Веды

Як сказаць па-беларуску пра тое, калі ўсё ідзе не па плане


Як сказаць па-беларуску пра тое, калі ўсё ідзе не па плане

PALATNO шукае беларускія прыказкі для падбадзёрвання.

Чалавек мяркуе, а Бог не чуе

Гавораць, калі не заўжды атрымліваецца так, як хтосьці хоча.

«— Не шанцуе, ліха на яго!.. Нездарма кажуць, чалавек мяркуе, а Бог не чуе. Карацей, стары, да Кузьмы Нупрэевіча з табой паехаць не змагу — справы. Трэба зараз жа выязджаць у калгас» (У. Краўчанка, «Палессе»)

Бог плануе, а чорт руйнуе

Так кажуць, калі не заўсёды атрымліваецца так, як хто-небудзь мяркуе, хоча і разлічвае.

«Усё ішло як мае быць: неўзабаве і ў рэдактара ўдалося вырваць абяцанне, што першая вакансія яго… Але, як кажуць, бог плануе, чорт руйнуе. Калі, нарэшце, жаданая вакансія стала рэальнасцю, нечакана ўсплыў канкурэнт студэнт-пяцікурснік» (В. Блакіт, «Усмешка фартуны»)

Чалавек страляе, а чорт кулю носіць

Кажуць у выпадках, калі ў чалавека не атрымліваецца тое, што ён планаваў і на што разлічваў.

«[Марыля:] Усе ж да апошняга часу думалі, што за намі зямлю прызнаюць, тым часам наадварот выйшла. [Старац:] Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць» (Янка Купала, «Раскіданае гняздо»)

Ты на гару, а чорт за нагу

Такі выраз выкарыстоўваюць, калі ніяк не атрымліваецца пазбавіцца ад чаго-небудзь, выйсці з цяжкага становішча. Бывае, што так гавораць, калі каму-небудзь не шанцуе.

«Абабраў, аграбіў мяне нехта… Нейкае ліха мне жыць не дае… Ты на гару, а чорт за нагу…» (Змітрок Бядуля, «Сымон»)

Куды ні кінь, усюды клін

Так гавораць у выпадках, калі што б ты не рабіў і не прыдумваў, усё атрымліваецца дрэнна. Увогуле гэты выраз — пра складанае, бязвыхаднае становішча.

«У Вас, як кажуць, куды ні кінь — усюды клін. Сельскагаспадарчы інвентар да веснавой сяўбы не адрамантавалі, хамутоў і пастромкаў не хапае, угнаенне на поле вывезлі не поўнасцю» (А. Макаёнак, «Старшыні калгаса “Спартак”»)

Адна бяда — не бяда

Гаворыцца чалавеку, калі яму не шанцуе, а непрыемнасці ідуць адна за адной.

«Я паўсюль чую адну мелодыю… Гэта запраграмаванасць нашага народа на любую бяду… Народ кажа: “Адна бяда не бяда”»… (Крыніца. 1997. № 4)

Бяда па бядзе як па нітачцы ідзе

Выраз выкарыстоўваюць у дачыненні да чалавека, у якога не сканчваюцца непрыемнасці.

«У сэрцы яго, як снежны ком з гары, падымалася, расла трывога. Балючая, шчымлівая: “Хто я цяпер? Ні сыры, ні печаны, як кажуць. Бяда па бядзе як па нітачцы ідзе. Пасля войска паўгода пачуваў сябе някепска, а зараз задышка пачалася, надоечы нават кроў горлам ішла”» (Я. Галубовіч, «Жыві сабе»)

Чорт бяду перабудзе — адна згіне, дзесяць будзе

Так кажуць, калі чалавеку пастаянна не шанцуе.

«[Куторга:] А калі б яму [твайму бацьку] і ўдалося перапрасіць найяснейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе – адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіка на вуголлях, — адцураецца і сваіх» (В. Дунін-Марцінкевіч, «Пінская шляхта»)

Беднаму Івану няма нідзе талану

Так гавораць пра таго, каму не шанцуе ў жыцці.

«— І пад кулю шалёную трапілі, у бальніцы столькі пралежалі, і не друкуюць вас нідзе. — Беднаму Івану няма нідзе талану, — паўтарыў Сцяпан Радзівонавіч прымаўку, што чуў яшчэ ў дзяцінстве» (Б. Сачанка, «Вялікі Лес»)

Калі шанцуе, то і Халімон танцуе

Гаворыцца пра таго, каму пашанцавала ці павінна пашанцаваць.

«[Навум:] Відна, ужо ты мяне не мінеш. Яно кажуць: калі шанцуе, то і Халімон танцуе. Пайдзём ды навучы мяне, што маю рабіць» (В. Дунін-Марцінкевіч, «Сялянка»)

Не купіў бацька шапкі — няхай вушы мерзнуць

Кажуць іранічна, калі што-небудзь не атрымалася, або калі хто-небудзь са спадзевам на іншага не паклапаціўся, каб забяспечыць сябе чымсьці неабходным.

«Тым часам ні спаць, ні ляжаць Адасю не хацелася [ён на першы дзень Вялікадня прагуляў усе свае яйцы і не выбіў ніводнае біткі] і аставацца ў цёмнай хаце было не соладка, але ж і на вуліцы — яшчэ горшае згіненне… Не, лепш ляжаць дома і нічога не бачыць. Нічога не зробіш. Лепшага ратунку нямашака. Не купіў бацька шапкі — няхай вушы мёрзнуць!» (Язэп Лёсік, «Па-валачобнаму»)

Ты ў свет, і доля ўслед

Кажуць пра немінучасць, непазбежнасць чаго-небудзь, як загадзя вызначанага.

«З цягам часу маці нагледзела і прыдбала хату, давяла да толку, выштукавала: жыць — не гараваць! Сын радаваў першымі ўдачамі-поспехамі. Але праўду кажуць: ты ў свет, і доля ўслед. Цяжка захварэў прыгажун-падлетак — яе адзіны сонечны праменьчык у жыцці і адзіная надзея. Медыцына аказалася бяссільнай для юнака, які толькі што закончыў сярэднюю школу…» (Г. Раманчук, «І доля ўслед»)