У 1920-я гады Аргенціна стала краінай магчымасцяў для многіх жыхароў Беларусі. Там абяцалі працу, зямлю і заробкі. Агенты расказвалі пра далёкую Амерыку так, быццам там ужо чакалі кожнага, хто гатовы пакінуць родную вёску і пачаць усё нанова. Ужо з Аргенціны беларускія эмігранты пісалі на радзіму зусім іншае.
PALATNO расказвае, як беларускія эмігранты з’язджалі ў далёкую Аргенціну, і што там знаходзілі.
Змест
Чаму менавіта Аргенціна?
Пасля Першай сусветнай вайны свет хутка мяняўся: новая эканамічная рэальнасць і развіццё транспарту зрабілі пераезд на іншыя кантыненты больш даступным. Эміграцыя выглядала рэальным шанцам змяніць жыццё лдя еўрапейцаў, якія жылі ў беднасці ці не мелі зямлі.
У міжваенны перыяд галоўнымі кірункамі для эмігрантаў былі Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада і Аргенціна. У гэтых краінах было шмат зямлі і не хапала працоўных рук.
Аргенціна асабліва актыўна прыцягвала людзей. У пачатку 1920-х гадоў у краіне жылі каля 10 мільёнаў чалавек. Пры гэтым яна мела вялізарныя тэрыторыі і дзясяткі мільёнаў гектараў зямлі, значная частка якой яшчэ не была апрацаванай. Дзяржаве былі патрэбны людзі, якія будуць працаваць у сельскай гаспадарцы, на будаўніцтве, чыгунцы і заводах.
Аргенцінскую міграцыйную палітыку таго часу называлі «адчыненых дзвярэй». Эмігрантаў прымалі адносна лёгка, дакументы афармляліся хутчэй, чым у многіх іншых краінах.
Для жыхароў Заходняй Беларусі, якая пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года стала часткай Польшчы, Аргенціна была адным з кірункаў масавага выезду. Людзі ехалі за мяжу з-за беднасці, нізкіх заробкаў, недахопу зямлі і актыўнай рэкламы карабельных кампаній.
Як беларусаў пераконвалі ехаць
У 1920-я гады на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны актыўна працавалі агенты карабельных кампаній. Карабельныя кампаніі займаліся перавозкай эмігрантаў праз акіян, сярод іх былі Royal Mail Line, Cunard Line, Holland-America Line, White Star Line, Nelson Line, Chargeurs Réunis.
Агенты абяцалі працу, зямлю, добрыя заробкі і хуткае працаўладкаванне. Для бедных сялян гэта гучала пераканаўча. Калі дома не хапала зямлі, а заробкі былі нізкія, то далёкая Аргенціна магла падавацца краінай, дзе можна пачаць жыццё з чыстага аркуша. Польскія ўлады таксама былі зацікаўленыя ў эміграцыі беларусаў і ўкраінцаў, бо выезд нацыянальных меншасцяў з «усходніх крэсаў» было спосабам зменшыць сацыяльную напружанасць і паскорыць паланізацыю гэтых тэрыторый.
Пік эміграцыі з Польшчы ў Аргенціну здарыўся ў 1926-1930-я гады. Паводле польскай статыстыкі, у 1926 годзе ў Аргенціну выехалі 15 810 чалавек, у 1927-м — 22 031, у 1928-м — 27 036, у 1929-м — 21 703, у 1930-м — 16 940.
Дакладна падлічыць, колькі сярод іх было беларусаў, цяжка. Многія мелі польскія пашпарты, а ў дакументах часта не пазначалі нацыянальнасць. Даследчыкі ацэньваюць беларускую міжваенную хвалю эміграцыі ў Аргенціну прыкладна ў 20 тысяч чалавек.
Што беларусы знаходзілі за акіянам
Беларускія эмігранты сяліліся ў розных правінцыях Аргенціны — Буэнас-Айрэс, Кордава, Чака, Мендоса, Місьёнэс, Санта-Фэ. Частка беларусаў ехала на працу ў сельскай гаспадарцы і вырошчвала матэ, тытунь, рыс, кукурузу. Частка знаходзіла працоўныя месцы ў прамысловасці і будаўніцтве (чыгунка, цэментныя заводы, нафтаздабыча).
На паперы ўсё выглядала як пачатак новага жыцця, але рэальнасць была цяжкай.
Сельская гаспадарка ў Аргенціна патрабавала вялікай фізічнай вытрымкі. Для беларусаў, якія прыязджалі ў іншага клімату, спёка і вільготнасць станавіліся сур’ёзным выпрабаваннем. На поўначы краіны трэба было працаваць у субтрапічных умовах, расчышчаць лясы, карчаваць пні, рыхтаваць зямлю пад пасевы.
Адзін з эмігрантаў апісваў, як гэта выглядала: спачатку дрэвы валілі пад корань, потым чакалі, пакуль яны высахнуць на спёцы, пасля падпальвалі. Праз тыдзень усё зноў зарастала — і працу даводзілася паўтараць. Толькі пасля гэтага сярод пнёў садзілі кукурузу.
Беларусы, якія не вытрымлівалі сельскагаспадарчых работ, часта ішлі ў гарады. Аднак там сітуацыя была няпростай, бо працы не заўсёды хапала, канкурэнцыя была вялікая, а няведанне іспанскай мовы рабіла чалавека яшчэ больш уразлівым.
Эмігрант Язэп Маркевіч пісаў у газету «Беларуская крыніца»: «Тут людзі так церпяць, што апісаць нельга. Эмігрантаў найбольш адпраўляюць у лясы і на чыгунку. Работа там страшэнная. Каторыя не могуць вытрымаць, дык прыходзіцца ім ісці па некалькі сот вёрстаў пехатой да горад Буэнас-Айрэс. Але і там няма нічога добрага».
Польскае Эміграцыйнае ўпраўленне спрабавала папярэджваць патэнцыйных эмігрантаў пра рызыкі. У лістоўках тлумачылі, што дзяржаўныя землі ў Аргенціне не падрыхтаваныя да каланізацыі, гто прыватныя землі часта прадаюцца па завышаных коштах, што сельская гаспадарка ў новым клімаце можа быць небяспечнай і непрадказальнай.
Крызіс, беспрацоўе і вяртанне дадому
Да канца 1920-х гадоў беларусам у Аргенціне было адносна прасцей знайсці працу. Краіна расла, патрэбныя былі рабочыя, а сельская гаспадарка і інфраструктурныя праекты патрабавалі людзей.
У 1929 годзе пачаўся сусветны эканмічны крызіс. Ён хутка ўдарыў і па Аргенціне ў тым ліку. Палітыка «адчыненых дзвярэй» змянілася абмежаваннямі. Работы стала менш, заробкі падалі, беспрацоўе расло.
Для эмігрантаў гэта было асабліва балюча. Многія з іх былі маладымі мужчынамі 20-30 гадоў без высокай кваліфікацыі. У добрыя часы гэта не заўсёды было праблемай, бо фізічная праца заўжды знаходзілася. Падчас крызісу нізкая кваліфікацыя рабілі іх аднымі з першых, хто губляў працу.
У пачатку 1930-х гадоў Аргенціна пачала больш жорстка абмяжоўваць уезд. Улады імкнуліся прыцягнуць у краіну маладых людзей, здольных працаваць на цяжкай працы за невялікія грошы. З’явіліся ўзроставыя абмежаванні, да прыкладу, пры афармленні дакументаў у эміграцыйных структурах звярталі ўвагу, каб чалавек не меў 60 гадоў на момант прыбыцця ў Аргенціну.
Ліст беларускага эмігранта ў газету «Сялянская ніва»: «Не слухайце агентаў, што падмаўляюць на выезд, дакляровуючы і зямлю, і заробкі. Нічога гэтага няма. Намаўляюць яны дзеля свайго заробку. Калі будзе такі агент хваліць Амэрыку, дык найлепей у яго спытацца, чаму ён сам ня едзе, калі там так добра».
Крызіс выклікаў і рост рээміграцыі — вяртання назад. У 1929-1933 гадах колькасць людзей, якія вярталіся з Аргенціны ў Польшчу, істотна вырасла. У 1932-1933 гадах тых, хто вяртаўся, было нават больш, чым тых, хто выязджаў у Аргенціну. Для многіх беларусаў аргенцінская мара скончылася вяртаннем дадому.
Ці цяжка беларусам было трымацца разам?
У Аргенціне беларусы аказаліся сярод розных дыяспар — украінцаў, палякаў, рускіх, італьянцаў, іспанцаў. Моўны бар’ер быў моцным для беларусаў у аргенцінскім грамадстве, таму яны кантактавалі часцей з тымі, з кім маглі хоць неяк паразумецца: украінцамі, палякамі, рускімі.
У 1920-я гады беларуская супольнасць у Аргенціне яшчэ не мела моцных арганізацый. У «Беларускай крыніцы» быў надрукаваны ліст з Аргенціны, у якім аўтар пісаў: «Нямала ёсць у Аргенціне і нас, эмігрантаў-беларусаў. Толькі на чужыне сярод рознанацыянальных людзей мы, беларусы, губляемся. Усе іншыя эмігранты маюць свае нацыянальныя арганізацыі, а мы, беларусы, на вялікі жаль, такой не маем».
У такой сітуацыі нацыянальная ідэнтычнасць лёгка размывалася. А больш актыўнае беларускае арганізацыйнае жыццё ў Аргенціне пачалося ў 1930-я гады. У 1934 годзе ў Буэнас-Айрэсе заснавалі Беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Грамада». У канцы 1935 года з’явілася таварыства «Культура». У 1937-м — Таварыства бібліятэкі імя Івана Луцэвіча, а ў 1938-м — «Белавежа». Арганізацыі ладзілі лекцыі, вечарыны, вывучэнне моў і іншыя актыўнасці для таго, каб дапамагчы беларусам адчуць сябе супольнасцю.
Беларускія арганізацыі ў Аргенціне 1930-х гадоў часта мелі левы палітычны ўхіл. Беларусы супрацоўнічалі з украінцамі, палякамі і іншымі эмігранцкімі супольнасцямі, разам яны стваралі міжнацыянальныя арганізацыі.
Пасля Другой сусветнай вайны частка беларускіх арганізацый у Аргенціне стала прасавецкай, а актывісты імкнуліся выехаць у Савецкі Саюз.
