Вы чытаеце:
Дзесяць фактаў пра пісьменніка Аркадзя Куляшова

Дзесяць фактаў пра пісьменніка Аркадзя Куляшова

Аркадзь Куляшоў, беларускія пісьменнікі

6 лютага 2024-га спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння пісьменніка Аркадзя Куляшова, у гонар якога названы ўніверсітэт у Магілёве і на верш якога спявалі «Песняры». Як так здарылася, што ў Куляшова былі італьянскія каранні? Які пісьменнік паўплываў найбольш на яго ў дзяцінстве? І як сустрэў першае каханне праз 50 гадоў, якому прысвяціў верш, які дакладна чытаў ці чуў кожны беларус — чытайце ў нашым артыкуле.

PALATNO расказвае пра цікавосткі з біяграфіі пісьменніка Аркадзя Куляшова.

Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы на Магілёўшчыне. Цяпер такой вёскі няма: яе ліквідавалі дзесяць гадоў таму, а да гэтага — у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС — адтуль вывезлі мясцовых жыхароў. У Саматэвічах дагэтуль знаходзіцца мемарыяльны камень у гонар Куляшова.

Куляшоў удзельнічаў у Другой сусветнай вайне, а пасля яе стаў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». Быў не толькі пісьменнікам, але і перакладчыкам. Памёр 4 лютага 1978 года ў Нясвіжы.

Італьянскія карані паэта

У Аркадзя Куляшова былі італьянскія карані. Высветлілася, што адзін з яго прадзедаў, якога звалі Фелікс Мільта, быў сынам італьянца. Гэты італьянец спачатку трапіў у Польшчу, а потым у вёску Стараселле на Магілёўшчыне.

Уплыў Лермантава і першыя вершы

З дзяцінства Куляшоў любіў чытаць — ягоныя бацькі былі настаўнікі і паспрыялі стварэнню ў сям’і творчай атмасферы. На яго творчасць у далейшых уплываў рускі пісьменнік Міхаіл Лермантаў, у асаблівасці паэма «Мцыры».

Першы верш Куляшова апублікавалі ў клімавіцкай раёнцы. Першы зборнік паэта выйшаў, калі яму было 16 гадоў. Гэты зборнік рэдагаваў Міхась Чарот. Рэдактура настолькі не спадабалася Куляшову, што ў наступнай кнізе ён нават зрабіў рэмарку «Першая кніга паэзіі».

Першая кніжка на беларускай, пераклады і кіно

Першую кнігу, якую Куляшоў прачытаў, стала «Жалейка» Янкі Купалы. Дарэчы, у яго сям’і размаўлялі па-беларуску.

Куляшоў любіў перакладаць творы замежных аўтараў — прычым, зусім розных: Пушкіна, Парніса, Лермантава, Лангфела, Ясеніна, Шаўчэнкі і многіх іншых.

А яшчэ пісьменнік пісаў сцэнарыі. Напрыклад, з драматургам Алесем Кучарам яны разам напісалі сцэнарый да фільма «Чырвонае лісце». Разам з драматургам Максімам Лужаніным напісалі сцэнарый «Першых выпрабаванняў» па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

Падчас вайны пешшу сышоў з Мінска ў Оршу

Аркадзь Куляшоў удзельнічаў у Другой сусветнай вайне. Падчас пачатку нямецкага нападу на СССР знаходзіўся ў Хоцімску разам з бацькамі, потым ён прыехаў у Мінск, але змог адтуль уцячы да прыходу нацыстаў — прычым, пешшу — у Оршу.

У Цверы (раней — Калінін) Куляшоў запісаўся на вайсковы ўлік. Адтуль яго накіравалі ў вучылішча пад Ноўгарадам, а потым — у армейскую газету, дзе ён значыўся капітанам. Апошнія два гады вайны служыў у Беларускім штабе партызанскага руху.

Меў зброю і страляў у паветра на 9 мая

Дачка Аркадзя Куляшова Валянціна ўспамінала, што кожны Дзень Перамогі яе бацька святкаваў разам з суседзямі, таксама пісьменнікамі. Па яе ўспамінах, яны выходзілі ў двор разам са зброяй — яна ў іх была, таму што большасць прайшла вайну. І ў двары Куляшоў разам са сваімі суседзямі стралялі ў паветра.

Лепшы твор ваеннай лірыкі — «Сцяг брыгады»

Беларускія даследчыкі і літаратуразнаўцы лічаць, што лепшым творам ваеннай лірыкі Аркадзя Куляшова стала паэма «Сцяг брыгады». Гэта адзін з самых вядомых твораў Куляшова, які друкаваўся і на беларускай, і на рускай мовах.

Паэму Куляшоў напісаў крыху больш за месяц. Даследчыкі лічаць, што калі ў ранніх творах пісьменнік мог эксперыментаваць, то ўжо ў «Сцягу брыгады» дайшоў да класічнага напісання ва ўсіх адносінах.

Сам Куляшоў расказваў пра паэму і яе стварэнне так: «“Сцяг брыгады” не быў напісаны. Памыляецца той, хто лічыць, што паэмы піша паэт. Іх піша жыццё. Мастак — толькі чулая скрыпка, якая адгукаецца на падзеі, а смычком па струнах водзіць усе ж такі бачанае, перажытае, выпакутаванае».

«Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая»

Калі вы не ведалі, то абавязкова павінны былі чуць «Алесю». Гэты верш Аркадзь Куляшоў напісаў у 14 гадоў і прысвяціў яе дзяўчыне, у якую быў закаханы. З гэтай дзяўчынай Куляшоў сустрэўся праз 50 гадоў — калі абодва былі ў сталым узросце. Дачка Валянціна расказвала, што яны ліставаліся, але так і не сустрэліся, бо Аркадзь убачыў не тую маладую дзяўчыну, а жанчыну свайго ж узросту.

Кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку да верша, а песня ўвайшла ў рэпертуар «Песняры».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Уральскі хлопец закахаўся ў беларускую песню». Расказваем гісторыю легендарнага Уладзіміра Мулявіна

Вялікая сям’я

У Аркадзя Куляшова была жонка Аксана Куляшова (у дзявоцтве — Шчарбовіч-Вячор), яна памерла ў 2005 годзе. У шлюбе ў Куляшова нарадзіліся два сыны Уладзімір і Аляксандр, а таксама дачка Валянціна. Валянціна стала літаратуразнаўцай і перакладчыцай.

У Куляшова пяць унукаў: Мікалай, Зміцер, Уладзімір, Вольга і Аркадзь.

Палітычныя погляды

Аркадзь Куляшоў быў камуністам. Аднак вядома і пра іншы бок жыцця пісьменніка. Ён пазбег рэпрэсій у 1930-я гады, а падчас акупацыі яго бацьку зрабілі старастам, чаго ён вельмі моцна не хацеў. З-за гэтага некаторы час Куляшоў не друкаваўся.

У 1961 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Куляшова абіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Універсітэт яго імя і забытая прэмія

Пасля смерці пісьменніка яго імя прысвоілі Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту. Ён дагэтуль носіць імя Аркадзя Куляшова.

Праз год пасля смерці, у 1978 годзе, Саюз пісьменнікаў Беларусі заснаваў прэмію Куляшова за творы паэзіі і драматургіі. Вядома, што апошнім лаўрэатам прэміі стаў Алесь Пісьмянкоў у 1998 годзе — пра пазнейшых лаўрэатаў і правядзенне прэміі невядома.

Вярнуцца ўгару