Now Reading
Лічбы, якія паказваюць становішча беларускай медыцыны

Лічбы, якія паказваюць становішча беларускай медыцыны

дзень медыка ў беларусі 2024, дзень урача

16 чэрвеня 2024 года ў Беларусі адзначаюць Дзень медыка. PALATNO паглядзела, як з цягам часу змянялася колькасць бальніц і паліклінік, дактароў і медыцынскага персаналу, а таксама як па-рознаму ім плацілі.

Амбулаторыі і паліклінікі — усё больш і больш

Колькасць амбулаторый і паліклінік па ўсёй краіне паступова расце. Калі параўнаць з пачаткам 1990-х, то ў гэтым аспекце беларуская медыцына зрабіла добры скачок наперад. Напрыклад, у 1990 годзе ў краіне было 1 468 амбулаторна-паліклінічных арганізацый, а ў 2023 годзе іх ужо налічвалася 2 660.

колькі паліклінік у беларусі
У Мінску адбыўся маштабны рост.

Бальніц у Беларусі становіцца ўсё менш

З бальніцамі ў Беларусі з кожным годам станавілася ўсё горш і горш. Калі ў 1990 годзе іх было 874, то ў 2023 — 585. Асабліва значна колькасць устаноў пачала зменшацца пасля 2000-га. Найбольш пацярпелай аказалася Магілёўская вобласць: там іх колькасць за трыццаць гадоў зменшылася на палову.

бальніцы ў беларусі, у беларусі менш бальніц
У Беларусі становіцца ўсё менш бальніц.

Дактары і медперсанал. Колькі іх у Беларусі?

Колькасць дактароў у Беларусі значна палепшылася з гадоў прыняцця незалежнасці, але ў апошняе дзесяцігоддзе амаль нічога не змяняецца. Цікава, што за апошнія пятнаццаць гадоў у Віцебскай вобласці колькасць дактароў увогуле амаль не змянілася: іх як было чатыры з паловай тысячы, так і засталіся ўсе тыя ж чатыры з паловай тысячы. Цікава, што Белстат палічыў, што Віцебшчына з’яўляецца адной з лепшых абласцей у краіне, забяспечанай дактарамі. Менш за ўсё дактароў па статыстыцы за мінулы год — у Магілёўскай вобласці (~4,2 тысячы), а больш за ўсё — у Мінску (~15 тысяч).

колькі дактароў у беларусі 2024
У Беларусі з’явіліся праблемы з дактарамі пасля 2020 года.

У 2010 годзе работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу па ўсёй краіне налічвалі 121,8 тысяч чалавек. У 2016 годзе іх было ўжо 125,8 тысяч. А што ў 2023 годзе, калі апошні раз была вядомая статыстыка са сферы аховы здароўя? Медперсаналу сярэдняга звяна было 125 тысяч — лічба практычна не змянілася.

Заробкі дактароў у Беларусі

Сярэдні заробак дактароў за 2022 год склаў 2 306,8 рублёў, сярэдняга медперсаналу — 1 361 рубель. Гэтыя сумы Белстат прыводзіў яшчэ да вылікаў падаткаў. У 2023 годзе лічбы змяніліся: дактары атрымлівалі сярэдні заробак у 2 936 рублёў, а медперсанал — 1 583 рублі.

Вясной 2024 года «Наша Ніва» правяла апытанку сярод медыкаў наконт іх рэальных заробкаў — тых, што яны атрымліваюць на рукі. Напрыклад, доктар агульнай практыкі (так называюць цяпер былых тэрапеўтаў) атрымлівае ў паліклініцы 2 000 рублёў на поўнай стаўцы. Медсёстры атрымліваюць каля 800-900 рублёў на стаўцы.

Нягледзячы на гэта, беларускія медыкі сапраўды адзначаюць, што заробкі выраслі. Гэта звязваецца з недахопам кадраў — шмат спецыялістаў за апошнія гады з’ехалі за мяжу. Так дзяржава спрабуе заахвоціць дактароў заставацца ў краіне. Другі фактар — гэта надбаўкі з-за каронавіруснай пандэміі, якія выплачвалі некалькі гадоў запар.

Вярнуцца ўгару