16 чэрвеня 2024 года ў Беларусі адзначаюць Дзень медыка. PALATNO паглядзела, як з цягам часу змянялася колькасць бальніц і паліклінік, дактароў і медыцынскага персаналу, а таксама як па-рознаму ім плацілі.
Амбулаторыі і паліклінікі — усё больш і больш
Колькасць амбулаторый і паліклінік па ўсёй краіне паступова расце. Калі параўнаць з пачаткам 1990-х, то ў гэтым аспекце беларуская медыцына зрабіла добры скачок наперад. Напрыклад, у 1990 годзе ў краіне было 1 468 амбулаторна-паліклінічных арганізацый, а ў 2023 годзе іх ужо налічвалася 2 660.
Бальніц у Беларусі становіцца ўсё менш
З бальніцамі ў Беларусі з кожным годам станавілася ўсё горш і горш. Калі ў 1990 годзе іх было 874, то ў 2023 — 585. Асабліва значна колькасць устаноў пачала зменшацца пасля 2000-га. Найбольш пацярпелай аказалася Магілёўская вобласць: там іх колькасць за трыццаць гадоў зменшылася на палову.
Дактары і медперсанал. Колькі іх у Беларусі?
Колькасць дактароў у Беларусі значна палепшылася з гадоў прыняцця незалежнасці, але ў апошняе дзесяцігоддзе амаль нічога не змяняецца. Цікава, што за апошнія пятнаццаць гадоў у Віцебскай вобласці колькасць дактароў увогуле амаль не змянілася: іх як было чатыры з паловай тысячы, так і засталіся ўсе тыя ж чатыры з паловай тысячы. Цікава, што Белстат палічыў, што Віцебшчына з’яўляецца адной з лепшых абласцей у краіне, забяспечанай дактарамі. Менш за ўсё дактароў па статыстыцы за мінулы год — у Магілёўскай вобласці (~4,2 тысячы), а больш за ўсё — у Мінску (~15 тысяч).
У 2010 годзе работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу па ўсёй краіне налічвалі 121,8 тысяч чалавек. У 2016 годзе іх было ўжо 125,8 тысяч. А што ў 2023 годзе, калі апошні раз была вядомая статыстыка са сферы аховы здароўя? Медперсаналу сярэдняга звяна было 125 тысяч — лічба практычна не змянілася.
Заробкі дактароў у Беларусі
Сярэдні заробак дактароў за 2022 год склаў 2 306,8 рублёў, сярэдняга медперсаналу — 1 361 рубель. Гэтыя сумы Белстат прыводзіў яшчэ да вылікаў падаткаў. У 2023 годзе лічбы змяніліся: дактары атрымлівалі сярэдні заробак у 2 936 рублёў, а медперсанал — 1 583 рублі.
Вясной 2024 года «Наша Ніва» правяла апытанку сярод медыкаў наконт іх рэальных заробкаў — тых, што яны атрымліваюць на рукі. Напрыклад, доктар агульнай практыкі (так называюць цяпер былых тэрапеўтаў) атрымлівае ў паліклініцы 2 000 рублёў на поўнай стаўцы. Медсёстры атрымліваюць каля 800-900 рублёў на стаўцы.
Нягледзячы на гэта, беларускія медыкі сапраўды адзначаюць, што заробкі выраслі. Гэта звязваецца з недахопам кадраў — шмат спецыялістаў за апошнія гады з’ехалі за мяжу. Так дзяржава спрабуе заахвоціць дактароў заставацца ў краіне. Другі фактар — гэта надбаўкі з-за каронавіруснай пандэміі, якія выплачвалі некалькі гадоў запар.