PALATNO расказвае пра цікавыя беларускія слоўцы пра восень.
Імгла
«Імгла» мае некалькі значэнняў. Па-першае, так кажуць пра ападкі ў выглядзе дробных кропель дажджу ці дробны снег. Па-другое, гэта пялёнка туману, пылу ці дыму. У пераносным значэнне пад імглой маюць на ўвазе тое, што перашкаджае добраць бачыць і успрымаць навакольнае.
«Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар»
Адкуль жа з’явілася слова «імгла»? Беларуская мова атрымала яго ў спадчыну ад праславянскай мовы. Праславянскае «mьgla» азначала «туман, смугу» і ўзыходзіла да індаеўрапейскага кораня «meigh‑», што азначала станавіцца цёмным.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Увосень і кабан паросен». Якія беларускія прыказкі ёсць пра восень?
Навалач
«Навалач» — гэта хмары, туман. Але будзьце асцярожныя, бо гэта слова часцяком могуць выкарыстоўваць як лаянку: навалаччу называюць варожых, чужых людзей.
«Ноч пацямнела, з’явіўся аднекуль, не тутэйшы»
Слова, хутчэй за ўсё, паходзіць ад дзеяслова «навалачыцца», то бок «назбірацца».
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як паслаць па-беларуску. Падборка лаянак і кляцьбонаў 18+
Слота
«Слота» — гэта сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам. У слоты ёсць і другі сэнс: гэта вадкая гразь на зямлі і на дарогах.
«Прыйшла восень з дажджамі, слотай, а перамогі ўсё не было»
Слова паходзіць ад праславянскага slota. Роднасныя словы ёсць у польскай, украінскай, чэшскай і славацкай мовах.
Плюхота
Гэта беларускае размоўнае слова выкарыстоўвалі, калі казалі пра дрэннае і абавязкова даждлівае надвор’е.
«Ссохлі травы, усё павяла. Слаць, плюхота, холад, цьма. Эх, скарэй бы закрывала Зямлю чорную зіма!»
Слова звязана з дзеясловамі «плюскаць» і «плюхаць», якія перадаюць рухі і гук вады. Слова паходзіць з праславянскай мовы.
А як яшчэ можна сказаць пра восеньскае надвор’е?
Калі вы не хочаце ўжываць слова «слота», то ёсць сінонім — «макрэча».
«[Дождж] нарабіў столькі макрэчы, што здавалася, вадою набрыняла нават жалеза на дахах»
А пра бездараж можна сказаць — «расхлябіца».
«У расхлябіцу, па непралазнай асенняй гразі, шафёр болей аднаго рэйса не робіць»
Пра мокрую і сырую зямлю могуць сказаць, што яна «волкая» (з націскам на першы склад).
«Волкі вецер. Волкая ноч. А з рэчкі ветрык вее волкі, як веснік блізкага ўжо дня»
«Галець» — быць, выглядаць пустым, голым. Так можна казаць пра восеньскую прыроду.
«Журба… ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені»
Яшчэ адзін дзеяслоў, які вы дакладна павінны выкарыстоўваць — «тнуць». Ён абазначае пранізваць, прабіраць — так казалі пра холад і вецер, а часам і пра боль.
«Тата з імі пайшоў — і дагэтуль няма, а тут холад тне кроў»
Слова «чарнатроп» выкарыстоўвалі паляўнічыя, калі казалі пра асенні холад, але ўжо позні, калі выпадаў першы снег.
