У кнізе «Мастацтва, любоў і нянавісць» («Sztuka, miłość i nienawiść») Ніка Страмінская фактычна выратавала памяць пра сваіх бацькоў — Уладзіслава Страмінскага і Кацярыны Кобры. Без яе сведчанняў мы не ведалі б многіх падрабязнасцяў іх жыцця, характараў, штодзённых звычак і сямейных драм. У 2017 годзе польскія даследчыцы Івона Люба і Эва Паўліна Вавэр (Iwona Luba і Ewa Paulina Wawer) апублікавалі кнігу «Уладзіслаў Страмінскі. Заўсёды ў авангардзе. Рэканструкцыя невядомай біяграфіі 1893-1917» («Władysław Strzemiński. Zawsze w awangardzie. Rekonstrukcja nieznanej biografii 1893–1917»). Яна стала першай спробай праверыць гісторыю мастака па архіўных крыніцах. Самі аўтаркі адкрыта пішуць, што сведчанні Нікі Страмінскай яны не проста цытуюць, а «ўважліва аналізуюць і правяраюць». Вынік аказаўся нечаканым. За некалькімі дзясяткамі старонак успамінаў пра дзяцінства і маладосць Страмінскага адкрылася цэлая невядомая біяграфія.
PALATNO расказвае, што цікавага можна знайсці ў кнізе даследчыц для беларусаў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Страмінскі і Кобра — мастакі памежжа Беларусі, Польшчы і Літвы
Уладзіслаў Страмінскі вачыма дачкі: як Ніка Страмінская бачыла жыццё, мастацтва і драму бацькоў
«А апрача таго, я выйшла замуж». Якой была Кацярына Кобра вачыма дачкі
Не Страмінскі ў Мінску, а Мінск у Страмінскім
Гэта галоўнае адкрыццё першага раздзелу кнігі Івоны Любы і Эвы Паўліны Вавэр. У гэтым раздзеле расказваецца гісторыя не толькі самога Уладзіслава Страмінскага, а горада, які дапамог мастаку стаць тым, кім ён стаў.
Цяпер Уладзіслава Страмінскага ўспамінаюць як заснавальніка ўнізму, аднаго з найважнейшых мастакоў польскага авангарду, паплечніка Казіміра Малевіча і мужа Кацярыны Кобры. Значна радзей узгадваюць, што будучы тэарэтык новага мастацтва нарадзіўся і правёў першыя адзінаццаць гадоў жыцця ў Мінску.
Парадокс заключаецца ў тым, што пра гэты перыяд яго біяграфіі доўгі час ведалі вельмі мала. Асноўнай крыніцай інфармацыі пра Страмінскага былі ўспаміны яго дачкі, якая захавала ў кнізе мноства сямейных гісторый і дэталяў.
На мяжы XIX і XX стагоддзяў Мінск перажываў адзін з найбольш дынамічных перыядаў свайго развіцця. Гэта ўжо не быў правінцыйны губернскі цэнтр, якім ён заставаўся некалькімі дзесяцігоддзямі раней. Дзякуючы чыгунцы горад ператварыўся ў важны транспарты вузел Расійскай імперыі: насельніцтва хутка павялічвалася, узнікалі новыя прадпрыемствы, у цэнтры з’яўляліся сучасныя камунальныя сістэмы, электрычнасць. Вялікую ролю ў гэтых пераўтварэннях адыграў гарадскі кіраўнік Караль Гутэн-Чапскі. Аўтаркі кнігі адзначаюць, што Мінск пачаў «інтэнсіўна развівацца і даганяць Еўропу».

З аднаго боку, такія дэталі, апісаныя ў кнізе пра Страмінскага аб Мінску, могуць падавацца другаснымі. Аднак для разумення будучага Страмінскага яны маюць вялікае значэнне. Пазней усё яго мастацтва будзе звязана з ідэямі прагрэсу, тэхнікі і новага чалавека.
Нельга сцвярджаць, што вытокі ўнізму трэба шукаць у дзіцячых уражаннях ад мінскіх вуліц. Аднак цяжка не заўважыць, што дзяцінства Страмінскага прайшло ў атмасферы захаплення тэхнічнымі навінамі і верай у прагрэс.
Выстава, якую, верагодна, бачыў маленькі Уладусь
Адным з найбольш цікавых сюжэтаў мінскага раздзела кнігі становіцца Вялікая сельскагаспадарчая і прамысловая выстава ў 1901 годзе. Для Мінска гэта была падзея выключнага маштабу. У горад прыязджалі ўдзельнікі і наведнікі з розных рэгіёнаў Расійскай імперыі. На выставе дэманстраваліся найноўшыя тэхнічныя дасягненні, сельскагаспадарчыя машыны, прамысловыя распрацоўкі і розныя навінкі эпохі. Сярод найбольш яркіх аб’ектаў была паменшаная мадэль Эйфелевай вежы.
Аўтаркі не сцвярджаюць, што Страмінскі дакладна наведваў выставу. Прамых сведчанняў гэтаму няма, але васьмігадовы хлопчык жыў у Мінску, а сама выстава была цэнтральнай падзеяй гарадскога жыцця. Таму даследчыцы лічаць вельмі верагодным, што ён яе бачыў.

Уявіце сабе: будучы мастак авангарду, якому яшчэ застаюцца дзесяцігоддзі да ўласных мастацкіх адкрыццяў, стаіць перад сімвалам тэхнічнай сучаснасці — вежай Эйфеля, хай нават і паменшанай. Канечне, гэта не факт (Уладусь перад мінскай Эфелевай вежай), а дапушчэнне, дазволенае жанрам рэканструкцыі, ае дапушчэнне добра абгрунтаванае кантэкстам эпохі.
Страмінскі паходзіў з сям’і вайскоўца
Многія эпізоды дзяцінства Страмінскага вядомыя толькі з успамінаў дачкі, Нікі Страмінскай. Аднак гісторыя бацькі Уладзіслава вядома даследчыкам больш.
Максімільян Бенедыкт Страмінскі быў прафесійным вайскоўцам — служыў афіцэрам у расійскай арміі. Ён удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў, ваяваў пад Плеўнай і на Шыпцы, меў розныя ўзнагароды.
Максімільян Страмінскі быў не толькі страявым афіцэрам, але займаўся яшчэ адміністрацыйнай працай: выконваў абавязкі палкавога скарбніка і добра разбіраўся ў фінансавых справах. Пасля выхаду ў адстаўку ён працаваў бухгалтарам у Мінску.
Такім чынам, Уладзіслаў Страмінскі рос ў дастаткова заможным доме з устойлівым матэрыяльным становішчам. У дзяцінстве малы Уладусь бавіў час у сямейных маёнтках. Дакументы дазваляюць аднавіць іх назвы: Рудоды, Леднікі і Аброткі ў Мінскім павеце. Для дяцей шляхецкіх сем’яў канца XIX стагоддзя такое жыццё было натуральным: зіма праходзіла ў горадзе, а летам яны жылі ў маёнтках.
Мінск чатырох культур
Мінск, у якім рос Уладзіслаў Страмінскі, быў горадам, дзе жылі разам палякі, яўрэі, рускія і беларусы. У шляхецкім асяроддзі размаўлялі па-польску, у дзяржаўных установах панавала руская мова. А ў кантактах з сялянамі і мяшчанамі выкарыстоўвалася беларуская мова. Страмінскі з дзяцінства рос у шматмоўным і шматкультурным свеце.
Рэальнасць, у якой існаваў Уладзіслаў Страмінскі, была складанай і не можа карыстацца простай схемай — «польскі мастак, які нарадзіўся ў Мінску». Мінск таго часу быў прасторай перакрыжавання розных культурных традыцый, у якой будучы мастак натуральна існаваў.
У 1904 годзе мінскі перыяд жыцця Страмінскага скончыўся. Ён паспяхова здаў уступныя экзамены і быў прыняты ў Трэці Маскоўскі кадэцкі корпус імя імператара Аляксандра II. У той год 11-гадовы хлопчык пакінуў Мінск.
Наперадзе ў яго жыцці былі Масква, Санкт-Пецярбург, вайсковая адукацыя, Першая сусветная вайна, рэвалюцыя і мастацкі авангард.




