Тураўскае. У старажытных летапісах не было назвы «Тураўскае княства». Тураў называюць воласцю або называюць тураўскіх князёў князямі пінскімі і тураўскімі. Спачатку тураўскімі землямі кіравалі племянныя князі, што паходзілі ад дрыгавічоў. Калі Рагвалод прыйшоў на княжанне ў Полацк, то, згодна з летапісамі, у Тураве пачаў княжыць вараг Тур. Гісторыкі лічаць, што існаванне князя з такім імем з’яўляецца міфам, а летапісец мог няправільна інтэрпрэтаваць паданне.

У XI стагоддзі Тураўскае княства дасягнула сваіх самых буйных памераў, пазней межы змяняліся і скарачаліся. Пасля падпарадкавання гэтых тэрыторый уладзе Кіева (дакладны час невядомы) у Тураве пачынаюць княжыць князі, якіх персанальна прызначае кіеўскі князь. У 988 годзе першым вядомым князем становіцца Святаполк Уладзіміравіч — яго праўленнем закончылася існаванне княжання дрыгавічоў і быў пакладзены пачатак існаванню Тураўскага княства.

Кіеўскія князі давалі Тураўскае княства трэцяму па старшынстве сыну. А потым тураўскія князі неаднаразова пераходзілі на кіеўскі велікакняжацкі трон. Той жа Святаполк пасля смерці Уладзіміра стаў кіеўскім князем. Сваю вядомасць ён заслужыў тым, што падаслаў забойцаў да Барыса і Глеба, сыноў Уладзіміра Святаславіча. У летапісах Святаполк стаў адмоўным персанажам, яго называлі Акаянным.

У 1024 годзе нараджаецца трэці сын Яраслава Мудрага — Ізяслаў. Яго паставілі кіраваць Туравам, а пасля ён стаў князем Кіеўскай Русі. Цікава, што, знаходзячыся на кіеўскім велікакняжацкім прастоле, ён працягваў заставацца князем тураўскім. Пасля смерці Ізяслава ў 1078 годзе вялікім князем кіеўскім становіцца Усевалад Яраславіч, той пакінуў сынам Ізяслава надзелы бацькі: старэйшы Яраполк атрымаў Уладзіміра-Валынскае княства разам з Тураўскім. Яраполк вёў жорсткую барацьбу за княствы і ў выніку згубіў іх пасля выступлення супраць Усевалада Яраславіча.

У 1088 годзе Тураў захапіў Святаполк Яраславіч, які меў правы на трон і тураўскі, і кіеўскі. Апошняе адбылося пасля смерці Усевалада Яраславіча. У 1113 годзе Святаполк памёр, але яго сыны не атрымалі бацькоўскай спадчыны — Тураўскай зямлі. Яна пераходзіць да новага ўладара — кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха. Перадача зямлі не адбылася, таму што Уладзімір хацеў узмацніць сваё становішча на кіеўскім троне. Гэта выклікала крыўду ў нашчадкаў Святаполка. Яраслаў Святаполкавіч з дапамогай войск венграў, чэхаў і палякаў асадзіў горад Уладзімір, але яго цяжка паранілі падасланыя забойцы. Войскі сышлі, а іншыя нашчадкі не мелі магчымасці адстаяць Тураўскую зямлю.

Пад канец XI стагоддзя Тураўская зямля нячаста ўпамінаецца ў летапісах. Адной з яскравых і непрыемных падзей быў паход менскага князя Глеба на Слуцк: горад спалілі. Магчыма, Глеб напаў на Тураўскую зямлю, бо помсціў кіеўскаму князю за паход на Менск у 1105 годзе.

У 1125 годзе памёр Уладзімір Манамах. Тураўскае княства атрымаў трэці сын Манамаха — Вячаслаў Уладзіміравіч. Пазней ён заняў кіеўскі трон, але не змог яго ўтрымаць, саступіўшы Усеваладу Вольгавічу. Тураў аддалі Святаславу Усеваладавічу. Падчас княжання Усевалада ў Кіеве пачалося далейшае драбленне Тураўскай зямлі.

Калі Усевалад Вольгавіч памёр, кіяне запрасілі да сябе на княжанне Ізяслава Мсціславіча. У гэты ж час Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў — на гэта хутка адрэагавалі ў Кіеве і вярнулі над уладу над горадам. У Тураў прызначылі Яраслава Ізяславіча. Але праз некалькі гадоў яго месца заняў зноў Святаслаў Усеваладавіч. Але і ў яго нядоўга атрымалася прабыць тураўскім князем. У 1149 годзе Юрый Даўгарукі заняў кіеўскі трон і перадаў Тураўскую зямлю свайму сыну Андрэю, затым іншаму сыну — Барысу.

1157 год стаў пераломным у гісторыі Турава. Юрый Даўгарукі памірае, а на яго пахаванне прыехаў тураўскі князь Барыс. Пустуючы Тураў заняў сын памерлага Яраслава Святаполкавіча — Юрый Яраславіч. У Тураў накіроўвае войска новы кіеўскі князь — Ізяслаў Давідавіч. Юрый Яраславіч змог утрымаць княства, а пасля яго смерці Тураўскае княства было падзелена паміж яго сынамі.

Сыны Юрыя Яраславіча пазначаюцца ў летапісах як «тураўскія» і «пінскія» — княства ўжо было раздробленым. Пасля 1196 года Тураўскае княства больш не ўспамінаюць у гістарычных крыніцах.

Вярнуцца ўгару