Now Reading
Жаночае абразанне: як і адкуль яно з’явілася, і чаму з ім дагэтуль змагаюцца?

Жаночае абразанне: як і адкуль яно з’явілася, і чаму з ім дагэтуль змагаюцца?

гісторыя жаночага абразанне, што такое жаночае абразанне, што абразаюць пры жаночым абразанні

Кожны год, 6 лютага, адзначаецца Міжнародны дзень нецярпімага стаўлення да аперацый на жаночых палавых органах, якія калечаць. Жаночае абразанне стала распаўсюджаным шмат стагоддзяў таму — а цяпер гэта практыка з’яўляецца незаконнай у шматлікіх краінах свету. Такія аперацыі рабілі ў Афрыцы, Азіі, Еўропе і ЗША, бо лічылася, што так жанчына будзе больш паслухмянай: такімі практыкамі спрабавалі захаваць цнатлівасць, адвучыць ад мастурбацыі і вылечыць ад істэрыі.

PALATNO расказвае доўгую гісторыю жаночага абразання: ад таго як яно з’явілася, чаму цяпер знаходзіцца пад забаронай у многіх краінах свету і якія намаганні прымаюць, каб забараніць такую практыку.

Ад старадаўніх цывілізацый у Афрыцы да гінекалагічных практык у Еўропе і ЗША

Дагэтуль дакладна невядома, адкуль з’явілася практыка жаночага абразання. Гісторыкі ўпэўненыя ў тым, што ўпершыню жаночае абразанне пачалі практыкаваць у Афрыцы яшчэ да часоў ісламу. Магчыма, першымі, хто пачаў рабіць абразанне дзяўчынкам, былі прадстаўнікі цывілізацыі Мероэ. Мероэ быў старажытным горадам і цэнтрам цывілізацыі на тэрыторыі сучаснага Судана.

Жаночае абразанне згадваецца ў надпісах у саркафагах егіпецкіх фараонаў. Археолагі, якія даследавалі муміі, не пацвярджаюць, што егіпецкіх жанчын падвяргалі гэтай практыцы. Аднак адзін з даследчыкаў Графтан Сміт, што займаўся эксгумацыяй сотняў мумій напачатку XX стагоддзя, наадварот сцвярджаў, што знаходзіў пацвярджэнні жаночаму абразанню. У выніку, адзін з тыпаў абразання, трэці, называюць фараонавым. Пра існаванне практыкі пісалі грэцкія гісторыкі.

З часам практыка жаночага абразання стала звязаная з гандлем рабамі. Гісторыкі высветлілі, што большасць рабоў, якіх везлі праз Чырвонае мора, праходзіла пра жаночае абразанне. У тыя часы абразанне было сведчаннем таго, што дзяўчыны былі цнатлівымі — далей іх прадавалі як секс-рабынь. Для пакупнікоў гэта было пацвярджэннем, што «тавар» не сапсаваны.

Лічыцца, што практыка жаночага абразання існавала і ў эпоху інкаў.

У XIX стагоддзі практыка жаночага абразання стала распаўсюджвацца ў Еўропе і ЗША. Гінеколагі рабілі абразанне жанчынам, каб лячыць іх і каб яны не мастурбіравалі. Напачатку стагоддзя англійскі доктар Роберт Томас прапанаваў выдаляць клітар, каб лячыць жанчын ад німфаманіі. У тым жа стагоддзі нямецкі доктар Карл Фердынанд фон Граф выдаліў 15-гадовай дзяўчынцы клітар, бо тая мастурбіравала. Выдаленне клітара як аперацыя праводзілася амерыканскімі хірургамі да 1960-х гадоў.

Абразанне клітару было не адзінай хірургічнай аперацыяй. Дактары выдалялі і іншыя часткі жаночых палавых органаў — гэта тлумачылася спробамі вылічыць жанчын ад той ці іншай хваробы. Для традыцыйных абрадаў абразанне тлумачылася тым, што дзяўчына пасля гэтага будзе цнатлівай і будзе займацца сексам толькі для нараджэння дзяцей.

Што гэта за працэс і што абразаюць дзяўчынкам

Практыка жаночага абразання варыятыўная. Абразанне выконвалі спецыялісты па абразанню лязом з анестэзіяй ці без яе. Звычайна ў традыцыйных грамадствах такім спецыялістам выступала жанчына, але гэтую працэдуру мог выконваць і мужчына. Вядома, што ў Егіпце і Інданезіі напачатку XXI стагоддзя абразанне рабілі прафесіянальныя дактары.

У якасці інструмента выкарыстоўвалі не стэрыльныя нож, лязо, нажніцы, шкло, абточаныя каменні і нават пазногці.

Існуе чатыры тыпы жаночага абразання.

што выдаляюць пры жаночым абразанні, жаночае абразанне
Жаночае абразанне трох тыпаў.

Першы тып. Гэты тып апісваецца як «частковае ці поўнае выдаленне галоўкі клітара альбо клітаральнай крайняй плоці». Вельмі рэдка выдаляецца толькі клітаральная крайняя плоць, разам з ёй выдаляюць і сам клітар.

Другі тып. Пры гэтым тыпе абразання выдаляюць часткова ці цалкам малыя палавыя губы разам з клітарам і вялікімі палавымі губамі. Другі тып падраздзяляецца на тры падтыпы:

  • Абразанне толькі малых палавых губ;
  • Абразанне клітара і вялікіх палавых губ;
  • Абразанне клітара, малых палавых і вялікіх палавых губ.

Трэці тып. Гэты тып называюць інфібуляцыяй — аперацыя на геніталіях, што стварае перашкоды для палавога акту. Пры гэтым тыпе абразання выдаляюць цалкам геніталіі. Гэты тып распаўсюджаны ў паўночнай Афрыцы. Пасля выдалення геніталіяў застаецца маленькую адтуліну на 2-3 міліметры для выхаду ўрыны і менструальнай крыві. У некаторых рэгіёнах перад палавым актам адтуліну надразаюць нажом, тое самае робяць перад родамі — затым зноў зашываюць.

Чацвёрты тып. Гэты тып уключае ў сябе ўсе шкодныя працэдуры з жаночымі геніталіямі ў немедычных мэтах. Гэта можа быць так званае сімвалічнае абразанне — надрэз клітара, альбо нанясенне рубцоў на геніталіі ці ўвядзенне рэчываў у похву. Напрыклад, некаторым дзяўчатам з васьмігадовага ўзросту ва Угандзе ўводзілі ў похву палачкі.

Як абразанне ўплывае на жыццё жанчын — псіхалагічна і фізічна

Сусветная арганізацыя аховы здароўя падкрэслівае, што жаночае абразанне не мае пацвярджэння медычнай карысці. Навукоўцы лічаць, што такія працэдуры прычыняюць дзяўчынкам і жанчынам розную шкоду, парушаюць натуральныя функцыі арганізму. Рызыкі вышэй, чым вышэй ступень цяжару нанесеных калецтваў. Дарэчы, Сусветная арганізацыя аховы здароўя і ААН лічаць, што жаночае абразанне з’яўляецца калецтвам.

Сярод кароткатэрміновых ускладненняў называюцца болі, крывацёкі, ацёкі тканін у раёне геніталіяў, інфекцыі, парушэнні мочааддзяляльнай сістэмы. Абразанне можа прывесці да смерці.

У доўгатэрміновай перспектыве — парушэнні менструальнага цыклу, болі пры палавым акце, складаныя роды, бактэрыяльны вагіноз і іншыя інфекцыі. З-за абразання ў дзяўчынак могуць пачацца псіхалагічныя праблемы: дэпрэсія, трывожнасць, посттраўматычны сіндром і іншыя.

Дзе абразанне распаўсюджанае дагэтуль?

Апошнія дадзеныя пра жаночае абразанне збіралі арганізацыі End FGM European Network, End FGM/C U.S. Network і Equality Now. Даследаванні правялі ў 92 краінах свету — з гэтых краін толькі 32 мелі дадзеныя пра распаўсюджанасць на іх тэрыторыях жаночага абразання. Большасць з гэтых краінах знаходзіцца ў Афрыцы, аднак часткова меліся дадзеныя і з Азіі. У Еўропе, ЗША і Аўстраліі жаночае абразанне працягваюць практыкаваць прадстаўнікі дыяспар.

Даступных дадзеных па жаночаму абразанню ў Беларусі не існуе. Аднак сярод суседніх краін з Беларуссю праводзілі даследаванні па колькасці дзяўчат, якія прайшлі праз такую працэдуру.

Вядома, што па даследаваннях за 2016 год, у Латвіі абразанне рабілі пяцярым дзяўчатам, у Польшчы — 207. Трэба адзначыць, што паказаная не колькасць зробленых працэдур за год, а колькасць вядомых праведзеных працэдур да 2016 года ў гэтых краінах.

Практыка жаночага абразання распаўсюджаная і ў Расіі: яго практыкуюць авары ў Дагестане, а кожны год праз працэдуру праходзяць каля паўтары тысяч дзяўчынак.

У ЗША, Канадзе, Аўстраліі, шэрагу еўрапейскіх і афрыканскіх краін уведзеная крымінальная адказнасць за правядзенне аперацый па жаночым абразанні. У Беларусі няма пакарання за правядзенне жаночага абразання. У 2022 годзе ў Расіі ўпершыню судзілі доктара за жаночае абразанне непаўналетняй: медыку прысудзілі штраф у памеры 300 долараў.

Па дадзеных ААН, кожны год можа праводзіцца па некалькі мільёнаў аперацый па жаночаму абразанню без медычных паказанняў. Кожны год, 6 лютага, па прапанове Арганізацыі Аб’яднаных Нацый праводзіцца Міжнародны дзень нецярпімага стаўлення да аперацый на жаночых палавых органах, якія калечаць.

Вярнуцца ўгару