Гісторыя надзеі і ўзаемадапамогі. Як з’явіліся Ананімныя Алкаголікі

ананімныя алкаголікі, ананімныя алкаголікі беларусь, гісторыя ананімных алкаголікаў, суполкі ананімных алкаголікаў у беларусі

«Я быў п’яны ў дзень катастрофы. Я і цяпер п’яны, бо я — алкаголік». Гэтыя словы гучаць у самым канцы фільма «Палёт», калі пілот Віп Вітакер у выкананні Дэнзэла Вашынгтона нарэшце прызнаецца ў сваім алкагалізме. За яго спінай — гераічнае ратаванне самалёта і людзей падчас авіякатастрофы. Аднак гэта перакрывае жахлівая праўда: авіякатастрофа адбылася ў тым ліку і праз яго алкагольную залежнасць. Сцэна, падчас якой Вітакер прызнаецца на слуханнях у алкагалізме, з’яўляецца кульмінацыяй падзення галоўнага героя і адначасова пачаткам яго новага жыцця. Так пачынаецца шлях кожнага, хто ўступае ў суполку Ананімных Алкаголікаў, — чалавек, які прызнаецца, што не можа справіцца з залежнасцю самастойна.

PALATNO расказвае, як з’явіліся Ананімныя Алкаголікі.

Алкагалізм сто гадоў таму: не хвароба, але маральная слабасць

Амаль сто гадоў таму алкаголікаў лічылі не хворымі людзьмі, а тымі, хто не можа справіцца са сваёй слабасцю. На той час не існавала эфектыўных метадаў лячэння. Часцей за ўсё грамадства проста выкрэслівала алкаголікаў і людзей з залежнасцю.

У такіх умовах два чалавекі вырашылі аб’яднацца, каб разам змагацца з алкагалізмам. Біл Уілсан быў банкірам і алкаголікам. У 1934 годзе нават трапіў у лячэбніцу ў Нью-Ёрку пасля шматлікіх спроб кінуць піць. Яму дапамогаў выбрацца з жыццёва цяжкай сітуацыі адзін з сяброў Эбі Тэтчер, які быў членам хрысціянскай арганізацыі — у ёй рабілі ўпор на асабістую адказнасць, прызнанне сваіх памылак. Пасля Біл змог кінуць піць, але вырашыў для сябе: каб заставацца цвярозым, ён павінен дапамагчы іншым завязаць.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Нячысцікі, якія любяць алкаголікаў ці валодаюць скарбамі. Расказваем пра іх

 

«Дзе чарка, там і сварка». 14 беларускіх прыказак пра алкаголь

 

Як па-беларуску размаўляць пра алкаголь?


У 1935 годзе Біл пазнаёміўся з Бобам Смітам у штаце Агаё. Сміт працаваў доктарам і таксама быў алкаголікам. Іх сустрэча, падчас якой яны размаўлялі некалькі гадзін, лічыцца пачаткам АА. Боб Сміт таксама кінуў піць пасля падтрымкі Біла Уілсана. Яны вырашылі, што алкаголікам дапамогуць уласна самі алкаголікі, якія могуць выслухаць і не асуджаць. Разам, Уілсан і Сміт, пачалі дапамагаць іншым, хто пакутаваў на алкагалізм.

Да канца 1937 года ў іх суполку ўваходзіла каля сарака чалавек, якія змаглі быць цвярозымі дзякуючы гэтаму метаду. У 1939 годзе была апублікаваная кніга «Alcoholics Anonymous», якая пазней дала назву арганізацыі. У кнізе апісваюцца асноўныя прынцыпы і метады выздараўлення, уключаючы знакамітыя 12 крокаў.

Пасля публікацыі кнігі і артыкула ў часопісе Saturday Evening Post у 1941 годзе рух Ананімных Алкаголікаў пачаў хутка расці. А праз некалькі дзесяцігоддзяў суполкі АА узніклі па ўсім свеце.

12 крокаў Ананімных Алкаголікаў

Кожны чалавек, які прыходзіць у суполку Ананімных Алкаголікаў, ідзе па шляху дванаццаці крокаў. Гэта аснова праграмы выздараўлення: шлях ад залежнасці да цвярозасці.

  1. Мы прызналі, што мы бездапаможныя перад алкаголем, што страцілі кантроль над сабой.
  2. Прыйшлі да пераканання, што толькі Сіла больш магутная, чым мы, яна можа вярнуць нам разважнасць.
  3. Прынялі рашэнне даверыць нашу волю і наша жыццё Богу, як мы Яго разумеем.
  4. Глыбока і бясстрашна ацанілі сябе і сваё жыццё з маральнага пункту гледжання.
  5. Прызналі перад Богам, сабой і якім-небудзь іншым чалавекам сапраўдную прыроду нашых памылак.
  6. Цалкам падрыхтавалі сябе да таго, каб Бог збавіў нас ад усіх нашых недахопаў.
  7. Пакорліва прасілі Яго выправіць нашы заганы.
  8. Склалі спіс усіх тых людзей, каму мы чынілі зло, і напоўніліся жаданнем загладзіць сваю віну перад імі.
  9. Асабіста пакрывалі нанесеную гэтым людзям шкоду, дзе толькі магчыма, акрамя тых выпадкаў, калі гэта магло нашкодзіць ім ці каму-небудзь іншаму.
  10. Працягвалі самааналіз і, калі дапускалі памылкі, адразу прызнавалі гэта.
  11. Імкнуліся шляхам малітвы і разважання паглыбіць адносіны з Богам, як мы разумелі Яго, маліліся толькі аб веданні Яго волі, якую нам трэба выканаць, і аб дараванні сілы для гэтага.
  12. Дасягнуўшы духоўнага абуджэння, да якога прывялі гэтыя крокі, мы стараліся данесці сэнс нашых ідэй да іншых алкаголікаў і прымяняць гэтыя прынцыпы ва ўсіх нашых справах.

У 12 кроках часта згадваецца Бог, але Ананімныя Алкаголікі падкрэсліваюць, што кожны разумее Бога па-свойму.

Беларусь і Ананімныя Алкаголікі

У Савецкім Саюзе дзейнасць Ананімных Алкаголікаў была немагчымая да канца 1980-х гадоў. У 1989 годзе суполка АА з’явілася ў Маскве, пасля чаго падобныя пачалі дзейнічаць у іншых гарадах.

Першыя сустрэчы ў Беларусі адбыліся яшчэ ў 1990-х, а першая суполка ўзнікла ў Мінску. Паступова суполкі пачалі з’яўляцца ў іншых беларускіх гарадах. Звычайна гэта адкрытыя ці закрытыя сустрэчы, дзе людзі дзеляцца досведам і гісторыяй цвярозасці. Сустрэчы могуць адбывацца штотыдзень ці штодня. Частка сустрэч мае спецыфічныя тэмы: 12 крокаў, духоўнасць, праца з навічкамі і іншае. Падчас сустрэч не даюцца парады, а толькі дзеляцца асабістым досведам. Удзел у сустрэчах ананімны і бясплатны.

Цяпер групы Ананімных Алкаголікаў ёсць у Беларусі. Знайсці суполку АА ля свайго населенага пункта можна — па спасылцы.

Вярнуцца ўгару