Узімку 2026 года ў Італіі пачаліся чарговыя зімовыя Алімпійскія гульні. А хто быў першым ураджэнцам беларускіх зямель, які ўдзельнічаў у зімовых Алімпіядах? Высветлілася, што першым быў яўрэй з Пінска — ён быў хакеістам, капітанам польскай зборнай. Ён мог бы згуляць на дзвюх Алімпіядах, але на другую адмовіўся ехаць, бо не хацеў гуляць у нацысцкай Германіі.
PALATNO расказвае пра Тадэвуша Сакса.
Змест
Пінскі яўрэй, які палюбіў спорт
Тадэвуш Ізраэль Сакс нарадзіўся 18 чэрвеня 1899 года ў Пінску. Ён паходзіў з сям’і вядомага фабрыканта Сакса з Лодзі. Пасля бацька аддаў яго ў прыватную школу ў Цюрых. Затым Тадэвуш цалкам сышоў у спорт.
Ужо ў 1917-1919 гады выступаў за клуб «Юніён Лодзь», які першапачаткова быў спартыўным клубам нямецкай меншасці ў Лодзі. У далейшым выступаў за варшаўскія каманды. Чатыры разы Сакс заваёўваў медалі польскіх чэмпіянатаў — два разы бронзавыя, два разы сярэбраныя.
У 1930-я гады яго заўважылі і запрасілі ў нацыянальную зборную. Доўгі час знаходзіўся ў запасе, але з часам яго пачалі запрашаць у асноўную каманду. Акрамя гульнявой кар’еры, Сакс моцна зацікавіўся трэнерскай, таму амаль усе 1930-я гады трэніраваў нацыянальную зборную на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Пад бел-чырвона-белым сцягам. Як прайшлі першыя Алімпійскія гульні для незалежнай Беларусі
Як беларусы выступалі на Алімпіядах: ад трыумфаў да нейтральнага сцяга
Беларусь і спорт 1990-х: першыя Алімпіяда, першыя медалі і першыя складанасці
Найлепшая Алімпіяда для польскіх хакеістаў (з нюансам)
У 1932 годзе Алімпійскія гульні праходзілі ў амерыканскім Лэйк-Плэсід. Польшча таксама ўдзельнічала ў Алімпіядзе.
Польскія хакеісты ў другі раз выступалі на Алімпіядзе. Капітанам каманды стаў Тадэвуш Сакс, які ў заяўцы быў не толькі рэзервовым брамнікам, але таксама трэнерам і менеджарам.
Польская зборная заняла найлепшае месца за ўсю гісторыю яе выступаў на зімовых Гульнях — чацвёртае. Аднак такі сур’ёзны вынік можа згубіць значнасць, калі ўлічваць, што ў хакейным турніры ўдзельнічалі толькі чатыры зборныя. З-за эканамічнага крызісу большасць краін адмовілася адпраўляць хакейныя каманды ў ЗША.
Польскія хакеісты змаглі прыехаць у Злучаныя Штаты, бо на паездку ахвяравала польская дыяспара. У дадатак палякі таксама згулялі некалькі матчаў, каб зарабіць на дарогу ў ЗША. Цікава, што на той Алімпіядзе ўдзельнічалі ўсяго 11 польскіх хакеістаў, а ў некаторых матчах гулялі восем спартсменаў, бо ў часткі гульцоў былі траўмы. З-за недахопу гульцоў каманду маглі не дапусціць да ўдзелу, таму Тадэвуш Сакс быў у спісах пазначаны як рэзервовы брамнік. На лёд Сакс на той Алімпіядзе не выходзіў.
Ненавідзіў нацысцкі рэжым, які яго забіў
У сярэдзіне 1930-х гадоў Тадэвуш Сакс паступова адыходзіць ад ролі спартоўца. Ён усё больш цікавіцца трэнерскай кар’ерай, судзіць хакейныя матчы і займаецца менеджарскай працай.
У 1936 годзе ў Германіі адбыліся чацвёртыя Алімпійскія гульні. Польская хакейная зборная ў іх удзельнічала ўжо без свайго трэнера і капітана Тадэвуша Сакса. Сакс адмовіўся ехаць у нацысцкую Германію, бо ў яго была непрыязнасць да нацысцкай дзяржавы і таго, што яна рабіла ў дачыненні да яўрэяў.
У пачатку Другой сусветнай вайны Сакс перабраўся ў Варшаву. Дакладна вядома, што ад 1940 года ён жыў у акупаванай нацыстамі польскай сталіцы. Хутчэй за ўсё, яго размясцілі ў варшаўскім гета.

Апошнія задакументаваныя дадзеныя пра Тадэвуша Сакса тычацца зняволення ў турме Павяк, праз якую прайшлі каля ста тысяч чалавек у часы нямецкай акупацыі.
Вядома, што з турмы Павяк Тадэвуш Сакс трапіў у Аўшвіц. Гэта адбылося 16 ліпеня 1942 года. Праз некалькі тыдняў, 3 жніўня 1942 года, Сакса забілі ў канцлагеры.


