«Ключавое ў дзяржаўнай палітыцы памяці — кантроль і выгада». Беларускі гісторык — пра тое, чаму беларускія «ўлады» захапіліся гісторыяй краіны

Якая справа ўладам Беларусі да гісторыі ды чаму за яе так учапіліся? Дзе сувязь паміж «генацыдам беларускага народу» і рэпрэсіямі 2020-га? Хто будзе працаваць замест звольненых навукоўцаў і музейшчыкаў? Чым розніцца палітыка памяці ў Беларусі і Германіі? Аляксей Братачкін — гісторык і выкладчык з Мінску, які зараз жыве і працуе ў Фернуніверсітэце ў Хагене, Германія. Гістарычная памяць і палітыка памяці — сферы яго навуковай цікавасці. Мы вырашылі паразмаўляць з навукоўцам пра вынікі «году гістарычнай памяці» ў Беларусі (такім афіцыйна быў абвешчаны 2022 год), а таксама параўнаць палітыку памяці ў Беларусі і Германіі.

«Спроба навязаць “единомыслие” ў гісторыі»

Год гістарычнай памяці ў Беларусі: каму ён быў патрэбны і навошта?

— Год памяці для ўладаў стаў не столькі сімптомам цікавасці да гісторыі, колькі — адсутнасці будучыні. Адсутнасць будучыні прымушае корпацца ў мінулым і яго выкарыстоўваць. З 2014-2015 недзе ў нас прасоўвалася ідэя «аўтарытарнай мадэрнізацыі» ды «ІТ-краіны». Маўляў, мы трапім у будучыню, дзякуючы аўтарытарызму. Не спрацавала. Таму — зварот да мінулага.

Лукашэнка плача ў мемарыяльным комплексе ў Хатыні Фота: скрыншот з відэазапісу CTV.BY

У 2020-м за лічаныя тыдні правалілася ўся гістарычная палітыка дзяржавы, якая праводзілася дагэтуль. Таму, як заўважыў сацыёлаг Аляксей Ластоўскі, «год памяці» ці «свята народнага адзінства» 17 верасня — спробы перасабраць, перазапусціць ідэалогію, на аснове якой можна зноў павялічыць лаяльнасць да рэжыму.

А яшчэ гэта тэма страху як рэха падзеяў 2020-га. У дадзеным выпадку — страх згубіць кантроль над інтэрпрэтацыямі гісторыі. Шырэй — над усім, што з гэтым звязана: публічная прастора, грамадства. Увядзенне «году памяці» — гэта спроба навязаць практыку «единомыслия» у гісторыі.

«Ідэя з генацыдам — легітымізацыя гвалту ў 2020-м»

Здаецца, афіцыйная палітыка памяці ў Беларусі і без таго шмат год круцілася вакол тэмы «Вялікай Айчыннай вайны». Ёсць нейкія змены?

— Так, гэта ўсё тая ж эксплуатацыя Другой Сусветнай у форме ВАВ, дзе перамаглі нават не «савецкія людзі», а «савецкія беларусы». Дадаўся цікавы апгрэйд у выглядзе «генацыда беларускага народу». Гэтая ідэя не толькі прасоўваецца, але і замацаваная законамі. Яшчэ ў 2015-м казалі, што трэба ўводзіць адказнасць за «фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай», па прыкладзе РФ. Зараз гэта рэальнасць, так званыя мемарыяльныя законы: супраць «рэабілітацыі нацызму» ды «адмаўлення генацыду».

Ідэю генацыда сфармуляваў Рафаэль Лемкін, каб абазначыць і класіфікаваць масавыя забойствы ў ХХ стагоддзя. У выпадку Беларусі ніхто ніколі не адмаўляў страшэнных ахвяраў у часы Другой cусветнай. Але ў прапагандыстаў з’явіліся тэзы: пра «скрадзеную перамогу» і пакуты, непрызнаныя «калектыўным Захадам». То бок, «генацыд» выкарыстоўваецца ў якасці інструменту антызаходняй рыторыкі. Гэта калька з расійскай прапаганды.

Гісторык Ігар Марзалюк сёння – адзін з асноўных лаббістаў «барацьбы з фашызмам» на полі гістарычнай памяці Фота: скрыншот з каналу Беларусь 1

Але ў якасці ворага тут не столькі нават Германія фігуруе, як Польшча, ЗША, Літва. ЗША — флагман антыгітлераўскай кааліцыі. Польшча неверагодна пацярпела ад нацызму ў часы вайны… Дзе логіка?

— Галоўнае — палітычная прагматыка, таму асоба ворага мяняецца. Гэта такі плаваючы вобраз: падстаўляй каго хочаш. А яшчэ ідэя з генацыдам працуе як вельмі важны інструмент легітымізацыі гвалту у 2020-м і пасля. Бо калі ўдзельнікаў пратэстаў малююць нашчадкамі нацыстаў і калабарантаў, значыць — «усё можна». Такая форма «расчалавечвання».

Важны момант, пра які нельга забываць — сек’юрытызацыя памяці. Гэта калі нейкая зона інтарэсаў дзяржавы абвяшчаецца зонай нацыянальнай бяспекі. То бок яе трэба жорстка кантраляваць і адстойваць любымі сродкамі. Гадоў 10 таму ў Беларусі з’явілася канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. У 2019-м у «Беларускай думцы» (грамадска-палітычны часопіс Адміністрацыі прэзідэнта РБ – рэд.) гісторыкі і сілавікі вымалявалі 14 тэмаў, якія важна падаваць у пэўным ключы.

Зараз мы на піку сек’юрытызацыі памяці: замест навукоўцаў пра гісторыю гавораць людзі ў пагонах. Гэта як з вядомай кнігай «Генацыд беларускага народу», якую рыхтаваў не Інстытут гісторыі, а Генпракуратура. Ну і заканадаўчая база пад гэта ўсё ўжо ёсць.

«Памяць пра СССР як шведскі стол…»

Палітыка гістарычнай памяці ў Беларусі доўгі час падавалася шызафрэнічнай. З аднаго боку, культ Вялікай Айчыннай і ветэранаў, з іншага — адраджэнне замкаў у Нясвіжы і Міры, помнікі князям. Побач — помнікі Леніну і сантыменты да Царскай Расіі, шыльды Сталыпіну… Як гэта разумець?

— Палітыка памяці заўжды была эклектычнай, але паслядоўнай у сваіх мэтах. Гэта інструменталізацыя гісторыі дзеля патрэбаў сённяшняга дня і легітымнасці. Калі ёсць мэта, але няма крытычнага падыходу: выкарыстоўваць можна ўсё, што хочаш. Нестыкоўкі — патлумачыць на сваю карысць. Светлай памяці Віталь Сіліцкі некалі казаў, што памяць пра СССР у Беларусі пераўтварылася ў шведскі стол: выбірай тое, што хочаш. Гэта такі калаж, які працуе на канкрэтныя задачы.

Узгадаем святкаванне 100-годдзя БНР у 2018-м, у часы лібералізацыі. Для грамадскай супольнасці гэта быў подых свабоды. Для ўладаў — кантралюемае свята за агароджай, якое можна выкарыстаць для пашырэння электаральнай падтрымкі. Пасля тыя, хто яго арганізоўваў, таксама трапілі пад рэпрэсіі ці вымушана з’ехалі.

Элементаў падобнай эклектыкі шмат. Гэта і «доўгая генеалогія» беларускай дзяржаўнасці, ад Полацкага княства. І тэма з замкамі, якія паказвалі турыстам, але не тлумачылі: хто іх разбурыў і калі, што стала з нашчадкамі тых, хто ў іх жыў. Гэта мазаіка з цалкам розных фрагментаў. Улады выкарыстоўваюць тое, што ёсць. Ключавое тут — кантроль і выгада.

«Рэпрэсіі — спосаб сацыяльнай мабільнасці»

Важнае пытанне: хто ўсім гэтым будзе займацца. Толькі за мінулы «год гістарычнай памяці» было звольнена ды эмігравала безліч даследчыкаў, музейшчыкаў. Выдавецтвы, якія займаліся ў тым ліку гістарычнымі кнігамі, зачыненыя. Чым і кім дзяржава запоўніць гэтую пустку?

— Трагічныя падзеі ў гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя сведчаць, што рэпрэсіі – гэта таксама спосаб сацыяльнай мабільнасці. Прайшла чыстка – з’явіліся новыя людзі. У Інстытуце гісторыі, напрыклад, зараз процьма моладзі: бяруць ледзьве не адразу пасля гістфаку, што раней цяжка было сабе ўявіць. Калі частка супольнасці знікае ці з’язджае – гэта шансы для іншых. Пустка запаўняецца.

Мы не ведаем, што гэта за людзі па каштоўнасцях і поглядах, але працоўныя месцы ў Інстытуце гісторыі запоўненыя. Як адаб’ецца гэта на якасці — іншае пытанне.

«Мілітарызацыя памяці» — гэта калі замест гісторыкаў пра гісторыю распавядаюць людзі ў пагонах. Фота: profkult-grodno.by

Што такое «мілітарызацыя памяці»?

— На фоне падзеяў лютага 2022-га паўстала пытанне: як народы, якія разам пацярпелі і перажылі Другую сусветную, могуць ваяваць адно з адным? Што не так было з памяццю пра тую вайну? Узнікла тэза пра тое, што некуды цалкам знік гуманістычны аспект, тэма недапушчэння вайны як такой. Найперш у Расіі, безумоўна. Фокус у плане гісторыі быў толькі на злачынствах, ахвярах, але не на тым, каб перадухіліць новы гвалт. Ну і, урэшце, гвалт вымалёўваўся як універсальны інструмент вырашэння канфліктаў.

У гэтым сэнсе мы бачым катастрофу, якая з усімі намі здарылася. Яе аналіз — задача для будучыні. Ды і катастрофа сама надалей расцягваецца ў часе: у Беларусі ў школы і дзіцячыя садкі прыязджаюць сілавікі, адкрываюць помнікі Дзяржынскаму. Сістэма ў Беларусі перажыла некалькі спробаў аўтарытарнай мабілізацыі грамадства.

Зараз чарговая: з акцэнтам на мілітарызме і сваёй трактоўцы гісторыі. У савецкі час прапаганда працавала прынамсі з адсылкамі на марксізм-ленінізм, выглядала як нешта навуковае. Зараз прапаганда ў адрыве ад рэальнасці: гэта праізвольнае выкарыстанне гістарычных фактаў і працэсаў.

«Германія ў ХХ стагоддзі: гісторыя балючых маніпуляцыяў з мінулым»

— Працуючы ў Германіі, што кідаецца ў вочы ў плане іх працы з гісторыяй і памяццю?

— За ХХ стагоддзе немцы перажылі некалькі мадэляў палітычнай і гістарычнай адукацыі: пры кайзеры Вільгельме ІІ, пры Веймарскай рэспубліцы, пры нацыстах, пры ГДР і ФРГ як падзеленых сістэмах… Гэта гісторыя балючых маніпуляцыяў з мінулым. Таму дзяржава акурат і заклапочаныя тым, каб гістарычная адукацыя не была маніпулятыўнай па духу.

Калі я пачаў выкладаць у Германіі, то яскрава ўбачыў розніцу паміж гістарычнай адукацыяй і індактрынацыяй (“накачкай ідэямі»). Школьнікаў і студэнтаў тут найперш вучаць крытычнаму падыходу, працы з першакрыніцамі. Асобна разбіраюць супярэчлівыя, контраверсійныя тэмы. Няма падыходу: «Мы вам патлумачым, як гэта было, а вы нам паверце».

Базавая ідэя — гэта мультыперспектыўнасць. То бок, трэба ўлічваць розныя аспекты рэальнасці ды пазіцыі. Дадамо сюды: культуру дыскусіі, працу з крыніцамі, крытычны падыход. Ну і крэатыўнасць. Напрыклад, быў на невялікай выставе пра Маркса ў Нямецкім гістарычным музеі. Там няма апалагетыкі: Маркс — фундаментальная фігура! Акцэнт на тым, як змяняліся погляды Маркса.

А яшчэ гісторыя Германіі моцна глабалізаваная. Працэсы разглядаюцца ў кантэксце еўрапейскай і сусветнай гісторыі. Так, гэта лагічна, бо Германія — частка ЕС. Але сэнс у тым, каб выходзіць за нацыянальныя рамкі і бачыць рэчы больш комплексна, а значыць — больш шырока.

Вярнуцца ўгару