Натхненне

Беларусь у 1812 годзе: выпрабаванне вайной і няспраўджаныя надзеі


Беларусь у 1812 годзе: выпрабаванне вайной і няспраўджаныя надзеі

У 1812 годзе беларускія землі сталі арэнай жорсткіх баёў паміж французскай арміяй Напалеона і войскамі Расійскай імперыі. Разбіраем прычыны і вынікі гэтага канфлікту, «План Агінскага», стварэнне Часовага ўрада ВКЛ і тое, каго падтрымалі розныя групы насельніцтва.

PALATNO разбіраецца ў пытанні.

Напярэдадні навалы: надзеі і планы

У 1812 годзе Беларусь аказалася непасрэдна на шляху арміі Напалеона. Па беларускіх землях праходзілі французскія і рускія войскі, тут адбываліся бітвы, а насельніцтву даводзілася выбіраць, каго падтрымліваць — Расію ці Напалеона.

Пасля таго як Напалеон авалодаў часткай польскіх зямель, там было створана Варшаўскае герцагства. Частка шляхты Беларусі і Літвы ўспрыняла гэта як першы крок да магчымага аднаўлення Рэчы Паспалітай. Расійскі імператар Аляксандр I разумеў, што мясцовыя памешчыкі могуць падтрымаць Напалеона, таму ўзнік іншы праект.

Па даручэнні Аляксандра I ў 1811-1812 гадах князь Міхал Клеафас Агінскі разам з іншымі дзеячамі распрацаваў праект аўтаномнага ВКЛ у складзе Расійскай імперыі. Гэта значыць, ВКЛ павінна было атрымаць права на ўнутранае самакіраванне, але застацца часткай Расійскай імперыі. Гэты праект атрымаў назву «План Агінскага». Але гэты план так і не быў ажыццёўлены.

Пачатак вайны і Клясціцкая перамога

10 чэрвеня 1812 года Францыя аб’явіла вайну Расійскай імперыі. А 12 чэрвеня армія Напалеона пераправілася праз Нёман і ўварвалася ў межы Расійскай імперыі. Вялікая армія Напалеона была вельмі шматлікай і на пачатку кампаніі мела істотную перавагу над расійскімі войскамі каля заходняй мяжы. Расійскае камандаванне разлічвала спыніць французскія войскі на абарончай лініі: Заходняя Дзвіна — Бярэзіна — Дняпро. Яшчэ перад вайной тут будаваліся крэпасці і ўмацаванні. 1-я і 2-я Заходнія расійскія арміі знаходзіліся каля Вільні і Ваўкавыска і пасля наступлення Напалеона пачалі адступаць, каб злучыцца.

У чэрвені і ліпені 1812 года беларускія землі сталі арэнай жорсткіх баявых дзеянняў. Баі адбываліся каля Кобрына, Міра, Салтанаўкі, Астроўна, Полацка. Расійскія арміі змаглі аб’яднацца толькі каля Смаленска. Падчас адступлення яны выкарыстоўвалі тактыку «выпаленай зямлі». Для звычайнага насельніцтва гэта азначала яшчэ большыя страты.

Адной з першых значных перамог расійскіх войскаў стала бітва пад Клясціцамі каля Полацка. Там вызначыўся генерал Якаў Кульнеў, який раней быў звязаны з беларускімі гусарскімі палкамі. У гэтай бітве Кульнеў быў смяротна паранены ядром, якое адарвала яму абедзве нагі.

Ураджэнцы Беларусі ў арміях, што варагавалі

Важная асаблівасць вайны 1812 года: ураджэнцы беларускіх зямель ваявалі і ў арміі Напалеона, і ў расійскай арміі. У складзе арміі Напалеона было шмат ураджэнцаў Літвы і Беларусі, адзін з самых вядомых — князь Дамінік Радзівіл. Ён за ўласны кошт выставіў трохтысячны ўланскі полк і падтрымаў Напалеона, бо той абяцаў аднаўленне Рэчы Паспалітай. Дзясяткі тысяч рэкрутаў з беларускіх губерняў служылі і ў расійскай арміі, у тым ліку ў 1-й арміі пад камандаваннем Міхаіла Барклая дэ Толі. Яны ж удзельнічалі ў Барадзінскай бітве 26 жніўня 1812 года.

Вялікую ролю адыграла Бабруйская крэпасць, яе гарнізон вытрымаў чатырохмесячную аблогу напалеонаўскіх войскаў. Крэпасць дала магчымасць войскам генерала Пятра Баграціёна адпачыць пасля цяжкіх баёў і пакінуць у ёй параненых.

Часовы ўрад ВКЛ і расчараванне насельніцтва

Амаль уся тэрыторыя Беларусі, акрамя паўднёва-ўсходніх паветаў, аказалася пад кантролем напалеонаўскіх войскаў. Стаўленне насельніцтва было розным. Многія прадстаўнікі шляхты, магнатаў, каталіцкага і ўніяцкага духавенства віталі французскую армію. Яны спадзяваліся, што Напалеон дапаможа аднавіць Рэч Паспалітую. Частка сялян таксама мела надзею на Напалеона, але іх цікавіла зусім іншае — адмена прыгонніцтва.

19 чэрвеня 1812 года ў Вільні быў створаны Часовы ўрад ВКЛ. Ён складаўся з мясцовай знаці, але фактычна знаходзіўся пад кантролем французскай адміністрацыі. Мясцовая эліта чакала палітычнага аднаўлення ВКЛ ці Рэчы Паспалітай. Часовы ўрад павінен быў забяспечваць французскую армію і займацца наборам новых рэкрутаў, таму чаканні значнай часткі шляхты не спраўдзіліся.

Найцяжэй вайна адбілася на сялянах і мяшчанах. Ім даводзілася забяспечваць харчаваннем і іншымі рэсурсамі арміі абодвух бакоў. Але Напалеон не скасаваў прыгоннае права ў Літве і Беларусі, і гэта стала вялікім расчараваннем для сялян.

Сялянскі супраціў і вызваленне Беларусі

Адзін з найбольш вядомых прыкладаў народнай самаабароны — жыхары вёскі Жарцы ў Полацкім павеце. Яны стварылі атрад народнай самаабароны. Калі да вёскі падышлі напалеонаўскія войскі, uzbroenyя сяляне ўступілі з імі ў бой і прымусілі адступіць. Пазней жыхары Жарцаў былі праваднікамі і разведчыкамі, нападалі на французскіх салдат і ўдзельнічалі ў вызваленні Полацка. За гэта 22 чалавекі былі ўзнагароджаныя сярэбранымі медалямі на блакітных стужках «На ўспамін аб 1812 годзе».

У кастрычніку 1812 года Напалеон пакінуў Маскву, пачалося адступленне французскай арміі. Расійскія войскі адначасова перайшлі ў наступленне на поўначы і поўдні Беларусі. Адным з самымых вядомых эпізодаў стала пераправа праз Бярэзіну.

14-16 лістапада 1812 года каля вёскі Студзёнка, на поўнач ад Барысава, армія Напалеона перапраўлялася праз раку пад ударамі праціўніка. Напалеон страціў тут больш за 20 тысяч чалавек. Пасля гэтага адступленне арміі Напалеона ператварылася ва ўцёкі.

Катастрафічныя вынікі і захаванне прыгону

Для Беларусі вынікі вайны былі катастрафічнымі. Загінула шмат людзей, былі разбураны гарады і вёскі, амаль напалову скарацілася колькасць свойскай жывёлы, значна зменшыліся пасяўныя плошчы. Ад масавага голаду насельніцтва фактычна выратавалі толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 гадоў. Чаканай свабоды сяляне так і не атрымалі. А пасля перамогі расійскі ўрад захаваў прыгоннае права. Нават сяляне Жарцаў, якія змагаліся супраць Напалеона, пасля вайны сутыкнуліся з тым, што памешчык патрабаваў ад іх вярнуцца да паншчыны. Толькі ў 1819 годзе ўрад выкупіў 57 жыхароў гэтай вёскі разам з зямлёй, але ўсе астатнія сяляне Беларусі засталіся прыгоннымі.