Now Reading
ژِوَ بَلَرُثْ! Беларуская арабіца — што гэта такое?

ژِوَ بَلَرُثْ! Беларуская арабіца — што гэта такое?

беларуская арабіца, кітабы беларускай арабіцай, беларускія татары

ثُنَّ مِ وَمْ رَصْقَژَمْ، يَقْ ضْيَوِلَثَ يِ رَزْوِوَلَثَ بَلَرُصْقَيَ اَرَبِࢯَ. Добра, добра! Сёння мы вам раскажам, як з’явілася і развівалася беларуская арабіца. А яшчэ — што пісалі ў рукапісных тэкстах беларускія татары і ці шмат захавалася да нашага часу гэтых помнікаў? 

PALATNO расказвае пра тое, як па-беларуску можна камунікаваць не толькі з дапамагай кірыліцы і лацінкі, але яшчэ і арабіцы.

Хто вывучаў беларускую арабіцу

Упершыню пра беларускую арабіцу расказаў нямецкі ўсходазнаўца Генрых Флэйшар у 1833 годзе. Аднак яе даследаванне пачаў прафесар Антон Мухлінскі з Піцербургскага ўніверсітэта. Мухлінскі нарадзіўся ў пачатку XIX стагоддзя ў Наваградскім павеце. У 1857 годзе Мухлінскі напісаў «Исследование о происхождении и состоянии литовских татар». Мухлінскі даследаваў пісьменнасць татар на беларускіх землях дзесяцігоддзі, але пасля смерці ў 1877 годзе яго працу ніхто не захацеў працягваць.

беларуская арабіца, кітабы беларускай арабіцай

У 1918 годзе адзін з братоў Луцкевічаў, Іван Луцкевіч, паведаміў, што ў ваколіцах Вільні, у мястэчку Сорак-Татары, тры гады таму знайшлі кітаб — рукапісную кнігу беларускіх татар. З таго часу рукапісы літоўскіх татараў пачынаюць даследаваць і іншыя дзеячы: Станкевіч, Самойлавіч, Вольскі, Крачкоўскі, Шынкевіч, Заёнчкоўскі.

Грунтоўнае даследаванне напісаў Антон Антановіч у 1960-я.

Як з’явілася беларуская арабіца

Татары з’явіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XIV-XV стагоддзі. Дакладна невядома, колькі татар было на беларускіх землях у розныя гістарычныя перыяды. Мухлінскі лічыў, што ў XVI-XVII стагоддзях у ВКЛ жылі каля 25 тысяч татар, іншыя даследчыкі называюць розныя лічбы: ад 7 да 30 тысяч. Лічыцца, што на пачатак Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы жылі каля дзесяці тысяч татар.

З часам беларускія татары пачалі выкарыстоўваюць беларускую і польскую мовы для камунікацыі, а пасля яны сталі мовамі мусульманскай рэлігійнай літаратуры. Для набажэнстваў спачатку выкарыстоўвалі арабскую, а затым турэцкую.

Першыя тэксты на беларускай арабіцы з’явіліся прыкладна ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Хутчэй за ўсё, такія тэксты з’яўляліся адмыслова для татар, якія не ведалі татарскую, але гутарылі па-беларуску.

Беларускія тэксты на арабіцы вядомы ў форме рукапісных кніг. Кітабамі татары называлі рукапісныя зборнікі, у якіх часта ўваходзілі хадзісы. Хадзісы расказвалі пра жыццё і дзейнасць Магамеда. Самым папулярным хадзісам быў Мерадж, у якім расказвалася пра вандроўку Магамеда на нябёсы і наведванні ім мусульманскага раю і пекла. У большасці кітабаў ёсць падрабязнасці абрадаў, рытуалаў і асноўных абавязкаў мусульман.

Трэба адзначыць, што побач з арабскімі тэкстамі ішлі тэксты на беларускай арабіцы. Часам, тэксты на беларускай арабіцы пераважалі.

беларуская арабіца, кітабы беларускай арабіцай, беларускія татары

У адным з кітабаў ёсць нават маральна-павучальныя апавяданні і ўсходнія прыгодніцкія аповесці. Напрыклад, у адной з аповясцяў расказваецца пра маладога чалавека, які прадае маці і бацьку, купляе каня і старую шубу, а затым едзе ў каралеўскі замак. Там ён прымае б’ецца за каралеўскую дачку і жаніцца на ёй. Гэту аповесць нават апублікавалі ў перакладзе на беларускую мову ва «Узвышшы» ў 1920-я гады.

Другім відам рукапісных кніг беларускіх татар, у якіх ёсць беларускія і польскія тэксты, называюцца хамаіламі. Хамаілы ўтрымлівалі малітвы, у перакладзе з арабскага гэта слова азначае «насіць», таму гэтыя кнігі маглі насіць з сабой. У хамаілах, акрамя малітваў, былі матэрыялы па мусульманскай храналогіі, парады па лячэнні хвароб, тлумачальнікі сноў, прадказанняў паспяховых і непаспяховых дзён. Беларускіх тэкстаў у хамаілах значна менш, чым у кітабах.

Наступны від — тэфсір. Гэта Каран на арабскай мове з падрадковым перакладам на беларускую ці польскую мовы, напісаныя арабіцай. Поўнага тэксту Карана з падрадковым перакладам на беларускую арабіцу дагэтуль не знайшлі, але даследчыкі лічаць, што ён існаваў. Разам з частковым Каранам на беларускай мове даследчыкі знайшлі тэджвіды — правілы чытання арабскага тэксту Карана.

Да нашага часу засталося не шмат рукапісных кніг беларускай арабіцай. Большасць з іх была знішчана падчас Першай і Другой сусветных войнаў. Частка з кніг захоўвалася ў сем’ях беларускіх татараў дзесяцігоддзі, некаторыя з іх перадалі навукоўцам.

Ёсць адмысловы сэрвіс, з дапамогай якога можна перакласці кірылічны беларускі тэкст на арабіцу. Паспрабаваць можна — па спасылцы.

Вярнуцца ўгару