Сёння гэта падмена працуе яшчэ і як спосаб трымаць беларусаў на дыстанцыі ад Еўропы, культурна і сімвалічна.
Гэты тэкст выйшаў на BG.Media. Перадрукоўваем яго з дазволу рэдакцыі.
Як знішчалі Каляды
Культ Новага года як галоўнага зімовага свята — зусім не старажытная традыцыя і элемент асаблівага «ўсходнеславянскага шляху». Гэта савецкая канструкцыя, якая павінна была падмяніць Каляды чымсьці больш зручным для атэістычнага ладу.
Да рэвалюцыі 1917 года галоўным зімовым святам на беларускіх землях, як і ва ўсёй хрысціянскай Еўропе, былі менавіта каляды. Беларусь жыла адразу ў двух каляндарах: католікі і пратэстанты адзначалі 25 снежня, а праваслаўныя — па юліянскім каляндары, у пачатку студзеня. Паміж гэтымі датамі цягнуўся калядны перыяд з калядкамі і набажэнствамі. Цэнтрам жыцця ў гэтыя дні былі дом і царква.
Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў усё гэта абвясцілі перажыткам. Рэлігію называлі «опіумам для народа», а царкоўныя святы — «тормазам на шляху да сацыялізму». Ужо да канца 1920-х гадоў новая савецкая ўлада пераходзіць ад кпінаў да прамых забаронаў.
У 1929 годзе ў СССР рэфармавалі каляндар і рэзка скарацілі спіс афіцыйных выхадных. Каляды зніклі з пераліку дзяржаўных святаў і стала звычайным працоўным днём. Паралельна праходзіла антырэлігійная кампанія. Актывісты «Саюза ваяўнічых бязбожнікаў» праводзяць лекцыі і мітынгі супраць калядных абрадаў, у газетах друкуюць інструкцыі, як выкрываць «папоў», школьнікаў заахвочваюць высмейваць «рэтраградаў», якія захоўваюць дома абразы. У 1930-я адкрытае святкванне Калядаў з традыцыйнай елкай і батлейкай магло скончыцца сур’ёзнымі непрыемнасцямі, ад праблем на працы да крымінальных спраў па «антысавецкіх» артыкулах.
Так бальшавікі спрабавалі выкарчаваць саму ідэю свята, у цэнтры якога — не дзяржава і правадыр, а гісторыя пра нараджэнне Бога, пра цуд і надзею. У такой карціне свету для партыйнай ідэалогіі надта мала месца. Але цалкам пазбавіць людзей зімовага свята не атрымалася. Занадта моцнай была памяць пра калядныя дні, а разам з імі — у патрэбе цеплыні, сустрэчах і знаёмых усім песнях пасярод доўгай ночы.
Бальшавікам спатрэбілася замена святу — савецкая, кіруемая, з тымі ж гірляндамі і ёлкай, але ўжо без Бога і царквы. Менавіта тады ў жыцці нашых продкаў і ўвайшоў «правільны», савецкі Новы год.
Ідэальнае свята для бальшавікоў
У сярэдзіне 1930-х гадоў у СССР рэабілітавалі елку як сімвал свята. Яе вярнулі ў дзіцячыя садкі, школы і дамы піянераў, але ўжо не як калядную, а як навагоднюю. У якасці ўпрыгожванняў, замест анёлаў, на галінкі святочных дрэваў размясцілі чырвоныя зоркі, фігуркі лётчыкаў, танкі і іншыя атрыбуты «новый эпохі».
Дзед Мароз і Снягурка як персанажы існавалі яшчэ да рэвалюцыі. Але менавіта ў 1930-я гады ім далі новую ролю: яны сталі афіцыйнымі героямі савецкага сцэнарыя Новага года, прыходзяць яны не на Каляды, а на «правільнае» свята, арганізаванае партыяй і камсамолам.
Пасля вайны ўсю гэту канструкцыю давялі да савецкага ідэала. У 1947 годзе 1 студзеня зноў зрабілі выхадным, такім чынам Новы год канчаткова замацаваўся як галоўнае савецкае свята «вялікай дзяржавы». Каляды пры гэтым заставаліся працоўным днём, кшталту прыватнай справай веруючых.
Так атмасфера чакання цуду, сямейнай цеплыні, доўгачаканай вячэры за сталом — усё гэта, што раней было натуральнай часткай Калядаў, — перанеслася на бяспечную для савецкага ладу дату 31 снежня. Свята не столькі знішчылі, колькі перашылі, прыбраўшы з яго сутнасць, рэлігійны змест, пакінуўшы толькі дэкарацыі. А галоўным героем гэтага свята, замест Бога, стала дзяржава і правадыр, чыё з’яўленне на экране ў навагоднюю ноч многія дагэтуль чакаюць як абавязковую частку рытуалу.
А што цяпер?
Прайшлі дзесяцігоддзі, а святкаванне Новага года, за шырмай якога сціпла хаваюцца Каляды, стала падавацца нам «натуральнай» традыцыяй. Але гэта звыкласць не нейтральная. Яна сфарміравалася не сама па сабе, а ў вельмі канкрэтных умовах і са зразумелай мэтай — адарваць нашых продкаў ад еўрапейскай, хрысціянскай логікі Калядаў і прымацаваць да логікі цэнтралізаванага Новага года (з сімвалічным цэнтрам, канешне ж, у Маскве).
Сёння пытанне не ў тым, каб у адзін дзень адмяніць Новы год і тэрміновага пачаць жыць інакш. Пытанне ў тым, ці ўсведамляем мы, адкуль узяўся той расклад «галоўных святаў», які мы называем звыклым, і што ён кажа пра нас. Адзін з самых важных крокаў да ўласнай аб’ектыўнасці — вярнуць сабе права вырашаць, якое зімовае свята ў нашым жыцці галоўнае.


