Now Reading
«Варта спыніцца і прызнаць, што патрэбна дапамога». Пяць прыкмет, што ў вас ёсць дзіцячая траўма

«Варта спыніцца і прызнаць, што патрэбна дапамога». Пяць прыкмет, што ў вас ёсць дзіцячая траўма

дзіцячыя траўмы ў дарослым жыцці, як прапрацаваць дзіцячыя траўмы

Дзіцячыя траўмы могуць па-рознаму ўплываць на жыццё дарослага чалавека. Некаторыя людзі з такімі траўмамі даволі добра радзяць з імі і ніколі не звяртаюцца па дапамогу псіхолага. Яны самі прыстасоўваюцца да жыцця і вырашаюць свае праблемы. А іншым людзям гэтыя траўмы моцна дакучаюць, яны вымушаны звяртацца да спецыялістаў і часам нават ужываць прэпараты, каб палепшыць свой эмацыйны стан.

PALATNO паразмаўляла з гештальт-тэрапеўтам, дзіцячым і сямейным псіхолагам Сафіяй (імя змененае ў мэтах бяспекі — заўв. PALATNO). Мы даведаліся, па якіх прыкметах можна вызначыць, што ў дарослага чалавека ёсць дзіцячыя траўмы і што рабіць, каб пазбавіцца іх наступстваў.

Прыкметы дзіцячых траўм

Псіхолаг Сафія лічыць, што маркерам дзіцячай траўмы часцей за ўсё з’яўляецца страх.

— Калі ў нейкае месца сваёй псіхікі, свайго жыцця, ментальнай карты складана і не хочацца ісці, падаецца, што там вельмі страшна, — гэта з’яўляецца прыкметай траўмы. Трэба заўсёды памятаць, што траўма так арганізавана, што гэта нейкі матэрыял, які заблакаваны глыбока ў нашай псіхіцы да лепшых часоў. Калісьці гэта было страшна і небяспечна, таму псіхіка адправіла гэта кудысьці далёка, на нейкую далёкую арбіту. Але гэта ўсё да часу, бо псіхіка імкнецца да ацалення, да цэласнасці.

Экспертка адзначае, што ў жыцці чалавека пастаянна будуць сітуацыі і трыгеры, якія рэзануюць з траўмамі і выцягваюць іх на паверхню. Гатоўнасць і рашучасць знаёміцца са сваімі траўмамі з’яўляецца вельмі важнай.

— Гэта больш важна, чым звярнуцца да спецыялістаў. Калі ў чалавека ёсць жаданне ісці і задаваць пытанні, то ўжо не столькі важна, сам ён робіць гэта ці са спецыялістам.

Няўпэўненасць. Крытыка дзіця старэйшага дашкольнага ўзросту і школьнага ўзросту моцна ўплывае на яго самаацэнку ў будучыні. Дарослы чалавек можа адчуваць няўпэўненасць, складанасці ў прыняцці рашэнняў, а таксама страх крытыкі. Калі меркаванне дзіця паважалі, то ў будучыні чалавек будзе адчуваць сябе больш устойліва.

Прыхільнасць. На паводзіны дарослага чалавека таксама ўплываюць раннія разлукі з бацькамі. Калі немаўля або старэйшае дзіця раптам адарвалі ад маці або бацькі — напрыклад, нейкая хвароба са шпіталізацыяй ці іншыя раставанні — гэта можа пераўтварыцца ў траўму прыхільнасці ў будучыні. Такі чалавек у дарослым узросце можа адчуваць трывожную прыхільнасць да свайго партнёра або трывожыцца за сваіх дзяцей. І раставанне для гэтага чалавека можа быць выпрабаваннем, якое ён будзе імкнуцца пазбегнуць.

Страх канфліктаў, напружванне. Сваркі бацькоў, крыкі, ужыванне кепскі слоў — усё гэта сказваецца на эмацыйным стане дзіця. У дарослым узросце такі чалавек будзе адчуваць моцнае напружванне, часам нават несвядомае. Часцей за ўсё ён будзе баяцца розных канфліктаў, баяцца канфліктаваць сам ці, наадварот, стане вельмі канфліктным.

дзіцячыя траўмы ў дарослым жыцці, як прапрацаваць дзіцячыя траўмы
Фота: José Martín Ramírez Carrasco / unsplash.com

Складанасці са стрыманнем уласных эмоцый і гневу. Чалавек, які сістэматычна падвяргаўся дамашняму гвалту, у дарослым узросце можа мець складанасці са стрыманнем свайго гневу, сваіх эмоцый або наадварот мець моцнае цярпенне, не адчуваць і не разумець сваіх эмоцый. Магчыма сітуацыя, калі чалавек спалучае абодва полюсы. Ён стрымлівае эмоцыі, але ў нейкі момант здараюцца ўспышкі. Чалавек крычыць і можа прымяніць фізічную сілу ў адносінах да іншых людзей. У іншым выпадку, на дзіця маглі не крычаць, але яго і не заўважалі — каралі ігнараваннем. І гэта таксама  лічыцца гвалтам і можа стаць моцнай пакутай для дзіця.

Адсутнасць уласных патрэб і жаданняў. Яшчэ адна праява — чалавек не адчувае, не разумее сваіх патрэб. Ён жыве як трэба — па правілах. Калі яго запытацца «Што ты хочаш сам?», то адказу можа не быць. Ад неразумення сябе чалавек адчувае трывожнасць і ўвесь час можа кідацца ў розную актыўнасць ці залежнасць. Страх, трывога застацца сам-насам і немажлівасць выявіць свае патрэбы і жаданні — гэта ўсё адбіваецца на паводзінах чалавека. У стасунках ён будзе раўнаваць свайго партнёра, думаць толькі пра яго і моцна залежыць. Прычын на гэта можа быць шмат. Магчыма, уся яго сям’я жыла так, што ніхто пра свае жаданні і патрэбы не заяўляў. Можа быць і так, што пра патрэбы дзіця ніхто не клапаціўся, і ён вырашыў, што яго патрэбы не важныя. А можа абвінавачвалі ці правакавалі пачуццё сораму, калі дзіця заяўляла пра свае жаданні.

Як даросламу чалавеку справіцца з наступствамі дзіцячых траўм

Перш за ўсё — заўсёды мець цікавасць да самога сябе. Пазнаваць сябе, разважаць з сабой і назіраць за сабой. Важны навык — уменне рэфлексаваць: назіраць за сваім эмоцыямі, усведамляць іх і шукаць пра гэта інфармацыю. Выяўляць тое, што выклікае дыскамфорт, фрустрыруе і замінае, а затым шукаць інфармацыі пра гэтую з’яву. Усё гэта з’яўляецца першымі крокамі дапамогі самому сабе, адзначае экспертка Сафія.

Псіхолаг дадае, што некаторым людзям дастаткова шукаць інфармацыю самому, чытаць артыкулы, кнігі і блогі псіхолагаў. А іншым — не. Некаторыя людзі атрымалі траўмы ў кантакце з людзьмі. У такім выпадку неабходна прапрацаваць іх таксама ў кантакце з чалавекам, які будзе суправаджаць гэты працэс і быць тым, хто назірае і падказвае. Быць тым, хто скажа, што гэта нястрашна і зможа падтрымаць.

Каб вызначыць, ці дасі рады сам чалавек справіцца са сваімі траўмамі, можна ўсталяваць межы: «Столькі я спрабую сам, а калі ў мяне не атрымліваецца, то я іду да спецыяліста». Доўга знаходзіцца ў стане бяссілля — таксама складанае выпрабаванне для псіхікі. Таму, варта спыніцца ў нейкі момант і прызнаць, што патрэбна нейкая дапамога.

— Наяўнасць дзіцячых траўм не перакрэслівае чалавеку дарогу да псіхалагічнага здароўя. Псіхалагічна здаровы чалавек — гэта не той, які не мае ніякіх траўм. Гэта той, хто можа пераадолець іх наступствы, радзіць з жыццём, а яго настрой добры і пазітыўны.

Што варта рабіць, каб выхаваць псіхалагічна здаровае дзіця

Псіхолаг Сафія падкрэслівае, што вырасціць цалкам псіхалагічна здаровага чалавека можна і такія людзі ёсць. Па яе словах, іх выхоўваюць таксама псіхалагічна здаровыя людзі.

— Для гэтага трэба вывучаць сябе, свае дзіцячыя траўмы, як яны ўплываюць на жыццё. Трэба даследаваць, чаго нам не хапіла, і глядзець, як мы рэалізуем гэта ў сваіх стасунках з дзіцёнкам. Гэта шлях — і ён ідзе праз крызіс і складанасці.

Увага і падтрымка. Бацькі павінны заўважаць эмоцыі дзіця. У самым маленькім узросце важна бяспека, каб дзіця своечасова кармілі, клалі спаць, каб ён занадта не пераўзбуджаўся. Трэба, каб дома была добрая атмасфера і ніхто не крычаў.

дзіцячыя траўмы ў дарослым жыцці, як прапрацаваць дзіцячыя траўмы
Фота: Francisco Moreno / unsplash.com

Калі дзіця падрастае, то важна, каб бацькі дапамагалі яму разбірацца ў тым, што ён адчувае і як рэагуе на свет. Вельмі важна, каб дарослыя падтрымлівалі яго меркаванне і дапамагалі даследаваць жыццё, але вельмі далікатным, не траўматычным спосабам.

Шчырасць. Нават маленькія дзеці здольныя зразумець, што адбываецца. Калі дарослыя не даносяць да іх інфармацыю і хаваюць тое, што адбываецца на самой справе, то дзеці адчуваюць падман. Спачатку трэба справіцца з перажываннямі самому, не баяцца гэтай інфармацыі, а пасля расказаць дзіцяці.

Прыняцце эмоцый. Вельмі важным з’яўляецца таксама прыняцце розных эмоцый дзіця. Даволі часта бацькі хочуць, каб дзеці выказвалі толькі пазітыўныя эмоцыі. Але так не можа быць: дзіця ці адчувае ўсю палітру эмоцый, ці ўсе свае эмоцыі хавае. Вельмі важна таксама дазваляць дзіцяці самастойныя крокі, паколькі частка траўм звязана менавіта з тым, што чалавек не можа прыяднацца да навакольнага асяроддзі. Трэба дазваляць дзіцяці памыляцца.

Дазваляць дзіця прыбліжацца і аддаляцца. Існуюць розныя стэрэатыпы: калі чалавек вырастае, то ён павінен сам спраўляцца з усімі праблемамі і быць самастойным. Дзеці даволі доўга патрабуюць увагі і могуць прыходзіць са сваімі праблемамі да бацькоў. Дарослым таксама патрэбна з кімсьці раіцца, расказваць пра свае турботы. Асабліва ў падлеткавым узросце вельмі актыўна людзі даследуюць наваколле, але інфармацыі пра гэта ім не стае, і яны яшчэ не вельмі добра разумеюць прычынна-следчыя сувязі. І вельмі добра, калі можна абсалютна спакойна, без крытыкі пагаварыць з бацькамі. Важна з павагай ставіцца да таго, што адбываецца, не высмейваць.

Вярнуцца ўгару