Натхненне

«А апрача таго, я выйшла замуж». Якой была Кацярына Кобра вачыма дачкі


«А апрача таго, я выйшла замуж». Якой была Кацярына Кобра вачыма дачкі

Мы працягваем цыкл матэрыялаў пра сям’ю Страмінскіх. У мінулых артыкулах гаварылі пра унізм, вяртанне памяці пра Страмінскага і Кобру, як сучасныя даследаванні пераглядаюць некаторыя ранейшыя ўяўленні пра жыццё творцаў. Успаміны дачкі Страмінскага і Кобры, Нікі Страмінскай, дапамаглі ўтварыць адзін з галоўных вобразаў Уладзіслава у культуры — чалавека, скалечанага вайной, але цалкам адданага мастацтву. 

PALATNO расказвае пра тое, як Ніка Страмінская згадвае маці, Кацярыну Кобру.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Уладзіслаў Страмінскі вачыма дачкі: як Ніка Страмінская бачыла жыццё, мастацтва і драму бацькоў

 

Страмінскі і Кобра — мастакі памежжа Беларусі, Польшчы і Літвы


Дачка верыла, што зможа лепш за іншых зразумець бацькоў

Ніка Страмінская пахаваная побач са сваёй маці, Кацярынай Кобрай, а не побач з бацькам, Уладзіславам Страмінскім. Напэўна, у гэтым ёсць нешта большае, чым проста выбар месца пахавання.

Ніка рана стала круглай сіратой, праз усё жыццё яна пранесла памяць пра сваіх бацькоў. У Польшчы Страмінская стала вядомым доктарам і прыйшла да высновы, што яна можа лепш за ўсіх расказаць пра маці і бацьку, сямейную драму бацькоў. Як дачка і псіхіятр, добра знаёмая з чалавечай псіхікай, яна верыла, што здолее лепш за іншых зразумець і апісаць тое, што адбылося ў сям’і.

У адным са сваіх фрагментаў успамінаў Страмінская ўзгадвае, што маці, калі вырашала пра нараджэнне дзіцяці, прызнала, што ў яе хопіць маральных сіл, каб даць грамадству паўнавартасную асобу: «Калі я стала сіратой, невядома было, ці здзейсніцца гэта жаданне. Я веру, што не падманула чаканняў бацькоў, якія, адыходзячы з гэтага свету, найбольш трывожыліся пра тое, што са мной будзе».

Кацярына, якая ўсё сваё жыццё аддала мастацтву і Страмінскаму, заняўшы сёння сваё месца ў пантэоне славы авангарду, была чалавекам, які дзеля іншых забываў пра сябе. Грамадзянскі шлюб Уладзіслава Страмінскага і Кацярыны Кобра, піша Ніка, адбыўся ў Смаленску на мяжы 1921–1922 гадоў. Сваёй маці яна пра гэту падзею паведаміла вельмі лаканічна: «А апрача таго, я выйшла замуж».

Уладзіслаў Страмінскі і Кацярына Кобра
Уладзіслаў Страмінскі і Кацярына Кобра.

Кацярына павінна была вельмі кахаць свайго мужа, калі ў 23 гады вырашыла звязаць жыццё з цяжка скалечаным мужчынам, які перасоўваўся на мыліцах. І не задумвалася, які цяжар бярэ на сябе. Ёй хапала таго, што яны цудоўна разумелі адзін аднаго ва ўсім, што датычылася творчасці.

У першай палове 1920-х ужо ў Шчэкацінах (Польшча) абое напружана працавалі. З’яўляліся новыя скульптуры Кобры і творы Страмінскага, якія развівалі тэорыю ўнізму. Яны ўдзельнічалі ў групах «Blok», а пазней — «Praesens» і «a.r.». Матэрыяльныя ўмовы былі цяжкімі, жылі вельмі ашчадна. Кобра шыла адзенне, вяла гаспадарку і адначасова развівала ўласную канцэпцыю скульптуры як формы, адкрытай прасторы.

Пералом у жыцці Кацярыны Кобры

Ніка Страмінская пісала, што ў сярэдзіне 1930-х у жыцці Кацярыны Кобра адбыўся важны ўнутраны пералом. Да таго часу мастацтва амаль цалкам запаўняла яе жыццё: лекцыі, тэксты, праца са студэнтамі, абавязкі дома і пастаянны клопат пра мужа, чыё фізічнае становішча патрабавала дапамогі нават у самых простых рэчах. Кобра не толькі займалася ўласнай творчасцю, але і штодня дапамагала Страмінскаму.

Паводле Нікі, маці доўгі час нібыта свядома адсоўвала думку пра дзіця і старалася заглушыць мацярынскі інстынкт яшчэ большай занятасцю. Яна амаль цалкам адмовілася ад звычайнага асабістага жыцця і забаў, падпарадкаваўшы сябе сям’і і мастацтву. З цягам часу ў Кобры ўсё мацней узнікала адчуванне, што толькі творчасці ёй ужо недастаткова. Яна пачала думаць пра мацярынства як пра нешта вельмі важнае і натуральнае для сябе.

Ніка згадвала і пазнейшыя словы маці пра тое, што Страмінскі не хацеў дзіцяці, а яго маці раіла ёй прысвяціць сябе выключна мужу. Тым не менш Кобра ўрэшце вырашыла, што павінна нарадзіць дзіця, нягледзячы на ўсе сумневы і страхі. У гэтым рашэнні Ніка бачыла не толькі асабісты выбар, але і праяву вялікай унутранай сілы сваёй маці.

Уладзіслаў Страмінскі і Кацярына Кобра.
Уладзіслаў Страмінскі і Кацярына Кобра.

У 1936 годзе Кацярына Кобра зацяжарыла. Нават тады яна не спыніла ні мастацкай, ні публіцыстычнай дзейнасці. У той час выходзіць яе тэкст пра функцыяналізм і супрэматызм, у якім прагучала думка, што нічога каштоўнага не ўзнікае ў поўным адрыве ад таго, што было раней. І сёння гэтыя словы можна ўспрымаць не толькі як развагу пра мастацтва, але і як своеасаблівы каментар да яе ўласнага жыцця.

Ніка Страмінская ўспамінала, што яе нараджэнне стала для Кацярыны Кобра пачаткам, магчыма, самага цяжкага перыяду ў жыцці. Дачка з’явілася на свет у лістападзе 1936 года, на тры месяцы раней за тэрмін, і лекары не былі ўпэўненыя, што дзіця ўдасца выратаваць.

Ніка пісала, што ў нейкі момант бацькам паведамілі: дзіця памірае. Адзіным шанцам магло стаць пераліванне крыві. У гэтых успамінах асабліва адчуваецца трывога і бездапаможнасць маладой сям’і, жыццё якой да таго часу было цалкам падпарадкавана мастацтву. Пасля вяртання са шпіталя хваробы не скончыліся. Паводле Нікі, першыя гады яе жыцця прайшлі паміж лекарамі, бясконцымі трывогамі і бяссоннымі начамі. Кватэра Страмінскага і Кобра на вуліцы Срэбжыньскай паступова ператварылася амаль у маленькі шпіталь.

Дзіця пастаянна хварэла, у доме бесперапынна з’яўляліся лекары і карміліцы, бо сама Кобра хутка страціла малако. Ніка згадвала, што маці практычна не спала, жыла ў пастаянным страху за дзіця і была цалкам падпарадкаваная догляду за дачкой. Яна ўспамінала словы Кобра пра тое, што месяцы хваробы і бяссоння давялі яе амаль да поўнага знясілення. Каб дачка задрамала, Кобра гадзінамі насіла яе на руках і нават танцавала з ёй па пакоі ў рытме песень.

Жыццё ў Вілейцы падчас вайны

Пасля пачатку вайны Страмінскія выехалі з Лодзі ў Вілейку — да родных Страмінскага. Бацька быў перакананы, што вайна працягнецца толькі некалькі тыдняў, таму збіраліся ў спешцы і ўзялі толькі самае неабходнае. Але замест кароткага выезду сям’я правяла ў Вілейцы амаль дзевяць месяцаў. У сваіх успамінах Ніка асабліва падкрэслівала, што галоўны цяжар гэтага жыцця лёг на маці. Кацярына Кобра не толькі даглядала маленькае дзіця, але фактычна ўтрымлівала сям’ю ў вельмі цяжкіх умовах. Зіма 1939–1940 года была надзвычай суровай.

Кобра сама вазіла дровы на санках за некалькі кіламетраў, працавала ў чужых людзей за ежу. За гэта ёй маглі даць крыху масла, бульбы, малака або талерку супу. Ніка пісала, што маці рабіла ўсё магчымае, каб дзіця, нягледзячы на беднасць і холад, мела нармальнае дзяцінства. Яна ўспамінала, што ў іх быў нават невялікі навагодні падарунак і ялінка, а сама Кобра пастаянна шукала магчымасць дастаць для дачкі малако і цёплыя рэчы.

Уладзіслаў Страмінскі і Кацярына Кобра
Кацярына Кобра з Нінай у Лодзі, 1938 год.

Пры гэтым умовы жыцця былі вельмі цяжкімі: маленькі халодны пакой, вада і туалет на двары, мароз, які пакідаў на нагах Кобра сляды абмаражэння. Асобна Ніка згадвала, што маці дапамагала і Страмінскаму, якому з-за інваліднасці было цяжка перасоўвацца. Калі вуліцы пакрываліся лёдам, Кобра вазіла мужа на санках у школу, дзе ён выкладаў, а пасля прывозіла назад. Менавіта ў Вілейцы яна ўбачыла сваю маці не як вядомую мастачку-авангардыстку, а як чалавека, які амаль цалкам ахвяраваў сабой дзеля сям’і. Яшчэ нядаўна гэтыя рукі стваралі скульптуры і прасторавыя кампазіцыі, а цяпер былі патрэсканыя ад марозу і цяжкай фізічнай працы.

І ўсё ж нават у гэтай беднасці мастацтва не знікала з іх жыцця. Ніка ўспамінала, як Страмінскі працаваў за сталом у халодным пакоі над малюнкамі, якія пазней склалі цыкл «Заходняя Беларусь».

* * *

У пачатку 1950-х гадоў Уладзіслаў Страмінскі шукаў у мастацтве і сваіх студэнтах паратунку, бо ўлады стараліся ўсімі сіламі выкрасліць яго з грамадскага жыцця. І побач з ім ціха памірала яго былая любоў, паплечніца і маці яго дзіяцяці. Ніка Страмінская ўспамінала апошнія тыдні жыцця Кацярыны Кобры як час нялюдскіх пакут і поўнага фізічнага знясілення.

Хвароба Кобры развівалася вельмі хутка: маці Нікі слабела з кожным днём, амаль не ела і пакутвала ад моцнага болю. Нават у такім стане Кацярына клапацілася пра дачку. Так, яна папрасіла найбліжэйшую сяброўку Олю Яцкевічову паклапаціцца пра Ніку і зберагчы скульптуры, каб пасля перадаць дачцэ. Урэшце, Кобру забралі ў дом для невылечна хворых. Для Нікі Страмінскай гэта стала адным з самых траўматычных успамінаў дзяцінства.

Кацярына Кобра памерла 21 лютага 1951 года ва ўзросце 53 гадоў.