У кастрычніку 1927 года на адной з нью-ёркскіх вуліц прагучалі стрэлы, які паставілі кропку ў цэлай эпохі гарадскога крыміналу. Куля ў скроню забіла Джэйкба «Маленькага Огі» Оргэна, які ўвасабляў старую мадэль крымінальнага свету з вулічным гвалтам. Яго смерць адкрыла шлях новай, больш цынічнай і сістэмнай мафіі. А кім быў Джэйкаб Оргэн, якога маленькім выехаў з сям’ёй з Мінска ў Нью-Ёрк?
PALATNO расказвае пра Джэйкаба Оргэна.
Змест
Хто такі Джэйкаб Оргэн
Джэйкаб Оргэн нарадзіўся ў Мінску ў 1893 годзе ў яўрэйскай сям’і. Да пераезду ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў сям’і было прозвішча Оргэнштэйн. Джэйкаб апынуўся ў Амерыцы ў маладым узросце і сталеў на нью-ёркскіх вуліцах, на якіх шырыўся і працоўны рух, і мафіёзныя групоўкі. Пра яго жыццё на беларускіх землях не захавалася ўспамінаў.
Ужо ў пачатку 1910-х Джэйкаб Оргэн стаў вядомым рэкецірам у арганізацыі гангстара Бэнджаміна Файна, які быў адным з першых лідараў яўрэйскага крыміналітэту ў Нью-Ёрку. Файн фактычна стварыў працоўны рэкет у Нью-Ёрку. Гэта была сістэма, у якой прафсаюзы і прадпрымальнікі карысталіся паслугамі бандаў (у першаю чаргу — сілавыя паслугі). Файн, як і многія крымінальнікі, што ўдзельнічалі ў працоўным рэкеце, часцяком працавалі на абодва бакі канфлікту: яны дапамагалі фабрыкантам і прафсаюзам — у некаторых выпадках гэта адбывалася адначасова. Асноўным прыбыткам для такіх груповак складаў рэкет у швейнай індустрыі.
У 1911 годзе Оргэн стварыў уласную банду, якая называлася Little Augies («Маленькія Огі»). Сам жа Джэйкаб да гэтага часу ўжо меў мянушку «Маленькі Огі».

Эпоха вулічных наймітаў, у якую цудоўна ўпісаўся «Маленькі Огі»
Гісторыю арганізаванай злачыннасці ў швейнай індустрыі Нью-Ёрка да сярэдзіны 1920-х гадоў можна ахарактарызаваць як эпоху вулічных наймітаў. Гангстары выступалі «медыятарамі» ў канфліктах, калі яшчэ не існавала стабільных юрыдычных механізмаў для ўрэгулявання спрэчак.
Мадэль працы груповак, у тым ліку для банды Оргэна, была простай. Яны прымянялі гвалт, часова дамаўляліся з бакамі канфлікту і заўсёды працавалі на таго, хто больш заплаціць. Оргэн вельмі хутка зразумеў, як працуе гэта формула, таму стаў адной з галоўных фігур гэтага свету.
У 1917 годзе з турмы выйшаў галоўны канкурэнт Джэйкаба Оргэна — Нэйтан Каплан па мянушцы «Кід Дропер». Ад гэтага часу пачалася крывавая барацьба за кантроль над рынкам працоўнага рэкету.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Кароль бутлегераў з Сент-Пола. Як мінскі яўрэй пабудаваў крымінальную імперыю ў ЗША
У 1919 годзе Джэйкаба Оргэна пасадзілі ў турму па абвінавачванні ў рабаванні, што дазволіла Каплану часова ўмацаваць пазіцыі. У 1923 годзе Оргэн вызваліўся і аднавіў уплыў. У тым жа годзе Нэйтана Калпана забіваюць, а Джэйкаб атрымлівае поўны кантроль над працоўным рэкетам Нью-Ёрка.
У 1925 годзе Оргэн разам з яшчэ адным гангстарам Джэкам Даймандам, які стаў яго партнёрам да канца жыцця, уключыўся ў бутлегерскі бізнес. Яны пастаўлялі алкаголь у брадвейскія клубы. Аднак для Джэйкаба асновай яго маленькай крымінальнай імперыі ўсё роўна заставаўся рэкет.

Як вялікі страйк паклаў канец старой крымінальнай сістэме
У 1926 годзе ў швейнай прамысловасці выбухнуў маштабны страйк. Знешне гэта выглядала барацьбой за роўныя заробкі і стабільны працоўны час, але ўнутры ішло жорсткае змаганне паміж сацыялістамі і камуністамі. Оргэн са сваёй бандай быў наняты камуністамі для абароны страйка, хоць пасля працадаўцы адмаўляліся ад таго, што пакупалі паслугі крымінальніка.
Канфлікт перарос у маштабны гвалт. На вуліцах адбываліся перастрэлкі і забойствы, а на фабрыкі ўчынялі ўзброеныя налёты з нападамі на іх уладальнікаў. Урэшце, канфлікт быў вырашаны пры пасярэдніцтве бізнесоўцы і гангстара Арнольда Ротштэйна (пазней Фрэнсіс Скота Фіцджэральд напіша «Вялікага Гэтсбі», у якім Ротштэйн будзе прататыпам для аднаго з герояў).
Ротштэйн праз двух іншых крымінальнікаў Луіса Лепке і Маера Ланскага (ён быў таксама ўраджэнцам Беларусі з Гродне) перадаў, што Джэйкабу лепш адмовіцца ад старых метадаў вядзення бізнесу. То бок, адмовіцца ад вулічнага гвалту і перайсці да сістэмнай інфільтрацыі ў прафсаюзы. На той час крымінальны свет вырашыў перайсці ад разавых паслуг да пастаяннага кантролю над прафсаюзамі: увайсці ў кіраўніцтва прафсаюзаў ці паставіць сваіх людзей на ключавыя пасады.
Джэйкаб Оргэн адмовіўся ад прапановы. І так ён стаў праблемай для новага светапогляду крымінальнікаў. Джэйкаба Оргэна задавальнялі хуткія грошы і ён зусім не хацеў змяняць існуючы лад. Ён увасабляў старую мадэль вядзення бізнесу — ён ствараў шмат шуму, сеяў гвалт на вуліцах. У сваю чаргу, крымінальны свет пераходзіў да карпаратыўнай мадэлі, у якой месца для «Маленькага Огі» не знайшлося.
15 кастрычніка 1927 года ў Нью-Ёрку Оргэн і Дайманд былі абстраляныя з аўтамабіля. Оргэн загінуў ад стрэлу ў скроню, Дайманд перажыў напад. Лічыцца, што напад арганізавалі былыя паплечнікі Оргэна Луіс Лепке і Джэйкаб Шапіра.
На момант смерці Оргэну было 33 гады, але на магіле пазначаны іншы ўзрост — 26 гадоў. Сям’я лічыла яго памерлым з моманту сыходу Джэйкаба ў крымінальны свет. Бацька адрокся ад яго ў 1919 годзе.

У Джэйкаба Оргэна засталася жонка Ханна і аднагадовая дачка Салі.



