Натхненне

Францыск Скарына: як палачанін стаў першадрукаром


Францыск Скарына: як палачанін стаў першадрукаром

Францыск Скарына пачаў беларускае і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне ў Празе, а працягнуў сваю выдавецкую дзейнасць у Вільні. Разбіраем жыццёвы шлях, погляды і кнігавыдавецкую дзейнасць Скарыны, а таксама яго паслядоўнікаў.

PALATNO разбіраецца ў пытанні.

Хто такі Францыск Скарына

Францыск Скарына жыў каля 1490 — каля 1551 года. Ён нарадзіўся ў Полацку ў сям’і купца. Значная частка яго дзейнасці была звязана з еўрапейскімі культурнымі цэнтрамі — найперш з Прагай, а потым з Вільняй.

У часы жыцця Скарыны ў Еўропе ішло Адраджэнне, або Рэнесанс. Адной з галоўных яго ідэй быў гуманізм — цікавасць да чалавека, яго здольнасцей, адукацыі і зямнога жыцця. На беларускіх землях Адраджэнне мела свае асаблівасці. Яно заставалася моцна звязаным з рэлігіяй, але адначасова павялічвалася цікавасць да адукацыі і навукі. Вялікую ролю ў распаўсюджванні новых ідэй адыграла друкаваная кніга: яна паступова пераставала быць прадметам раскошы і станавілася больш даступнай.

Прага: пачатак кнігадрукавання

Сваю выдавецкую дзейнасць Скарына пачаў у Празе. У 1517–1519 гадах ён выдаваў там асобнымі кнігамі Біблію. 6 жніўня 1517 года выйшла першая кніга Скарыны — «Псалтыр». Гэта дата лічыцца пачаткам беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Скарына займаўся арганізацыяй выдавецкай справы, перакладамі і непасрэдна наборам тэкстаў. Ён таксама быў аўтарам прадмоў і пасляслоўяў да сваіх выданняў.

Скарына быў веруючым чалавекам, яго кнігавыдавецкая дзейнасць была звязана з рэлігійнымі тэкстамі. Адначасова ў цэнтры яго ўвагі знаходзіўся чалавек. Скарына аддаваў належную пашану Богу, але думаў у першую чаргу пра людзей — менавіта ім ён адрасаваў свае прадмовы і пасляслоўі. Кніга для Скарыны павінна была не проста выкарыстоўвацца падчас царкоўнай службы, яна павінна была дапамагаць чалавеку вучыцца і разумець свет. Яшчэ адна важная рыса поглядаў Скарыны — патрыятызм. На тытульных лістах кніг ён пастаянна падкрэсліваў, што паходзіць з Полацка.

Вільня і даступнасць кніг

Пасля пражскага перыяду Скарына вярнуўся на радзіму і працягнуў сваю выдавецкую дзейнасць у Вільні. У 1522 годзе ён надрукаваў «Малую падарожную кніжку», у 1525 годзе — «Апостала». Скарына імкнуўся зрабіць кнігі даступнымі звычайнаму чытачу. Яны мелі адносна невялікі кошт і вызначаліся прыгожым мастацкім афармленнем. Акрамя таго, Скарына хацеў, каб іх можна было зразумець. Мова яго выданняў спалучала рысы старабеларускай і царкоўнаславянскай моў. Францыск Скарына стаў пачынальнікам друкарскай справы ў ВКЛ. Друкаваная кніга рабіла веды больш даступнымі, садзейнічала развіццю адукацыі, літаратуры, мовы і культуры.

Паслядоўнікі Скарыны

Пасля Скарыны кнігадрукаванне на беларускіх землях працягвала развівацца. Яго дзейнасць працягнулі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Сымон Будны быў прапаведнікам, філосафам і асветнікам. Ён пісаў на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. У 1562 годзе ў Нясвіжы Будны выдаў «Катэхізіс». Гэта была першая кніга на старабеларускай мове, выдадзеная на сучаснай тэрыторыі Беларусі. Каля 1570 года ў сваім маёнтку Васіль Цяпінскі выдаў «Евангелле» на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. У прадмове да кнігі Цяпінскі выказваў любоў да мовы і свайго народа.