Натхненне

Як Полацк і ВКЛ змагаліся з крыжакамі: ад Уладзіміра Полацкага да Грунвальда


Як Полацк і ВКЛ змагаліся з крыжакамі: ад Уладзіміра Полацкага да Грунвальда

Больш за 200 гадоў беларускія землі сутыкаліся з крыжацкай агрэсіяй: спачатку Полацкае княства, а пазней ВКЛ змагаліся за свае землі і гандлёвыя шляхі. У гэтай барацьбе вядомымі сталі Уладзімір Полацкі, Давыд Гарадзенскі і Андрэй Полацкі, а завяршальным і самым вядомым эпізодам стала Грунвальдская бітва 1410 года.

PALATNO разбіраецца.

Як крыжакі прыйшлі да нашых зямель

У канцы XII стагоддзя германскія місіянеры з’явіліся ва Усходняй Прыбалтыцы. У 1201 годзе ў вусці Заходняй Дзвіны была заснавана Рыга, а ў 1202 годзе — ваенна-манаскі ордэн мечаносцаў. Афіцыйна яго задачай было хрышчэнне язычніцкага насельніцтва сучасных краін Балтыі. На практыцы крыжакі захоплівалі землі, будавалі там замкі і падпарадкоўвалі мясцовае насельніцтва. Тут іх інтарэсы сутыкнуліся з Полацкам. Балцкія плямёны да прыходу крыжакоў выплачвалі Полацку даніну. На Заходняй Дзвіне знаходзіліся залежныя ад Полацкай зямлі княствы Герцыке і Кукенойс. Калі крыжакі пачалі захопліваць гэтыя тэрыторыі, яны фактычна пачалі выцясняць Полацк адтуль.

Барацьба з крыжакамі

Адзін з першых князёў, які актыўна змагаўся з крыжакамі, — гэта Уладзімір Полацкі. Пасля захопу крыжакамі балцкіх тэрыторый Полацк страчваў не толькі палітычны ўплыў, але і даніну, якую раней атрымліваў ад ліваў. Ад 1203 года Уладзімір арганізоўваў паходы на Рыгу, але яны былі безвыніковымі. Пры гэтым існавала іншая праблема. Полацкім купцам быў патрэбны свабодны гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне, таму пастаянная вайна з Рыгай была нявыгаднай. У 1210 годзе Полацк і Рыга заключылі мір. Полацкія купцы атрымалі магчымасць свабодна плаваць па Дзвіне. Аднак Уладзімір не адмовіўся ад намеру вярнуць страчаныя землі. У 1216 годзе ён падрыхтаваў вялікі паход на крыжакоў. Яго былі гатовы падтрымаць эсты і літоўцы, у Полацк прыйшлі воіны з Менска, Смаленска, Віцебска і Друцка. Але паход так і не адбыўся, бо Уладзімір памёр у той момант, калі збіраўся сесці на карабель. Так Полацкае княства прайграла барацьбу за Герцыке і Кукенойс.

У XIV стагоддзі барацьбу з крыжакамі працягвала ўжо ВКЛ. Асабліва вядомым абаронцам беларускіх зямель стаў Давыд Гарадзенскі, які быў старастам Гродна. У 1305 годзе Давыд разбіў нямецкіх рыцараў каля Гродна, а ў наступным годзе паспяхова абараніў горад ад тэўтонцаў. У 1314 годзе крыжакі напалі на Наваградак: Давыд жа знішчыў крыжацкі абоз, захапіў коней і фактычна пакінуў войска ворага без запасаў. Давыд сам здзяйсняў паходы на тэрыторыі праціўніка — у Прусію і Мазовію, дапамагаў абараняць ад нямецкіх і дацкіх рыцараў Пскоў, а яго воіны даходзілі да сучаснага Таліна. У 1326 годзе Давыд паўдзельнічаў разам з польскім войскам у паходзе на Брандэнбург, а на зваротным шляху быў забіты.

У другой палове XIV стагоддзя лівонскія рыцары часцей нападалі на Беларускае Падзвінне, цэнтрам якога быў Полацк. Там княжыў Андрэй Альгердавіч — Андрэй Полацкі. Асноўным праціўнікам быў крыжацкі горад Дынабург, сучасны Даўгапілс. Палачане неаднаразова рабілі паходы да Дынабурга і іншых крыжацкіх замкаў.

Вялікая вайна 1409–1411 гадоў

Да пачатку XV стагоддзя Тэўтонскі ордэн стаў вельмі моцным. Паводле Салінскага пагаднення 1398 года крыжакі атрымалі Жамойць — пасля гэтага ВКЛ страціла выхад да Балтыйскага мора. Жамойты не хацелі падпарадкоўвацца ордэну і пастаянна паўставалі. Вітаўт падтрымліваў іх — дапамагаў зброяй і войскамі. У 1408 годзе Вітаўт і Ягайла сустрэліся ў Наваградку і вырашылі разам рыхтавацца да вайны з тэўтонцамі. У 1409 годзе сітуацыя абвастрылася пасля таго, як Ягайла накіраваў у Жамойць караблі нібыта з хлебам, але там была зброя. Крыжакі затрымалі судны і знайшлі там зброю. Вітаўт падтрымаў жамойтаў, а Ягайла — Вітаўта. 6 жніўня 1409 года Тэўтонскі ордэн абвясціў Ягайлу вайну — гэта быў пачатак Вялікай вайны 1409–1411 гадоў.

Першы этап вайны быў няўдалым для Польшчы. Ягайла страціў частку тэрыторый і заключыў часовае перамір’е. Вітаўт дзейнічаў асобна і здолеў заняць Жамойць. Падчас перамір’я абодва бакі актыўна рыхтаваліся да вайны: збіралі войскі, наймалі воінаў, шукалі саюзнікаў. У чэрвені 1410 года вайна аднавілася. План Ягайлы і Вітаўта палягаў у тым, каб захапіць сталіцу Тэўтонскага ордэна — Мальбарк.

15 ліпеня 1410 года аб’яднанае войска ВКЛ і Польшчы сустрэлася з крыжакамі каля вёскі Грунвальд. Крыжацкае войска налічвала каля 15–20 тысяч чалавек і мела 50 харугваў. На дапамогу ордэну прыйшлі рыцары з розных краін Еўропы. Войска ВКЛ і Польшчы было большым — каля 30–40 тысяч чалавек. Вітаўт прывёў 40 харугваў, у тым ліку з Полацка, Наваградка, Смаленска, Віцебска, Гродна, Ліды, Брэста, Пінска, Мсціслаўя і іншых зямель. Ягайла прывёў яшчэ 50 харугваў. Беларускія і літоўскія харугвы ўзначальваў Вітаўт, агульным кіраўніком войска быў Ягайла. Войскі ВКЛ займалі правы фланг, польскія — левы.

Першымі атакавалі войскі ВКЛ. Крыжакі адкрылі гарматны агонь, а затым кінулі супраць войска ВКЛ асноўныя сілы. Праз некаторы час частка войска ВКЛ стала адступаць, крыжакі вырашылі, што бітва ўжо выйграная, таму вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген асабіста павёў у атаку свой рэзерв. У час, калі крыжакі амаль прарвалі строй войска, Вітаўт і Ягайла атакавалі сапернікаў з флангаў — так крыжакі аказаліся акружанымі. У бітве загінуў вялікі магістр, быў захоплены крыжацкі абоз і ўсе баявыя сцягі ордэна.

Пасля Грунвальда войскі ВКЛ і Польшчы пайшлі на Мальбарк, але ўзяць крыжацкую сталіцу не атрымалася. У 1411 годзе быў заключаны Торуньскі мір: крыжакі вярнулі Жамойць, Польшча атрымала частку новых зямель, а Тэўтонскі ордэн павінен быў выплаціць пераможцам вялікую суму грошай. Тэўтонскі ордэн страціў вядучае становішча ў рэгіёне, а міжнародны аўтарытэт ВКЛ значна вырас.