«Дзе чарка, там і сварка». 14 беларускіх прыказак пра алкаголь

беларусы і алкаголь, алкагалізм у беларускі, прыказкі пра п'яніц

PALATNO расказвае, як казалі пра алкаголь і людзей, якія яго любяць ужываць.

Брыгадзір капейкі не варт, калі чарцы рад

Гаворыцца з асуджэннем пра начальніка-п’яніцу.

«Брыгадзірамі былі адны п’яніцы. Людзі казалі: брыгадзір капейкі не варт, калі чарцы рад. Асабліва знявідны быў нябожчык Андрэй. Ён і чытаў па складах, і пісаць не ўмеў; трымалі, бо брахаў, як цюцька». (В. Шырко, «Хай людзі бачаць»)

П’янаму бог падсцілае падушку

Кажуць, часам іранічна, пра моцна п’янага, які хоць і падае, але не калечыцца.

«Пасівелы, ужо немалады чалавек, што меў нават унукаў, бачачы, як уцякалі ў невядомы свет, як у прорву, асаднікі, і таксама ашалелы ад страху і не ведаючы, якую даць сабе раду, знайшоў адно выйсце — падняцца на пажарную драўляную вежу і кінуцца стрымгалоў уніз. Балазе для адвагі ён выпіў спірту, а п’янаму, кажуць, бог падсцілае падушку, і пану Свіраку пашэнціла — ён упаў у кветнік і астаўся жывы, зламаўшы нагу і тры рабры». (В. Адамчык, «І скажа той, хто народзіцца»)

П’янаму <і> мора па калена

П’янаму нічога не страшна.

«”Паддопытны”» сарамяжліва і вінавата апускае вочы, хвілінку думае. — П’янаму, гаспадзін следчы, і мора па калена, — журботна прызнаецца ён і дадае: — А за кампанію, як кажуць, цыган павесіўся». (Якуб Колас, «На ростанях»)

П’яніца праспіцца, а дурань ніколі

Кажуць у апраўданне п’янага чалавека.

«— Ах, ён п’яніца такі… — П’яніца праспіцца, а дурань ніколі… — спакойна заўважыў Мікуцкі». (П. Броўка, «Каландры»)

П’яны грош шалёны

Пра таго, хто ў стане ап’янення не шкадуе грошай.

«Ад сораму ў вачах цёмна. Учарашні выпадак не даваў спакою. “Нездарма кажуць, што п’яны грош шалёны, — колькі ж я прапіў?” Гэта было нейкай дзіўнай нечаканасцю для яго самога». (У. Гніламёдаў, «Уліс з Прускі»)

Гарэлка да дабра не давядзе

Кажуць з асуджэннем пра п’янства.

«Можна было б вярнуцца ў хату і пахмяліцца — гэтае атруты даволі, ды не хацелася дурны прыклад падаваць. П’янка дзелу не помач. Яно і праўда, дзе чарка, там і сварка. Гарэлка да дабра не давядзе». (М. Гроднеў, «Права адплаты»)

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як па-беларуску размаўляць пра алкаголь?

 

Алкаголь, нож, сварка. Як і навошта забіваюць беларусы

 

«Гарэлка», «гарэліца», «гарэлае віно»… Моцны алкаголь у нашай гісторыі


Дзе чарка, там і сварка

Гаворыцца з неадабрэннем пра ўзаемасувязь паміж выпіўкай і сваркай.

«Колькі пілі, не помню, а п’янаму, як кажуць, і чорт з дарогі саступае. А тут усе п’яныя, вось і не саступілі. Злосныя мы былі, акопныя салдаты. Нездарма ж яшчэ кажуць — дзе чарка, там і сварка… Але ж і мяне апрацавалі, што забыўся, як дзверы адчыняюцца». (А. Дзятлаў, «Век жыві век вучыся»)

Калі п’яны (як п’ян), дык капітан, а калі (як) праспіцца, дык свінні баіцца

Пра п’янага, які, праспаўшыся, становіцца ціхім, паслухмяным.

«— Учора Ганна прыбягала. Уся ў слязах. П’яны [Харытон] ганяў яе па двары. А сёння раніцай бегаў за жонкаю, прасіў яе, каб даравала. — Калі п’яны — капітан, а калі праспіцца — свінні баіцца, — азваўся з-за перагародкі дзед». (М. Капыловіч, «Былі б рукі»)

Куды еду, туды еду, ды ўсё карчмы не міну

Пра п’янага і п’янства.

«[Навум уваходзіць п’яны і сам да сябе кажа:] Добра кажа прыгаворка: куды еду, туды еду, ды ўсё карчмы не міну… Цяпер смела пайду да двара, штоб пана нашага прыняць». (В. Дунін-Марцінкевіч, «Сялянка»)

На грош упіўся, на тры прытварыўся

Пра паводзіны п’янаватага чалавека.

«Васіль узяў ды адразу прызнаўся: — Аднаму піжоністаму хлопцу падцёр нос, дык два тыдні пасядзеў [у зняволенні] і знялі з машыны. — П’яны быў? — Ну. — Вось якія мы!.. Вып’ем на грош, а глупства наробім на рубель». (А. Алешка, «Васілі»)

Хапіў з дзежкі, аж (што) не бачыць сцежкі

Кажуць насмешліва пра п’янага.

«[Грушэўскі:] Учора ў аднаго майго друга быў дзень нараджэння… Адзначылі як мае быць. Я заначаваў у яго на дачы… Дык і сёння яшчэ шал з галавы не выйшаў. [Ракітны:] Гэта называецца — хапіў з дзежкі, аж не бачыць сцежкі». (К. Крапіва, «На вастрыі»)

Хочаш убачыць чорта, напаі бабу

Кажуць з асуджэннем пра п’яную жонку, якая ў такім стане паводзіць сябе незвычайна.

«[Шмонька — Лаўры:] Пайшлі!.. Шухер!.. Додзікі! Ташнілаўка! (Выводзіць за дзверы.) [Аліна Іванаўна — услед:] Лаецца, аж вантробы выварочвае. [Шмонька:] Хочаш убачыць чорта — напаі бабу!» (У. Сауліч, «Адзін Гаўрыла ў Полацку»)

Хто не курыць і не п’е, той здаровенькі памрэ

Жартаўлівы адказ таму, хто асуджае каго-небудзь за курэнне ці п’янку.

«— Я не п’ю. — Во шчаслівы чалавек! — сказала цётка Дуся. — Што вы, Уладзіслаў Іванавіч! Малады вучоны! — А хто з вучоных не п’е? Навука закісне. — Хто не курыць і не п’е, той здаровенькі памрэ, — выгукнуў маўклівы Гвоздзік, што ажыў ад набліжэння выпіўкі». (І. Шамякін, «Сатанінскі тур»)

Што ў цвярозага ў галаве (на розуме), то (тое) у п’янага на языку

П’яны чалавек лёгка выказвае тое, што раней стрымліваўся сказаць.

«— Ты зусім ап’янеў, Франэк… — Не, Баніфацый… — Цвярозы ты мне гэтага не сказаў бы. — Заўважыш, пане: што ў цвярозага ў галаве, то ў п’янага на языку». (А. Чарнышэвіч, «На сажалках»)

Вярнуцца ўгару