PALATNO расказвае, як і чаму ў Дзятлава з’явіўся герб з замкавай вежай і радавым гербам Канстанціна Астрожскага.
Змест
Гісторыя Дзятлава звязана з замкамі
Дзятлава вядома па пісьмовых крыніцах яшчэ з XV стагоддзя, то бок, часоў Вялікага Княства Літоўскага. Дзятлава было вядома пад рознымі назвамі — Здзецель, Здзенцель, Дзенцель, Здзечаль. Аднак яшчэ ў ранейшыя часы ВКЛ мясцовасць ля Дзятлава згадвалася ў летапісах у кантэксце паходу галіцка-валынскіх князёў на вялікалітоўскія землі. Хутчэй за ўсё, на той час — прыкладна, XIII стагоддзе, — там магла існаваць застава з невялікім паселішчам.
У 1498 годзе паселішча, якое мы цяпер ведаем пад назвай Дзятлава, было разам з воласцю перададзенае ад вялікага князя літоўскага Аляксандрам да князя Канстанціна Астрожскага. Ва ўладзе Астрожскіх паселішча знаходзілася да канца XVII стагоддзя. Затым яно перайшло Сапегам, а напрыканцы таго ж стагоддзя — да Радзівілаў. У канцы XVIII стагоддзя Дзятлава перайшло ва ўладанне Солтанаў.
Драўляны замак у Дзятлаве існаваў яшчэ пры Канстанціне Астрожскім і згадваўся ў адмысловых актах у першыя гады XVI стагоддзя. Пры Радзівілах замак перабудавалі: ён знаходзіўся на правым беразе ракі, меў авальную форму, абараняўся ровам і зямельным валам са сценамі-гароднямі і вежамі. На замкавым двары знаходзіўся двухпавярховы палац з дрэва, які ў сярэдзіне XVIII cтагоддзя перабудавалі на каменны. Пры Солтанах умацаванні замка знівеліраваны, а побач з самім палацам разбілі англійскі сад і пабудавалі павільёны, распісаныя мастаком Норблінам.
Вядома, што ў часы Паўночнай вайны дзятлаўскі замак быў спалены.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Гербу Ашмянаў больш за два стагоддзі. Якім быў арыгінальны? Колькі разоў яго мянялі?
Што значыць выява на гербе Шклова?
Сучасныя гербы Хоцімска і Ганцавічаў — адзін гістарычны, а другі міфічны
Герб Дзятлава — гэта гісторыя Астрожскага і прызначэння паселішча ў часы ВКЛ
За ўвесь час існавання Дзятлава, асабліва ў гады Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, гісторыя паселішча неад’емна была звязаная з абаронай і замкамі. Таму менавіта гэты атрыбут — замкавая драўляная вежа — знаходзіцца на сучасным гербе Дзятлава.
На версе герба прысутнічае радавы герб Канстанціна Астрожскага «Астрога», дзякуючы якому пачалася разбудова паселішча і ўласна замка. «Астрога» — гэта два элементы, «Агеньчык» (палова стралы, якая ляціць уверх, і ўтыкаецца ў палову кола) і «Леліва» (шасціканцовая зорка з паўмесяцам).
Сучасны герб Дзятлава распрацаваны ў 2000-я гады. Ён быў зацверджаны мясцовым райвыканкамам у 2003 годзе. Аўтарам герба Дзятлава з’яўляецца Русаў, а мастаком — Ляхор.
