
Дзесяць гадоў таму на Валожыншчыне знялі рэаліці-шоу. Праграма пад назвай «Панаехалі» выйшла на тэлеканале «Беларусь 2».
PALATNO расказвае, чаму гэта шоу стала адным з самых якасных праектаў беларускага тэлебачання.
Дзе здымалі
Здымкі шоу занялі ўсяго 16 дзён. Яны прайшлі на Валожыншчыне, непадалёк ад вёскі Гародзькі. Асноўныя здымкі прайшлі ў засценку Скрыплеў. Гаспадаром на хутары, дзе жылі героі, быў Васіль Грынь.
— Мне спадабалася, па-першае, назва шоу. На Валожыншчыне аб чужынцах так і кажуць: панаехаўшыя. Па-другое, прыйшоў час нагадаць нашым гарадскім жыхарам аб іх каранях. Большая частка насельніцтва краіны родам з вёскі, але шмат хто проста забыўся пра гэта, — расказваў пазней Грынь у інтэрв’ю «СБ».
Героі
Галоўных герояў адбіралі на кастынгу. Адным з патрабаванняў было тое, каб удзельнікі былі гарадскімі жыхарамі. Удзельнікаў, па словах гаспадара хутара Васіля Грыня, адабралі ну такіх ужо гарадскіх-гарадскіх, такіх адарваных ад вёскі, што яны абсалютна нічога не ўмелі рабіць.
Менавіта таму гэтых гарадскіх дзяўчат і хлопцаў змясцілі ў незвычайныя для іх умовы — у беларускую вёску.
Усяго было 10 удзельнікаў — пяць дзяўчат і пяць хлопцаў.

- Іван — відэаблогер, які ў свой час займаўся хакеем. Ваня запісваў відэа на вуліцах Мінска, у якіх ставіў у няёмкае становішча мінчукоў. Казаў, што хоча звязаць жыццё з тэлебачаннем.
- Лёля — прафесійная танцорка. Яна выступае з праграмамі, займаецца танцамі з дзецьмі і любіць фотасесіі.
- Максім — банкаўскі службоўца. У свабодны ад працы час займаецца ёгай і любіць усходнюю культуру.
- Алёна называе сябе тусоўшчыцай. Дзяўчына вучылася ў мінскім універсітэце, хадзіла па кафэ і рэстаранах.
- Алеся — спявачка. Дзяўчына нарадзілася ў сям’і заможных бацькоў, таму ніколі і ні ў чым сабе не адмаўляла. Яна піша і спявае свае песні, таксама прадае іх для расійскай эстрады.
- Сяргей — шоумэн. Сяргей вядзе розныя мерапрыемствы: ад карпаратываў да вяселляў. Ён абраў прафесію за паўгода да праекта. Раней працаваў менеджарам, але надакучыла такая праца.
- Каця — прадстаўніца эма-культуры. Па яе словах, раней была звычайным і шэрым чалавекам, але ўбачыла адзін рок-гурт і змяніла свой стыль. Дзяўчына вучылася ў сталічным універсітэце і вывучала карэйскую мову.
- Ганна — інтэлектуалка. Дзяўчына заўсёды добра вучылася, скончыла школу з залатым медалём. Любіць чытаць. Паводле яе слоў, трэба ў жыцці ўладкаваць сябе, а потым займацца асабістым жыццём.
- Аляксандр – мадэль. Хлопец займаецца мадэльным бізнесам. Працуе прафесійнай фотамадэллю, удзельнічае ў паказах і здымаецца ў кліпах.
- Дзіма — стрыптызёр. З 21 года працуе артыстам эратычнага шоу. Хлопец таксама працуе фітнес-інструктарам.

У чым асаблівасці праграмы?
«Панаехалі» нагадвае папулярнае ў 2000-х шоу «Апошні герой». Удзельнікі выконваюць заданні, ім трэба працаваць у камандзе і індывідуальна. Кожны тыдзень, калі выходзіла праграма, аднаго з удзельнікаў выганялі з шоу пры галасаванні.
Адна з асаблівасцяў праграмы «Панаехалі» заключаецца ў тым, што ўдзельнікі да апошняга не ведалі, дзе будуць праходзіць здымкі. Спачатку ім заявілі, што яны адправяцца ў экзатычнае месца. Героі думалі, што будуць на востраве ў тропіках. Але экзатычным месцам аказалася вёска. Ва ўдзельнікаў забіралі мабільныя тэлефоны і ўсе сродкі сувязі са знешнім светам.
Вядучы рэаліці-шоу Канстанцін Каверын дапамагаў удзельнікам асвоіцца ў вясковым жыцці. За кожнае выпрабаванне героі атрымлівалі спецыяльныя купоны, за якія маглі купіць некаторыя рэчы. Напрыклад, душ. Што купіць — вырашалі на сходзе.

На фоне выпрабаванняў і незвычайнай абстаноўкі паміж удзельнікамі развіваліся ўзаемаадносіны: і каханне, і дух спаборніцтва, фарміраваліся асобныя групы.
У фінал выйшлі тры ўдзельнікі, а пераможцу абіралі тэлегледачы. Пераможцай стала Алёна, у якой быў бачны значны прагрэс на працягу здымак. Менавіта ёй аддалі перамогу гледачы. А дзяўчына выйграла падарожжа на Карыбы, куды адправілася разам з мамай.
Ці ёсць працяг?
У 2017 годзе «Беларусь 2» пры падтрымцы Міністэрства надзвычайных сітуацый выпусцілі працяг тэлешоу «Панаехалі 2». У новым сезоне праекта дзесяць беларускіх дзяўчат і хлопцаў прымералі ролю выратавальнікаў. Месцам здымак стаў палігон МНС каля Барысава. Як і ў першай частцы, героям не расказвалі, куды яны едуць. У выніку яны жылі ў палатках, у паходных умовах, а кожны тыдзень адзін з удзельнікаў пакідаў праект.
***
Эпізоды шоу «Панаехалі» ёсць у свабодным доступе на YouTube.