Любіце завісаць у TikTok і глядзець відэа па-беларуску? Не ведаеце, каго можна паглядзець сярод беларускамоўных тыктокераў і як рабіць гэта культурна і карысна? Зрабілі для вас падборку тыктокераў па-беларуску, на якія варта падпісацца.
@pahavaryc
«Трэба пагаварыць» – гэта бяспечная прастора ад тэлеканала «Белсат» у TikTok ды Instagram, дзе жанчыны дзеляцца сваімі гісторыямі пра балючы досвед і дапамагаюць адна адной. Ток-шоу запусцілі акторка Крысціна Дробыш, спявачка Кацярына Ваданосава і журналістка Марыя Грыц. Яны запрашаюць да сябе беларусак з цікавымі жыццёвымі гісторыямі і разважаюць на розныя тэмы.
У адным з першых выпускаў дзяўчаты размаўляюць пра тое, як пераадольваюць цяжкасці большасць беларусаў пасля 2020 года.
У сацыяльных сетках вядучыя праекта прапануюць сваім глядачкам дзяліцца балючым досведам свайго жыцця, каб разам абмяркоўваць гэтыя сітуацыі і даваць карысныя парады.
@velmi_razumnaya
Адна з самых папулярных беларускамоўных тыктокерак — @velmi_razumnaya, яе TikTok-акаўнт налічвае больш за 17 тысяч падпісчыкаў. Вольга стварае гумарыстычныя і іранічныя відэа, дзеліцца сваімі разважаннямі, стварае кантэнт пра сям’ю і паўсядзённае жыццё.
@thisminsk
«Гэта Менск, дзетка!» — інфармацыйна-забаўляльнае шоу пра Мінск, падзеі ў Беларусі і свеце на TikTok, у якім выходзяць выпускі з навінамі і прыколамі пра сталіцу нашай краіны, а таксама робяцца палітычныя і часам вельмі жорсткія ацэнкі рэаліям.
На старонцы канала можна знайсці такія відэа, як «Рускі мір у TikTok», «Прапагандысцкі ролік пра капітуляцыю Украіны», «3 гады хатняй хіміі за трусы» ды іншыя.
Варта падпісацца тым, хто цікавіцца апошнімі падзеямі ў Беларусі і хоча карысна пабавіць час.
@homanby
«Гоман» — беларускамоўнае шоу на TikTok, у якім выходзяць выпускі па вывучэнні роднай мовы. «Як вітацца па-беларуску», «Ежа», «Беларусь мае 3 алфавіты», «Кахаць ці любіць», «Літуанізмы» — усе гэтыя тэмы можна знайсці на канале «Гоман».
Відэа «Беларуская мова ў мейсцах пазбаўлення волі» набрала 69 з паловай тысячы праглядаў. У ім можна пачуць кароткую гісторыю былога палітвязня Андруся, якая здарылася з ім, калі ён сядзеў у камеры на Акрэсціна.
Калі хочаце вольна размаўляць па-беларуску, але не ведаеце, з чаго пачаць, падпішыцеся на @homanby.
@li_vetrava
Відэа Лізы Ветравай набіраюць у TikTok сотні тысяч праглядаў. На канале дзяўчыны можна, напрыклад, знайсці відэа «Інтым-слоўнічак», «Моладзевы слэнг па-беларуску», «Жаніханне па-беларуску», «Серыялы па-беларуску» ды іншыя.
Адно з самых папулярных відэа ў TikTok Лізы — пра варыянт назвы клітара па-беларуску. Для Лізы гэтае слова таксама стала адкрыццём, таму яна не магла не падзяліцца ім з аўдыторыяй.
Тыя, хто хоча вывучаць беларускую мову ў незвычайным і цікавым фармаце, варта зайсці ў TikTok @li_vetravа. Ліза Ветрава зробіць так, што вы загаварыце на беларускай мове на любыя тэмы, нават на самыя гарачыя.
@sami.supolka
Творчае кам’юніці беларускай моладзі «Самі» выпускае відэа, у якіх расказвае пра цікавыя мерапрыемствы для моладзі ў Мінску.
Канцэрты, майстар-класы, выставы, фестывалі, вечарыны і іншыя розныя імпрэзы прапануюць наведаць стваральнікі канала.
У адным з апошніх відэа можна знайсці інфармацыю пра незвычайную прастору, якая арандуецца для мерапрыемстваў, фота ці мастацтва. Час ад часу ў ёй праводзяць майстар-класы і гульні ў мафію.
Калі вы жывяце ў беларускай сталіцы і не ведаеце, дзе можна файна правесці свабодны час, што паглядзець і чым заняцца, — варта падпісацца на TikTok @sami.supolka.
@ssstashkevich
У TikTok-канале «Беларуская паненка» можна паглядзець відэа, у якіх дзяўчына папулярызуе беларускую літаратуру з дапамогай трэндаў і забаўляльнага фармату. Янка Купала, Максім Багдановіч, Яўгенія Янішчыц — гэтыя і іншыя імёны і прозвішча сустракаюцца ў роліках на канале @ssstashkevich.
Варта падпісацца тым, хто любіць беларускую мову, літаратуру, а таксама сочыць за ўсімі моднымі трэндамі.
@panusialan
Нестандартны кантэнт можна знайсці ў TikTok «Пан Усялян», які вядзе Алег Грышко. Аўтар канала здымае розныя гумарыстычныя відэа, чытае рэп па-беларуску і стварае відэакліпы.
Тым, каму не хапае трэш-эстэтыкі па-беларуску, варта падпісацца на TikTok Алега.