Now Reading
«Былі бы разумнейшыя, то не прымалі аб’ект з такім недаробкамі». Расказваем пра інцыдэнты на БелАЭС, і што рабіць у выпадку аварыі

«Былі бы разумнейшыя, то не прымалі аб’ект з такім недаробкамі». Расказваем пра інцыдэнты на БелАЭС, і што рабіць у выпадку аварыі

аварыі на беларускай аэс, атамная станцыя ў астраўцы

Будаўніцтва першай у Беларусі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы выклікала шмат пытанняў і асцярог у самой краіне і ў яе суседзяў. Алею ў агонь дадае абсалютная сакрэтнасць, з якой БелАЭС будавалі і зараз эксплуатуюць.

PALATNO прыгадала, якія інцыдэнты здараліся на атамнай станцыі, а таксама паразмаўляла з інжынерам-фізікам Андрэем Ажароўскім пра тое, ці сапраўды БелАЭС так неабходна эканоміцы, чым небяспечныя радыеактыўныя адходы і як сябе паводзіць у выпадку аварыі на станцыі.

Інцыдэнты з корпусамі рэакцыі і аварыі за аварыямі

Беларуская атамная электрастанцыя знаходзіцца каля паўночна-заходняй мяжы Беларусі. У 18 кіламетрах ад яе знаходзіцца Астравец, а яшчэ ў 40 кіламетрах сталіца Літвы, Вільня. Генпадрадчыкам будаўніцтва стала расійская кампанія «Расатам». Па словах экспертаў, атамныя электрастанцыі, пабудаваныя па праектах «Расатама», нясуць небяспеку з-за нізкай якасці абсталявання і невыканання большасці рэкамендацый і патрабаванняў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Заходнія эксперты гавораць аб тым, што праект станцыі не адпавядае міжнародным стандартам бяспекі, ёсць звесткі пра шматлікія парушэнні бяспекі на аб’екце.

Першы гучны інцыдэнт адбыўся ў 2016 годзе. Аператар крана скінуў з вышыні чатырох метраў 330-тонны корпус рэактара для першага блока — адчувальную канструкцыю, у якой знаходзіцца актыўная зона рэактара. Тады пра выпадак паведамілі незалежныя СМІ са спасылкай на відавочцаў. Чыноўнікі і «Расатам» адмаўлялі факт аварыі, спрабавалі затойваць здарэнне і настойвалі на тым, што корпус рэактара не пашкоджаны.

аварыі на беларускай аэс, атамная станцыя ў астраўцы

Асцярогі грамадства толькі ўзмацніліся, калі пашкоджаны корпус вырашалі змяніць на ідэнтычны, пабудаваны за 400 мільёнаў долараў для другога блока. Пры гэтым улады спаслаліся на неабходнасць проста супакоіць людзей, а не на існаванне рэальнага пашкоджання.

Пры транспарціроўцы другі корпус сутыкнуўся з чыгуначнай апорай. Чыноўнікі заявілі, што здарэнне не прычыніла ніякай шкоды, і прыступілі да ўстаноўкі. Незалежныя спецыялісты сцвярджалі, што пасля ўдару маглі застацца мікрапашкоджанні: іх магчыма выявіць толькі падчас працы рэактара.

Афіцыйны запуск першага блока БелАЭС адбыўся 7 лістапада 2020 года. Усяго праз тры дні станцыя спыніла вытворчасць. На аб’екце ўзарваліся некалькі трансфарматараў напружання, але праз некалькі дзён там аднавіла працу.

У студзені 2021 года першы энергаблок АЭС адключылі ад сеткі: спрацавалі сістэмы абароны генератара — такой фармуліроўкай тлумачылі спыненне. Інцыдэнт адбыўся «падчас доследна-прамысловай эксплуатацыі энергаблока №1, у рамках якой праходзяць выпрабаванні сістэм і абсталявання». Узровень радыяцыі ў раёне ўлады тады назвалі «нармальным».

Роўна праз год на АЭС выявілі чарговую непаладку. У першы контур другога энергаблока прасачылася іонаабменная смала. Гэта магло прывесці да закліноўвання і паломкі крытычна важных элементаў станцыі. «Расатам» часова адключыў гэты блок і адклаў запуск, бо чакалася, што вырашэнне праблемы зойме шмат месяцаў. У выніку рэактар уключылі толькі ў сакавіку 2023 года.

«Глыбокая заклапочанасць». Рэакцыя іншых краін на будаўніцтва БелАЭС

Суседзі Беларусі па Еўрапейскім саюзе выказалі «глыбокую заклапочанасць» будаўніцтвам атамнай электрастанцыі. Іх асцярогі падсілкоўваліся ўспамінамі аб Чарнобыльскай катастрофе ў 1986 годзе.

Літва і Польшча заяўлялі пра забарону імпарту электраэнергіі з электрастанцыі. А Літва ўвогуле аб’явіла станцыю пагрозай сваёй нацыянальнай бяспекі. Германія заклікала Беларусь звярнуцца па дапамогу ў будаўніцтве да МАГАТЭ, а сама станцыя неаднаразова была прадметам дыскусій у Еўрапарламенце.

Многія краіны ЕС патрабуюць накіраваць у Беларусь групу спецыялістаў для назірання за эксплуатацыяй БелАЭС. Аднак Мінск па-ранейшаму адмаўляецца прадстаўляць МАГАТЭ доступ да аб’екта і адмяняе візіты еўрапейскіх чыноўнікаў у Астравец.

Літва рэгулярна праводзіць вучэнні на выпадак аварыі на Беларускай АЭС, а таксама бясплатна раздае жыхарам, якія жывуць паблізу мяжы з Беларуссю, таблеткі ёду.

«Самае галоўнае — не рабіць рэзкіх рухаў». Што гавораць эксперты

Інжынер-фізік і эксперт праграмы «Бяспека радыеактыўных адходаў» Андрэй Ажароўскі адказаў на некалькі пытанняў пра БелАЭС. PALATNO пацікавілася і тым, што рабіць беларусам у выпадку радыяцыйнай аварыі.

— Ці сапраўды атамныя станцыі так неабходны эканоміцы?

— Адказ, безумоўна, адмоўны. Атамная энергетыка за ўвесь час свайго існавання, а гэта прыкладна 60 гадоў, не змагла дабіцца эканамічнай рэнтабельнасці. Атамная электрычнасць самая дарагая з усіх магчымых відаў электраэнергіі. Калі б атамныя станцыі давалі электраэнергію танней, чым іншыя крыніцы энергіі, то ўсе наплявалі на экалогію, на рызыкі радыеактыўных адходаў, на рызыку новых Чарнобыля і Фукусімы, і ўвесь свет забудавалі б атамнымі станцыямі. Але мы не бачым росту долі атамнай энергетыкі. Наадварот, у свеце з 2006 года адбываецца спад вытворчасці, і ён працягваецца. Калі казаць пра сур’ёзныя прагнозы, то доля атамнай энергетыкі будзе зніжацца — цяпер яна не перавышае 10%. Далей будзе ўсё менш. А ў тых краінах, якія здуру вырашылі будаваць атамную станцыю, напрыклад, у Беларусі, у выніку прапаганды ствараецца такое ўражанне і інфармацыйная бурбалка, што быццам усе вакол будуюць. Гэта не так.

аварыі на беларускай аэс, атамная станцыя ў астраўцы
Фота: Kilian Karger / unsplash.com

— «Расатам» неяк адказвае за паломкі абсталявання ці ўсе выдаткі ляжаць на беларускім баку?

— Юрыдычна БелАЭС належыць Рэспубліцы Беларусь. «Расатам» быў адказны за пабудову атамнай станцыі і ўвод яе ў эксплуатацыю. Як толькі быў падпісаны акт уводу ў прамысловую эксплуатацыю спачатку першага, а потым і другога энергаблока, Мінэнерга адказвае за паломкі і нясе ўсе расходы. Былі бы разумнейшыя, то не прымалі аб’ект з такім недаробкамі. Выдаткі па ўтрыманні чамусьці пабудаванай на тэрыторыі Беларусі атамнай станцыі нясе беларускі бок. І больш за тое, хутка пачнуцца выплаты па крэдытах.

Вядома, што з рэжыму Лукашэнкі вельмі складана выбіць нейкія грошы, а Расіі яны зараз вельмі патрэбныя. Калі пачнуцца выплаты, будзе цікава паглядзець, як беларускі рэжым будзе тлумачыць насельніцтву неабходнасць падаражання электраэнергіі і дадатковыя паборы, каб выплаціць Расіі крэдыт, які тая будзе выкарыстоўваць яўна не на карысць жыхарам сваёй краіны.

Як распараджаюцца радыеактыўнымі адходамі на БелАЭС і чым яны небяспечныя?

— У праекце атамнай станцыі існуюць сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. Іх вельмі шмат відаў і тыпаў, але ёсць тры асноўныя. Газападобныя радыеактыўныя адходы чысцяцца і часткова выдаляюцца ў атмасферу. Менавіта для гэтага пабудаваны высокія трубы над рэактарамі. На саміх рэактарах нічога не гарыць, але над імі ўзвышаюцца тонкія трубы — праз іх і выкідваюцца ў атмасферу радыеактыўныя рэчывы, і гэта дазволеныя выкіды. Там вялізны спіс адходаў. У першую чаргу гэта інертныя радыеактыўныя газы, цэзій, цэзій-134, цэзій-137, кобальт-60, ёд-131 — усе сумна вядомыя па Чарнобылі радыёактыўныя рэчывы. Такое забруджванне адказнае за той факт, што вакол працуючага першага энергаблока за два гады яго эксплуатацыі ўжо павысіўся ўзровень апраменьвання жыхароў Астраўца.

Вадкія радыеактыўныя адходы, якія ўтвараюцца на Беларускай атамнай электрастанцыі, павінны ператварыцца ў цвёрдыя, праходзіць на фільтрах працэдуру ацвярджэння. Ёсць мноства розных сістэм, якія дазваляюць пазбавіцца ад вадкіх радыеактыўных адходаў, і гэта вельмі добра, таму што на некаторых атамных станцыях Расіі адходы проста выліваюцца ў раку ці запампоўваюцца пад зямлю. На БелАЭС не прадугледжваецца выкід вадкіх радыеактыўных адходаў у навакольнае асяроддзе.

Цвёрдыя радыеактыўныя адходы павінны пасартаваць і спакаваць ў сертыфікаваныя кантэйнеры для захоўвання. Такі від адходаў нельга проста выкінуць на звалку. Гэта рэчывы, якія могуць заставацца небяспечнымі сотні гадоў, а некаторыя — дзясяткі тысяч гадоў. Лёс гэтых адходаў просты: іх будуць захоўваць і, можа быць, пахаваюць на тэрыторыі Беларусі.

аварыі на беларускай аэс, атамная станцыя ў астраўцы
Фота: Dan Meyers / unsplash.com

У першую чаргу, радыеактыўныя адходы небяспечныя не калі захоўваюцца ў кантэйнерах, добра ахоўных дарагіх збудаваннях, а калі трапляюць у навакольнае асяроддзе. У гэтым выпадку адбываецца радыеактыўнае забруджванне мясцовасці, нанясенне шкоды здароўю насельніцтва. Людзі могуць падвергнуцца не толькі знешняму апраменьванню, але і ўнутранаму: радыеактыўныя рэчывы трапляюць у паветра і асядаюць у лёгкіх, трапляюць у ваду, якую п’юць і выкарыстоўваюць для прыгатавання ежы. А ўнутранае апрамяненне нашмат больш небяспечнае, чым знешняе.

У найбліжэйшае дзесяцігоддзе адходы не павінны пакідаць месца іх вытворчасці — і там застануцца. У такіх краінах, як Швецыя і Фінляндыя, звычайна магільнік, гэта значыць сталае месца размяшчэння адыходаў, будуецца дзесьці непадалёк ці прама на прамысловай пляцоўцы атамнай станцыі. Так што ў Астраўцы магільнік хутчэй за ўсё з’явіцца, але не ў бліжэйшы дзесяцігоддзе, а, магчыма, праз 20 ці 30 гадоў.

— Што рабіць у выпадку радыяцыйнай аварыі на БелАЭС?

— Сцэнарыяў такіх аварый існуе некалькі дзясяткаў. Рэактары з вадой пад ціскам, якія ўстаноўлены на БелАЭС, у прынцыпе не могуць быць бяспечнымі з-за фізікі самой з’явы.

Па-першае, трэба атрымаць апавяшчэнне: чалавек павінен атрымаць інфармацыю аб тым, што адбылася радыяцыйная аварыя. Ні ў Чарнобылі, ні на Фукусіме інфармацыя насельніцтву не паступіла своечасова. Магчыма, што так будзе і ў выпадку катастрофы на Беларускай атамнай станцыі. Вядома, можна паверыць, што на гэты раз людзям паведамяць аб тым, што адбылася аварыя і ўцечка радыяцыі. Таму трэба мець прыбор для вымярэння гама-фону, гэта можа быць нават самая танная прылада. Трэба прызвычаіць сябе з ёй хадзіць, сачыць за яго паказчыкамі, а лепш за ўсё – вывесіць дазіметр за акно і глядзець, ці не пачаўся рост радыяцыі.

Пасля абвесткі аб аварыі трэба сябе засцерагчы ад таго, каб радыеактыўныя рэчывы не ўдыхнуць з паветрам, не выпіць з вадой, не з’есці з ежай і не прынесці на валасах, адзенні і абутку ў сваё жыллё. Ні ў якім разе нельга знаходзіцца на свежым паветры, якое можа змяшчаць небяспечныя радыенукліды. Калі радыяцыйнае воблака пройдзе, гэтых радыенуклідаў ужо не будзе, і толькі тады можна выходзіць.

Неабходна схавацца ў памяшканні, зачыніць фортачкі і прытокавую вентыляцыю, заляпіць усе шчыліны ў вокнах і дзвярах. Для гэтага можна выкарыстоўваць звычайную малярную стужку. Усё гэта прадухіліць паступленне радыеактыўных рэчываў з паветра. Магчыма, у зачыненым памяшканні прыйдзецца сядзець даволі доўга, бо праходжанне воблака можа заняць некалькі гадзін.

аварыі на беларускай аэс, атамная станцыя ў астраўцы
Фота: Ana Itonishvili / unsplash.com

Радыеактыўныя рэчывы выпадаюць на глебу. Добра, калі гэта адбудзецца ўзімку ці падчас дажджоў — тады радыяцыйны пыл не так будзе разлятацца. А ў сухое надвор’е ніжнія пласты атмасферы будуць насычаны радыеактыўнымі рэчывамі вельмі доўга. Калі давядзецца нейкі час жыць на гэтай забруджанай мясцовасці і чакаць эвакуацыю, то варта падзяліць кватэру ці дом на чыстую і брудную зону, дзе неабходна пакідаць адзенне і абутак з аселым на іх пылам. Валасы трэба прыбраць у галаўны ўбор. Без вострай неабходнасці лепш не выходзіць. Адразу ж трэба зрабіць запас вады і ежы, пакуль яны не сталі забруджанымі, спакаваць усё ў пластыкавую тару і мяшочкі. Калі аб’явяць эвакуацыю і давядзецца прайсці некалькі сотняў метраў у радыеактыўным пыле, вельмі важна нічога ў гэты час не падносіць да рота. Што да алкаголю, то ён не дапамагае і не з’яўляецца радыепратэктарам. Гэта міф, каб насельніцтва выпіла, забылася на нейкі час і не стварала праблем.

Самае галоўнае пры аварыі — не рабіць рэзкіх рухаў: не выбягаць на вуліцу і не займацца самавыратаваннем. Нават калі паспрабаваць выехаць на сваім аўтамабілі, верагодней за ўсё, можна патрапіць у корак, бо ў першыя хвіліны ўсё зробяць тое ж самае. У многіх выпадках лепш перачакаць і дачакацца планавай эвакуацыі. Лепш быць эвакуіраваным спецыяльнымі органамі, чым гадзінамі стаяць у пробцы на сваёй машыне, пакуль яе будзе пасыпаць радыеактыўнымі ападкамі.

Ёсць яшчэ такая карысная рэч, як ёдапрафілактыка. Важна ёдазмяшчальныя таблеткі прыняць да таго, як радыеактыўны ёд апынецца ў паветры. Але і так яны не выратуюць ад усіх радыеактыўных рэчываў, і нават ад ёду не дадуць стоадсоткавай абароны, а проста знізяць цяжар паражэння. Таму няма такой магічнай таблеткі, якая магла б зрабіць чалавека непаражальным для радыяцыі.

Беларусь у гэтым плане паступіла дастаткова безадказна. Прынялі палажэнне аб ёдапрафілактыцы, але самі прэпараты захоўваюцца ў адміністрацыях: іх можна атрымаць толькі па заяўцы. Атрымліваецца, што людзі павінны для гэтага выходзіць на вуліцу падчас радыяцыйнай аварыі. Таму лепш загадзя прэпараты стабільнага ёду купіць у аптэцы, а пра тое, як правільна іх прымяняць, можна прачытаць на сайце Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Жыхары Беларусі могуць задаць уладам у раённых адміністрацыях пісьмовыя пытанні аб планах па абароне насельніцтва і эвакуацыі ў выпадку аварыі на БелАЭС. Цікава, што для Беларусі таксама лічацца небяспечнымі не толькі атамная станцыя ў Астраўцы, але і Смаленская і Ровенская АЭС, і ўсё гэта прапісана ў нарматыўных дакументах.

Вярнуцца ўгару